ВА́РГАС ((Vargas) Жэтуліу Дарнеліс) (19.4.1883, г. Сан-Боржа, Бразілія — 24.8.1954),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Бразіліі. Юрыст. Дэп. кангрэса (з 1922), міністр фінансаў (з 1926), губернатар штата Рыу-Гранды-ду-Сул (з 1928). Прэзідэнт Бразіліі ў 1930—45 і 1951—54. У 1945 заснаваў Браз. трабальісцкую (рабочую) партыю. Праводзіў курс на памяншэнне эканам. і знешнепаліт. залежнасці Бразіліі ад ЗША, паляпшэнне становішча працоўных. Адхілены ад улады генералітэтам; скончыў самагубствам.

Літ.:

Шокина И.Е. Жетулиу Дорнелис Варгас // Вопр. Истории. 1996. № 4.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ РАСІ́ЙСКАЙ СЛАВЕ́СНАСЦІ,

літаратурна-грамадская арг-цыя ў Пецярбургу ў 1816—25. З 1819 вядучае становішча ў ім займалі Ф.​М.​Глінка, К.​Ф.​Рылееў, М.А. і А.​А.​Бястужавы, В.​К.​Кюхельбекер, М.​І.​Гнедзіч, А.​А.​Дэльвіг, А.​С.​Грыбаедаў і інш. У памяркоўнай паліт. праграме, надрукаванай у час. т-ва «Соревнователь просвещения и благотворения», адлюстраваўся ўплыў ідэалогіі дзекабрыстаў: патрабаванне нац. самабытнасці л-ры, інтарэс да гіст.-патрыят. тэмы, да нар. паэзіі.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАНО́ЦКАЯ СПРА́ВА»,

часопіс у Заходняй Беларусі. Орган Аб’яднання бел. жанчын імя А.​Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сак.—ліст. 1931 у Вільні на бел. мове. Узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Зах. Беларусі, інфармаваў пра паліт. і грамадскія падзеі, жаночы рух у розных краінах свету, змяшчаў літ. матэрыялы. Садзейнічаў пашырэнню нац. свядомасці бел. жанчын, яднаў іх на грунце грамадскай працы і агульнаасв. задач. Меў рубрыкі «Парады маці», «Пытанні і адказы», «Наша пошта» і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПА́ТРЫІ (ад санскр. кшатра — улада),

раджаны, раджанья, саслоўе (варна) у Стараж. Індыі. Варна К. склалася на рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў плямёнах арыяў (гл. Арыйцы) у ходзе заваявання імі Індыі і фарміравання класавага грамадства. У стараж.-інд. дзяржавах складалі ваен.-плем. арыстакратыю, займалі пануючае паліт. і эканам. становішча. К. былі кіраўнікамі дзяржаў, службовымі асобамі, рабаўладальніцкай знаццю, воінамі. Да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. перасталі вызначаць склад кіруючага класа, паняцце К. захавалася толькі як традыц. ўяўленне.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВЕЛІ́Р (ад франц. niveler выраўноўваць),

геадэзічная прылада для вызначэння перавышэнняў пры геаметрычным нівеліраванні. Паводле дакладнасці Н. падзяляюць на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Канструктыўна адрозніваюць Н. оптыка-мех. і лазерныя. Асн. ч. оптыка-механічных Н. — зрокавая труба, цыліндрычны ватэрпас (аптычны кампенсатар) для прывядзення візірнай восі ў гарыз. становішча і падстаўка. Лазерныя Н. дадаткова маюць аптычны квантавы генератар, які выпрацоўвае візірны лазерны прамень. Існуюць таксама Н. з аўтам. апрацоўкай інфармацыі на ЭВМ. Гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты.

П.​П.​Явід.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КО́НАР ((O’Connor) Артур) (4.7.1763, г. Мітчэлстаўн, Ірландыя — 25.4.1852),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Дзядзька Ф.Э.О’Конара. У 1791—95 чл. ірл. парламента. З 1796 чл. т-ва «Аб’яднаныя ірландцы», у 1798 адзін з кіраўнікоў т-ва ў правінцыях Ольстэр і Ленстэр; выступаў за ўстанаўленне ў Ірландыі дэмакр. рэспублікі з усеагульным выбарчым правам. У 1798—1803 зняволены брыт. ўладамі. Эмігрыраваў у Францыю. У 1804—07 генерал, камандзір франц. дывізіі ў напалеонаўскай арміі. Аўтар памфлетаў пра становішча ў Ірландыі.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКАСЦЬ,

найпрасцейшая паверхня, адно з асноўных геам. паняццяў. У геаметрыі бярэцца як зыходнае і не вызначаецца.

Уласцівасці П. апісваюцца аксіёмамі, напр.: П. — паверхня, якая змяшчае кожную прамую, што злучае 2 яе пункты; П. — геам. месца пунктаў, роўнаадлеглых ад двух дадзеных (паводле М.​І.​Лабачэўскага). Становішча П. ў прасторы вызначаецца 3 пунктамі, якія не належаць адной прамой. П., суадносіны паміж пунктамі і прамымі якой задавальняюць сістэму аксіём эўклідавай геаметрыі, наз. эўклідавай. Уласцівасці фігур на эўклідавай П. вывучае планіметрыя.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНГ (ням. Rang ад франц. rang месца, рад),

ступень адрознення, чын, званне; разрад, катэгорыя, клас і інш. У большасці краін Р. ўстанаўліваюцца для служачых цывільных ведамстваў, напр., дыпламатычныя рангі. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў існуюць званні воінскія, якія адпавядаюць Р. (напр., у ВМФ Расіі капітан 1-га, 2-га і 3-га Р.). У ВМФ на Р. падзяляюцца караблі (гл. Карабель ваенны), у адпаведнасці з якімі вызначаецца старшынства іх камандзіраў, прававое становішча экіпажаў і нормы іх матэрыяльнага забеспячэння.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎНАПЕРАМЕ́ННЫ РУХ,

механічны рух часціцы (матэрыяльнага пункта), пры якім модуль тангенцыяльнага паскарэння (у выпадку прамалінейнага руху модуль поўнага паскарэння) застаецца пастаянным. Пры Р.р. праекцыя скорасці v часціцы на напрамак руху і шлях S, пройдзены ад пач. становішча, у кожны момант часу t вызначаюцца формуламі: v = v0 + at, s = v0t + at​2/2, дзе v0 — пач. скорасць, a — праекцыя тангенцыяльнага (поўнага) паскарэння на напрамак руху. Пры a > 0 рух роўнапаскораны, пры a < 0 — роўназапаволены, пры a = 0 — раўнамерны.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)