ЕГІЯЗАРА́Н (Рыгор Егіязаравіч) (21.12.1908, с. Блур Сурмалінскага пав., цяпер Турцыя — 4.11.1988),

армянскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Арменіі (1961), нар. арт. СССР (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935, клас М.Мяскоўскага). З 1938 выкладаў у Ерэванскай кансерваторыі (з 1959 праф., у 1954—60 рэктар). У 1952—56 старшыня Саюза кампазітараў Арменіі. Сярод твораў: балеты «Севан» (1956), «Возера мрояў» (1968), «Ара Прыгожы і Семіраміда» (1972); для сімф. аркестра — сімфонія «Раздан» (1960), «Рапсодыя» (1939), паэма «Арменія» (1942), сімф. карціна «Да ўзыходу сонца» (1952); канцэрт для скрыпкі з арк. (1943); хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў Э.Аганесян. Дзярж. прэмія Арменіі 1970.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСАЕ́ДАЎ (Рыгор Рыгоравіч) (19.4.1834, с. Панькова Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 31.12.1911),

расійскі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1862). Правадзейны чл. Пецярбургскай АМ (1893). У 1863—68 яе пенсіянер у Германіі, Італіі і Францыі. Адзін з заснавальнікаў Т-ва перасоўных выставак (гл. Перасоўнікі). У жанравых карцінах звяртаўся пераважна да сял. тэматыкі: «Віншаванне маладых у доме памешчыка» (1861), «Земства абедае» (1872), «Чытанне маніфеста 19 лютага 1861 года» (1873), «Касцы» (1887) і інш. Аўтар гіст. карцін «Уцёкі Рыгора Атрэп’ева» (1862), «Міцкевіч у салоне Зінаіды Валконскай» (1908) і інш.

Літ.:

Шувалова И.Н. Мясоедов. Л., 1971;

Г.​Г.​Мясоедов: Письма, док., воспоминания. М., 1972.

Л.​Ф.​Салавей.

Р.Мясаедаў. Земства абедае. 1872.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Рыгор Рыгоравіч) (н. 4.5.1947, в. Залубнішча Магілёўскага р-на),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і нейрафізіялогіі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1993 у 5-й гар. клінічнай бальніцы Мінска (заг. лабараторыі). Навук. працы па ролі эндагенных біял.-актыўных рэчываў у патагенезе развіцця нейрадыстрафічных з’яў у арганізме пры траўматычных парушэннях нерв. сістэмы.

Тв.:

К механизму развития трофических нарушений в денервированных тканях при травматических поражениях нервных стволов // Периферическая нервная система. Мн., 1988. Вып. 11;

Нейропептид-зависимые механизмы нарушения болевой афферентации при травматических поражениях нервных стволов // Там жа. 1993. Вып. 16.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТНІЦА (Рыгор Сямёнавіч) (н. 1.1.1958, в. Курыцічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1983 выкладае ў Бел. каледжы мастацтваў. Творчасці ўласцівы спалучэнне супрэматычных і канструктывісцкіх прынцыпаў у пабудове кампазіцыі, гіперрэаліст. трактоўка формы, сімвалічнасць маст. мовы. Аўтар графічных лістоў: «Кветкі для Іны» (1981), «Кліч матчынай песні» (1986), «Мастак Язэп Драздовіч» (1987), «Рубон!» (1993), «Няміга» (1994), «Каложа» (1995); серый «Вянок пашаны паэту» (1988), «Нясвіжскае рэха» (1991—92), «Верхні горад» (1994), «Новы дом» (1995), «Святло адвечнае», «Краіна забыцця» (абедзве 1996), «Замак» (1997), «Ратаванне Грэцыяй» (1998), «Гаспода» (1999—2001). Іл. гл. таксама да арт. Графіка.

Р.Сітніца. Няміга. 1994.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУРА́ТАЎ-БЕ́ЛЬСКІ (Рыгор Лук’янавіч) (Малюта; ? — 1.1.1573),

адзін з кіраўнікоў апрычніны Івана IV Грознага у Рас. дзяржаве 16 ст., актыўны арганізатар апрычнага тэрору. Набыў вядомасць і ўплыў у 1569, калі ўдзельнічаў у следстве над стрыечным братам Івана IV кн. У.​А.​Старыцкім і ў яго смяротным пакаранні. У снеж. 1569.задушыў б. мітрапаліта Піліпа Колычава, у студз. 1570 кіраваў разгромам Ноўгарада, дзе забіў тысячы жыхароў. У 1571 вёў следства аб прычынах паражэння рус. войск у баі з ардой крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Загінуў у баі ў час Лівонскай вайны. З яго імем гіст. традыцыя звязвае жорсткасці, забойствы і смяротныя пакаранні часоў Івана IV.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЖАНІКІ́ДЗЕ (Рыгор Канстанцінавіч) (Сярго; 24.10.1886, с. Гарэша, Грузія — 18.2.1937),

партыйны і дзяржаўны дзеяч СССР. За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны царскім урадам. У 1917 член выканкома Петраградскага Савета і Петраградскага к-та РСДРП(б), адзін з кіраўнікоў Кастр. ўзбр. паўстання. Наведваў Беларусь як прадстаўнік ЦК РСДРП(б) у 1917 і як чл. Рэўваенсавета 16-й арміі Зах. фронту ў 1919. З 1920 старшыня Каўказскага бюро ЦК і сакратар Закаўказскага крайкома РКП(б). З 1926 старшыня ЦК ВКП(б), нарком Рабоча-сялянскай інспекцыі, нам. старшыні СНК і Савета Працы і Абароны СССР. З 1930 старшыня ВСНГ, з 1932 нарком цяжкай прам-сці СССР. З 1930 чл. Палітбюро ЦК ВКП(б). Скончыў жыццё самагубствам.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХТА Рыгор, бел. пісьменнік і перакладчык 1-й пал. 20 ст. У канцы 1920-х г. настаўнічаў у мяст. Любонічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці. З 1930 на Бабруйскім дрэваапр. камбінаце. З 1932 стыль-рэдактар Дзярж. выд-ва Беларусі. У літ. дадатку «Вясна» да газ. «Камуніст» і ў альманаху «Уздым» (Бабруйск, 1928—29) друкаваў апавяданні пра вясковае жыццё, 1-ю сусв. вайну («Падарунак на пазіцыі», «Дзед Пакута і бабка Вулюта», «Пракараў»). Пераклаў на бел. мову раманы Г.​Караваевай «Двор» (1931), А.​Вясёлага «Краіна родная» (1932), аповесці М.​Ціханава «Ад мора да мора» (1931), І.​Лэ «Міжгор’е» (1932), К.​Паўстоўскага «Кара-Бугаз» (1933), А.​Дончанкі «Зорная крэпасць» (1933) і інш.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУМ-ГРЖЫМА́ЙЛА (Рыгор Яфімавіч) (17.2.1860, С.-Пецярбург — 3.3.1936),

рускі географ, даследчык Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 1884—87 падарожнічаў па Алтаі, Цянь-Шані, Каракаруме і Кашгарыі. У 1889—90 узначальваў экспедыцыю ў Цэнтр. Азію, у час якой адкрыты горны хр. Бэйшань і вызначана адмоўная адзнака Турфанскай упадзіны. У 1903—14 ажыццявіў шэраг экспедыцый у Зах. Манголію, Туву, на Д.​Усход і інш. У 1920—31 віцэ-прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Асн. працы: «Апісанне Амурскай вобласці» (1894), «Зах. Манголія і Уранхайскі край» (т. 1—3, 1914—30). Вял. залаты медаль Геагр. т-ва. Яго імем названы перавал у гарах Сіхатэ-Алінь, ледавікі на Паміры і масіве Багдо-Ула.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКО́ЎСКІ (Рыгор Аляксандравіч) (1.5.1902, С.-Пецярбург — 2.4.1950),

рускі літ.-знавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Праф. Ленінградскага і Саратаўскага ун-таў. Узначальваў групу па вывучэнні рус. л-ры 18 ст. пры Пушкінскім доме (Ін-т рус. л-ры АН СССР у Ленінградзе). Яго працы вылучаюцца глыбокім пранікненнем у грамадска-літ. жыццё 18 ст., у іх цікавасць да паэтыкі і імкненне да сацыялагічнага вытлумачэння літ. з’яў. Яго працы пра А.​Пушкіна і М.​Гогаля пазначаны шырынёй сац.-гіст. аналізу.

Тв.:

Русская поэзия XVIII в. Л., 1927;

Русская литература XVIII в. М., 1939;

Пушкин и проблемы реалистического стиля. М., 1957;

Реализм Гоголя. М.; Л., 1959;

Пушкин и русские романтики. М., 1965.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЛЬ (Рыгор Якаўлевіч) (20.10.1922, в. Турок Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 7.5.1985),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Курскай дузе, у Прыбалтыцы, Польшчы, Германіі; камандзір гарматы, потым агнявога ўзвода. Ст. сяржант К. вызначыўся: 191.1944 пры вызваленні Калінінскай вобл. разлік яго гарматы знішчыў 2 станковыя кулямёты і процітанк. гармату; 17—23.7.1944 у баях за вызваленне Пскоўскай вобл. знішчыў 4 кулямёты і 6 гармат; у крас.—маі 1945 у баях на вуліцах Берліна ўзвод пад яго камандаваннем падавіў агонь 2 мінамётных батарэй, знішчыў бронетранспарцёр, 11 кулямётаў, 2 мінамётныя батарэі, больш за 50 гітлераўцаў. Да 1974 у Сав. арміі, маёр.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)