бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1978, кл. П.Падкавырава, Дз.Смольскага). З 1978 выкладчык Мінскага культ.-асв. вучылішча, у 1993—2002 Бел. ун-та культуры. Для яго музыкі характэрна арган.спалучэнне сучасных і фалькл. рытмаў і інтанацый: нар.муз. камедыя «Калі заспявае певень» (паст. 1991), дзіцячыя оперы «Бег бай» (паст. 1987) і «Хфірменная казка» (паст. 1989); паэма (1977) і паэма-пастараль (1981) для сімф.арк., кантаты (1980, 1984), канцэрціна (1980) для інстр. ансамбля; камерна-інстр. творы, хар. трыпціхі, вак. цыклы, песні, у т. л. для дзяцей, музыка для драм.т-ра і тэлеспектакляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́СА ДЫ КЕЙРУ́Ш (Eça de Queiróz) Жазэ Марыя (25.11.1845, г. Повуа-ды-Варзін, Партугалія — 16.8.1900),
партугальскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік рэаліст. «каімбрскай школы». Скончыў юрыд.ф-т ун-та ў г. Каімбра (1866). У 1872—1900 на дыпламат. рабоце. У раманах «Злачынства падрэ Амару» (1875), «Кузен Базіліу» (1878), «Знатны род Рамірэс» (1897) і інш. жыццё Партугаліі 2-й пал. 19 ст., у іх сац. крытыка, спалучэнне іроніі з элементамі фантастыкі і ўмоўнасці. У рамане «Рэліквія» (1887) праблемы ўзаемаадносін чалавека і рэлігіі. Раман «Перапіска Фрадыке Мендэса» (1900) насычаны аўтабіягр. матывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́МЫ АРХІТЭКТУ́РНЫЯ,
працяглыя элементы арх. пластыкі, спалучэнне якіх складае профілі (разрэзы) карнізаў, капітэляў, базаў калон. Размяшчаюцца па гарызанталі, радзей па нахіленай крывой (у архівольтах арак, на нервюрах) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Узбагачаюць арх. дэкор, узмацняюць вобразна-маст. выразнасць будынка. Падзяляюцца на прамалінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.). Найб. пашыраны ў ордэрнай архітэктуры (гл.Ордэр). Узніклі ў класічнай архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Стараж. Рыма і Візантыі, пасля — Зах. Еўропы. У сучаснай архітэктуры абломам архітэктурным адпавядаюць профілі архітэктурныя.
Абломы архітэктурныя: 1 — палічка; 2 — вал; 3 — «ястрабіная дзюба»; 4 — кіматый (а — прамы, б — адваротны); 5 — абцасік (а — прамы, б — адваротны); 6 — выкружка; 7 — астрагал; 8 — скоцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ТЛЗ»
(англ. «The Beatles»),
англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.Макартні, Дж.Ленан, Дж.Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.
Літ.:
Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХЕРТ (Borchert) Вольфганг (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ручное ўзорыстае ткацтва на тэр. Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Вядомае здаўна (у л-ры — з 19 ст.). Тут ткалі посцілкі, дываны, ручнікі. Адметнае ў Верхнядзінскім ткацтве традыц.спалучэнне 2 колераў: чорнага з малінавым, белым, чырвоным ці аранжавым. Разнастайнасць дасягаецца ўзбуйненнем ці здрабненнем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу. Тэхніка — перабор, шматрамізная, выбарная; узоры — «у дымкі», «у ромбы» і г.д. З 1967 пры Верхнядзвінскай ф-цы маст. вырабаў працуе цэх маст. ткацтва, дзе ткуць ручнікі, посцілкі, накідкі на крэслы ў традыц. колерах з бел. арнаментам. Матэрыял — лён, віскоза, воўна, чарот (з яго робяць сурвэткі, сумкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш.бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СНЫК (Asnyk) Адам (11.9.1838, г. Каліш, Польшча — 2.8.1897),
польскі паэт і драматург. Удзельнік паўстання 1863—64, чл. «вераснёўскага ўрада». У час эміграцыі (г. Гейдэльберг, Германія) атрымаў ступень д-ра філасофіі (1866). Выдаў 4 кн. «Паэзіі» (1869, 1872, 1880, 1894). У ранніх творах спалучэнне традыцый рамантызму з праблематыкай польскага пазітывізму, матывы журбы, песімізму, супрацьпастаўленне мінулага сучаснасці (цыклы вершаў «Кветкі», «Мазаіка», паэма «Сон магіл», 1865—67). Пазнейшая лірыка адметная філас. зместам, медытатыўнай скіраванасцю, жанравай разнастайнасцю, ускладненнем паэт. формы (цыкл санетаў «Над глыбінямі», 1883—94, і інш.). Аўтар бытавых камедый «Сябры Іова» (1879), «Камедыя для конкурсу» (1888), гіст. драм «Кола Рыенцы» (1873), «Жыд» (1875), «Кейстут» (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КЕРАМІ́КА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйска. Промысел вядомы з даўніх часоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Бабруйску працавала каля 60 майстроў. Выраблялі дымленыя (т.зв. сінія), з 1930-х г. паліваныя рэчы. Акрамя сталовага, кухоннага, тарнага посуду выраблялі дэкар. дробную пластыку, цацкі. Своеасаблівасць маст. аблічча бабруйскай керамікі вызначалі мясц. сыравіна, майстэрства рамеснікаў, тэхнал. ўзровень вытворчасці. Бабруйскую кераміку вылучаюць прапарцыянальны строй і прыёмы фармоўкі, спалучэнне бясколерных празрыстых глазураў з багатым каларытам светла-чырвоных глін, сціплае дэкарыраванне адводкамі і штампікамі, асаблівасці ў канструкцыі накрывак і ручак. У Бабруйску працуе цэх маст. керамікі, дзе акрамя ганчарнага спосабу фармоўкі існуе адліўка і прасаванне, наладжаны выпуск рэчаў з ангобнай размалёўкай.