ДАМА́НАВІЧ ((Домановић) Радоэ) (4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),
сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.Чарота.
Тв.:
Бел. пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;
Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956.
І.Л.Чарота.
т. 6, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́Ў (сапр. Фрыдлянд) Міхаіл Яфімавіч
(12.6.1898, Кіеў — 4.4.1942),
расійскі пісьменнік, журналіст. Чл.-кар. АН СССР (1938). Вучыўся ў Петраградскім псіханеўралаг. ін-це (1915). З 1922 у газ. «Правда». Заснавальнік і першы рэдактар час. «Огонёк» (1923—38), рэдактар час. «Крокодил», «За рубежом» (з М.Горкім). У 1938 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1919. Аўтар шматлікіх фельетонаў, кн. нарысаў «Стварэнне свету» (1928), «Хачу лятаць» (1931), цыкла сатыр. навел «Іван Вадзімавіч, чалавек на ўзроўні» (1933), кн. «Буравеснік. Жыццё і смерць Максіма Горкага» (1938). Вынікам паездкі ў Іспанію ў 1931 і 1936 сталі кнігі «Іспанская вясна» (1933) і «Іспанскі дзённік» (кн. 1, 1938).
Тв.:
Избр. произв Т. 1—3. М., 1957.
Літ.:
Веревкин Б.П. М.Е.Кольцов. М., 1977.
т. 7, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРТА́Д ((Courtade) П’ер) (3.1.1915, г. Баньер-дэ-Бігор, Францыя — 14.5.1963),
французскі пісьменнік і журналіст. У раманах філас.-сатыр. «Эльсенёр» (1949), сац.-паліт. «Джымі» (1951), «Чорная рака» (1953), «Чырвоная плошча» (1961; аўтабіягр.) гал. тэмы — акупацыя Францыі і Рух Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну, пасляваен. палітыка зах. краін, трагічныя падзеі ў СССР у часы культу асобы. Творы К. адметныя панарамнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, дынамізмам дзеяння, спалучэннем дакументальнасці з псіхалагізмам. Аўтар зб-каў апавяданняў «Абставіны» (1946) і «Вышэйшыя жывёлы» (1956), кніг публіцыстыкі. На бел. мову навелу К. «Канец Італіі» пераклаў А.Мароз.
Тв.:
Бел. пер. — Канец Італіі // Французская навела XX ст. Мн., 1992;
Рус. пер. — Джимми. М., 1953;
Красная площадь. М., 1963.
Е.А.Лявонава.
т. 9, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СІЛА (Lassila) Маю [сапр. Унтала Ціецявяйнен
(Untola Tietäväinen) Алгат; 28.11.1868, Тохмаярві, Карэлія — 21.5.1918], фінскі пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Сортавала. У 1898—1904 жыў у Пецярбургу. У аўтабіягр. раманах «Хархама» і «Мартва» (абодва 1909) элементы рэалізму пераплятаюцца з містыкай. Вядомасць прынеслі сатыр.-гумарыстычныя аповесці «Па запалкі» (1910, аднайм. сав.-фін. кінафільм 1980, рэж. Л.Гайдай),
«Бацька і сын» (1914), «Ад вялікага розуму» (1915), «Басяк з таго свету» (1916), п’есы «Калі любяць удаўцы» (1911), «Малады млынар» (1912), «Вечны рухавік» (апубл. 1962). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі У.Арлоў, Я.Лапатка.
Тв.:
Бел. пер. — Басяк з таго свету. Ад вялікага розуму. Мн., 1990;
Рус. пер. — За спичками: Повести. Петрозаводск, 1988.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 9, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),
верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.Панчанкі, «Лірычны жарт» С.Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.Вярцінскага:
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!
В.П.Рагойша.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КСАТ ((Mikszáth) Кальман) (16.1.1847, Склабання, Венгрыя — 28.5.1910),
венгерскі пісьменнік. Ганаровы чл. Венгерскай АН (з 1889). Скончыў Будапешцкі ун-т. Літ. поспех прынеслі зб-кі апавяд. «Землякі-славакі» (1881) і «Добрыя палаўчане» (1882), напісаныя пад уплывам рамант. прозы М.Іокаі. Аўтар рэаліст. з элементамі сатыры раманаў «Выбары ў Венгрыі» (1893—97), «Аблога Бестэрце» (1896, экранізацыя 1948), «Дзіўны шлюб» (1900, экранізацыя 1951), гіст. «Чорны горад» (1910) і інш. Яго творам уласціва спалучэнне сатыр. завостранасці, сакавітага бытапісання анекдатычных сюжэтаў з тонкім і цёплым гумарам. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклаў Я.Васілёнак.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1966—69.
т. 10, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),
1) камедыйны жанр у ант. нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.
2) Акцёр ці актрыса, выканаўцы М.
3) У сучасным т-ры — акцёр пантамімы.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНКО́ (Васіль Пятровіч) (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1981;
Рус. пер. — Драма и комедии. М., 1963.
В.А.Чабаненка.
т. 10, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНК ((Munk) Анджэй) (16.10.1921, г. Кракаў, Польшча —21.9.1961),
польскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1950), у 1957—60 выкладаў у ёй. З 1949 аператар і рэжысёр кінахронікі. Паставіў дакумент. фільмы: «Накірунак—Новая Гута» (1951), «Слова чыгуначнікаў» (1953), «Зоркі павінны гарэць» (1954, з В.Лясевічам) і інш. У 1955 дэбютаваў у маст. кіно. Вядомасць М. прынеслі фільмы «Чалавек на рэйках» (1957), «Eroica» (1958), «Касавокае шчасце» (1959, у сав. пракаце — «Шэсць ператварэнняў Яна Пішчыка»), «Пасажырка» (1961—63, завершаны Лясевічам). Яго фільмы адметныя вострымі і напружанымі сітуацыямі, гратэскам, сатыр. і трагікамічнай формай. Прэміі міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1955, 1958, 1964), Карлавых Варах (1957), Канах (1964). Дзярж. прэмія Польшчы 1954.
т. 11, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛЕ́ШКА (Іван Ілья) (каля 1552—13.5.1622),
бел. дзярж. дзеяч, пісьменнік. Падкаморы мазырскі і падстароста слонімскі з 1591, маршалак слонімскі з 1602, кашталян мсціслаўскі ў 1605—10, брэсцкі ў 1610—15 і смаленскі з 1615. Пасол на сейм 1605. На сеймах 1598, 1609 і 1611 прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Мазырскага пав. з Кіеўскім ваяв. У 1613 у складзе сенатарскай рады пры Жыгімонце III Вазе. Валодаў маёнткамі Дзевяткавічы, Бусяж, часткай Жыровічаў, трымаў Здзітаўскую дзяржаву. У 1613 фундаваў уніяцкі Жыровіцкі Успенскі манастыр, ігуменам якога стаў Іасафат Кунцэвіч; у 1613 і 1618 перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў. Аўтар славутага сатыр. твора «Прамова Мялешкі», скіраванага супраць замежнага (гал. ч. польскага) уплыву ў ВКЛ.
т. 11, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)