геалагічнае ўтварэнне, складзенае з прадуктаў разбурэння горных парод у выніку выветрывання. Ад карэнных парод адрозніваецца больш рыхлай структурай, змененым хім. і мінералагічным складам са значнымі ўключэннямі гліністых мінералаў, часта бурай або чырвонай афарбоўкай. Адрозніваюць астаткавую (прадукты разбурэння застаюцца на месцы першаснага залягання) і пераадкладзеную К.в. (пераносяцца на нязначныя адлегласці з захаваннем прыкмет мацярынскай пароды). Па форме залягання вылучаюць К.в. плошчавую і лінейную. У залежнасці ад мінералагічнага складу горных парод фарміруюцца латэрытныя, каалінавыя і інш. тыпы. Са стараж. К.в. звязаны радовішчы руд жалеза, нікелю, хрому, алюмінію, рэдкіх металаў, а таксама фосфару, кааліну і інш. На тэр. Беларусі пашыраны астаткавыя плошчавыя К.в. каалінітавага і мантмарыланітавага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-АХО́ЦКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
адна з сістэм Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса. Цягнецца больш за 2 тыс.км у выглядзе складкавых ланцугоў ад Манголіі да Ахоцкага м. На Пн абмежавана глыбіннымі Мангола-Ахоцкімі разломамі, на Пд — Бурэінскім масівам і сістэмай Паўд.-Габійскіх разломаў. У будове вылучаюцца рыфейская, ніжне- і сярэднепалеазойская стадыі геасінклінальнага развіцця. У верхнім палеазоі і ніжнім трыясе амаль уся тэрыторыя знаходзілася ў стадыі арагенезу, што суправаджалася пранікненнем гіганцкіх мас гранітоідаў. Мезазойскія структуры азначаны марскімі і кантынентальнымі маласоіднымі і вугляноснымі адкладамі, якія спалучаюцца з андэзітавай фармацыяй наземнага вулканізму і пранікненнем комамагматычных гранітоідаў. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы свінцова-цынкавых руд, золата, волава, вальфраму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),
раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш.геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНА-СЫРАВІ́ННЫЯ РЭСУ́РСЫдругасныя,
адходы перапрацоўкі цвёрдых карысных выкапняў, якія могуць выкарыстоўвацца ў розных галінах. нар. гаспадаркі. Адходы горназдабыўной, хім. прам-сці, сланцаперапрацоўкі, буравугальнай вытв-сці, чорнай і каляровай металургіі — каштоўная сыравіна для прам-сці буд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў і інш.Напр., пры перапрацоўцы сільвінітавых руд Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей штогод утвараецца каля 30 млн.т цвёрдых галітавых адходаў і 2,5 млн.т вадкіх глініста-салявых шламаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў дарожна-эксплуатацыйнай, гарнаруднай прам-сці, пасля дадатковай апрацоўкі — для вытв-сці кухоннай, кармавой і тэхн. солей, хлору, соды. Гл. таксама Мінеральныя рэсурсы, Мінеральная сыравіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЮКЕ́ВІЧ (Вадзім Іосіфавіч) (н. 23.3.1932, в. Зялёная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
геолаг, адзін з адкрывальнікаў жалезарудных і інш. радовішчаў на Беларусі. Скончыў БДУ (1956). У 1956—98 у Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі (гал. геолаг, з 1976 начальнік). Навук. працы па геал. будове і карысных выкапнях Беларусі, методыцы іх вывучэння. Пад яго кіраўніцтвам адкрыты Аколаўскае, Навасёлкаўскае радовішчы жал.руд, шэраг крыніц мінер., вод, радовішчы буд. матэрыялаў. Удзельнічаў у складанні геал., геамарфалагічных карт і карт карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Геология СССР. Т. 3 (БССР). М., 1971 (у сааўт.);
Геология антропогена Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);
Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА САМАРО́ДНАЯ,
мінерал класа самародных элементаў. У крышталёвай структуры П.с. плаціна з’яўляецца металам-растваральнікам. Мінералы П.с.: цвёрдыя растворы жалеза ў плаціне — уласна П.с. (Pt больш за 80%), жалезістая плаціна (Fe 20—50%), ізафераплаціна (Pt3Fe), тэтрафераплаціна (PtFe); ірыдыстая плаціна (10,4—37,5% Ir), паладыстая плаціна (14—40% Pd), паладыстая станаплаціна (16—23% Sn і 17,2—20,9% Pd) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Украпанікі, у россыпах — зерні. Колер сталёва-шэры, сярэбрана-белы. Цв. 3,5—5,5. Шчыльн. 13,1—21,5 г/см³. Коўкі. Найб. самародкі знойдзены на Урале ў дунітах (маса 427,5 г) і алювіяльных россыпах (9635 г) Мінералы П.с. канцэнтруюцца ў радовішчах плацінавых руд. Сыравіна на плацінавыя металы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІЛАМЕЛА́Н [ад грэч. psilos гладкі, голы + melas (melanos) чорны],
раманешыт, мінерал, складаны гідраксід марганцу, BaMn2+ + Mn44O10∙2H2O. Састаў зменлівы. Мае ў сабе 4—17,5% аксіду барыю BaO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае масіўныя дробнакрышт. і нацечныя агрэгаты, сталактыты, ааліты, зямлістыя масы, плёначныя дэндрыты. Колер шаравата-чорны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,7—4,8 г/см³.
Крохкі. Найб. агульнае паняцце П. — сумесі аксідаў і гідраксідаў марганцу ў выглядзе нацечных («чорная шкляная галава»), масіўных і зямлістых агрэгатаў. У іх склад уваходзяць уласна П., крыптамелан, галандыт, коранадыт, піралюзіт і інш. У прыродзе сумесі больш пашыраны, чым уласна П. Адзін з гал. кампанентаў марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна горназдабыўной прамысловасці, якая займаецца здабычай, першаснай перапрацоўкай і абагачэннем сыравіны (фасфатных, серных, борных, мыш’яковых, барыевых і барытавых руд, прыродных сульфату натрыю, калійных солей, соды і кухоннай солі), а таксама атрыманнем брому, ёду і інш. рэчываў. Засн. на комплексным выкарыстанні сыравіны з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя адходамі і недапушчэння агульнага адмоўнага ўплыву сваіх працэсаў. Прадпрыемствы горнахімічнай прамысловасці пераважна з’яўляюцца часткай адпаведных спецыялізаваных аб’яднанняў, што ўключаюць аб’екты здабычы, перапрацоўкі зыходнай сыравіны, атрымання спадарожных рэчываў і разнастайных матэрыялаў. У месцах развіцця горнахімічнай прамысловасці паявіліся цэлыя прамысл. комплексы, з гарадамі, якія іх абслугоўваюць.
Узнікненне горнахімічнай прамысловасці як самаст. галіны вытв-сці звязана з неабходнасцю забеспячэння сельскай гаспадаркі мінер. ўгнаеннямі. У 1913 прамыслова развітыя краіны здабывалі каля 10 млн.т горнахім. сыравіны, з якой на самародную серу, флюарыты, бараты, бром, ёд і хромавую руду прыпадала каля 1,15 млн.т, астатняе — фасфатная сыравіна і калійныя солі. У 1980 у краінах з рыначнай эканомікай здабывалася 165 млн.т горнахім. сыравіны. Буйнейшыя здабытчыкі і краіны-экспарцёры — ЗША і Марока, буйнейшыя імпарцёры — дзяржавы Зах. Еўропы, Японія і Канада. У б.СССР здабыча фасфарытных (Ягор’еўскае і Вяцка-Камскае радовішчы) і апатыта-нефелінавых (на Кольскім п-ве) руд і іх перапрацоўка пачалася ў 1928—30-я г.; у 1980 здабыта 155 млн.т горнахім. сыравіны.
У Беларусі развіццё горнахімічнай прамысловасці пачалося з адкрыцця ў 1949 Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (буйнейшае ў свеце). На базе іх здабычы і перапрацоўкі ўзнік г. Салігорск з ВА«Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЦЕ́ХЦІН (Анатоль Георгіевіч) (8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),
савецкі геолаг, мінералог. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АНСССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АНСССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.
Літ.:
Шадлун Т.Н. Памяти академика А.Г.Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТЫ́Т [ад грэч. haima (haimatos) кроў],
чырвоны жалязняк, мінерал падкласа простых аксідаў, аксід жалеза Fe2O3. Прымесі тытану (да 11%), алюмінію (да 14%), марганцу (да 17%) і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, таблітчастыя, часта ў суцэльных скрытакрышт. масах, ліставатых ці лускападобных агрэгатах, у псеўдамарфозах па магнетыцы (мартыт). Колер чырванавата-карычневы да чорнага. Бляск паўметалічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. Каля 5,3 г/см³. Па паходжанні метамарфічны, гіпергенавы і інш.Асн. радовішчы ў жалезістых крыніцах. Адна з найважнейшых жалезных руд. Выкарыстоўваецца для вытв-сці фарбаў (чырв. охра) і абразіўных парашкоў. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундаменту, у адкладах рыфею і венду, дэвону, карбону, пярмі і трыясу, кайназою.