ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз.стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ НО́ЎГАРАД,
горад, цэнтр Ніжагародскай вобл., у Расіі. Размешчаны каля ўпадзення р. Ака ў Волгу. 1385,9 тыс.ж. (1996). Буйны рачны порт, чыг. вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1985). Буйны цэнтр машынабудавання, у т. л. аўта-, авія-, суднабудавання і металаапрацоўкі (акц.т-ва «ГАЗ», ВА «Ніжагародскі машзавод»; ВА «Завод «Чырвонае Сормава» — гал. суднабудаўная база Волжскага флоту; з-ды: спецыялізаваных машын, каробак скарасцей, штампаў і прэс-форм, дызелебудавання, авіябудаўнічы, апаратуры сувязі, тэлевізійны). Прадпрыемствы перапрацоўчай чорнай і каляровай металургіі, хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычнай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харчасмакавай, лёгкай прам-сці. 9 ВНУ. У т. л.ун-т.
Засн. як каменная крэпасць у 1221 уладзімірскім кн. Юрыем Усеваладавічам. З 1350 сталіца Ніжагародска-Суздальскага княства, гандл. і культ. цэнтр (у Пячорскім манастыры ў 1377 створаны Лаўрэнцьеўскі летапіс). У 1392 далучаны да Маскоўскага вял. княства і стаў апорным пунктам у барацьбе з Казанскім ханствам. У 1520 і 1536 на горад нападалі татары. З 2-й пал. 16 ст. адзін з буйнейшых гандл.-рамесніцкіх цэнтраў Маскоўскага княства. У канцы 1611 у Н.Н. пачалося фарміраванне нар. апалчэння К.Мініна і Дз.Пажарскага. З 1719 цэнтр Ніжагародскай губ. У 1817—1917 у горадзе дзейнічаў Ніжагародскі кірмаш (адноўлены з 1990). У 1862 злучаны чыгункай з Масквой. У 1932—91 наз. Горкі.
З 2-й пал. 16 ст. складваюцца 2 часткі горада — Нагорная (цэнтр) і Зарэчная (слабоды, пазней прамысл. раён). Помнікі архітэктуры 16 — пач. 18 ст.: крэмль (крапасныя сцены з вежамі, 1500, 1508—11) з Архангельскім саборам (1624—31, арх. Л. і А.Вазауліны, на месцы сабора 13 ст.); манастыры Пячорскі з Узнясенскім саборам (1632, арх.А.Вазаулін) і 2 шатровымі цэрквамі (1642—45 і 1648), Дабравешчанскі з саборам (1649) і Успенскай царквой (1678); Успенская царква на Ільінскай гары (1672—1715); цэрквы т.зв. строганаўскага стылю (пры сядзібе Строганавых) — Смаленская (1694—97) і Раства (1719). Паводле плана 1824 у межы горада на левым беразе Акі ўвайшла Канавінская слабада з тэр. Ніжагародскага кірмашу; захаваліся саборы Спаскі старакірмашовы (1817—22, арх.А.Манферан) і Кірмашовы Аляксандра Неўскага (1881, арх. Р.Кілевейн і Л.Даль, аднаўляецца), Гал. дом кірмашу (1890, з пач. 1990-х г. цэнтр адноўленай біржавай і кірмашовай дзейнасці). У Нагорнай частцы захаваліся будынкі б. Шляхетнага сходу (1826, арх. І.Яфімаў, класіцызм). т-ра драмы (1896, арх. В.Шротэр, эклектыка), дзяржбанка (арх. В.Пакроўскі, неарускі стыль), дом Сіроткіна (абодва 1913, арх. браты Весніны, неакласіцызм; цяпер маст. музей) і інш. Помнікі: абеліск у гонар К.Мініна і Дз.Пажарскага (1826), М.Горкаму (1952), М.А.Дабралюбаву (1986) і інш.
Літ.:
Бубнов Ю.Н., Орельская О.В. Архитектура города Горького: Очерки истории, 1917—1985. Горький, 1986;
Бубнов Ю.Н. Архитектура Нижнего Новгорода середины XIX — начала XX в. Нижний Новгород, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп.А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯў музыцы,
1) сістэмна арганізаваныя сродкі муз. выразнасці, якія грунтуюцца на заканамерным аб’яднанні тонаў у сугуччы і заканамернай сувязі сугуччаў. Пад сугуччам у сучаснай тэорыі музыкі разумеюць лагічна дыферэнцыраваныя гукавыя спалучэнні, якія маюць у муз. кантэксце пэўную маст. выразнасць. У паслядоўнасці сугуччаў і іх суадносінах выяўляецца значэнне кожнага з іх у ладзе (ладавая функцыя), абумоўленае заканамернасцямі пэўнай ладава-гарманічнай сістэмы. Кожнае сугучча ў залежнасці ад яго інтэрвальнага (гл.Інтэрвал) складу, падваення тонаў, іх размяшчэння, рэгістра, дынамікі і інш. мае спецыфічны характар гучання — фанізм. Асн. тып сугучча — акорд. У падзеле акордаў на кансанансы і дысанансы, устойлівыя і няўстойлівыя адлюстраваны 2 бакі адной з’явы — акустычны і ладавы. Паміж кансанантнасцю і ўстойлівасцю, дысанантнасцю і няўстойлівасцю ў класічнай гармоніі існуе прынцыповая сувязь, якая абумоўлівае існаванне лада і функцыянальнасць акордаў. Гармонія ахоплівае таксама суадносіны танальнасцей і ладоў. Рух галасоў (голасавядзенне) падпарадкаваны пэўным правілам, выпрацаваным у шматгалосай музыцы гамафоннага і поліфанічнага складу. Функцыянальна і каларыстычна асэнсаваная паслядоўнасць акордаў, танальнасцей, ладоў, рытм іх змены (адхіленні, мадуляцыі, кадэнцыі, секвенцыі, гарманічнае вар’іраванне і інш.) — адна з неабходных умоў формаўтварэння ў музыцы (гл.Форма музычная). Вобразна-маст. значэнне гармоніі раскрываецца ва ўзаемадзеянні з мелодыяй, метрарытмам і інш. кампанентамі муз. мовы, з якімі гармонія ўтварае пэўны муз.стыль (эпохі, кірунку, кампазітара, асобнага твора і інш.). На гармонію ўплывае таксама інтанацыйны склад пэўнай нац. музыкі, вызначаючы яе нац. характэрнасць. Сутнасць і ўспрыняцце гармоніі эвалюцыяніруе ў працэсе творчай практыкі.
2) Навуковая і навуч. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю вучэнняў пра гармонію, класічныя і сучасныя яе сістэмы, прадугледжвае практычнае авалоданне тэхнікай гарманізацыі і інш. сродкамі выразнасці, уласцівымі гармоніі.
Літ.:
Шевалье Л. История учений о гармонии: Пер. с фр.М., 1931;
Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966;
Скребков С.С. Гармония в современной музыке: Очерки. М., 1965;
Холопов Ю.Н. Очерки современной гармонии: Исслед. М., 1974;
Яго ж. Гармония: Теорет. курс. М., 1988;
Гуляницкая Н.С. Введение в современную гармонию. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗАЧНІК,
таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.Навапольцаў, А.К.Барышнікава (Купрыяніха), М.М.Каргуеў, М.А.Сказкін, Г.М.Каралькова, у ўкраінцаў — Р.Ф.Чмыхала, А.С.Калін, К.Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Гулевіч, Я.Дзежка, Д.Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.Смолка і інш.
У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст.стыльбел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел. Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.Савіцкага, Куляша, М.Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял.Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.С.Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.С.Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.П.Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш.фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.Мельнікава з Лоеўскага, Ф.Вяргун з Мазырскага, Е.Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.Паўлянкова з Гомельскага, М.Коўтун з Чэрвеньскага, Н.Краснякова з Крупскага, У.Русіновіч з Светлагорскага, Л.Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.Казлоўская, У.Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.
Літ.:
Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;
Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;
Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;
Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;
Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;
Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТ ((Liszt) Ферэнц) (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),
венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.Паэра і А.Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф. трактоўка фп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.Бетховена, сімф. творы Г.Берліёза, Р.Шумана, М.Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац.венг.муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг.нац.муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг. вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап.прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг.нац.муз. школы і ў развіцці сусв.муз. культуры.
Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.В.Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.Атрана і А.Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг.нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЯ (франц. meuble ад лац. mobilis рухомы),
прадметы для абсталявання інтэр’ераў і адкрытых прастораў, стварэння камфортных умоў для працы і адпачынку; галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкага канструявання. Тыпалагічна падзяляецца паводле эксплуатацыйных прыкмет (для жылля, грамадскіх будынкаў, гар. асяроддзя, трансп. сродкаў), функцыян. прызначэння (для сядзення, ляжання, корпусная, функцыян. плоскасці, камбінаваная), канструктыўных асаблівасцей (рухомая, убудаваная, навясная), узроставых катэгорый насельніцтва, тыпаў грамадскіх будынкаў (універсальная, шматфункцыянальная). У ліку асн. патрабаванняў да М. — трываласць, эксплуатацыйная надзейнасць, модульная камбінаторнасць формаўтварэння, трансфармаванасць, тэхналагічнасць апрацоўкі і аздаблення паверхняў, эстэтычнасць дызайнерскага вырашэння (вобразная выразнасць, улік нац. традыцый і сац.гіст. -заканамернасцей, сінтэз мастацтва М. і архітэктуры, індывід. праява асобы аўтара ці заказчыка, рацыянальнасць формы, адпаведнасць модзе, колеравае вырашэнне). М. адлюстроўвае сац.-быт. ўклад насельніцтва, яго эстэт. ідэалы і нац. традыцыі, разам з аб’ёмна-арх. вырашэннем утварае стылявыя асаблівасці асяроддзя. У ліку маст. сродкаў М. — канстр. і аддзелачныя матэрыялы (дрэва, метал, пластмасы, скура, мэблева-дэкар. тканіны), фактура, тэкстура, колер.
З часоў Стараж. Егіпта вядомы табурэты, куфры, троны. ложа з разьбой і рэльефнымі ўстаўкамі. Ант. драўляная і бронзавая М. вылучалася яснасцю форм, спалучэннем прамых і выгнутых брусоў (стулы, ложкі, нізкія сталы, крэслы з геам. арнаментам і «звярынымі» матывамі). Сярэдневяковай М. ўласцівы масіўныя, трывалыя формы крэслаў, шафаў, ложкаў, сталоў, упрыгожаных арх. разьбой (аркі, нервюры), геам. і расл. арнаментам. Для стараж.-рус. М. характэрны лаканічныя па формах лавы, куфры, сталы, табурэты з разнастайнай разьбой і размалёўкай. Арыгінальныя формы нізкай, часта выгнутай М. з паліраванага дрэва, лаку склаліся ў краінах Азіі. У эпоху Адраджэння зацвярджаецца М. з рамна-філянговай канструкцыяй, якая будавалася паводле ордэрнай архітэктуры, арганічна ўваходзіла ў грамадскі і жылы інтэр’ер. Двух’ярусныя шафы, кабінеты са скрынкамі на падстоллі, касапанкі (куфры са спінкай і падлакотнікамі для сядзення), касоне (куфры-скрынкі, упрыгожаныя пазалотай, размалёўкай і інш), ложкі з балдахінамі, крэслы, упрыгожаныя арх. матывамі, жывапісам, рэльефамі; арнаментальная або выяўл.інтарсія звязвала М. з архітэктурай інтэр’ера. Парадная М. барока, ракако, класіцызму, ампіру з каштоўнай фанероўкай, разьбой, пазалотай маркетры, бронз. накладкамі, літымі дэталямі (сталы, шафы, буфеты, кабінеты, сакратэры, стулы, крэслы, канапы) утварала гарнітуры стацыянарных і перасоўных прадметаў. У ліку майстроў, якія стваралі свой стыль М.: сям’я Жакоб, А.Ш.Буль, Ж.А.Рызенер, Д.Ронтген (Францыя), Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан (Вялікабрытанія). У Расіі М. часта стваралі архітэктары В.В.Растрэлі, Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.Вараніхін, К.Росі. М. ракако і бідэрмеера, англ. і галандская М. 17—18 ст. імкнулася да камфортнасці, зручнасці, што парушала традыц. яе сувязь з палацавымі рытуаламі. У 19 ст. поруч з эклектычнай М. у гіст. стылях з’явіліся новыя тыпы масавай практычнай М. (гнуткая «венская» М). Стыль мадэрн на мяжы 19—20 ст. увёў цякучыя лініі, вытанчаную фактуру (інкрустацыя шклом і керамікай, накладкі з паліраванага металу) і садзейнічаў аблягчэнню М., утварэнню новых рацыянальных форм (Х. ван дэ Велдэ ў Бельгіі, Ч.Р.Макінташ у Шатландыі). Пашырэнне ў 20 ст. функцыяналізму спрыяла пошукам лаканічных форм і яснай тэктонікі М., выкарыстанню новых матэрыялаў (стальныя трубы і палосы, клееная драўніна), распрацоўцы ўбудаванай, секцыйнай, зборна-разборнай і трансфармаванай М. для жылых пакояў, кухняў, кантор, банкаў, школ і інш. дызайнерскія метады яе праектавання. М. распрацоўвалі вербунды, Баўгауз, Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве, буйнейшыя архітэктары (Ле Карбюзье, В.Гропіус, М.Броер, Л.Міс ван дэр Роэ, А.Родчанка, Л.Лісіцкі, У.Татлін і інш.). Развіццё арганічнай архітэктуры, вывучэнне нац. традыцый стымулявалі распрацоўку ўзораў найб. простай, зручнай М., якая адпавядала мясц. умовам (Ф.Л.Райт у ЗША, А.Аалта ў Фінляндыі, А.Якабсен у Даніі). Асн. канструкцыйна-маст. асаблівасці сучаснай М. — макс. зручнасць, функцыянальнасць, прастата, часам эклектычнасць. У многіх мясцовасцях (Паволжа, Прыкарпацце, паўд. Польшча. Брэтань) захоўваюцца нар. традыцыі вытв-сці і ўпрыгожання М.
На Беларусі нешматлікія і простыя прадметы абсталявання жылля феад. эпохі выконвалі чыста утылітарныя функцыі (услон, тапчан, ёмістасці для захоўвання быт. рэчаў, калыска, лава, паліца, палок і інш.). М. рабілі самі гаспадары ці мясц. майстры-саматужнікі. У 14—16 ст. М. палацаў і замкаў вызначалася масіўнасцю, прастатой прысадзістых форм. У аздабленні былі пашыраны нізкарэльефная разьба геам. і расл. характару, таніроўка ў цёмна-карычневы колер, паліраванне, акоўка. У 17—18 ст. пад уплывам барока М. набыла больш вытанчаныя формы, Яе аздаблялі высокарэльефнай і ажурнай разьбой расл. характару, размалёўкай. У многіх бел. гарадах працавалі цэхі майстроў-мэбельшчыкаў. У 2-й пал. 17 ст.бел. разьбяры і майстры-мэбельшчыкі Д.Паўлаў, П.Тарасаў, І.Дракула, К.Міхайлаў і інш. працавалі ў Маскве, дзе выраблялі для палацаў і храмаў шафы, крэслы, сталы, куфэркі, аздобленыя разьбой, размалёўкай, абіўкай аксамітам, акоўкай. З канца 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і дэкор М. сталі больш спакойнымі і ўраўнаважанымі. Шырока ўжываліся тачэнне, залачэнне, абіўка тканінамі, метал. літыя накладкі ў выглядзе маскаронаў, звярыных лап і інш. Нярэдка М. аздаблялі інкрустацыяй і мазаікай. Была пашырана садова-паркавая чыгунная М., зробленая на чыгуналіцейных з-дах. М. небагатых сядзіб і гар. жылля вызначалася большай прастатой, часта фарбавалася ў адзін колер (часцей у зялёны). У канцы 19 ст.нар. М. стала больш разнастайнай, пашырыліся сталы на ножках, куфры, шафы, канапы, ложкі, падвясныя паліцы, шафкі для посуду. Аздаблялі М. такарнымі накладкамі, прапілоўкай, размалёўкай і інш. Павялічылася колькасць рамеснікаў-мэбельшчыкаў, у многіх гарадах і мястэчках працавалі майстэрні, у Бабруйску — мэблевая ф-ка, у Гомелі, Магілёве, Давыд-Гарадку, в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. выраблялі М., плеценую з лазы, характар дэкору якой у канцы 19 — пач. 20 ст. вызначаўся рысамі стылю мадэрн. У 1920—30-я г. з’явілася секцыйная, камбінаваная, спецыялізаваная М. У 1950—60-я г. самаробная М. практычна выйшла з ужытку. Прадпрыемствы мэблевай прамысловасці ствараюць масавыя камплекты і унікальныя гарнітуры паводле матываў традыц.нар.М., узораў вядучых мэблевых фірм свету. Спецыялістаў па маст. праектаванні і канструяванні мэблі рыхтуюць Бел.АМ і Бел.тэхнал.ун-т. Сярод вядучых спецыялістаў у галіне дызайну М. — І.Харламаў, У.Макарэвіч, У.Гераўкер і інш.
Літ.:
Кес Д. Стили мебели. Будапешт, 1979;
Мигаль С.П. Основы проектирования мебели. Львов, 1989;
Да арт.Мэбля. А.Ш.Буль. Шафа. 2-я пал. 17 ст. Францыя.Да арт.Мэбля. Д.Ронтген. Вялікае бюро. 1783.Да арт.Мэбля. Куфар з в. Мокрая Дуброва Пінскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Мэбля. Крэсла. Пач. 20 ст. Майстар Хмель з г.п. Мір Гродзенскай вобл.Да арт.Мэбля. Г.Голейн. Канапа «Мэрылін». 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),
французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).
Тв.:
Бел.пер. — Габсэк. Мн., 1993;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—24. М., 1960.
Літ.:
Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;
Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;
Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГ ((Grieg) Эдвард Хагеруп) (15.6.1843, г. Берген, Нарвегія — 4.10.1907),
нарвежскі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. дзеяч; буйнейшы прадстаўнік нарв. кампазітарскай школы. Чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1872), Франц. акадэміі прыгожых мастацтваў (1889), ганаровы д-р музыкі Кембрыджскага (1893) і Оксфардскага (1906) ун-таў. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі (1858—62, клас К.Райнеке), а таксама ў Н.Гадэ і інш. Разам з кампазітарам Р.Нурдракам, які паўплываў на станаўленне яго творчай індывідуальнасці, і інш. арганізаваў міжскандынаўскае муз.т-ва «Эўтэрпа» (1864, Капенгаген). З 1866 жыў у Крысціяніі (Осла), сябраваў з паэтам і драматургам Б.Б’ёрнсанам, паводле п’ес якога напісаў шэраг муз.-сцэн. твораў, у т. л. незакончаную оперу «Улаф Тругвасан», музыку да п’есы «Сігурд Крыжаносец», 1872; эскізы да оперы «Арнльут Геліне», да меладрамы для чытальніка і арк. «Бергліёт», шмат рамансаў і песень. У 1871 засн. канцэртнае Муз.т-ва (цяпер Філарманічнае т-ва). У 1880—90-я г. набыў сусв. славу як кампазітар, дырыжор, піяніст. У 1898 у Бергене арганізаваў 1-ы фестываль нарв. музыкі (праводзяцца і цяпер, з 1953 — штогоднія фестывалі яго музыкі). Яго творчасць глыбока нацыянальная, з рысамі ням. рамантызму. Майстар фп. («Лірычныя п’есы» і інш. цыклы) і камерна-вак. музыкі (каля 150 рамансаў і песень). Яркі індывід.стыль Грыга, тонкага каларыста, у многім блізкі да муз. імпрэсіянізму. Ён па-новаму трактаваў санатную форму (струнны квартэт, 3 санаты для скрыпкі і фп.; санаты для віяланчэлі і фп., для фп.), драматызаваў і сімфанізаваў форму варыяцый («Старанарвежскі раманс з варыяцыямі» для арк., «Балада» для фп. і інш.) і канцэрта (канцэрт для фп. з арк., 1868). У шэрагу твораў увасобіў вобразы нар. легенд і паданняў (2 арк. сюіты з муз. да драмы «Пер Гюнт» Г.Ібсена, 1888, 1896; фп. п’есы «Шэсце гномаў», «Кобальд»). Апрацоўваў нарв.нар. мелодыі. Пад уздзеяннем фальклору склаліся характэрныя для Грыга стылістычныя прыёмы і асаблівасці гармоніі і рытмікі. Выступаў як муз. крытык (аўтабіягр. нарыс «Мой першы поспех», 1905; арт. «Моцарт і яго значэнне для сучаснасці», 1906, і інш.). Творчасць Грыга стала эпохай у развіцці нарв. мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. статьи и письма. М., 1966.
Літ.:
Кремлев Ю. Э.Григ. М., 1958;
Левашева О. Э.Григ. 2 изд. М., 1975;
Асафьев Б.В. Григ. 4 изд. Л., 1984;
Бенестад Ф., Шельдеруп-Эббе Д. Э.Григ — человек и художник: Пер. с норв. М., 1986.