ГЛЕ́БАЎ (Іван Цімафеевіч) (6.7.1806, с. Глебава Гарадзішча Разанскай вобл., Расія — 22.11.1884),
рускі фізіёлаг і анатам. Скончыў Маскоўскую мед.-хірург. акадэмію (1830). З 1841 праф. гэтай акадэміі, з 1842 Маскоўскага ун-та, з 1857 Пецярбургскай мед.-хірург. акадэміі. Навук. працы па развіцці і прапагандзе эксперым. фізіялогіі ў Расіі, фізіялогіі апетыту і голаду, пра з’явы тармажэння ў нерв. сістэме. Увёў выкладанне мікраскапічнай анатоміі (1842). Правёў адно з першых палеагісталагічных даследаванняў маманта (1846).
т. 5, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЛЬ,
адзінка колькасці рэчыва; адна з сямі асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак. М. — колькасць рэчыва ў сістэме, якая мае столькі ж структурных элементаў, колькі атамаў вугляроду знаходзіцца ў 0,012 кг яго ізатопу 12C (вуглярод-12). Структурнымі элементамі могуць быць атамы, іоны, малекулы і інш. часціцы (напр., электроны) ці групы часціц. Абазначаецца моль; 1 моль любога рэчыва мае аднолькавую колькасць структурных элементаў, роўную Авагадра пастаяннай (Na = 6,022∙1023 моль−1).
т. 10, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),
1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж. ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.
2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.
т. 9, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т НАДЗЕ́ЙНАСЦІ МАШЫ́Н Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1957 пад назвай Ін-т машыназнаўства і аўтаматызацыі АН БССР. У 1963—64 у сістэме Дзярж. к-та па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, у 1965—70 — у сістэме Мін-ва станкабудавання інстр. прам-сці СССР (наз. Эксперым. НДІ машыназнаўства), з 1971 — у сістэме Нац. АН Беларусі. У ін-це (1998) н.-д. цэнтр, 14 лабараторый, 3 аддзелы, цэнтр па сертыфікацыйных выпрабаваннях, КБ з доследнай вытв-сцю, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: распрацоўка тэорыі прагназавання і метадаў павышэння надзейнасці і бяспечнасці вырабаў і вытв-сцей машынабудавання (станкоў, аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын), аптымізацыі іх структур і канструкцый, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій забеспячэння надзейнасці, стварэнне метадаў і сродкаў паскораных выпрабаванняў і тэхн. дыягностыкі вырабаў машынабудавання. Ін-т разам з БПА заснаваў Бел. нац. камітэт па тэорыі машын і механізмаў і новы тэхн. камітэт надзейнасці машын і механізмаў у межах Міжнар. федэрацыі па тэорыі машын і механізмаў (правадз. член гэтай федэрацыі з 1995), а таксама навук. школы: стварэння метадаў прагназавання параметраў надзейнасці машын, механізмаў, механатронных сістэм; стварэння і даследаванняў новых эфектыўных метадаў і сродкаў вібрааховы і павышэння надзейнасці мех. сістэм; стварэння сістэм прыводаў машын, ацэньвання надзейнасці гідраўл. прыводаў і гідрааўтаматыкі, распрацоўкі методык паскораных выпрабаванняў гідрапрыводаў; фіз. асноў і сучасных метадаў умацавальных пакрыццяў і хім.-тэрмічнай апрацоўкі. Выдадзена 30 манаграфій; атрымана больш за 1100 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на новыя канстр. і тэхнал. распрацоўкі; распрацаваны камплект электроннай і рэнтгенаграфічнай апаратуры для фіз. даследаванняў і мікраструктурнага аналізу матэрыялаў, а таксама выпрабавальныя стэнды з мікрапрацэсарнымі дыягнастычнымі сістэмамі. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі (1986). У Ін-це працавалі чл.-кар. АН Беларусі Н.М.Дарожкін, В.М.Трэер, І.С.Цітовіч; працуе чл.-кар. Нац. АН Беларусі А.В.Бераснеў.
А.В.Бераснеў, У.Л.Басінюк.
т. 7, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫІ І ЛУГАВО́ДСТВА БЕЛАРУСКІ НДІ Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1930 у Мінску на базе аддзела асушэння і культуры балот Бел. дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі і Мінскай балотнай доследнай станцыі (з 1911) як Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі ў сістэме УАСГНІЛ. У 1945 перайменаваны ў БелНДІ меліярацыі і балотнай гаспадаркі, з 1948 Ін-т меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі АН БССР, з 1956 БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, з 1965 у сістэме Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, з 1992 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне занальных сістэм меліярац. земляробства для забеспячэння рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівага функцыянавання экасістэм; распрацоўка эканамічна і экалагічна абгрунтаваных тэхналогій эфектыўнага выкарыстання сенажацей і пашы; распрацоўка рэсурсазберагальных тэхналогій кіравання водна-паветраным рэжымам асушаных глеб і эксплуатацыі меліярац. сістэм; абгрунтаванне метадалогіі і рэалізацыі комплекснага маніторынгу меліяраваных зямель для стварэння нац. банка даных стану прыроднага асяроддзя. У сістэме ін-та Пінскі аддзел поймавага лугаводства, Пружанская гідролага-гідрагеалагічная лабараторыя, Палеская доследная станцыя меліярац. земляробства і лугаводства, Віцебская доследна-меліярац. станцыя, эксперым.-выд. прадпрыемства. Аспірантура з 1930. Выдае працы ін-та «Меліярацыя пераўвільготненых зямель». У ін-це ў розны час працавалі акад. АН БССР І.С.Лупіновіч, акад. АН БССР і УАСГНІЛ С.Г.Скарапанаў, акад. УАСГНІЛ Т.Н.Кулакоўская і А.І.Мурашка, акад. Акадэміі агр. навук. Рэспублікі Беларусь У.Ф.Карлоўскі, чл.-кар. АН БССР АЛ.Івіцкі і Р.І.Лашкевіч, чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь Р.І.Афанасік, д-ры тэхн. н. В.Ф.Шабека і П.І.Закржэўскі; працуюць д-ры навук чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь А.П.Ліхацэвіч, засл. вынаходнік Рэспублікі Беларусь В.М.Кандрацьеў, праф. А.С.Меяроўскі, В.Ц.Клімкоў, І.В.Мінаеў, У.І.Бялкоўскі, С.В.Кулеш, П.П.Ціво.
А.П.Ліхацэвіч.
т. 10, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎНЕР ((Brauner) Багуслаў) (8.5.1855, Прага — 15.2.1935),
чэшскі хімік, заснавальнік чэшскай хім. школы. Вучыўся ў Пражскай тэхн. школе. У 1882—1925 працаваў у Пражскім ун-це (з 1897 праф.). Навук. працы па пацвярджэнні і далейшым развіцці перыяд. закону Дз.І.Мендзялеева. Даказаў (1884) двухвалентнасць берылію. Устанавіў атамныя масы рэдказямельных элементаў (1903) і вызначыў іх месца ў перыяд. сістэме.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.
т. 3, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КАРСКАЯ ВАГА́,
сістэма мер (адзінак) масы для ўзважвання лекаў. Асн. адзінка — аптэкарскі фунт, які падзяляўся на 12 унцый, унцыя — на 8 драхмаў, драхма — на 3 скрупулы, скрупул на 20 гранаў. У 19 і пач. 20 ст. на Беларусі карысталіся аптэкарскай вагой: 1 рус. аптэкарскі фунт = 358,323 г, 1 унцыя = 29,860 г, 1 драхма = 3,732 г, 1 скрупул = 1,244 г, 1 гран = 62,209 г. У англ. сістэме мер гэтыя адзінкі маюць інш. значэнні.
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАРМІ́ЗМ (ад англ. alarm трывога, жах),
плынь у зах. навуцы і грамадскай думцы, прадстаўнікі якой сцвярджаюць пра фатальны, катастрафічны характар уздзеяння чалавека на прыроду, яго асаблівую небяспеку для далейшага развіцця чалавецтва і акцэнтуюць увагу на неабходнасці прыняцця неадкладных рашучых захадаў у мэтах аптымізацыі адносін у сістэме «прырода — грамадства». Рысы алармізму ў значнай ступені выявіліся ў дзейнасці ў 1970—80-я г. т.зв. «Рымскага клуба», членамі якога былі многія вядомыя вучоныя і дзеячы розных краін.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗО́НЫ, бозе-часціцы. 1) мікрачасціцы, якія падпарадкоўваюцца Бозе-Эйнштэйна статыстыцы. Да іх адносяцца фатоны, α-часціцы, π-мезоны, ат. ядры з цотным лікам нуклонаў і інш. 2) Элементарныя ўзбуджэнні ў макраскапічнай сістэме, т.зв. квазічасціцы (феноны ў цвёрдым целе, эксітоны ў паўправадніках і малекулярных крышталях). Базоны маюць нулявы або цэлы спін, што адрознівае іх ад ферміёнаў. Характэрная асаблівасць базонаў — адвольная іх колькасць у пэўным квантавым стане, што дае магчымасць растлумачыць з’явы звышправоднасці і звышцякучасці.
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКАВА́ННЕ,
дробная апрацоўка глебы на глыб. 5—15 см дыскавымі лушчыльнікамі або баронамі. Тэхналагічны прыём Д. — рыхленне зніжае страты вільгаці на выпарэнне і ўзмацняе яе прыток з ніжэйшых гарызонтаў глебы, знішчае пустазелле, паскарае мінералізацыю раслінных рэшткаў. Д. зніжае шчыльнасць, павышае порыстасць, аэрацыю глебы. У сістэме зяблевага ворыва шырока выкарыстоўваецца для папярочнага разроблівання пластоў пасля ўзворвання цаліны, дзярніны шматгадовых траў, малапрадукцыйных лугоў і пашы, выраўноўвання камлыжыстай раллі, перадпасяўной апрацоўкі азімых і яравых культур.
Л.В.Круглоў.
т. 6, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)