ДЭБА́ЕЎСКІ РА́ДЫУС ЭКРАНАВА́ННЯ,

адлегласць, на якую распаўсюджваецца дзеянне электрастатычнага поля асобнай зараджанай часціцы ў праводзячым асяроддзі (растворы моцных электралітаў, плазма, цвёрдыя праваднікі). Уведзены П.Дэбаем пры даследаванні электролізу.

Д.р.э. залежыць ад уласцівасцей асяроддзя: канцэнтрацыі і абс. значэння зараду часціц, энергіі іх цеплавога руху (г.зн. ад т-ры). Калі крыніца эл. поля (зараджаная часціца) знаходзіцца ў асяроддзі, якое мае дадатныя і адмоўныя зарады, то з прычыны палярызацыі асяроддзя эл. поле крыніцы робіцца вельмі малым (экрануецца) на адлегласцях, большых за Д.р.э. Ён роўны каля 10​−8 см у металах, каля 10​−4 см у паўправадніках пры хатняй т-ры.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕГЛЬ, кегель (ням. Kegel),

памер друкарскага шрыфту — вышыня літары звычайна з над- і падрадковымі элементамі, т.зв. заплечыкамі. Вымяраецца ў друкарскіх пунктах (роўны 0,376 мм) ці квадратах (48 пунктаў). Назвы шрыфтоў па К.: брыльянт (3 пункты), дыямант (4), перл (5), нанпарэль (6), міньён (7), петыт (8), боргес (9), корпус (10), цыцера (12), мітэль (14), тэрцыя (16), тэкст (20); ёсць таксама К. 24, 28, 36 пунктаў 1, 1 1/4, 1 1 1/2, 2, 2 1/2, 3, 4, 5, 6, 8, 10, 12, 15 квадратаў. Тэкст артыкулаў БелЭн набраны шрыфтам К. 8 і 7.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛАГРА́М (франц. kilo ад грэч. chilioi тысяча + грам),

адзінка масы, адна з асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кг.

К. роўны масе міжнар. прататыпа, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагаў (у Сеўры каля Парыжа). Прататып К. — цыліндрычная гіра дыяметрам і вышынёй 39 мм, зробленая ў 1799 з плацінаірыдыевага сплаву Адносная хібнасць параўнання эталонаў-копій з гэтым прататыпам не перавышае 2∙10​−9. З 40 зробленых копій 2 (№ 12 і 26) былі перададзены Расіі. Эталон № 12 быў прыняты ў СССР за дзярж. першасны эталон адзінкі масы (зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу).

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНЕТО́Н,

адзінка вымярэння магнітнага моманту ў фізіцы атама, атамнага ядра і элементарных часціц. Магн. момант атамных сістэм у асн. абумоўлены арбітальным рухам электронаў і іх спінам і вымяраецца ў М.​Бора: μБ = eh_ / 2mec = 9,2741∙10−24 Дж/Тл, дзе h_ = h/2π , h — пастаянная Планка, e — элементарны эл. зарад, me — маса электрона, c — скорасць святла ў вакууме; спінавы магн. момант электрона таксама роўны М.​Бора. Магн. момант нуклонаў і атамных ядраў вымяраецца ў ядз. М.: μя = eh_ / 2mpc = 5,0508∙10−27 Дж/Тл, дзе mp — маса пратона.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНЫЯ ХВА́ЛІ, уласныя хвалі,

бягучыя гарманічныя хвалі ў лінейнай дынамічнай сістэме з пастаяннымі параметрамі, калі можна не ўлічваць паглынанне энергіі; абагульненне паняцця нармальных ваганняў на адкрытыя вобласці прасторы і незамкнутыя хваляводныя сістэмы.

Сукупнасць Н.х. дадзенай сістэмы мае ўласцівасці: кожная Н.х. з’яўляецца свабодным (без знешняга ўздзеяння) рухам сістэмы і можа ўзбуджацца незалежна ад інш. Н.х.; адвольны хвалевы працэс у сістэме без крыніц можна адназначна выявіць у выглядзе суперпазіцыі Н.Х.: спектр частот Н.х. з’яўляецца суцэльным, а рэальныя працэсы можна вызначыць праз інтэгральныя сумы Н.х.; у выпадку монахраматычных працэсаў сярэдні за перыяд паток энергіі роўны суме патокаў энергіі асобных Н.х.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎТА́ЛЕР,

буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр. ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛЯ́РНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў а і b, лік (скаляр), роўны здабытку модуляў гэтых вектараў, памножанаму на косінус вугла паміж імі. С.з. a→ b→ = a→ ∙ b→ = ( a→ , b→ ) = | a→ | | b→ | cos φ , дзе |a→| і |b→| — модулі вектараў a→ і b→, φ — вугал паміж імі. Напр., работа A пастаяннай сілы F→ пры перамяшчэнні S→ пункта яе прыкладання роўная A = F→ ∙ S→ . Паняцце С.з. абагульняецца на n-мерныя вектарныя прасторы, дзе з яго дапамогай вызначаюць паняцці модуля вектара, вугла паміж вектарамі, артаганальнасці і інш. С.з. уведзены У.​Гамільтанам (1853). Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р (А),

1) адзінка сілы эл. току; адна з сямі асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Названы ў гонар А.М.Ампера. Ампер — сіла нязменнага току, які пры праходжанні па двух бясконцых прамалінейных паралельных правадніках з малой плошчай папярочнага кругавога сячэння, што размешчаны на адлегласці 1 м адзін ад аднаго ў вакууме, выклікае сілу ўзаемадзеяння паміж імі, роўную 2∙10​−7 Н на і м даўжыні (абсалютны ампер). У якасці эталона карыстаюцца міжнар. амперам: нязменны ток, які выдзяляе з воднага раствору азотнакіслага серабра за 1 с 0,00118 г серабра. Міжнар. ампер роўны 0,99985 абсалютнага.

2) Адзінка магнітарухальнай сілы замкнёнага контуру і рознасці магн. патэнцыялаў магнітастатычнага поля ў СІ.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНЕ́НТ (ад лац. componens састаўная частка),

складальная частка, элемент чаго-н. К. у хіміі і тэрмадынаміцы — кожнае з хім. індывід. рэчываў, найменшага ліку якіх дастаткова для ўтварэння ўсіх фаз сістэмы.

Маса кожнага К. ў сістэме не залежыць ад масы інш. К. можна ўводзіць у сістэму і выдаляць з яе. Калі рэчывы могуць уступаць у рэакцыю, колькасць К. ў сістэме вызначаецца рознасцю паміж лікам складальных рэчываў і лікам незалежных хім. рэакцый, якія могуць ісці ў сістэме. Калі хім. рэакцыі ў сістэме не адбываюцца (напр., сумесь бензолу і гліцэрыны), то такая сістэма наз. фізічнай і для яе лік К. роўны ліку складальных рэчываў. Гл. таксама Гібса правіла фаз.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

вадкасць, уласцівасці якой вызначаюцца квантавымі эфектамі (захоўваннем вадкага стану да абс. нуля т-ры, звышцякучасцю і інш.). З рэальных вадкасцей толькі ізатопы гелію (​3He і ​4He) маюць уласцівасці К.в., якія адкрыты і даследаваны Л.Капіцай у 1938 для вадкага ​4He.

Пры нізкіх т-рах К.в. можна разглядаць як сукупнасць неўзаемадзейных элементарных узбуджэнняў (квазічасціц) з пэўнай залежнасцю энергіі ад імпульсу. У адпаведнасці з цэлым ці паўцэлым значэннем спіна адрозніваюць бозе-вадкасці (напр., вадкі ​4He, атамы якога маюць спін, роўны 0) і фермі-вадкасці (вадкі ​3He, спін 1/2). Уласцівасці фермі-вадкасці маюць электроны праводнасці ў нармальных (незвышправодных) металах і ядз. матэрыя ў нейтронных зорках (пульсарах).

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)