Першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама дзейнасць стваральніцы Нясвіжскага т-ра Ф.У.Радзівіл занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага» (1720—61). Вядомы на Беларусі і рукапісныя працы 17—18 ст., прысвечаныя аналізу драматургіі і тэатра; найб. значная з іх — трактат «Паэтыка» М.К.Сарбеўскага, у раздзеле якога «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» абагульнена паэтыка школьнага тэатра. Асобныя пытанні тэатр. мастацтва разглядаліся ў працах Ф.Галянскага, Г.Каніскага, Я.Фалькоўскага. Актывізацыя працэсаў станаўлення бел.нац. культуры ў 1-й пал. 19 ст. абумовіла развіццё і тэатразнаўчай думкі. У перыяд. друку А.Багдановіч, І.Гольц-Мілер (бацька), У.Сыракомля, П.Шпілеўскі разглядалі пытанні рэпертуару, выканальніцка-акцёрскага мастацтва, выступалі за дэмакратызацыю тэатра. Значным навук. падмуркам для развіцця тэатразнаўства з’явіліся запісы нар. форм тэатра, зробленыя ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.Гукоўскім, Дз.Даўгялам, Я.Карскім, А.Кіркорам, Е.Раманавым, К.Харламповічам, П.Шэйнам. У гіст. плане асвятлялася культурнае жыццё, у т. л.тэатр., Мінска, Віцебска, Гродна, Нясвіжа, Навагрудка і інш. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел.нац. тэатр; ідэю яго стварэння прапагандавала газета «Наша ніва» (1906—15). Па пытаннях тэатр. мастацтва на яе старонках выступалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка (А.Пашкевіч), Ц.Гартны, А.Бульба, З.Бядуля. Своеасаблівую праграму развіцця бел. тэатра распрацаваў М.Гарэцкі ў артыкуле «Наш тэатр» («Калядная пісанка: 1913 год»), дзе вызначыў грамадскую функцыю тэатра, яго асветніцка-выхаваўчую ролю, эстэтычныя і маст. задачы. Паступова тэатразнаўства вылучылася ў самастойную галіну навукі. Яго прыярытэтным кірункам стала даследаванне гісторыі нац. сцэнічнай культуры. Апублікаваны працы: «Беларускі тэатр» Ф.Аляхновіча (1924), «Аб тэатры» С.Грынкевіча (1927), «Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930» А.Некрашэвіча (1930), «Тэатр Савецкай Беларусі» С.Геца (1931), «Тэатр юнага гледача БССР імя Н.К.Крупскай» (1940). Выдадзены метадычны падручнік для аматараў «Сялянскі тэатр» А.Ляжневіча (1928). Пачалася распрацоўка праблем бел. драматургіі. У кн. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны выступленні Я.Коласа, К.Чорнага, В.Вольскага, У.Галубка, І.Гурскага, М.Клімковіча, Б.Мікуліча, Я.Рамановіча і інш. Драматургічная творчасць К.Чорнага, А.Александровіча, Р.Кобеца, Е.Міровіча, Я.Рамановіча аналізавалася ў працы «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.Вольскага (1934). Узаемасувязям тэатра і драматургіі прысвечана кніга «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.Модэля (1935). У 1940 да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве выдадзены зб. «Мастацтва Савецкай Беларусі» В.Вольскага, Я.Рамановіча і А.Сегедзі. У пасляваенны перыяд бел. тэатразнаўства паступова пераадольвала вульгарна-сацыялагізатарскія тэндэнцыі, выпрацоўвала метадалогію, гіст. падыход да з’яў мастацтва. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі арганізаваны сектар тэатра і кіно (з 1986 аддзел тэатра), дзе распрацоўваюцца пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі тэатра. У 1959 выдадзена абагульняльная праца па гісторыі драм. сцэнічнага мастацтва Беларусі «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» У.Няфёда. Вывучэнне мінулага і сучаснай практыкі бел. тэатра пашырана ў яго даследаваннях «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра» (1965). Шляхі развіцця бел. тэатра ад старажытнасці да сярэдзіны 1980-х г. прааналізаваны ў калектыўнай працы «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87). Далейшая распрацоўка гісторыі і сучасных праблем бел. тэатра ў манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.Гаробчанкі (2002). Стварэнне навук. фундаменту ў вывучэнні гісторыі развіцця тэатр. справы на Беларусі дазволіла тэатразнаўцам засяродзіць увагу на даследаванні канкрэтных праблем. У шэрагу тэарэтычных прац разглядаюцца пытанні драматургічнага канфлікту (У.Няфёд), сцэнічнай інтэрпрэтацыі прозы (У.Халіп), узаемадзеяння і ўзбагачэння тэатр. культур розных народаў (П.Ахрыменка, А.Сабалеўскі, У.Стэльмах), эвалюцыі канцэпцыі гераічнага (Р.Смольскі), сучаснай бел. рэжысуры («Рэжысура Беларусі: Праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.Баравіка, 2000), гісторыя бел.тэатр. ленініяны (А.Сабалеўскі). У тэатразнаўчых і літаратуразнаўчых манаграфіях даследуецца драматургія і шляхі яе развіцця (П.Васючэнка, С.Лаўшук, Л.Пятрова, А.Сабалеўскі, А.Саннікаў, А.Семяновіч, Я.Усікаў), аналізуецца драматургічная творчасць Я.Купалы (П.Васючэнка, У.Карпаў, А.Макарэвіч, М.Ярош), К.Крапівы (У.Карабан, С.Лаўшук, А.Макарэвіч, А.Сабалеўскі, Я.Усікаў), У.Галубка (Л.Карабанава), А.Макаёнка (Г.Колас, Я.Усікаў). Выдадзена «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—3, 2-е выд., 1997—2000; склад. А.Сабалеўскі), навучальныя дапаможнікі па гісторыі бел. тэатра (У.Няфёд), батлейкі, каляндарных і абрадавых гульняў (А.Лозка), школьнага тэатра (С.Міско), тэатра лялек (Ан.Ляляўскі). Вывучаецца сцэнічнае ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў, творчасць якіх паўплывала на фарміраванне нац. акцёрскай і рэжысёрскай школы, на станаўленне і развіццё бел. тэатра: Я.Купалы (Т.Гаробчанка, А.Есакоў), Я.Коласа (С.Пятровіч), А.Макаёнка (Ю.Сохар), А.Астроўскага (А.Лабовіч), У.Шэкспіра, Мальера (Т.Барысава). Выдадзены манаграфіі і брашуры, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: тэатру імя Я.Купалы (А.Бутакоў, У.Няфёд, Я.Рамановіч), тэатру імя Я.Коласа (У.Няфёд, А.Сабалеўскі), тэатру юнага гледача (С.Пятровіч), Дзярж. яўрэйскаму тэатру Беларусі (А.Герштэйн), Дзярж.рус.драм. тэатру Беларусі (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), Магілёўскаму абл.драм. тэатру (В.Грыбайла), тэатру лялек (М.Каладзінскі). Працягваецца паглыбленае вывучэнне гіст. мінулага бел. тэатра ў працах «Рускі драматычны тэатр у Беларусі XIX стагоддзя» Ю.Пашкіна (1980), «Тэатральная культура Беларусі XVIII стагоддзя» (1992) і «Батлейка» (2000) Г.Барышава, аналізуюцца нар. формы бел. тэатра (У.Іскрык, М.Каладзінскі). Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў асвятляецца ў манаграфіях «Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камедыйнага акцёра» (1994) і «Барыс Платонаў: Асоба і ролі» (2004) А.Сабалеўскага, у крытыка-біяграфічных нарысах пра Г.Глебава (С.Дуніна, У.Стэльмах), Ф.Аляхновіча, І.Буйніцкага, М.Кавязіна, П.Малчанава, У.Уладамірскага (У.Няфёд), Б.Платонава (Я.Рамановіч), А.Ільінскага (А.Скібнеўскі), У.Крыловіча (А.Есакоў), І.Ждановіч і Г.Грыгоніса (К.Кузняцова), В.Галіну і З.Канапельку (Т.Гаробчанка), А.Кістава (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), А.Клімаву (Б.Бур’ян), С.Станюту (А.Станюта), Г.Макараву і З.Стому (А.Астапенка), В.Тарасава (В.Ярмалінская), М.Яроменку (Т.Арлова, Л.Екель), І.Ушакова (Г.Барышаў), В.Дуніна-Марцінкевіча (Г.Кісялёў, С.Майхровіч, І.Навуменка, Ф.Янушкевіч), Е.Міровіча (С.Пятровіч), У.Галубка і Ф.Ждановіча (А.Атрошчанка), К.Саннікава (К.Кандрашына); пра акцёраў купалаўскага тэатра (Т.Арлова), а таксама ў зборніках, прысвечаных тэатр. дзеячам. У гіст. і сучасных аспектах тэатразнаўства даследаваліся аматарскі тэатр Беларусі (А.Лабовіч, С.Пятровіч, Ю.Сохар і інш.), нар. тэатралізаваныя святы (Я.Адамовіч, М.Макарцоў). Выдадзены кнігі мемуарнага характару дзеячаў тэатра Г.Абуховіч, С.Акружной, Ф.Алер, З.Браварскай, Л.Валчэцкага, Н.Карнеевай, К.Кулакова, І.Ліснеўскага, П.Малчанава, П.Мядзёлкі, Я.Рамановіча, А.Слесарэнкі, У.Стэльмаха, Ц.Сяргейчыка, М.Шчансновіча. Сведчаннем сталасці навукі пра тэатр з’яўляецца нараджэнне новых раздзелаў тэатразнаўства. У працах «Тэатральны эксперымент: Праблемы, пошукі, рашэнні» В.Навуменкі, «Тэатральныя далягляды» Р.Бузука (абедзве 1990), «Тэатр і глядач» В.Навуменкі, А.Ракава, Р.Смольскага, С.Шавеля (1993), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там імя Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: Сацыялагічны замер» Г.Юдчыц (1998), «Сучасная тэатральная адукацыя» (1999) разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар і спажывецкі рынак, вынікі сацыялаг. даследаванняў аўдыторыі. Каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац.тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), бібліяграфічныя даведнікі «Беларуская савецкая драматургія: 1917—1965» (1966) і «Беларуская савецкая драматургія: 1966—1986» (1993, склад. Н.Ватацы), «Станаўленне і развіццё рэжысуры ў беларускіх драматычных тэатрах, 1941—1970 гг.» (1989, склад. С.Кавязіна), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» А.Каляды (1995). З 1993 рэгулярна друкуюцца «Вынікі тэатральных сезонаў», у 1998—2000 — «Агляд тэатральнага года», а таксама «Лялечны куфэрак: Сезон 1998—99» (1999). Развіццё тэатра Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён адлюстроўвае энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03). Бел. тэатразнаўства эвалюцыяніравала ад інфармацыйнай фіксацыі тэатр. з’яў да праблемнага аналізу драматургіі, рэжысуры і акцёрскага майстэрства, абагульнення і тэарэтычнага асэнсавання мінулага і сучасных працэсаў нац. сцэнічнага мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа, яго ролі ў фарміраванні беларусаў як нацыі. Вывучэнне гісторыі і тэорыі тэатра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нац.АН Беларусі, Бел.АМ (з 1962 працуе тэатразнаўчае аддзяленне) і інш. установах.
Літ.:
Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Дорошевич Э, Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки. 1917—1941 М., 1985;
Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1983;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998;
Клімовіч Л. Развіццё тэатральнай крытычнай думкі ў Беларусі 40—60-х гадоў XX ст. // Весці Нац.АН Беларусі. Сер грамад. навук. 2004. №2.
Т.Я.Гаробчанка.
Працы па гісторыі беларускага тэатра.Манаграфічныя выданні на тэатразнаўстве 1980—2000-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКА 16-18 ст.
У эпоху Адраджэння ўзмацнілася роля свецкага кампанента ў муз. культуры Беларусі. Гал. асяродкам развіцця прафес.муз. мастацтва заставаўся храм. На Беларусі, дзе гістарычна адбылося перакрыжаванне канфесіянальных плыней, у 16—18 ст. склалася спецыфічнае поліканфесіянальнае асяроддзе, у якім правасл. музыка суіснавала з каталіцкай, пратэстанцкай і уніяцкай, а таксама з музыкай нехрысціянскіх канфесій. З канца 16 ст. з традыц.правасл. спевамі суіснавалі супрасльскі і кіеўска-літоўскі і бел. спевы, а таксама рэгіянальныя: віцебскі, куцеінскі, магілёўскі, мірскі, нясвіжскі, слуцкі і інш. З 2-й пал. 16—17 ст. характэрны ўплывы каталіцызму. Некаторыя бел. манастыры былі перавезены ў Расію, у т. л. Куцеінскі з-пад Оршы, які стаў асновай аднаго з культурных цэнтраў Расіі — Новаіерусалімскага манастыра, дзе склалася новаіерусалімская школа стваральнікаў тэкстаў і мелодый, кантаў і псальм. Бел. распеўшчыкі (васпевакі) уваходзілі ў склад хароў патрыяршых гасударавых пеўчых дзякоў. Бел. тэарэтыкі разам з укр. і рас. пад кіраўніцтвам наўгародца І.Шайдура распрацавалі сістэму кінаварных памет, тэарэтычна замацавалі і абгрунтавалі пашыраны ў той час у пеўчай практыцы гукарад (з чатырох сугалоссяў). Значны ўклад у развіццё правасл.царк. спеву зрабілі маскоўскія Іверскі і Новадзявочы манастыры, якія цалкам складаліся з беларусаў. Імі створаны новыя рукапісы, песнапенні і бел. (літоўскія) спевы, у т. л. вяцкі, іверскі, старасіманаўскі і інш. У маскоўскіх харах спявалі бел. «васпевакі» Я.Канюхоўскі, Я.Календа, І.Дзякоўскі, І.Кокля з Полацка, дзяк Тызенгауз з Вільні, А.Беражанскі і інш. Беларусы А.Мезянец стварыў адзіную тэарэтычную працу (выконвала ролю падручніка) па знаменным спеве: «Извещение о согласнейших пометах» (1668), Ц.Макар’еўскі з-пад Оршы — «Ключ разумення» (канец 17 ст.). Бел. пеўчае мастацтва і кантавая культура паўплывалі на ўсю рас. літургічную музыку. З сярэдзіны 17 ст. ўвесь царк. спеў у Маскве знаходзіўся цалкам у руках «выхадцаў з Польшчы і Літвы», якія былі і настаўнікамі. Херувімскія бел. спевы ўвайшлі ў літургію Іаана Златавуста, розныя рэдакцыі ўкр. і рус. ірмалояў, рус. ўстаўныя пеўчыя кнігі. Мелодыя канта беларуса Е.Славінецкага «Радуйся радасць» стала асновай рас. херувімскай. Са знаёмствам бел. і ўкр. кантавай культуры ў расійскую прыйшоў шматгалосы, партэсны спеў, што садзейнічала пераходу ўсёй рас. пеўчай культуры на новы зах.-еўрап. ўзровень. У канцы 16 ст. вылучаліся бел. хары Віленскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Мінскага, Магілёўскага, Аршанскага, Куцеінскага і інш. брацтваў, якія выконвалі духоўныя і свецкія творы на 4—6, 8 і 12 галасоў. Бел. манастыры (Супрасльскі, Благавешчанскі, Жыровіцкі, Магілёўскі і інш.) і цэрквы былі культурна-асветніцкімі цэнтрамі і апорай праваслаўя. У Супрасльскім манастыры быў запісаны ўвесь корпус правасл. песнапенняў (складальнік Б.Анісімовіч), выйшлі антыкаталіцкія і антыуніяцкія рукапісныя палемічныя артыкулы. Правасл. асновы набажэнства і спеваў захаваліся ва уніяцкіх, асабліва базыльянскіх, манастырах (у 17 ст. ў Жыровіцкім манастыры створана некалькі рукапісных ірмалояў). У канцы 18 ст. ствараліся новыя рукапісныя пеўчыя зборнікі з квадратнай лінейнай і неўменнай натацыямі, а таксама спісы з больш стараж. рукапісаў, пашыраліся гуманіст. і дэмакр. духоўныя канты, развівалася багатая бел. народнапесенная і інстр. творчасць. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст.бел.царк. музыка, захоўваючы свае лакальныя асаблівасці, развівалася ў рэчышчы рас. богаслужэбнага (літургічнага) спеву. У цэрквах гучалі кананічныя ўстаўныя песнапенні, зацверджаныя Сінодам.
На Беларусі з канца 14 ст. з’явілася каталіцкая музыка як неад’емны кампанент лацінскага абраду. Муз. афармленне каталіцкіх набажэнстваў складалася з стылістычна розных кампанентаў: архаічнага грыгарыянскага харала, вакальна-харавых твораў a cappella з інстр. суправаджэннем, інстр., у т. л. арганных кампазіцый, рэлігійных песень. Пранікненне каталіцызму садзейнічала культываванню на Беларусі арганнай музыкі: цыклы месы-ардынарыя, рэквіема, асобныя інтроіты, градуалы, секвенцыі, камуніо і інш., спевы афіцыя. З 16 ст. характэрны росквіт каталіцкай муз. традыцыі на Беларусі. Музыка, у т. л.інстр., была абавязковым прадметам у навук. каталіцкіх установах усіх узроўняў. Вядучая роля ў муз.-адукац. дзейнасці належала ордэну езуітаў. Каталіцкая царква на Беларусі развівалася ў цесных сувязях з еўрап. каталіцкімі ўстановамі ў рэчышчы агульнаеўрап. тэндэнцый і з’яўлялася інтэгральнай часткай еўрап.муз. традыцыі. На Беларусі суіснавалі розныя традыцыі муз. афармлення каталіцкіх набажэнстваў: высокапрафес. езуіцкая (арыентаваная на апошнія еўрап. навацыі), дамініканская (кансерватыўна-ахоўная), францысканская (разлічаная на дапасаванне да густаў простых вернікаў) і інш. Віленская езуіцкая акадэмія была цэнтрам каталіцкай музыкі, у ёй працавалі еўрап. адукаваныя кампазітары і музыканты (Я.Брант, С.Лаўксмін, М.Радаў, Ш.Берант, М.Крэчмер і інш.). У 17 ст. на Беларусі пашырылася нотадрукаванне: «Песні» Я.Бранта (1601), «Спеўнік» В.Барташэўскага (1613), «Літаніі» Ш.Беранта (1638, 1639), харальныя «Градуал» (1667, 1693, 1742) і «Антыфанарый» (1667, 1694, 1742; складзены С.Лаўксмінам). Першы ў ВКЛ падручнік па тэорыі харальных спеваў на лац. мове «Тэорыя і практыка музыкі» С.Лаўксміна (1667, 1669, 1693). Большасць твораў каталіцкай музыкі 18 ст. францысканскага паходжання. У літургічных жанрах у 2-й пал. 18 ст. працавалі манах-францысканец Шымкевіч, музыканты са Слонімскай капэлы М.К.Агінскага (Ён, Л.Грабенбаўэр).
Пратэстанцкая канфесія таксама значна паўплывала на фарміраванне муз.-прафес. мастацтва Беларусі. Яе пранікненне на бел. землі і развіццё прыйшліся на сярэдзіну 16 ст. пад уплывам ідэй Рэфармацыі, якія ахапілі значную частку тутэйшай арыстакратыі. Наймацней уплыў на муз. мастацтва выявіўся ў выдавецкай дзейнасці пратэстантаў: выданнем першага на Беларусі нотнага выдання «Берасцейскі канцыянал» (1558), «Нясвіжскага канцыянала» (1563) і інш.
У канцы 15 — пач. 16 ст. на Беларусі пачала фарміравацца уніяцкая муз. традыцыя. Яна звязана з прынцыповымі зменамі ў правасл. музыцы, з моцным уплывам зах.-еўрап.муз. культуры, прыняццем зах. сістэмы ноталінейнага запісу муз. кампазіцый, спевамі шматгалосых партэсных твораў, арыентаваных на заходнееўрап. канцэртны стыль. Муз.-літургічная практыка уніятаў, пабудаваная паводле каталіцкай мадэлі, складалася з традыц.бел.-ўкр. знаменнага спеву, шматгалосых харавых кампазіцый поліфанічнага ці гамафонна-гарманічнага складу (a cappella з інстр. суправаджэннем), простых напаўфальклорных песень у выкананні вернікаў. Мэтанакіраванае і паслядоўнае выкананне уніятамі стараж. пеўчых традыцый бел.-ўкр. знаменнага спеву захаваліся ў рукапісных ірмалоях 17—18 ст. з Супрасля, Жыровічаў, Смаленска, а таксама ў першых слав. нотных друках, прызначаных для уніяцкіх цэркваў: Львоўскія (1700, 1709) і Пачаеўскія (1766, 1793) ірмалоі, Асмагласнікі (1776, 1793). Для уніяцкай музыкі характэрна шырокае выкарыстанне аргана і інстр. капэл. Арган Жыровіцкага базыльянскага кляштара лічыўся адным з найлепшых інструментаў 17 ст. У Супраслі быў выдадзены першы збор рэліг. песень усх. славян — «Багагласнік» (1790). Сярод цэнтраў уніяцкай муз. культуры Супрасльскі, Жыровіцкі, Віленскі базыльянскія манастыры. З 16 ст. на Беларусі побач з хрысціянскімі дзейнічалі і нехрысціянскія канфесіі — іудаізм і іслам са сваімі муз. традыцыямі.
Свецкая вак. і інстр. музыка звязана з княжацкім замкавым, ваен., гар. побытам. З 16 ст. пры каралеўскіх, велікакняжацкіх і магнацкіх дварах ствараліся муз. асяродкі, у якіх працавалі таленавітыя мясц. і замежныя музыканты. У Гродне з 1543 для абслугоўвання ўрачыстасцей знаці дзейнічала «Літоўская капэла» (у складзе 15 музыкантаў, відаць, мясц. паходжання), пры двары Стафана Баторыя ў 1580-я г. існавала капэла, пры якой працавалі аўтары вак. і інстр. (пераважна лютневых) твораў Крыштоф Клабан і Войцех Длугорай. Пры дварах магнатаў і вял. князёў у 16 ст. працавалі таксама: славянскія кампазітары Цыпрыян Базылік і Вацлаў з Шамотул, Мікалай Гамулка і Ян Брант, венгерскі лютніст і кампазітар Валянцін Бакфарк, многія італьян. музыканты, у іх ліку вядомыя кампазітары Лука Марэнцыё, Джавані Баціста Качола, лютніст і кампазітар Дыямед Като, арганіст Антоній Мафон. Пры дварах мясц. арыстакратыі выконваліся аўтарскія і ананімныя творы, узоры якіх захаваліся ў «Віленскім сшытку» і Астрамечаўскім рукапісе (т.зв. «Полацкім сшытку»; абодва 17 ст.). У 16—18 ст.муз. афармленне характэрна для тэатральных пастановак навучальных устаноў розных канфесій у гарадах і мястэчках Беларусі, у т. л. Брэсце, Гродне, Жыровічах, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Слоніме. У школьных спектаклях, прымеркаваных да рэлігійных і свецкіх свят, выконвалася вак. (канты, псальмы, гімны, песні) і інстр. (муз. найгрышы, танцы) музыка, адпаведная зместу і характару п’ес. У інтэрмедыях і інтэрлюдыях, што разыгрываліся паміж асноўнымі часткамі дзеі, часам выкарыстоўвалі нар. мелодыі. Па меры развіцця школьнага т-ра роля музыкі ў пастаноўках вырасла, пачалі выконваць оперныя творы. Захавалася рукапісная партытура аднаго з іх — «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага і М.Цяцерскага (Забельскі дамініканскі калегіум, 1789), які арганічна яднае рысы школьнай пастаноўкі і ўласна оперы. З 2-й пал. 18 ст. пры магнацкіх дварах узнікалі і пашыраліся муз. асяродкі, якія ядналі муз. т-ры, аркестры-капэлы і муз.-тэатр. школы. Сярод найб.муз. цэнтраў: Нясвіж і Слуцк (Радзівілаў), Слонім (М.Казіміра Агінскага), Гродна (А.Тызенгаўза), Шклоў (С.Зорыча) і Дзярэчын (Сапегаў). На сцэнах магнацкіх т-раў ставіліся сусветная оперная класіка, а таксама першыя мясц. оперы, у т. л. «Агатка, або Прыезд пана» Я.Голанда і М.Радзівіла. На канцэртах гучалі сімфанічныя і камерныя творы італьян., франц., аўстра-ням. кампазітараў, а таксама кампазіцыі мясц. аўтараў. У магнацкія цэнтры запрашалі кампазітараў і выканаўцаў з розных краін. Працавалі таленавітыя мясц. музыканты Ежы Бакановіч, Лявон Сітанскі, Ян Ценціловіч, будучыя вядомыя кампазітары (В.Казлоўскі). Развівалася таксама аматарскае выканальніцтва і творчасць (М.Радзівіл, М.Казімір Агінскі). У канцы 18 ст. ў сувязі з сац.-паліт. падзеямі і разбурэннем ранейшай інфраструктуры магнацка-арыстакратычнай культуры большасць магнацкіх муз. асяродкаў спыніла сваё існаванне і саступіла месца новым формам муз. жыцця. Дзейнасць магнацкіх «музычных сядзіб» спрыяла развіццю на Беларусі розных форм муз. творчасці, выканальніцтва і адукацыі, росту муз. прафесіяналізму, станаўленню тэатр.-канцэртных жанраў, творчаму засваенню норм еўрап.муз. класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ (1990-я — пач. 2000-х гадоў).
Рэзкая змена паліт. і сац.-эканам. сітуацыі ў пач. 1990-х г. адбілася і на сцэн. жыцці Беларусі. У 1993 закрыты адзіны ў Беларусі прафес. тэатр нар. тыпу — Гомельскі фалькл.муз.-драм. «Жалейка» (арганізатар і кіраўнік М.Макарцоў). Праца некат. тэатр. студый паступова прыйшла ў заняпад. Асобныя са студый дасягнулі прафес. ўзроўню і на іх аснове ўзніклі тэатры мінскія драм. «Дзе-Я?» (1992, з 2004 — Новы драм. тэатр) і Альтэрнатыўны (1990, з 1996 Малы тэатр). Адкрыты новыя тэатры: на базе аматарскага нар. калектыву Мазырскі імя І.Мележа (1990), у Мінску — Рэспубліканскі бел. драматургіі (1992), Тэатр бел. арміі (2004), у Маладзечне — Мінскі абласны лялек «Батлейка» (1990) і на базе аматарскага нар. калектыву — Мінскі абласны драм. (1993). У 1992 арганізаваны прыватны Гомельскі Незалежны тэатр (з 1999 Гомельскі гар. эксперыментальны маладзёжны тэатр-студыя). Упершыню ў Беларусі буйнейшыя калектывы атрымалі статус нацыянальнага — Бел. тэатр імя Я.Купалы (1993), Бел. тэатр імя Я.Коласа (2001), рус.драм. тэатр імя М.Горкага (1999). Адметная асаблівасць тэатр. жыцця 1990-х г. — пач. 21 ст. — шматлікія пастаноўкі класічнай бел. драматургіі. Значнае месца занялі творы В.Дуніна-Марцінкевіча: маштабнасцю, спалучэннем камедыйнага і патрыятычна ўзнёслага гучання вызначыўся спектакль «Ідылія» («Сялянка») у тэатры імя Я.Купалы (рэж. М.Пінігін), яркай відовішчнасцю, дасціпнасцю — «Залёты» ў тэатры імя Я.Коласа (рэж. Ю.Лізянгевіч), вынаходлівым сцэн. прачытаннем — «Пінская шляхта» ў тэатры імя В.Дуніна-Марцінкевіча (рэж. С.Палешчанкоў) і гранічнай набліжанасцю да сучасных праблем — у тэатры юнага гледача (рэж. Р.Баравік), удалым спалучэннем розных твораў пісьменніка — «Вечары ў Люцінцы» ў тэатры імя В.Дуніна-Марцінкевіча (рэж. У.Караткевіч). Найб. папулярнасцю карысталіся драматургічныя і паэт. творы Я.Купалы. Грамадзянскай страснасцю і глыбокай сацыяльнасцю напоўнены спектакль «Тутэйшыя» ў тэатры імя Я.Купалы (рэж. М.Пінігін, акцёры В.Манаеў, М.Захарэвіч, А.Лабуш, А.Луцэвіч, З.Белахвосцік). Своеасаблівае прачытанне атрымаў гэты твор у Гродзенскім тэатры лялек (рэж. М.Андрэеў). Навізной сцэн. трактовак вызначаюцца спектаклі «Раскіданае гняздо» ў тэатры імя М.Горкага (рэж. Б.Луцэнка) і ў Мінскім абласным тэатры (рэж. В.Баравік). П’есы «Паўлінка» паставілі Гомельскі і Гродзенскі тэатры, «Прымакі» — тэатры юнага гледача і Мінскі абласны, драм. паэмы «Адвечная песня» — Тэатр бел. драматургіі, «Сон на кургане» тэатр Бел.АМ. Новае тэатр. жыццё набыла драматургія Ф.Аляхновіча. Прапагандыстам і папулярызатарам яго твораў стаў рэж. М.Трухан, які ў мінскім тэатры «Дзе-Я?» ажыццявіў пастаноўкі «Чорт і Баба» (з В.Баркоўскім), праграмную для калектыву кантамінацыю п’ес «Страхі жыцця» і «Цені» — «Здань», сцэнічны гратэск «Круці...» паводле п’есы «Круці не круці — трэба памярці», «У кіпцюрох ГПУ». У Маладзечне пастаўлены «Пан міністар» (рэж. В.Растрыжэнкаў), у тэатры-студыі «Абзац» і Бел. ун-це культуры — «Няскончаная драма» (рэж. У.Савіцкі). Увасоблены п’есы Л.Родзевіча «Пакрыўджаныя» (тэатр імя Я.Коласа, рэж. А.Грышкевіч) і «Збянтэжаны Саўка», М.Чарота «Мікітаў лапаць» (тэатр імя В.Дуніна-Марцінкевіча). Значнае месца занялі інсцэніроўкі твораў бел. прозы, паэзіі ці напісаныя па іх матывах п’есы. У Брэсцкім тэатры пастаўлены спектакль «Вянок беларускіх народных казак», у аснове якога — фалькл. творы, у Магілёўскім тэатры — «Трышчан, або Блазны на пахаванні» па матывах рыцарскага рамана, у тэатры юнага гледача — «Тарас на Парнасе» паводле аднайменнай класічнай паэмы. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.Баршчэўскага паслужыла матэрыялам для стварэння спектакляў у тэатрах імя Я.Купалы (Завальня — Г.Аўсяннікаў), Гомельскім драм. і Бел. тэатры «Лялька». Паводле «Новай зямлі» Я.Коласа пастаўлены спектакль «Зямля» ў Мінскім абласным тэатры (рэж. М.Міцкевіч) і паводле творчасці пісьменніка пад той жа назвай — у тэатры імя Я.Коласа (рэж. В.Баркоўскі); па матывах паэмы «Сымон-музыка» — у Бел.дзярж. тэатры лялек (рэж. Ал.Ляляўскі). У драм. і лялечных тэатрах шырока прадстаўлены творы У.Караткевіча: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў Дзярж. маладзёжным тэатры Беларусі, «Вераб’іная ноч» у тэатры імя Я.Коласа, «Дзікае паляванне караля Стаха» ў Гомельскім тэатры, «Цыганскі кароль» у Брэсцкім тэатры, «Нобіль — Барвяны ўладар» у Бел.паэт. тэатры аднаго акцёра «Зьніч», «Ладдзя Роспачы» ў тэатры «Лялька», «Чортаў скарб» у Гродзенскім тэатры лялек, «Заяц варыць піва», «Жабка і Чарапашка», «Мая Іліяда» ў тэатры лялек «Батлейка».
У сучаснай драматургіі пераважаюць творы пра гіст. мінулае Беларусі. Шмат гіст. асоб і звязаных з імі жыццёвых калізій увасобіў А.Петрашкевіч. У Магілёўскім абласным тэатры пастаўлена п’еса І.Чыгрынава «Следчая справа Вашчылы». Цэнтр. месца заняла драматургія А.Дударава. Высокім грамадзянскім пафасам і сцэн. маляўнічасцю адзначаны спектакль «Князь Вітаўт» у тэатры імя Я.Купалы (рэж. В.Раеўскі; у гал. ролях Г.Давыдзька, М.Кірычэнка). Першы варыянт гэтай драмы пад назвай «Купала» пастаўлены ў Гомельскім і Брэсцкім тэатрах. Яго п’еса«Палачанка» («Рагнеда і Уладзімір») увасоблена ў тэатры юнага гледача (рэж. А.Андросік) і Гродзенскім тэатры (рэж. В.Мазынскі), «Чорная панна Нясвіжа» («Чорная нявеста») у тэатрах імя Я.Купалы, імя Я.Коласа і Гродзенскім. Драма Р.Баравіковай «Барбара Радзівіл» атрымала сцэн. жыццё ў тэатры бел. драматургіі. Пастаўлены драм. творы на гіст. тэматыку С.Кавалёва: «Распуснікі ў пастцы» (Гомельскі тэатр, рэж. В.Баркоўскі), «Саламея і яе амараты» (Мінскі абласны тэатр, рэжысёр Р.Таліпаў). У 1990-я г. ў тэатр. мастацтве адноўлена рэліг. тэматыка. Пастаўлены п’есы С.Кавалёва «Дарога на Віфлеем» («Братка Асёл») у тэатры юнага гледача, Брэсцкім, Гомельскім і Магілёўскім тэатрах лялек, «Маленькі Анёлак» — у тэатры аднаго акцёра «Зьніч». П’еса І.Сідарука «Збавіцель» увасоблена ў Брэсцкім тэатры лялек, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна — у тэатры бел. драматургіі. Створаны спектаклі пра сучаснае жыццё: «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча і «Смак яблыка» А.Дзялендзіка (тэатр імя Я.Купалы), «Варвара і яе блудны муж» Г.Марчука (тэатр імя Я.Коласа), «Кім» А.Дударава (тэатр імя Я.Купалы, Мінскі і Магілёўскі абласныя тэатры), «Ку-ку» М.Арахоўскага, «Зона X...» А.Карэліна (тэатр бел. драматургіі). Сярод найб. значных прац з рус. і заходнееўрапейскай класікі: «Лес» А.Астроўскага ў тэатрах імя Я.Купалы і Гомельскім, «Месяц у вёсцы» І.Тургенева ў Брэсцкім тэатры, «Кацярына Іванаўна» Л.Андрэева, «Лебядзіная песня» і «Вішнёвы сад» А.Чэхава ў тэатры імя Я.Коласа, апошні і ў Бел.дзярж. тэатры лялек, «Нора» Г.Ібсена ў Гродзенскім тэатры, «Перад заходам сонца» Г.Гаўптмана ў тэатры імя М.Горкага, «Любімая, я павінен памерці!» («Сірано дэ Бержэрак») Э.Растана ў Гомельскім тэатры. Адметныя і псіхал. напоўненыя сцэн. вобразы створаны ў спектаклях паводле твораў заходнееўрапейскай драматургіі: «Смех лангусты» Дж.Марэла і «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска ў тэатры імя Я.Купалы.
У 1990-я г. — пач. 21 ст. працягваюцца пошукі новых тэатр. форм, прыёмаў, сродкаў выразнасці, якія выпрабоўваліся на мадэрнісцкай драматургіі ці пераймаліся з заходнееўрапейскага сцэн. мастацтва. Аднак дамінуючым у творчасці тэатраў застаецца паглыблены псіхал. рэалізм. Характэрная асаблівасць перыяду — рэдкае правядзенне гастроляў тэатраў. З 1990-х г. перыядычна праводзяцца тэатр. фестывалі: міжнар. — «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Гомель), «Белая Вежа» (Брэст), тэатраў лялек і монаспектакляў «Я» (Мінск); рэспубліканскія — «Маладзечанская сакавіца» (Маладзечна), нац. драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск) і інш. Шэраг тэатр. калектываў Беларусі прынялі ўдзел у розных замежных фестывалях. З поспехам працуюць майстры сцэны (2004): акцёры нар.арт.СССР і Беларусі Г.Аўсяннікаў, Ф.Шмакаў, Р.Янкоўскі; нар.арт. Беларусі С.Акружная, Г.Арлова, Г.Гарбук, М.Захарэвіч, Н.Карнеева, В.Клебановіч, Т.Кокштыс, Л.Корхава, Б.Масумян, А.Мілаванаў, А.Памазан, М.Пятроў, Г.Талкачова, А.Ткачонак, Ю.Шэфер; нар.арт. Расіі А.Корчыкаў; засл.арг. Беларусі З.Белахвосцік, А.Гайдуліс, Ф.Іваноў, В.Манаеў, Т.Нікалаева, Л.Пісарава, В.Чэпелеў, У.Шэлестаў і інш.; рэжысёры нар.арт. Беларусі Б.Луцэнка, В.Раеўскі; сцэнограф нар. мастак Беларусі Б.Герлаван. У Беларусі (2004) стабільна працуюць 28 дзярж. тэатраў: у Мінску (12), Брэсце (2), Віцебску (2), Гомелі (3), Гродне (2), Магілёве (2), Маладзечне (2), Бабруйску (1), Мазыры (1), Слоніме (1). У Мінску таксама перыядычна выступае шэраг недзярж. антрэпрыз. Падрыхтоўка тэатр. кадраў вядзецца ў Бел.АМ і ў Бел. ун-це культуры.
Літ.:
Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр. Вільня, 1924;
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Яго ж. Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Мн., 1970;
Яго ж. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;
Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;
Барышев Г. Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992;
Яго ж. Батлейка. Мн., 2000;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра. 2 выд.Мн., 1997—2000;
Тэатры Беларусі. Мн., 1998;
Міско С. Школьны тэатр Беларусі XVI — XVIII стст. Мн., 2000;
Пятровіч С. Якуб Колас і беларускі тэатр.Мн., 1975;
Каладзінскі М. Тэатр лялек Савецкай Беларусі. Мн., 1976;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Яе ж. На мяжы стагоддзяў: Сучасн. бел.драм.тэатр.Мн., 2002;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазн. арт., рэц. Мн., 1980;
Яго ж. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Смольскі Р. Пазначана часам: Пошукі суч. бел. рэжысуры. Мн., 1984;
Яго ж. Тэатр у прасторы часу: Мастацтвазн. арт., рэц., творчыя партр. Мн., 1998;
Рэха мінулага: Тэатразн. эцюды аб бел. культуры XX ст.Мн., 2000;
Сцэна са спектакля «Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.Баршчэўскага. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. 2003.Сцэна са спектакля «Палачанка» А.Дударава. Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. 2000.Сцэна са спектакля «Перад заходам сонца» Г.Гаўптмана. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. 2002.Сцэна са спектакля «З Парыжам скончана!..» паводле п’есы А.Чэхава «Вішнёвы сад». Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),
від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл.Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл.Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.
Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт.Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.Слютэра (Бургундыя), Ж.Гужона, Ж.Пілона (Францыя), М.Пахера (Аўстрыя), А.Крафта, Ф.Штоса, Т.Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.Чэліні, Італія, і інш.). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.Берніні (Італія), А.Шлютэр (Германія), П.Пюжэ (Францыя).
Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.Жырардон, А.Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.Канова ў Італіі, Б.Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.Б.Пігаль, Э.М.Фальканэ, Ж.А.Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Л.Бары, Ф.Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.К.Растрэлі і інш.). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус.акад. школы С. Ф.Шубін, М.Казлоўскі, Ф.Шчадрын, І.Мартас, В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.Далу ў Францыі, К.Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.Бурдэль, А.Маёль, Ш.Дэсп’ё (Францыя), Э.Барлах (Германія), І.Мештравіч (Харватыя), К.Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.Трубяцкога, С.Канёнкава, А.Мацвеева, М.Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн. значэнне ў С. М.Роса (Італія), А.Джакамеці (Швейцарыя), Г.Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.Арп, А.Архіпенка, Н.Габа, А.Колдэр, А.Пеўзнер, П.Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.Мур (Вялікабрытанія), І.Ногучы (ЗША), К.Дунікоўскі (Польшча), Ф.Крэмер, О.Шлемер (Германія), Дж.Манцу (Італія), В.В.Аалтанен (Фінляндыя), С.Лебедзева, В.Мухіна, І.Шадр, Л.Шэрвуд, Я.Вучэціч, М.Анікушкін, А.Кібальнікаў, Э.Неізвесны, О.Цадкін (Расія), Ю.Мікенас, Г.Якубоніс (Літва).
На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл.Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл.Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.К.Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.Манькоўскі, А.Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.Ельскага, А.Скірмунт, А.Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.Тышынскі, Я.Багушэўскі, К.Змігродскі, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.Смакоўскім, Р.Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.Міхалапа, творы К.Каганца, Я.Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.Бразера, А.Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст.ф-т у Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.Азгур, А.Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.Анікейчык, Б.Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.Астаф’еў, С.Вакар, С.Гарбунова, Глебаў, І.Голубеў, Л.Гумілеўскі, М.Інькоў, Міско, М.Якавенка, В.Янушкевіч і інш.). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.Гумілеўскі, Л.Давідзенка, У.Жбанаў, М.Канцавой, У.Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.Засімовіча, Т.Сакаловай, К.Селіханава, Слабодчыкава, А.Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.Арцімовіча, М.Байрачнага, А.Бачкарова, Г.Буралкіна, А.Дранца, Канцавога, П.Лука, В.Мурашова, А.Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.Войчанка, У.Цэслер і інш.).
Літ.:
Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Валериус С.С. Прогрессивная скульптура XX в.: Пробл. и тенденции. М., 1973;
Bazin G. The history of world sculpture. London, 1970.
А.К.Лявонава, Э.А.Петэрсон.
Да арт.Скульптура. Фараон Мікерын з жонкай. Егіпет. Каля 2,5 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. Мікеланджэла. Хлопчык, які скурчыўся. Паміж 1520—34.Да арт.Скульптура. Г.Мур. Фігура ляжыць. 1935.Да арт.Скульптура. Венера Таўрычаская. Рымская копія. 3 ст. да н.э.Да арт.Скульптура. Венера Вілендорфская. Аўстрыя. 30—25 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. А.Глебаў. Ф.Скарына. 1954.Да арт.Скульптура. А.Анікейчык. Г.Ахматава. 1982.Да арт.Скульптура. А.Шатэрнік. Мікола Гусоўскі. 1984.Да арт.Скульптура. А.Бачкароў. Феафан Грэк. 1988.Да арт.Скульптура. А.Фінскі. Адчуванне палёту. 1997.Да арт.Скульптура. А.Бембель. Барэльеф у Доме ўрада ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ (16 ст.).
Карэнная змена ўсяго ладу старабел. жыцця, што пачалася ў 16 ст., адлюстравалася ў станаўленні новай адраджэнскай культуры, апорай якой станавіліся гарады, населеныя рамеснікамі, заможнымі мяшчанамі і купцамі. Важнейшую ролю ў дзярж. справах пачала адыгрываць шляхта, якой уласціва развітая саслоўна-нац. самасвядомасць. Распаўсюджанне кніжнасці ў гэтым асяроддзі звязвалася з узнікненнем рэнесансава-гуманіст. светапогляду, вядучае месца ў якім занялі свецкія — юрыд.-прававыя, патрыят. і агульначалавечыя — духоўныя каштоўнасці. Гэта выяўлялася ва ўсталяванні гарадскога самакіравання, наданні многім гарадам магдэбургскага права і развіцці адпаведных жанраў дзелавога пісьменства. Узніклі Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, а некаторыя артыкулы і прадмовы да іх (напр., «Зварот да ўсіх саслоўяў» Л.Сапегі) напісаны літаратурна дасканала, з выкарыстаннем розных стылістычных сродкаў (тропаў, метафар) і лічацца помнікамі маст. публіцыстыкі. Пазней узнік шэраг дзярж. дакументаў, якія трывала ўзаемадзейнічалі з маст. літаратурай («Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага», Метрыка ВКЛ і інш.). Створаны манастырскія (Супрасльская і інш.), саборныя (Сафійская ў Полацку), прыватныя бібліятэкі (Радзівілаў, Сапегаў і інш.). Пачалося інтэнсіўнае развіццё ўсіх галін мастацтва і культуры, вялікіх поспехаў дасягнулі філалогія і славеснасць на нац. мове. Тагачасны літ. працэс уяўляў сабой сінтэз нац. і агульнаеўрап. і адбываўся пад уздзеяннем процілеглых фактараў: гуманізму і Рэфармацыі. Узнікае цікавасць да чалавека па-за межамі яго сац. становішча, хоць суб’ектыўная разняволенасць стрымлівалася ідэямі служэння грамадству, што звязана з моцнай дарэнесансавай культ. традыцыяй, абумоўленай спецыфікай гіст. развіцця і становішча Беларусі. Адбывалася ломка сярэдневяковай жанрава-стылістычнай сістэмы, аднак дзеячы Адраджэння працяглы час імкнуліся не адкідаць, а наследаваць і ў новых умовах творча выкарыстоўваць дасягненні культуры папярэдніх перыядаў, што найб. яскрава выявілася ў дзейнасці пісьменнікаў-рэфарматараў.
Новай з’явай, што мела важнае значэнне для развіцця літаратуры і філал. культуры, было ўзнікненне кнігадрукавання на бел. і царкоўнаслав. мовах, а таксама пашырэнне лац. мовы і кніжнасці, пранікненне якіх на бел. землі было абумоўлена пераадоленнем сярэдневяковай рэліг. замкнёнасці і развіццём шматбаковых узаемасувязей з зах.-еўрап. краінамі. Дзякуючы гэтаму адкрыўся шырокі доступ да багатай ант. і рэнесансавай літаратуры. Многія паэты імкнуліся ў сваёй творчасці адрадзіць «натуральную мову» антычнасці, параўнацца са стараж. рымлянамі ў літ. майстэрстве. Адзін з пачынальнікаў гуманіст. літаратуры ва Усх. Еўропе Я.Вісліцкі напісаў рэнесансавую гісторыка-гераічную паэму «Пруская вайна» (1516). Выдатным паэтам-новалаціністам быў Мікола Гусоўскі — аўтар вершаў і паэм, сярод якіх асобнае месца займае глыбокапатрыятычная «Песня пра зубра» (1523). З вялікай маст. сілаю і любоўю паказана ў паэме прыгажосць бел. прыроды, апеты ратныя і прац. справы, заняткі і звычаі бел. народа, услаўлена яго гераічнае мінулае. У творы выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал аўтара з яго верай у чалавека дзейнага, мужнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага. Ва ўмовах Адраджэння ўзмацнілася цікавасць да гісторыі народа і краіны. У 1-й пал. 16 ст. ўзнікла «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — белетрызаваны гісторыка-публіцыстычны твор, у якім пададзена велічная, ідэалізаваная і амаль цалкам легендарная першапачатковая гісторыя Літвы, сцвярджаецца высакароднае паходжанне літ. князёў і паноў (ад рымскіх патрыцыяў). Асобныя старонкі твора напісаны сцісла і суха, маюць шмат сэнсавых і стылістычных паўтораў; іншыя — больш жыва, часам паэтычна. Найвышэйшае дасягненне тагачаснай гіст. прозы — Хроніка Быхаўца, пададзеная ў форме гіст. аповесці і прысвечаная гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пач. 16 ст. Большая яе частка — цалкам арыгінальны твор, напісаны невядомым аўтарам, які імкнуўся даць максімальна поўную карціну мінулага Літвы і Беларусі і адначасова стварыць літ.-маст. вобраз краіны. Многія раздзелы хронікі маюць выгляд завершаных белетрызаваных апавяданняў. Свабодна камбінуючы і зводзячы ў адно розныя крыніцы, аўтар свядома ствараў займальную, прасякнутую патрыят. ідэяй гіст. аповесць, якая б кранала пачуцці чытача. Свецкае красамоўства прадстаўлена панегірыкамі выдатным дзеячам айчыннай гісторыі («Пахвала Вітаўту», «Пахвала князю К.І.Астрожскаму»). Сведчаннем узмацнення тэндэнцыі да пераадолення старых традыцый можна лічыць адыход ад рэлігійнасці і дэмакратызацыю літаратуры, абнаўленне яе жанравай сістэмы, далейшае ўдасканаленне бел.літ. мовы, ажыццяўленне перакладаў такіх твораў, якія раней былі невядомы. У 16 ст. перакладчыкі імкнуліся перапрацоўваць замежныя помнікі з пазіцый гуманізму і ідэй служэння «людям простым посполитым».
Этапнае значэнне ў гісторыі бел. літаратуры мела творчасць бел. гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Ф.Скарыны. Яго клопат пра асвету людзей усіх саслоўяў, прапаганда ведаў і маральнай чысціні, сцвярджэнне годнасці асобы і вера ў сілу чалавечага розуму, барацьба за высокія гуманіст. ідэалы станоўча ўплывалі на ідэйны змест і характар бел. літаратуры. Дасканалы пераклад і высокамастацкае выданне Скарынам 23 кніг Бібліі (Прага, 1517—19) на зразумелай народу мове духоўна ўзбагачалі бел. чытача. У 1522 Ф.Скарына заснаваў у Вільні першую ў Беларусі друкарню і выдаў «Малую падарожную кніжку», куды ўвайшлі Псалтыр, Часасловец, акафісты, каноны, «Шасцідневец», Святцы, Пасхалія, а ў 1525 — кн. «Апостал». Імкнучыся зрабіць тэкст зразумелым для чытачоў і разам з тым захаваць яго аўтэнтычнасць, асветнік змяшчаў у выданнях глосы, чым была закладзена аснова бел. лексікаграфіі. Перакладаючы Біблію і рыхтуючы інш. выданні, Ф.Скарына не выходзіў за межы рэліг. інтэрпрэтацыі сюжэтаў. Але ў яго светапоглядзе назіраецца сінтэз рэнесансава-гуманіст., раннехрысц., дэмакр. ідэй і нар. маралі. Таму скарынаўская трактоўка біблейскіх сюжэтаў вызначаецца арыгінальнасцю, творчым стаўленнем да тэксту. Ф.Скарына быў пачынальнікам бел. вершаскладання, давёў да высокай дасканаласці жанры прадмоў і пасляслоўяў, у якіх пачаткі бел. літаратуразнаўства і крытыкі. Яго ўласныя творы шмат у чым прадвызначылі шляхі і асаблівасці развіцця бел. літаратуры, а кнігавыдавецкая, пісьменніцкая і перакладчыцкая дзейнасць паслужыла ўсталяванню новых гуманіст. каштоўнасцей, далейшаму развіццю кнігадрукавання і культуры ва Усх. Еўропе.
У 2-й пал. 16 ст. зарадзіліся новыя віды і жанры (беларускамоўная кніжная паэзія, драматургія, публіцыстыка, аўтабіяграфічная проза), паскорыліся працэсы разбурэння сярэдневяковай сінкрэтычнасці і выцяснення твораў старой правасл. кніжнасці на перыферыю літ. жыцця. Літаратура стала сацыяльна завостранай, у ёй узмацнілася роля аўтарскага пачатку, зараджаліся індывід. стылі, павялічыліся выяўленчыя магчымасці, узніклі сюжэтнасць і пацяшальнасць, пашырыліся тэматычны ахоп жыцця і сац. база. У многіх гарадах былі адкрыты друкарні і школы розных кірункаў (пратэстанцкія, правасл., каталіцкія), выдаваліся першыя буквары, граматыкі, слоўнікі, павялічвалася кола адукаваных людзей. Творы пісаліся і друкаваліся на бел., царкоўнаслав., польскай, лац., татарскай, яўр., старажытнарус. мовах. У 1550—70-я г.бел. літаратура развівалася пад моцным уплывам рэфармацыйных ідэй, што было абумоўлена бытаваннем на бел. землях рэліг. вальнадумства, ерасей, пранікненнем на Беларусь розных плыней зах.-еўрап. пратэстантызму (кальвінізму, лютэранства, антытрынітарызму і інш.). Прапаведніцкая дзейнасць бел. рэфарматараў мела раннебуржуазны характар і адыграла важную ролю ў абуджэнні грамадскай думкі, спрыяла пашырэнню рацыяналізму і ўмацаванню рэліг. верацярпімасці. Пачалося актыўнае выданне палемічнай і навучальнай літаратуры. Узніклі новыя публіцыстычныя жанры, змянілася змястоўнае напаўненне твораў, напісаных згодна з традыцыямі старых жанраў: пісьменнікі-публіцысты сталі звяртацца да фактаў рэальнасці і даваць ім ацэнку з пункту гледжання ідэй рэнесансавага гуманізму і Рэфармацыі.
Найб. развіцця дасягнула публіцыстыка, асн. відамі якой былі прадмова і друкаваная прамова-пропаведзь, моцныя сваім сац. зместам і крытычнай завостранасцю. Менавіта ў апошнім жанры Якуб з Калінаўкі і Л.Крышкоўскі выступілі супраць прыгону, Павел з Візны — супраць маёмаснай, юрыд. і сац. няроўнасці, а Пётр з Ганёндза першы сфармуляваў прынцыпы свабоды сумлення і прававой роўнасці ўсіх канфесій. Буйнейшымі прадстаўнікамі рэфармацыйнай публіцыстыкі на Беларусі былі С.Будны, В.Цяпінскі і А.Волан. Бліскучы палеміст, ідэолаг антытрынітарыяў у ВКЛ С.Будны ўвайшоў у гісторыю слав. культуры як аўтар «Катэхізіса» (Нясвіж, 1562) з антыклерыкальнай прадмовай, у якой звярнуўся да лідэраў бел. Рэфармацыі М.Радзівіла Чорнага і М.Радзівіла Рудога з заклікам аддаць усе сілы на службу Радзіме. Ён ажыццявіў таксама шэраг інш. выданняў на бел. (не захаваліся) і польскай мовах, у т. л. Біблію, і быў першым у Еўропе крытыкам перакладаў Свяшчэннай кнігі. Яго пяру належыць шэраг літ.-філас. («Прасвецкую ўладу», 1583) і багаслоўскіх («Пра дзве прыроды Хрыста», 1575; «Пра асноўныя палажэнні хрысціянскай веры», 1576, і інш.) трактатаў. Рэліг. і грамадскія погляды пісьменніка не былі ўстойлівымі. На аснове рэфармавання рэлігіі ён імкнуўся выпрацаваць такое маральна-этычнае вучэнне, якое служыла б усталяванню ладу ў дзяржаве і сац. справядлівасці ў грамадстве. На гэтым шляху С.Будны перасягнуў многіх дзеячаў зах. Рэфармацыі і выявіў сябе як арыгінальны мысліцель. Паслядоўнік скарынаўскіх традыцый В.Цяпінскі ўпершыню пераклаў на бел. мову Евангелле (1570-я г.), напісаў да яго патрыят. «Прадмову», у якой абгрунтаваў думку пра значэнне адукацыі на роднай мове, пра бел. школу, якая павінна выхоўваць нац. свядомасць. Ён першы адзначыў негатыўны характар паланізацыі, якая ў той час толькі пачыналася. Паліт. дзеяч і рэфарматар А.Волан апублікаваў на лац. і польскай мовах больш за 30 публіцыстычных твораў, дзе крытыкаваў догматы і арганізац. ўладкаванне папскай улады, адстойваў прынцыпы рэліг. талерантнасці, з’едліва высмейваў абскурантызм рэліг. фанатыкаў. Свецкую гуманіст. накіраванасць маюць яго дыялог «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду» (1572), трактаты «Прамова да Сената» (1572), «Пра дзяржаўнага мужа і яго дабрачыннасці» (1608), у якіх аўтар імкнуўся вырашыць грамадскія супярэчнасці шляхам рацыянальнага ўладкавання грамадства на чале з манархам. Яго палемічныя выступленні супраць езуітаў перавыдавалі ням. пратэстанты і франц. гугеноты, а каталіцкі касцёл занёс іх у індэкс забароненых кніг. Станаўленне свецкай публіцыстыкі звязана з імем М.Літвіна, які напісаў трактат «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» (каля 1550), дзе параўноўваў звычаі, законы, арганізацыю кіравання і суда ў крымскай, маскоўскай і бел.-літ. дзяржавах. Дзякуючы духу рэліг. талерантнасці на Беларусі знайшлі прытулак апальныя літаратары з інш. краін, у т. л. Арцемій і Феадосій Касой з Расіі. Свецкім публіцыстычным характарам вызначаюцца лісты і інш. творы А.Курбскага. На лепшых традыцыях красамоўства заснавана палымяная прамова Я.Хадкевіча, змешчаная ў «Дзённіку Люблінскага сойму 1569». Каб абараніць інтарэсы ВКЛ, Я.Хадкевіч выкарыстоўваў розныя прыёмы і эмацыянальна-вобразныя сродкі прамоўніцкага майстэрства. Складзены невядомым аўтарам «Дзённік...» аднаўляе многія закулісныя эпізоды соймавай барацьбы, уводзіць чытача ў побытавую атмасферу жыцця дэлегатаў. Адзіны ў сваім родзе твор — «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл», змешчаная ў «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», — узнік на скрыжаванні рыцарскага эпасу і гіст. апавядання. Гэтая займальная гісторыя кахання герояў раскрывае прыгажосць інтымнага пачуцця, асэнсаванага пад уздзеяннем рэнесансавага гуманізму як надзвычайная каштоўнасць. З 1550-х г. пачынаецца развіццё рэфармацыйнай паэзіі. Пратэстанты шырока выкарыстоўвалі ў набажэнстве рэліг. песні. Зборнікі такіх песень (канцыяналы) былі падрыхтаваны Ц.Базылікам (1556, Кракаў) і Я.Зарэмбам (1558, Брэст). У ананімным нясвіжскім «Канцыянале» (1563) разам з рэліг. змешчаны застольныя і сатыр. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТОРЫЯ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА
Вытокі бел. гісторыка-прававой думкі ў далёкай старажытнасці, калі з узнікненнем на тэр. Беларусі дзяржаўнасці і пісьменства з’явілася патрэбнасць у захавальніках і тлумачальніках звычаяў. Пазней, калі бел. землі сталі палітыка-эканам. цэнтрам феад. дзяржавы ВКЛ, з’явіліся прафес. юрысты (суддзі, адвакаты і інш.), узнікла неабходнасць у тэарэт. асэнсаванні новых з’яў і грамадскіх працэсаў. У 16 ст. на Беларусі (паводле некат звестак) выдадзена 16 юрыд. кніг, у т. л. Статут 1588, закон аб Гал. судзе (Трыбунале) і інш. Пачалося фарміраванне кола паліт. дзеячаў і мысліцеляў (ф.Скарына, М.Літвін, С.Будны, А.Волан, Мікалай Радзівіл Чорны, А.Валовіч, Л.Сапега і інш.), якія на падставе сусв.навук. напрацовак уносілі ў праблемы дзяржавы і права ВКЛ практычныя прапановы па ўдасканаленні грамадскіх адносін і заканадаўства. Ф.Скарына выказваў думкі аб ролі народа і нар. суверэнітэце, якія пераклікаліся з тэорыяй натуральнага права; лічыў, што права ў цэлым і асобныя законы павінны выдавацца на падставе звычаяў пэўнай зямлі, быць справядлівымі, карыснымі народу і накіраванымі на дасягненне агульнага дабра. Ён прыняў удзел у падрыхтоўцы першага кадыфікаванага зводу законаў ВКЛ — Статута 1529. Пашырэнне на Беларусі рэфармацыйных рэнесансавых і гуманістычных ідэй садзейнічала свецкай інтэрпрэтацыі палітыка-прававых інстытутаў (А.Волан і А.Алізароўскі, Л.Зізаній, П.Скарга, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі і інш.). А.Волан лічыў важнейшай натуральнай уласцівасцю чалавека імкненне да свабоды і неабходнасць яе абараняць з дапамогай права, якое павінна быць справядлівым, разумным і з’яўляцца гарантам (абараняць) свабоды і роўнасці людзей («Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», 1572). Прадстаўнікі рэфармацыйнага руху на Беларусі П.Гезка, М.Чаховіц, С.Будны, В.Цяпінскі і інш. імкнуліся аб’яднаць прававую тэорыю з практыкай, што было рэалізавана пры ўдасканаленні папярэдняга заканадаўства (шматлікіх грамат, Судзебніка 1468) і стварэнні законаў, заснаваных на мясц. праве і традыцыях народа — Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. У іх змешчаны нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, адм., грамадз. (у т. л. рэчавага, абавязацельнага, спадчыннага, апякунскага і інш.), крымін., працэсуальнага і нават прыродаахоўнага.
На падставе дасягненняў прававой тэорыі ў 16 ст. ў ВКЛ праведзена судовая рэформа, у выніку якой з’явіліся выбарныя, аддзеленыя ад выканаўчай улады суды для шляхты і новыя прынцыпы судаводства — галоснасць, спаборнасць судовага працэсу з удзелам адвакатаў і інш. Узнікла і пачала рэалізоўвацца патрэбнасць у прафес.юрыд. кадрах, падрыхтоўку якіх ажыццяўлялі і зах.-еўрап. ун-ты, і ўласныя навуч. ўстановы. Права вывучалася ў Светаянскай школе грамадз. права ў Вільні (1566), кальвінісцкіх і арыянскіх школах у Слуцку, Іўі, Койданаве, Лоску, Нясвіжы, Навагрудку і інш. гарадах, а таксама ў прыватных школах (палестрах). У Віленскім ун-це (у 1640 быў адкрыты юрыд.ф-т). З 1583 па 1781 выпускнікам ун-та было прысвоена 149 навук. ступеней па праве. Дзейнічалі 2 кафедры кананічнага і 2 — грамадз. права. У сваіх лекцыях і навук. працах І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Даніловіч, І.Лялевель, Т.Чацкі, Ю.Ярашэвіч і інш. закраналі гіст. і гісторыка-прававыя праблемы, звязаныя з мінулым бел. народа. Развіццю юрыд. навукі на Беларусі садзейнічалі апублікаваныя ў 18 ст. з дапамогай Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай заканад. акты з каментарыямі і заўвагамі да іх; храналагічны збор законаў ВКЛ і Польшчы ў 8 тамах — Валюміна легум (1732—82), збор дакументаў па міжнар. праве ў 3 тамах, выдадзены М.Догелем у 1758—64; збор норм ваенна-крымін. права — «Артыкулы ваенныя» (Нясвіж, 1754), а таксама кнігі «Доказ асноў натуральнага права» Т.Млоцкага (Вільня, 1779), «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» І.Страйноўскага (Вільня, 1785) і інш. Вынікам узаемадзеяння навукі і практыкі стала прыняцце соймам Рэчы Паспалітай у 1791 «Закона аб урадзе», вядомага як Канстытуцыя 3 мая (адна з першых канстытуцый у гісторыі чалавецтва).
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі пытанні гісторыі дзяржавы і права Беларусі, Літвы і Украіны закраналіся ў працах А.Каравіцкага, Ю.Ярашэвіча, М.І.Кастамарава, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.П.Дашкевіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Р.В.Дземчанкі, М.В.Каяловіча, І.І.Лапо, Ф.І.Леантовіча, М.К.Любаўскага, М.А.Максімейкі, І.А.Маліноўскага, Т.Чацкага, М.М.Ясінскага, Т.Нарбута і інш. Фундаментальную крыніцазнаўчую базу для вывучэння гісторыі права Беларусі стваралі такія выданні, як «Беларускі архіў старажытных грамат» пад рэдакцыяй І.І.Грыгаровіча (ч. 1, 1824); «Зборнік Муханава» (1836); «Акты Заходняй Расіі», т. 1—5 (1846—53); «Акты Віленскай археаграфічнай камісіі», т. 1—39 (1865—1915), «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы...», в. 1—32 (Віцебск, 1871—1906); «Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі...», т. 1—15 (1863—92). Асаблівая заслуга ў даследаванні прававой гісторыі Беларусі належыць І.М.Даніловічу, які з 1814 выкладаў у Віленскім ун-це мясц. (г.зн. беларуска-літоўскае) права. Ён выявіў і апублікаваў шэраг помнікаў права Беларусі (напр., у 1826 апублікаваў тэкст Судзебніка 1468, падрыхтаваў да друку напісаны на бел. мове Статут ВКЛ 1529, а таксама збор дакументаў «Скарбец дипломатов» («Скарбніца актаў», Вільня, 1860—62), у якім змешчаны вытрымкі ці апісанне 2383 актаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі і Літвы.
Навук. даследаванні 1920—30-х г. былі адказам на пытанні, пастаўленыя практыкай сав.дзярж.буд-ва. Праблемы гісторыі дзяржавы і права, юрыд. навукі займалі значнае месца ў даследаваннях вучоных БДУ (з 1921). Першы рэктар БДУ У.І.Пічэта больш за 130 навук. прац прысвяціў гісторыі права, палітыкі, эканомікі і культуры Беларусі; у 1961 выдадзены збор яго прац «Беларусь і Літва XV—XVI ст.». Пытанні прававой гісторыі Беларусі распрацоўвалі А.В.Бурдзейка, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, В.Д.Дружчыц, Т.І.Забела, К.І.Таўсталес, М.Я.Ясінскі і інш. Першымі выкладчыкамі на прававым аддзяленні былі Г.С.Гурвіч (савецкае дзярж. права), В.Н.Дурдзянеўскі (дзярж. права бурж. краін), М.Б.Кроль (суд. псіхіятрыя), І.Т.Цітоў (суд. медыцына), М.А.Грэдзінгер (цывільнае права і працэс), Б.В.Чрэдзін (рымскае права) і інш. У адкрытым у 1922 Ін-це бел. культуры існавала камісія па сав. буд-ве (пазней пераўтворана ў прававую секцыю), у якой вывучаліся пытанні дзярж.-прававога жыцця рэспублікі. Інбелкульт пачаў выданне дзярж.-прававых актаў 16—17 ст., якія ўваходзілі ў склад Літоўскай метрыкі. Выдадзены 3-томны «Беларускі архіў» (1927—30), а таксама збор артыкулаў па розных галінах юрыд. навукі: дзярж., адм., крымін., грамадз., зямельнага права, судаводства, гісторыі і тэорыі дзяржавы і права (М.А.Грэдзінгер, Р.Я.Парэчын, М.А.Канаплін, В.М.Шыраеў, С.Слупскі, Ф.І.Гаўзе, М.М.Гуткоўскі, Е.А.Вішнеўскі, М.А.Бонч-Асмалоўскі), праца М.М.Гуткоўскага «Сістэматычны паказчык (спроба сістэматыкі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919—28 г.» (1929). У канцы 1920-х г. шэраг вучоных-прававедаў (У.І.Пічэта, Р.Я.Парэчын, М.М.Гуткоўскі, В.Д.Дружчыц) рэпрэсіраваны, аб’ём і тэматыка навук. даследаванняў скараціліся. У 1944 аднавіў дзейнасць Мінскі юрыд.ін-т (у 1954 пераўтвораны ў юрыд.ф-тБДУ). У 1958 і 1969 выдадзена калектыўная праца ў 2 частках «Нарысы па гісторыі дзяржавы і права БССР». У 1960 перавыдадзены Статут ВКЛ 1529. У 1970—76 надрукаваны 2 т. «Гісторыі дзяржавы і права Беларускай ССР» (С.П.Маргунскі, І.І.Пацяружа, В.Н.Арцёмава, Ю.П.Броўка, М.В.Сторажаў, В.І.Семянкоў, В.І.Шабайлаў, І.А.Юхо і інш.). У 1978 выйшла манаграфія І.А.Юхо «Прававое становішча насельніцтва Беларусі ў XVI ст.», у 1975—79 — В.А.Круталевіча «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (у 2 ч.). Праблемы дзяржавы і права закраналі ў сваіх працах бел. гісторыкі (З.Ю.Капыскі, А.П.Грыцкевіч і інш.), вучоныя РСФСР (М.М.Улашчык, Дз.Л.Пахілевіч). Гісторыі палітыка-прававой думкі Беларусі прысвяцілі свае працы С.Ф.Сокал, С.А.Падокшын і В.Ф.Шалькевіч.
З пач. 1990-х г. праводзяцца комплексныя даследаванні праблем развіцця дзяржаўнасці і права Беларусі на ўсіх этапах гісторыі, выяўляюцца характэрныя рысы, асаблівасці і тэндэнцыі ў дзярж.-прававым буд-ве, развіцці дзярж. органаў улады і суд. сістэмы, становішчы грамадства і інш. (А.Ф.Вішнеўскі, Т.І.Доўнар, В.А.Круталевіч, С.Ф.Сокал, М.У.Сільчанка, В.А.Шаўкапляс, І.А.Юхо і інш.). Навукоўцы ўдзельнічаюць у перавыданні стараж. нарматыўных актаў. Зроблены пачатак стварэнню шматтомнай працы па гісторыі дзяржаўнасці і права Беларусі. Актуальным праблемам гісторыі дзяржавы і права Беларусі: узнікненню бел. дзяржаўнасці, фарміраванню тэрыторыі, паходжанню назвы «Беларусь», уніям ВКЛ з Польшчай, гісторыі заканадаўства — прысвечаны працы І.А.Юхо. У працах Т.І.Доўнар раскрываюцца этапы, характэрныя рысы і тэндэнцыі развіцця права Беларусі ў 14—18 ст., асаблівасці кадыфікацыі заканадаўства ў 16 ст., адметнасць прававой гісторыі і прававой культуры Беларусі і іх узаемасувязь з агульнаеўрап. працэсам эвалюцыі права, прасочваецца гісторыя канстытуцыйнага, крымін., грамадз. права. А.Ф.Вішнеўскі ў сваіх творах даў характарыстыку паэтапнага развіцця дзяржавы і права Беларусі са старажытнасці да нашага часу. У апошнія гады выдадзены шэраг навучальных дапаможнікаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі (аўтары А.Ф.Вішнеўскі, Т.І.Доўнар, В.А.Круталевіч, М.У.Сільчанка, С.Ф.Сокал, В.А.Шаўкапляс, І.А.Юхо і інш.). Гісторыкі-правазнаўцы прынялі ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу энцыклапедычных выданняў: «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1989), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.» (1989), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (1993—2003), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Асветнікі зямлі Беларускай» (2001) і інш. Значнай навуковай падзеяй стала выданне ў 2001 «Гісторыі канстытуцыйнага права Беларусі» (Р.А.Васілевіч, Т.І.Доўнар, І.А.Юхо), перавыданне ў 2003 Статута 1566 (Т.І.Доўнар, І.А.Юхо, У.М.Сатолін). Бел. вучоныя-юрысты даследуюць фундаментальныя тэарэт. праблемы дзяржавы і права, распрацоўваюць праблемы гарантый забеспячэння суверэнітэту ў прававой, сац.-эканамічнай, культ. і інш. сферах жыцця грамадства.
Літ.:
Лаппо И.И. Литовский статут 1588 года. Т. 1—2. Каунас, 1934—1938;
Очерки истории государства и права БССР. Вып. 1—2. Мн., 1958—69;
Статут Великого княжества Литовского. Мн., 1960;
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половине XVII в. Мн., 1984;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Вишневский А.Ф., Довнар Т.И. История государства и права Беларуси (1917—1996). Мн., 1996;
Довнар Т.И. Краткий очерк истории государства и права Республики Беларусь: (Послеоктябрьский период). Мн., 1997;
Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;
Юхо І.А. Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі. Мн., 1999;
Ермаловіч М. Беларуская дзяржава — Вялікае княства Літоўскае. Мн., 2000;
Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд.Мн., 2000;
Дагаворы і граматы як крыніца беларускага права. Мн., 2000;
Доўнар Т. 1 Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пер. на бел. мову. Мн., 2002;
Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2003;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСТ,
горад на ПдЗ Беларусі, цэнтр Брэсцкай вобл. і раёна. За 349 км ад Мінска. Вузел аўтадарог і чыгунак — напрамкі на Баранавічы, Лунінец, Ковель, Беласток, Варшаву. Канцавы порт на Дняпроўска-Бугскім канале. 249,3 тыс.ж. (1995).
Летапісная назва — Берестье, Бересть (бел.Берасце, Бярэсце), у канцы 17 — пач. 20 ст.Брэст-Літоўскі, Брэст-Літоўск, у 1921—29 Брэст-над-Бугам, з вер. 1939 Брэст. Археал. даследаваннямі ўстаноўлена, што горад узнік на тэр. племяннога аб’яднання дрыгавічоў. У выніку раскопак выяўлена Берасцейскае гарадзішча. Першае летапіснае ўпамінанне Брэста ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019. Быў гандл. цэнтрам Стараж.рус. дзяржавы на мяжы з польскімі і літ. ўладаннямі. У 11—13 ст. належаў тураўскім, кіеўскім, літоўскім, уладзіміра-валынскім князям. З 1319 Брэстам валодаў вял.кн.ВКЛГедзімін. У 1349 Брэст захапіў польскі кароль Казімір III, у 1366 вернуты ВКЛ. У 1379 разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. У 1390 Брэст першы з бел. гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права, якое пацвярджалася ў 1408, 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661. У час Вялікай вайны 1409—11 гараджане выставілі харугву, якая ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 1413 Брэст — цэнтр Берасцейскай эканоміі ў складзе Трокскага ваяв., прывілеем 1441 аднесены да гал. гарадоў ВКЛ. У 1500 разрабаваны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. З 1520 цэнтр Брэсцкага павета Падляшскага ваяв. У 1553 брэсцкі староста М.Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэр. сучаснай Беларусі друкарню (гл. ў арт.Брэсцкія друкарні), у якой выдадзена Брэсцкая біблія (1563). З 1566 Брэст — цэнтр Брэсцкага ваяводства. У горадзе адбываліся з’езды бел. і літ. шляхты. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Тут абвешчана Брэсцкая унія 1596. Горад быў месцам збору ваен. канфедэрацый у 1605 і 1612, сейма Рэчы Паспалітай (1653). У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у Брэсце ў 1648 і 1649 адбыліся паўстанні гараджан, задушаныя ўрадавымі войскамі. У 1657 горад спалены шведамі, у 1660 часова заняты рус. войскамі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У Паўночную вайну 1700—21 яго займалі то рус., то шведскія войскі. У 1792 рэзідэнцыя Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у складзе Рас. імперыі. З 1796 павятовы цэнтр Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У час вайны 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1830—42 на тэр.стараж. часткі Брэста пабудавана Брэсцкая крэпасць. У 1842 засн.Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1865—1915 дзейнічалі брэсцкія гімназіі. У 1860-я г. ў Брэсце 13 прамысл. прадпрыемстваў, у 1880-я г. чыгунка і шаша звязалі Брэст з Варшавай, Масквой, Кіевам, Гомелем. У 1987 — 46 568 ж. У 1903—15 існавала Брэсцкае таварыства ўрачоў. У 1-ю сусв. вайну горад 8.9.1915 акупіраваны герм. войскамі. 3.3.1918 тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. У 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр Палескага ваяводства. 1.9.1939 фаш. Германія напала на Польшчу, 14 вер. захапіла Брэст (акрамя крэпасці). 17.9.1939 Чырв. Армія перайшла сав.-польскую граніцу і 22 вер. ўвайшла ў Брэст. З 1939 у складзе Беларусі, з 4.12.1939 цэнтр Брэсцкай вобласці. 68,8 тыс.ж. у 1940. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941), якія загубілі тут больш за 40 тыс.чал., знішчылі ўсе прадпрыемствы і культ.-асв. ўстановы, 48,7% жылога фонду. Дзейнічала Брэсцкае патрыятычнае падполле і Брэсцкае маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959 — 73,6 тыс.ж., у 1980 — 185 тыс.ж.
У 1909 у Брэсце было 30 прамысл. прадпрыемстваў, з якіх найб. значныя тытунёвыя ф-кі, млын, гарэлачны завод. У перыяд знаходжання Брэста ў складзе Польшчы прам-сць не развівалася. Значныя страты гораду прычынены ў гады Вял.Айч. вайны. Актыўнае індустрыяльнае развіццё пачалося ў 1960—70.
Брэст — буйны прамысл. і культ.цэнтр. Дае каля уз валавой прадукцыі прам-сці вобласці. Развіты эл.-тэхн. і электронная (Брэсцкі электралямпавы завод, Брэсцкі электрамеханічны завод), металаапр. (Брэсцкі машынабудаўнічы завод, «Брэстгазаапарат», з-ды металавырабаў, Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхнал. аснасткі), хім. (НВА«Брэстбытхім»), лёгкая («Дываны Брэста», Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», ф-кі швейная, абутковая, Брэсцкая фабрыка сувеніраў), харч. (мясакамбінат, малочны камбінат), буд. матэрыялаў (Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сць.
У Брэсце (на 1.1.1996) 77 дашкольных дзіцячых устаноў (12 504 дзіцяці); 40 агульнаадук. школ усіх тыпаў (46 149 вучняў), у т. л. 1 пач., 1 базавая, 33 сярэднія (41 507 вучняў), 4 гімназіі (3022 вучні), 1 ліцэй (477 вучняў). У 9 прафес.-тэхн. вучылішчах 4409 навучэнцаў; 4 сярэднія спец.навуч. ўстановы (Брэсцкі політэхнічны тэхнікум, Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, мед. вучылішча і Брэсцкі музычны каледж, 3065 навучэнцаў); 2 дзярж.ВНУ: Брэсцкі універсітэт і Брэсцкі політэхнічны інстытут, у якіх 8923 студэнты. У 1996 у Брэсце працавала 13 масавых бібліятэк (1145,5 тыс. тамоў) і 55 б-к пры навуч. установах. Самая вялікая — абл. універсальна-навук.б-ка (662 тыс. тамоў); 15 клубных устаноў; 17 кінаўстановак, 3 відэазалы. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» з Брэсцкім крэпасці-героя музеем, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей з філіялам археалагічны музей «Бярэсце».
Дзейнічаюць брэсцкія абл. арг-цыі: Саюза архітэктараў Беларусі (з 1963), сярод членаў якой засл. архітэктар Беларусі Р.А.Шылай; Саюза журналістаў Беларусі (з 1970); Саюза мастакоў Беларусі (з 1971), у якую ўваходзілі і ўваходзяць мастакі П.Данелія, М.Клімаў, Э.Куфко, І.Крупскі, В.Сабалеўскі, М.Чураба, В.Шыкін і інш. Дзейнасць Брэсцкага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1981) звязана з імёнамі І.Арабейкі, А.Каско, У.Калесніка, Н.Мацяш, М.Рудкоўскага і інш. З 1944 працуе Брэсцкае абл. радыё, з 1961 — абл. студыя тэлебачання. Выходзяць газеты «Заря» (абл., з 1939; з гэтага ж года пры газеце існуе абл.літ. аб’яднанне маладых пісьменнікаў «Заранка»), «Народная трыбуна» (абл., з 1990), «Заря над Бугом» (раённая, з 1954, да 1962 «Социалистический путь»), «Вечерний Брест» (з 1992), «Брестский курьер» (з 1990) і інш.
Гарадзішча стараж. Бярэсця размяшчалася на мысе, утвораным р.Зах. Буг і левым рукавом р. Мухавец. У 12 ст. тут пабудаваны драўляны замак (у 15 ст. пастаўлены мураваны), у 13 ст. — мураваная царква св. Пятра. У 1276—88 на дзядзінцы пабудавана вежа. Паводле інвентара 1566, Брэст складаўся з 3 асн. частак: замка (на востраве), «места» (асн.тэр. горада) і Замухавечча (мела 2 вуліцы, на якіх пабудаваны касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, манастыры Сімяонаўскі і Нараджэння Багародзіцы з 2 цэрквамі). У 16—17 ст. існаваў кальвінскі збор. У 17—18 ст. пабудаваны Брэсцкі манетны двор (1659), кляштар аўгусцінцаў, бернардзінцаў, брыгітак, дамініканцаў, калегіум езуітаў (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 17—18 ст. Брэст перажываў эканам. заняпад, тэрытарыяльна амаль не развіваўся. У 19 ст. ў сувязі з буд-вам на тэр. горада крэпасці жылая забудова перамешчана за 2 км на У ад яе.
Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы. Цэнтр горада забудаваны мураванымі 1—3-павярховымі дамамі, якія ставіліся шчыльна адзін да аднаго, утвараючы суцэльны фронт вулічных фасадаў. Будаваліся і асабнякі. У 1846 на гар. плошчы пабудаваны гандл. рады, у 1856 — кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў Вял.Айч. вайну, у 1950—57 адноўлены і прыстасаваны пад абл. краязнаўчы музей), у 1865 — Брэсцкая Сімяонаўская царква, на пач. 20 ст. — Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак, Брэсцкая брацкая царква, Мікалаеўская царква і інш. У 1866 узведзены Брэсцкі чыгуначны вакзал. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівыя рысы стылю «мадэрн», неакласіцызму (Брэсцкага банка будынак), канструктывізму (будынак ваяводскага ўпраўлення).
У пасляваенны час забудова Брэста ажыццяўлялася ў адпаведнасці з генпланам 1951 (Белдзяржпраект, арх. А.Хегай, Л.Федчанка), які прадугледжваў захаванне рэгулярнай сістэмы планіроўкі. Горад развіваўся ва ўсх. (раёны Кіеўка і Усходні), паўн. (Адамкава—Рэчыца—Граеўка) і часткова паўд. напрамках. У 1970-я г. пабудаваны гандл. цэнтр (арх. С.Неўмывакін, (Г.Кісялёва, А.Фядорчанка), тэлецэнтр, кінатэатр «Беларусь» (арх. Р.Шылай), Палац культуры прафсаюзаў (арх. Г.Чысцякоў), гасцініцы «Інтурыст» (арх. Г.Бенядзіктаў) і «Беларусь» (арх. З.Леўчанка), створаны ансамблі жылых дамоў на бульвары Касманаўтаў і вул. Набярэжнай. У 1967 ва ўсх. частцы горада пачалося буд-ва буйнога прамысл. комплексу (арх. І.Боўт, Э.Бацян і інш.) і прылеглага да яго жылога раёна (арх. В.Анікін, А.Кудзенка, П.Лагуноўская). На тэр. крэпасці створаны мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. У 1980-я г. пабудаваны паўд.прамысл. вузел і новы паўд.-ўсх. раён горада (арх. І.Карват, М.Козік), Брэсцкі аэравакзал. У прасторавай кампазіцыі горада важнае значэнне мае водна-зялёны дыяметр, яго фарміраванне звязана з рэканструкцыяй Мухаўца як часткі Дняпроўска-Бугскага канала. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі водна-зялёнага дыяметра 1980 (БелНДІПгорадабудаўніцтва; арх. І.Шпіт, Э.Басава) на тэр. больш за 1000 га прадугледжана стварэнне сістэмы паркаў, штучных вадаёмаў, каналаў. У Брэсце брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (1856), Сімяонаўская (1862) і Брацкая (1906) цэрквы, чыг. вакзал (1886), будынкі пошты (19 ст.), мужчынскай гімназіі (1905), банка (1926), гар. асабнякі (1-я пал. 19 ст.), жылыя дамы (19 і пач. 20 ст.), бюст двойчы Героя Сав. Саюза лётчыка-касманаўта П.І.Клімука.
Звесткі пра тэатр. жыццё ў Брэсце вядомыя з 17 ст., калі пры езуіцкім калегіуме дзейнічаў школьны тэатр (да 1760). У 19 ст. ў горадзе гастралявалі муз.-драм. трупы К.Камінскага, Я.Хелмікоўскага, П.Ратаевіча і інш., антрэпрызы Т.Іконнікавай-Самаравай, П.Дзмітроўскага, П.Карніцава, М.Барысава, Северавай, С.Сямёнава-Самарскага, т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Ахаліна, П.Блахіна, М.Петыпа, П.Мядзведзева і інш. У пач. 20 ст. і ў 1920—30-я г.тэатр. жыццё Брэста вызначалі аматарскія і гастрольныя тэатр. калектывы. У кастр. 1939 са спектаклем «Цудоўная дудка» В.Вольскага выступаў Т-р юнага гледача Беларусі. У 1940 адкрыўся Брэсцкі абласны рускі драматычны тэатр. У 1944 створаны Брэсцкі абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі (гл.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі), у 1968 — Брэсцкі абласны тэатр лялек. З 1946 дзейнічае Брэсцкі т-р Дома культуры чыгуначнікаў.
З Брэстам звязаны пачатак нотадрукавання на Беларусі, у 1558 тут надрукаваны канцыянал «Песні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба). У школе, адкрытай у 1591 пры правасл. брацтве, выкладалася музыка, практыкаваліся харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. У спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (17—18 ст.) выкарыстоўвалася інстр. і вак. музыка. У 19 ст. дзейнічалі прыватныя навуч. ўстановы (пансіён Т.Шастакоўскай, 1858) і муз. т-вы (муз.-драм.т-ва аматараў, 1885, муз.-драм. гурток, 1891) з муз. класамі, дзе вучні атрымлівалі навыкі ігры на розных муз. інструментах і муз.-тэарэт. веды. З 1924 тут існавала муз.т-ва (старшыня Каліноўскі), пры навуч. установах — аматарскія калектывы (хор гандл. вучылішча на чале з К.Ціолекам, мандалінавы аркестр чыг. тэхнікума на чале з М.Дземчанкам). У 1930-я г. сіламі мясц. аматараў і ўдзельнікаў царк. хору пад кіраўніцтвам адваката Панцылевіча паст. оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і «Галька» С.Манюшкі. З 1935 працавала прыватная муз. школа Малечака, з 1938 — дзярж.муз. школа імя К.Шыманоўскага (дырэктар кларнетыст і дырыжор С.Часноўскі). У 1939 арганізаваны муз. вучылішча і школа; пры вучылішчы дзейнічалі хор, духавы, сімф. і нар. аркестры. У наш час (1996) муз. жыццё канцэнтруецца вакол створанай у 1986 Брэсцкай абласной філармоніі, муз. каледжа (да 1993 муз. вучылішча). Існуюць 2 муз. школы. У Брэсце развіта маст. самадзейнасць; больш за 35 муз. і харэагр. калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,
эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял.геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.
Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.
Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.Ньютана. Італьян. вучоны А.Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.Кардана, Н.Тарталья, Л.Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.Галілей), руху планет (І.Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.
Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Скарына, М.Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.Парацэльс, Дж.Кардана, Б.Тэлезіо, А.Доні, Ф.Патрыцы, Дж.Бруна, Т.Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.Мюнцэр, Я.Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.Макіявелі, Ж.Бадэн, А.Маджэўскі, А.Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід.рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.Лютэр, Скарына).
На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар.культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах.рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч.філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.Лован, К.Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.Гусоўскі, М.Літвін, С.Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.Будны, А.Валовіч, Л.Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.Зізаній, М.Сматрыцкі, І.Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.Будны, Сапега, Сматрыцкі).
Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.
Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.Петраркі, навелы Дж.Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.Макіявелі, паэмы Л.Арыёста і Т.Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.Віёна, К.Маро); яе вяршыня — раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.Сідні, Э.Спенсера, Дж.Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.
Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг. л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.Будны, В.Цяпінскі, С.Кашуцкі, А.Волан, Л.Сапега, С. і Л.Зізаніі, І.Пацей, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, Я.Пашкевіч, І.Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.Будны, А.Рымша, Я.Радван, С.Грахоўскі, Я.Казаковіч, Л.Мамоніч, Г.Пельгжымоўскі, Ф.Іяўлевіч, Я.Пратасевіч, М.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.Еўлашоўскі, Ф.Кміта-Чарнабыльскі, А.Каменскі-Длужык, Я.Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.Лаўксміна і інш.).
Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.
У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Анджэліка, П.Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.Панторма, А.Бранзіна, Ф.Парміджаніна, Б.Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш.Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян.арх. стыль (Д.Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.Санмікелі, Я.Сансавіна, А.Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.Босх, К.Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.Дзюрэр, А.Альтдорфер, Г.Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.Гужона, Ж.Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.
Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант.маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.Гаштольда ў Вільні, М.К.Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.Р.Радзівіла, В.Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).
Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес.т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант.тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.
Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.Тэрэнцыя, Ц.М.Плаўта, Л.А.Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.Арыёста, «Каляндра» Б.Давіцы, «Мандрагора» Н.Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар.тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап.т-ра звязаны з драматургіяй У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац.т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап.тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.
На Беларусі першыя еўрап.тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел.тэатр. культуры.
Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.
З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.Дзюфаі, І.Окегем, Я.Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.Джэзуальда ды Веноза, Л.Марэнцыо), франц. (К.Жанекен), ням. (Г.Фінк, Б.Рэзінарыус), англ. (Дж.Данстэйбл, У.Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.Салінас і інш.
На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.Базылік, В.Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел.канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.
Літ.:
Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;
Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;
Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст.Мн., 1984;
Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;
Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ.М., 1973;
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Мн., 1988;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ.М., 1965;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;
Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.
С.А.Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.Ю.Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.М.Арэшка (тэатр).
Да арт.Адраджэнне. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.Да арт.Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.Да арт.Адраджэнне. Леанарда да Вінчы. Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.Да арт.Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.Да арт.Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.Да арт.Адраджэнне. П.Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.Да арт.Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.Сурдо, П.Нево і інш. 1519—40.Да арт.Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.Брунелескі. 1420—36.Да арт.Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.Да арт.Адраджэнне. Г.Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.Марэта. 1536.Да арт.Адраджэнне. А.Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.Да арт.Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.Да арт.Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.Да арт.Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.Да арт.Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. 13—18 ст.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 13—1-й пал. 16 ст. Да сярэдзіны 13 ст. ў Панямонні ўтварылася новая дзяржава са сталіцай у Новагародку (Навагрудку) — Вялікае княства Літоўскае і Рускае (з сярэдзіны 15 ст. — і Жамойцкае). Па запрашэнні мясцовага баярства тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У склад гэтай дзяржавы ўвайшлі бел. землі Панямоння (асноўнае ядро — Наваградскае княства), землі па верхнім цячэнні Віліі і бліжэйшыя землі Аўкштайціі. Па паліт. матывах, каб спыніць вайну з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і 6.7.1253 у Новагародку каранаваны каралеўскай каронай ад імя папы рымскага біскупам хелмінскім Генрыкам. Аднак у 1260 ён вярнуўся ў язычніцтва. Наступныя ўладары дзяржавы насілі тытул вял. князя. У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст. ішоў працэс мірнага аб’яднання бел. і літ. зямель (без Жамойці) шляхам пагадненняў вял. князя з мясц. князямі і баярамі ў адзіную феад. дзяржаву «рускіх» (беларусаў) і літоўцаў паводле прынцыпу «мы старыны не рухаем і навіны не ўводзім». Тэр.ВКЛ значна пашырылася ў перыяд панавання вял.кн.Гедзіміна [1316—41], які называў сябе ў граматах вял. князем «літоўцаў і рускіх». У 1320 у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1220—30-я г. — Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. Сталіцай дзяржавы з 1323 стала Вільня. У час панавання Альгерда [1345—77] у склад ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская і Падольская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. На захадзе барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд намагаўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі б. Кіеўскай Русі і праводзіў актыўную палітыку на ўсходзе. У 13—14 ст. сыны і браты вял. князя атрымлівалі ў сваё кіраванне ўдзелы, і дзяржава ўяўляла сабой федэрацыю зямель, а мясц. князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя. Аднак паступова ўлада гаспадара (вял. князя) умацавалася ў цэнтр. раёнах дзяржавы, а аўтаномныя княствы і землі засталіся на перыферыі.
Пасля смерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж яго сынам Кейстутам і братам Ягайлам; апошні стаў вял. князем [1377—92], Гэта скарысталі крыжакі, каб распаліць у ВКЛ міжусобную вайну, якая скончылася перамогай Ягайлы. З мэтай процідзеяння знешняй небяспецы з боку Тэўтонскага ордэна, што пагражала не толькі ВКЛ, але і Польшчы, і для ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў з Польшчай Крэўскую унію 1385, паводле якой ён перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём; ён абяцаў правесці хрышчэнне язычнікаў-літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. У 1387 створана Віленскае біскупства і пачалося хрышчэнне літоўцаў. Касцёлы пачалі будаваць і на бел. землях. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем [1392—1430]; ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай, а Ягайла захоўваў намінальны тытул вярхоўнага князя ВКЛ. У канцы 14 ст.вял. князь Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. ўдзельныя княствы (Пінскае, Гарадзецкае, Клецкае і інш.) захаваліся да 1520-х г. Слуцкае княства як удзел існавала да пач. 17 ст., потым захавала пэўныя формы ўдзельнага княства да 1791.
Нямецкая агрэсія на землі ВКЛ была спынена з разгромам войска Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410. Паліт. саюз Польшчы і ВКЛ замацавала Гарадзельская унія 1413, якой уведзены прывілеяваныя правы для баяр-католікаў. Пасля смерці Вітаўта вял. князем выбраны на сойме (з’ездзе) баяр малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт з-за Валыні. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты з велікакняжацкага пасада ў вер. 1432 і ўцёк у Полацк. Вялікім князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40], прыхільнік саюзу з Польшчай. Пачалася феад. вайна 1432—39. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна звязаныя з ёю прынёманскія воласці, Берасцейская і Менская землі, Падляшша. Свідрыгайлу падтрымалі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле. Вайна суправаджалася знішчэннем гарадоў і сёл, рабаваннем насельніцтва. Так, у 1433 Свідрыгайла ў час паходу загадаў спаліць Заслаўе і Менск, а Жыгімонт знішчаў гарады ва ўсх. Беларусі. Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзярж. унію з Польшчай і выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. Улетку 1436 Полацкая і Віцебская землі перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям іх ранейшыя прывілеі. У канчатковай фазе вайны Свідрыгайла страціў і ўкр. землі і эмігрыраваў. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Супраць Жыгімонта выступіла апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У выніку змовы Жыгімонт 20.3.1440 забіты, вял. князем выбраны малодшы брат польскага караля Уладзіслава III Казімір IV [1440—92]. У 1447 ён выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў ранейшыя натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. З таго часу пачаўся рост уплыву і значэння баяр у жыцці краіны. Пазней Казімір выдаў Судзебнік 1468, у якім змешчаны юрыд. нормы пераважна крымінальнага права. Большую частку свайго жыцця Казімір Ягайлавіч правёў у Польшчы. У ВКЛ у час яго адсутнасці вял. значэнне ў кіраванні дзяржавай набыў вышэйшы кіруючы орган — паны-рада, які складаўся з вышэйшых асоб цэнтр. і мясц. адміністрацыі. У гэты ж час феад. апазіцыя спрабавала зрабіць дзярж. перавароты, выстаўляючы кандыдатамі на велікакняжацкі пасад нашчадкаў старэйшага сына Альгерда Уладзіміра — слуцкіх князёў Алелькавічаў. Апошняя змова апазіцыйных правасл. князёў, сваякоў Казіміра, Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, а таксама кн. Івана Гальшанскага скончылася няўдачай, бо іх не падтрымалі сярэднія і дробныя феадалы.
Пасля смерці Казіміра вял. князем на сойме абраны яго сын Аляксандр [1492—1506]. Пры яго абранні паны-рада паставілі ўмовы пра абмежаванне велікакняжацкай улады: усе найважнейшыя дзярж. справы — абарона краіны, міжнар. адносіны, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў — вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай паноў. Паны-рада дамагліся ад вял. князя Аляксандра выдання прывілея 1492, у якім былі замацаваныя гэтыя абмежаванні правоў вял. князя. Рэзка нарастаў уплыў вышэйшай групоўкі феад. саслоўя — магнатаў.
З канца 15 ст. пачалася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам (1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37), у выніку якіх Маскоўскае вял. княства паступова пашырала сваю тэрыторыю на захад. У 1494 ВКЛ страціла Вязьму і Казельск, у 1503 — Таропец, Дарагабуж, Бранск, Курск, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, у 1514 — Смаленск, у 1537 — Себеж. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары ўчынялі напады на Украіну і Беларусь; асабліва моцныя набегі адбыліся ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506.
Пасля смерці Аляксандра на велікакняжацкі трон выбраны яго малодшы брат Жыгімонт I Стары [1506—48]. Каб захаваць персанальную унію паміж дзвюма дзяржавамі, польская шляхта праз 3 месяцы выбрала Жыгімонта і сваім каралём. У час панавання Жыгімонта адбылася Аршанская бітва 1514, у ходзе якой войска ВКЛ на чале з К.І.Астрожскім (30 тыс.чал.) разграмілі 80-тысячную маскоўскую армію І.А.Чалядніна і М.І.Булгакава-Голіцы (паводле рус. летапісаў). Перамога ў Аршанскай бітве дазволіла стабілізаваць усх. граніцу ВКЛ, аднак Смаленск вернуты не быў. У гэты ж час быў прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529.
Яшчэ пры жыцці Жыгімонта Старога на сойме ў Вільні ў 1529 вял. князем літоўскім быў абраны яго 9-гадовы сын Жыгімонт II Аўгуст. Праз 2 месяцы і польскі сойм выбраў яго польскім каралём. Гэтыя двайныя выбары мелі на мэце стварыць умовы для спадчыннай манархіі ў абедзвюх дзяржавах і забяспечыць умацаванне уніі паміж імі. Далейшым развіццём гэтай палітыкі была перадача ўлады ў ВКЛ Жыгімонту Аўгусту на Берасцейскім сойме ў кастр. 1544. Жыгімонт Стары захаваў тытул вярхоўнага князя, а сын атрымаў усю паўнату ўлады ў ВКЛ на перыяд адсутнасці бацькі. Пры Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 у складзе новых і старых ваяводстваў былі ўтвораны паветы. На павятовых сойміках вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) ад павета на агульнадзярж. сойм, а таксама павятовыя суды — гродскія (замкавыя), земскія і падкаморскія (суддзяў выбірала мясц. шляхта). У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай.
Сацыяльна-эканамічны лад. Асновай сац.-эканам. ладу ВКЛ была сельская гаспадарка. Вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вял. князь (гаспадар), яму належалі гаспадарскія землі (велікакняжацкі дамен), якія ў 16 ст. мелі статус дзяржаўных. Вял. князь раздаваў гаспадарскія землі шляхце і магнатам у часовае трыманне і ва ўласнасць. Большасць прыватных уладанняў знаходзілася ў больш населеных зах. і цэнтр. раёнах Беларусі. Там былі і больш урадлівыя глебы і развітая сетка дарог. Меліся таксама і царкоўныя маёнткі. Пасля перамогі войск Польшчы і ВКЛ пад Грунвальдам, адкрыцця гандлёвых шляхоў па Нёмане і Зах. Дзвіне да Балтыйскага мора, росту попыту на с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. адбыўся значны ўздым сельскай гаспадаркі ў ВКЛ. З сярэдзіны 16 ст. двары (цэнтры для вытворчасці прадукцыі для асабістых патрэб феадалаў і ўтрымання адміністрацыі), што існавалі ў некат. прыватных і царкоўных маёнтках і ў многіх дзярж. уладаннях, ператвараліся ў фальваркі, дзе значная частка прадукцыі была прызначана для гандлю, гал. чынам знешняга. Першай аграрную рэформу ў сваіх маёнтках (Клецкае і Пінскае староствы) правяла ў 1552—55 каралева польская і вял. княгіня літоўская Бона, жонка Жыгімонта Старога. Былі асвоены і заселены новыя землі, уведзены новыя формы землекарыстання сялян і новыя павіннасці з мэтай павелічэння прыбыткаў. Вопыт гэтай рэформы быў выкарыстаны пры правядзенні валочнай памеры і выданні «Уставы на валокі» 1557 у гаспадарскіх маёнтках (рэформа Жыгімонта Аўгуста). У фальварках, якія ствараліся ў дзярж. уладаннях і сял. гаспадарках з надзелам у 1 валоку (21,36 га), зямля падзялялася на 3 роўныя палі. Такім чынам замацоўвалася трохполле з прымусовым севазваротам, ліквідоўваліся цераспалосіца, далёказямелле і стракатасць у памерах сялянскіх надзелаў. Акрамя падворнага надзелу сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і інш. «Устава на валокі» 1557 была накіравана на максімальнае пашырэнне збожжавай гаспадаркі, а там, дзе яна адсутнічала, — на яе арганізацыю. Пад фальваркі адводзіліся лепшыя землі, адабраныя ў сялян. Для апрацоўкі ворнай зямлі да панскіх фальваркаў прымацоўваліся сяляне з разліку на адну фальварачную зямлю «по семи волок оседлых... з волы и с клячами... которые по 2 дни в тыдень служити мають с чим уряд расскажет». Акрамя таго, сяляне абавязаны былі выходзіць на талокі і гвалты згодна з нормамі, прадугледжанымі ўставай. Паводле ўставы сялянскі надзел лічыўся патомным, спадчынным дзяржаннем. Акрамя цяглых сялян, якія адбывалі паншчыну ў фальварках, існавала і вял. катэгорыя асадных (аброчных, чыншавых) сялян. Замест 2-дзённай паншчыны ў тыдзень і 4 цяглых талок у год яны давалі 30 грошаў чыншу і працавалі 12 талок і гвалтаў у год. Асадныя сяляне былі менш залежныя ў сваёй гаспадарчай дзейнасці, чым цяглыя. Невял. група агароднікаў, з былой чэлядзі нявольнай і збяднелых сялян, атрымала надзелы ў 9—15 маргоў ворнай зямлі, за якія працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вышэйшай групай сельскага насельніцтва былі сяляне-слугі, якія выконвалі розныя спец. работы і неслі службу за надзелы зямлі па 2 валокі. Найб. прывілеяванай катэгорыяй сялян-слуг былі вайсковыя — панцырныя і путныя баяры, якія выконвалі кур’ерскую службу, а ў час вайны ішлі на службу з поўным узбраеннем за ўласны кошт. Аграрная рэформа ў дзярж. маёнтках Беларусі была праведзена неадначасова. Ва ўсх. Беларусі і на Палессі яе правядзенне расцягнулася да сярэдзіны 17 ст. На працягу 2-й пал. 16 ст. аграрная рэформа праведзена і ў прыватнаўладальніцкіх маёнтках на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Такім чынам, фальваркова-паншчынная сістэма гаспадаркі стала асноўнай. У гаспадарскіх маёнтках даходы ад новай сістэмы гаспадарання павялічыліся ў 3 разы.
Гарады, культура, рэлігія. У 15—16 ст. у эканам. і грамадскім жыцці Беларусі вял. ролю адыгрывалі гарады. У 15 ст. станавіліся гандлёвымі і рамеснымі цэнтрамі былыя крэпасці, замкі, некат. гаспадарскія і панскія двары. Яны ўсё болей адыгрывалі ролю і фінансавых асяродкаў. Вярх. ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў, бо яны прыносілі ў дзярж. скарб больш грашовых прыбыткаў, чым скарб атрымліваў ад жыхароў сельскай мясцовасці. У 15—16 ст. ствараліся і мястэчкі — невял. паселішчы гар. тыпу, дзе таксама развіваліся гандаль і рамёствы, але ў меншай ступені, чым у гарадах. Гараджане, асабліва ў мястэчках, займаліся і сельскай гаспадаркай. Жыхары гарадоў і мястэчак вылучаліся з навакольнага насельніцтва сваім юрыд. становішчам — яны былі вольнымі людзьмі, мелі правы мяшчан. Мяшчане дамагаліся выхаду з-пад юрысдыкцыі велікакняжацкай адміністрацыі і стварэння сваёй сістэмы самакіравання і суда. Гэта было замацавана ўвядзеннем у большасці гарадоў і мястэчак самакіравання паводле магдэбургскага права. Значная частка гарадоў і мястэчак утварылася ў прыватнаўладальніцкіх латыфундыях і маёнтках. Вышэйшай уладай у такіх гарадах быў уладальнік горада. Значная частка прыватнаўладальніцкіх гарадоў таксама атрымала самакіраванне паводле магдэбургскага права. Нягледзячы на асабістую свабоду, мяшчане знаходзіліся ў сістэме феад. грамадства, феад. дзяржавы, выконвалі дзярж. павіннасці, а ў прыватнаўладальніцкіх гарадах — павіннасці і падаткі на карысць уладальніка горада. Гарадам і мястэчкам перадаваліся ў «вечнае» карыстанне і с.-г. землі. Гарады былі і асяродкамі культуры.
З-за больш высокага ўзроўню эканам. і паліт. фактараў у развіцці бел. зямель у першыя стагоддзі існавання ВКЛ вядучую ролю тут адыгрывала бел. («руская») культура. На рэліг. жыццё і на культуру ў гэты перыяд мела пэўны ўплыў візантыйская культура. З канца 14 ст. разам з увядзеннем каталіцтва ў літ. землях пачынаецца і заходнееўрапейскі ўплыў на развіццё бел. культуры. На бел. мове ў ВКЛ вялося дзярж. справаводства і судаводства, выдаваліся граматы, прывілеі, статуты, пастановы соймаў і паноў-рады, ствараліся летапісы, хронікі і маст. творы. Сярод пісараў велікакняжацкай канцылярыі і павятовых органаў улады і судоў пераважалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, што спрыяла развіццю бел. мовы і ў літ. землях; паўсюдна пратаколы гар. рад пісаліся па-беларуску (нават у Жамойці). Пры буйных манастырах дзейнічалі рукапісныя майстэрні (скрыпторыі), цэнтры кніжнай пісьменнасці. Такімі ж асяродкамі пісьменства былі двары магнатаў. Пры манастырах існавалі бібліятэкі. Моладзь з ВКЛ з канца 15 ст. накіроўвалася на вучобу ў Кракаўскі і інш. ун-ты ў Еўропе.
У час агульнага ўздыму культуры ў Зах. Еўропе — Рэнесансу — значны рост попыту ў ведах абумовіў і бел.Адраджэнне 16 ст. Заснавальнікам бел. кнігадрукавання быў выдатны гуманіст і асветнік Ф.Скарына. У 1517—19 ён выдаў у Празе Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 Скарына заснаваў першую ва Усх. Еўропе друкарню ў Вільні і выдаў «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 — «Апостал». Яго традыцыі развіў С.Будны, дзеяч Рэфармацыі, адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, які ў 1560-х г. выдаў на бел. мове першыя навучальныя і палемічныя творы. Дзеячы Рэфармацыі заснавалі друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні і інш. гарадах, выдалі дзесяткі кніг, у т. л. «Брэсцкую Біблію» (1563).
У гэты час узніклі лацінамоўная паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» з апісаннем перамогі пад Грунвальдам (1516), паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). Неўзабаве пасля Аршанскай бітвы 1514 узнікла летапісная «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму».
У 14—1-й пал. 16 ст.асн. тыпам манументальных збудаванняў на Беларусі былі замкі. Іх размяшчалі на натуральных узвышшах (Навагрудскі замак, Гродзенскі Стары замак). Напачатку замкі былі драўляныя, з 15 ст. драўляныя сцены замяняліся мураванымі. Некат. замкі адразу будавалі мураванымі (Крэўскі замак, Лідскі замак). У 15—16 ст. пашырылася будаўніцтва драўляных і мураваных прыватнаўладальніцкіх замкаў. Найвышэйшым дасягненнем абарончага дойлідства Беларусі стаў Мірскі замак магнатаў Іллінічаў. У выяўленчым мастацтве пераважаў іканапіс, а з 16 ст. пашырыўся партрэтны жанр. У 1520-х г. намалявана першая батальная карціна «Бітва пад Оршай». Развіваліся драўляная разьба і скульптура.
Рэліг. жыццё ў ВКЛ у 13 — сярэдзіне 16 ст. ўскладнілася. Бел. насельніцтва ВКЛ было праваслаўным з пэўнымі традыцыямі. Літоўцы былі язычнікамі да 1387, калі ў раёне Вільні яны былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду; іх хрышчэнне ў Жамойці працягвалася і ў 1-й пал. 15 ст. У 13—14 ст. шмат хто з князёў літ. паходжання прыняў праваслаўе. Правасл. царква на Беларусі захоўвала прывілеяванае становішча да канца 14 ст. Пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванае становішча ў ВКЛ пачаў займаць каталіцкі касцёл. Паступова каталіцтва пашырала свой уплыў на зах. раёны Беларусі. Аднак і правасл. царква захоўвала свае пазіцыі ў гэтым рэгіёне. Так, імператарскі пасол З.Герберштэйн у 1517 адзначаў, што ў сталіцы ВКЛ Вільні «храмаў рускіх значна больш, чым рымскай канфесіі». На працягу 1387—1550 на тэр. Віленскай дыяцэзіі (біскупства) было заснавана 259 парафій, у т. л. 93 — на бел. землях. Размяшчаліся яны пераважна на захадзе Беларусі, да лініі Браслаў—Паставы—Будслаў—Менск—Нясвіж—Пінск. На ўсход ад гэтай лініі да сярэдзіны 16 ст. існавалі адзінкавыя касцёлы (Полацк, Віцебск, Абольцы, Гайна, Слуцк). Правасл. царква працягвала панаваць у цэнтры і на ўсходзе Беларусі. Ва ўсх. раёнах (Магілёў, Мсціслаў, Орша) касцёлаў увогуле не было да пач. 17 ст. У 1550—60-х г. на Беларусі пачала пашырацца Рэфармацыя, у асноўным кальвінізм.
Лівонская вайна 1558—83. Люблінская унія 1569. Вял. ўплыў на далейшы лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Рас. цар Іван IV намагаўся далучыць да Расіі Лівонію, атрымаць новых прыгонных сялян і гарады на Балтыйскім моры для гандлю з Еўропай. Паводле дагавора з магістрам ад 31.8.1559 Лівонскі ордэн пераходзіў пад пратэктарат Жыгімонта Аўгуста, да дагавора далучаўся і рыжскі арцыбіскуп. Паколькі пазіцыя Польшчы ў лівонскім пытанні была асцярожнай, ВКЛ уступіла ў вайну з Іванам IV без саюзніка. У 1562 ваенныя дзеянні адбываліся ўжо на тэр. Беларусі. У пач. 1563 цар з гал. сіламі рас. войска асадзіў Полацк. Невял. гарнізон 2 тыдні адбіваў атакі, але вымушаны быў капітуляваць. Далейшыя ваен. дзеянні на Беларусі адбываліся на поўдзень ад Полацка, аднак вял. гарадоў царскаму войску захапіць не ўдалося. 26.1.1564 10-тысячнае (паводле інш. звестак 4-тысячнае) войска вял. гетмана ВКЛ М.Радзівіла Рудога разбіла 30-тысячнае войска князя І.Шуйскага на Чашніцкіх палях на р. Ула. Праз некалькі дзён атрымана перамога каля Оршы. Улетку 1564 войскі Івана IV мелі поспехі ў раёне Мсціслава, Крычава і Магілёва. У адказ войска ВКЛ зрабіла ў 1565 рэйды пад Вялікія Лукі і Смаленск. На заваяванай тэрыторыі паводле загаду Івана IV пабудаваны замкі Усвят, Ула, Сокал, Суша і інш. У 1567 ваен. дзеянні аднавіліся, у ліпені 2-тысячны конны атрад польнага гетмана ВКЛ Р.Ф.Сангушкі разграміў лагер маскоўскіх войск пад Чашнікамі (9 тыс.чал.), у верасні ён разбіў 9-тысячнае маскоўскае войска на маршы, у верасні 1568 штурмам узяў замак Ула, а віцебскія казакі на чале з С.Бірулем спалілі замкі Усвят і Веліж. У адказ рас. войскі спрабавалі ўзяць Віцебск, але толькі спалілі гар. прадмесці. Ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы такую моцную дзяржаву, як Расія. Шляхта, ратуючы сваю краіну і свае маёнткі, на палявым сойме каля Віцебска 13.9.1952 прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую дзярж. унію з Польшчай. Яна намагалася мець агульныя соймы з Польшчай, сумесна з польскай шляхтай выбіраць караля (ён жа вял. князь літоўскі), а галоўнае — карыстацца аднолькавымі правамі і разам змагацца з ворагам. Супраць уніі з Польшчай выступіла асн. частка магнатаў на чале з віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт. пазіцыі і свае грамадскія прывілеі. Пытанне аб уніі разглядалася на соймах Віленскім 1563, Варшаўскім 1563—64, Бельскім 1564, Берасцейскім 1566, на палявым сойме ў Лебедзеве. У час падрыхтоўкі да уніі быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў новы адм.-тэр. падзел дзяржавы, новую сістэму судоў, пашырыў правы шляхты.
1.7.1569 на сумесным сойме ў Любліне асобна дэпутатамі Польскага сойма і сойма ВКЛ быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якога ўрачыста абвяшчалася аб’яднанне на аснове роўнасці Польшчы (Кароны) і ВКЛ (Літвы, або Княства) у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. На чале дзяржавы быў кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі), якога выбірала пажыццёва шляхта «абодвух народаў». Ствараўся агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм з 2 палат: Сената (магнаты, прадстаўнікі цэнтр. і мясц. адміністрацыі, вярхі каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся па 2 паслы ад кожнага павета. Сойм прымаў асобныя законы для Польшчы і ВКЛ. Абедзве дзяржавы захоўвалі аўтаномію ва ўнутр. справах, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, адм. і судовы апарат, свае законы і мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую, ВКЛ — беларускую (у крыніцах — «рускую»). Асобным актам 3.8.1569 Курляндыя была абвешчана васалам Польшчы і ВКЛ, Ліфляндыя — іх сумесным уладаннем (кандамініумам). У час Люблінскага сойма 1569 шляхта ўкр. ваяводстваў і Падляшскага ваяв. добраахвотна прыняла акты аб далучэнні сваіх ваяводстваў да Польшчы. Калі шляхта Кіеўскага ваяв. вырашала пытанне аб выхадзе са складу ВКЛ і далучэнні да Польшчы, соймік Мазырскага пав. не згадзіўся на гэта і пакінуў павет у складзе ВКЛ, далучыўшы яго да Менскага ваяв. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стваралася больш моцная федэратыўная дзяржава. Адной з гал. прычын паліт. збліжэння ВКЛ і Польшчы была ўсё больш небяспечная для ВКЛ палітыка ўсх. суседа, пастаянны націск з яго боку, серыя войнаў канца 15—16 ст. Усё гэта скіроўвала інтарэсы Польшчы на ўсход, каб абараніць свайго пастаяннага саюзніка. Люблінская унія ўмацоўвала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, узмацніла ўплыў еўрапейскай культуры на бел. землі.
Органы ўлады, гаспадарка і культура ў 2-й пал. 16—18 ст. Вышэйшым органам улады ў Рэчы Паспалітай быў сойм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі), які выбіраўся соймам пажыццёва, лічыўся таксама ў складзе сойма як асобная юрыд. персона. Соймы звычайныя і надзвычайныя склікаліся каралём. Для выбрання новага караля прымас — галава каталіцкай царквы — склікаў соймы: канвакацыйны, на якім вызначаліся час і месца выбараў караля, мяркуемыя кандыдаты на каралеўскі пасад, выпрацоўваліся ўмовы дагавору з кандыдатам; элекцыйны (выбарчы), на якім заключалася пагадненне аб умовах выбрання і праводзіліся выбары; каранацыйны, у час якога кароль каранаваўся і прыносіў прысягу захоўваць права і ўмовы пагаднення. Пры абранні на каралеўскі пасад у 1573 Генрыка Валезы былі прыняты агульнадзярж. акты — Пакта канвента і Генрыкавы артыкулы. Пакта канвента заключаліся паміж шляхтай і новаабраным каралём пры кожным канкрэтным выбары. Генрыкавы артыкулы былі агульнадзярж. актам з 18 пунктаў, якія абмяжоўвалі ўладу караля ўвогуле. Кароль абавязваўся кіраваць дзяржавай без спадчыннага замацавання трона, склікаць кожныя 2 гады сойм, правіць разам з радай з 18 сенатараў, без згоды сойма не абвяшчаць вайну і не заключаць мір, не ўводзіць новых падаткаў і інш. Пры парушэнні каралём гэтых артыкулаў шляхта мела права адмаўляцца ад паслушэнства яму, склікаць канфедэрацыі і са зброяй у руках адстойваць свае правы. 28.1.1573 на канвакацыйным сойме быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі, паводле якога абвяшчалася рэлігійная талерантнасць у дзяржаве ў адносінах да ўсіх веравызнанняў. З сярэдзіны 17 ст. на соймах уведзена правіла аднагалоснага прыняцця законаў і пастаноў («ліберум вета»), Заява хоць аднаго дэпутата аб яго нязгодзе з праектам закона была ўмовай непрыняцця яго, а сойм распускаўся. Толькі ў час канфедэрацый ці соймаў, якія абвяшчалі сябе канфедэрацыйнымі, законы і пастановы прымаліся большасцю галасоў. У паветах дзейнічалі павятовыя соймікі, на якіх шляхта прымала рашэнні як адносна спраў свайго павета, так і агульнадзяржаўных. Соймік выбіраў па 2 паслы (дэпутаты) на соймы. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і ў пасяджэннях сойма. Рашэнні на сойміках спачатку таксама прымаліся аднагалосна, аднак ужо з 1613 па некат. пытаннях прымаліся большасцю галасоў, а ў 18 ст. прымаліся і аднагалосна, і большасцю галасоў. Падчас бескаралеўя і адсутнасці соймаў (гал. чынам з-за іх зрыву) соймікі вырашалі дзярж. пытанні, у т. л. фінансавыя. У 2-й пал. 17—18 ст. усё большае значэнне ў кіраванні вайсковымі і фінансавымі справамі дзяржавы набывалі павятовыя соймікі, якім было перададзена права збіраць некат. падаткі і распараджацца імі, а таксама назначаць новыя падаткі. Соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканадаўчай і судовай улады, давалі сваім дэпутатам на сойм інструкцыі, якіх трэба было прытрымлівацца, а потым даваць справаздачу. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт III Ваза, абраны на трон 29.1.1588, каб атрымаць падтрымку магнатаў і шляхты ВКЛ, выдаў у Кракаве прывілей, якім зацвярджаў трэці Статут ВКЛ. Статут 1588 захаваў усе юрыд. нормы, якія падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ. У артыкуле 12 забаранялася даваць пасады ў дзяржаве і маёнткі чужаземцам, у т. л. польскай шляхце, якая не мела права атрымліваць зямлю нават у якасці падарунка. Статут ВКЛ быў надрукаваны на бел. мове. Ён меў 14 раздзелаў і 487 артыкулаў, у якіх выкладзены нормы дзярж., грамадзянскага, сямейна-шлюбнага, зямельнага, саслоўнага і крымінальнага права, а таксама судаводства. Дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 і пасля таго, як Беларусь і Літва былі ўключаны ў склад Рас. імперыі. Толькі ў 1831 дзейнасць Статута была спынена ў Віцебскай і Магілёўскай губ., указам Мікалая I ад 25.6.1840 ён скасаваны ў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ., Беластоцкай вобл. і губернях Правабярэжнай Украіны.
У 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася Рэфармацыя ў яе розных плынях. Да Рэфармацыі далучыліся магнацкія і шляхецкія сем’і, частка гараджан. Пераважная большасць прыхільнікаў Рэфармацыі належала да кальвіністаў. Узначальвалі Рэфармацыю ў 16 і 17 ст. прадстаўнікі роду Радзівілаў (у 2-й пал. 16 ст. М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, а ў 17 ст. — Я. і Б. Радзівілы). У сувязі з наступам контррэфармацыі ў канцы 16 — пач. 17 ст. большасць магнатаў, шляхты і мяшчан, пакінула рэфармацкія суполкі і перайшла ў каталіцтва (і былыя католікі, і былыя праваслаўныя). У 17—18 ст. прыхільнікі Рэфармацыі складалі нязначную меншасць вернікаў. Рэлігійную сітуацыю на Беларусі рэзка змяніла абвяшчэнне 9.10.1596 Брэсцкай уніі — акта пра арганізацыйнае аб’яднанне на тэр. Рэчы Паспалітай правасл. царквы з каталіцкай. Брэсцкая унія была праведзена на аснове ўзаемных уступак: прызнавалася вяршэнства папы рымскага, у царк. догматах зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына (каталіцкі догмат), у той жа час захоўваліся ўсе правасл. абрады, богаслужэнне і казанні на царкоўнаслав. (потым на бел.) мове. Унію прыняла значная частка правасл. насельніцтва Беларусі, але ў некат. раёнах яна не замацавалася (Слуцкае княства, наваколле Пінска і Магілёва). Супраціўленне царкоўнай уніі часта прымала актыўныя формы (забойства полацкага архіепіскапа І.Кунцэвіча ў 1623). Рэліг. канфлікты мелі месца і ў інш. гарадах Беларусі. Паступова уніяцкая царква на Беларусі ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы гар. і асабліва сельскага насельніцтва. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва. Каталіцкая царква займала прывілеяванае становішча.
У сельскай гаспадарцы Беларусі адбыліся значныя змены. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. аграрная рэформа (валочная памера) была праведзена ва ўладаннях магнатаў і шляхты Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў. Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Сяляне паводле павіннасцей падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглых і асадных сялян. У час ваенных дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка Беларусі была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асноўным захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст.сял. гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе свойскай жывёлы. Пашырыўся ўнутраны рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформа А.Тызенгаўза).
Зрухі адбыліся і ў гар. жыцці. Замацавалася сістэма гар. самакіравання паводле магдэбургскага права, цэхавая сістэма, кірмашы і гандл. традыцыі. Гарады і ў пэўнай ступені буйныя мястэчкі выконвалі эканам., адм. і вайсковую функцыі, былі культ. і рэліг. цэнтрамі. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі было 42 гарады і 425 мястэчак. У 18 ст. — 50 гарадоў, з іх 25 прыватнаўладальніцкіх. У час войнаў сярэдзіны 17 і пач. 18 ст. большасць гарадоў і мястэчак разбурана і прыйшла ў заняпад. У 18 ст. гарады і мястэчкі аднаўляліся. Уздым гаспадаркі гарадоў Беларусі прыпадае на 2-ю пал. 18 ст.
Бел. культурнае адраджэнне ў 16 ст. абумоўлена бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, гуманістычным светапоглядам дзеячаў культуры Беларусі. Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармацыйным рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, П.Зізаній, Мамонічы, М.Сматрыцкі, Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. На Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў езуітаў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Развівалася музычнае мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі тэатральныя спектаклі, балі, рэліг. службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўладальніцкіх гарадах існавалі прыдворныя тэатры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя тэатры. Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, вырабы са шкла (Урэцкая і Налібоцкая мануфактуры) і інш.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 16—1-й пал.17 ст. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел. землі амаль цалкам засталіся ў складзе ВКЛ і падзялялі лёс гэтай дзяржавы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 і Люблінскай уніі ў складзе ВКЛ на бел. землях засталіся: Віленскае ваяв. з паветамі Ашмянскім, Браслаўскім, Лідскім і часткай Віленскага; Гродзенскі пав. Троцкага ваяв.; Полацкае ваяв., Навагрудскае ваяв. з паветамі Ваўкавыскім, Слонімскім і Навагрудскім, у склад якога ўваходзіла і Слуцкае княства (у 1791 пераўтворана ў Случарэцкі пав.); Віцебскае ваяв. з Віцебскім і Аршанскім пав.; Брэсцкае ваяв. з Брэсцкім і Пінскім пав.; Мсціслаўскае ваяв.; Мінскае ваяв. з Мінскім, Мазырскім і Рэчыцкім пав. У 1611—67 існавала Смаленскае ваяв. са Смаленскім і Старадубскім пав., але паводле перамір’я 1667 яно адышло да Расіі. (Шляхце, што выехала са Смаленскага ваяв., на бел.-літ. памежжы былі дадзены маёнткі; Смаленскае ваяв. і 2 яго паветы фармальна існавалі на тэр. Віленскага, 2 яго павятовыя соймікі выбіралі ў сойм па 2 дэпутаты.).
Пасля нядоўгага панавання караля польскага і вял. князя літоўскага Генрыка Валезы [1574] новым каралём і вял. князем выбраны князь Трансільваніі Стафан Баторый [1576—86]. Выкарыстаўшы нестабільнасць паліт. становішча ў Рэчы Паспалітай, цар Іван IV пачаў наступленне ў Лівоніі, і яго войскі занялі тэр. ад Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс) да Рыгі. У ліп. 1579 40-тысячнае польскае і бел.-літ. войска Стафана Баторыя разам з венгерскімі і нямецкімі наёмнікамі рушыла да Полацка. Перадавыя бел.-літ. атрады пад камандаваннем вял. гетмана М.Радзівіла Рудога занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае; пасля 26-дзённай аблогі 30.8.1579 вызвалены Полацк, 4 вер. ўзята крэпасць Сокал, праз месяц — Суша. У наступную кампанію 1580 войскі Стафана Баторыя занялі Усвят, Веліж, Вялікія Лукі, Невель, Завалочча, Езярышча, Холм і Старую Русу. У 1581 у адказ рас. войскі спустошылі ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава. 26.8.1581 войскі Стафана Баторыя асадзілі Пскоў, але аблога не дала вынікаў. 15.1.1582 Рэч Паспалітая і Расія падпісалі Ям-Запольскае перамір’е на 10 гадоў, паводле якога Расія адмаўлялася ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя гарады на рас. тэрыторыі.
Пасля смерці Стафана Баторыя польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны шведскі каралевіч Жыгімонт Ш Ваза [1587—1632], які імкнуўся атрымаць падтрымку літ.-бел. магнатаў і шляхты. 28.1.1588 ён выдаў прывілей, якім зацвярджаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці свайго бацькі (1592) Жыгімонт заняў і шведскі трон. У сваёй палітыцы ён намагаўся знішчыць у Рэчы Паспалітай Рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкаму касцёлу пры падтрымцы ордэна езуітаў. У час абвяшчэння Брэсцкай уніі 1596 Жыгімонт падтрымаў іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы. Як шчыры католік, Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў ажыццяўляць яе, але як палітык і кіраўнік дзяржавы вымушаны быў лічыцца з рэальным становішчам у краіне і за яе межамі, таму ён далучыўся да пастаноў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Выступаючы супраць абсалютысцкіх планаў караля-католіка, шведскія дваране-пратэстанты на сойме пазбавілі Жыгімонта трона і каралём Швецыі абвясцілі яго дзядзьку Карла. З-за намаганняў Жыгімонта Вазы вярнуць шведскі трон у 1600 пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй, якая цягнулася да 1629.
У пач. 17 ст. кароль захапіўся новым планам, прапанаваным групай магнатаў і шляхты, — далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць саюз з царом, якім меў быць каралевіч польскі. З гэтай мэтай кароль разам з магнатамі і шляхтай падтрымалі Лжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II, але калі апошняму не ўдалося захапіць Маскву, Жыгімонт пачаў рыхтавацца да вайны. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 польскае і літ. войска, разбіўшы 4.7.1610 каля Клушына рас.-шведскае войска, падышло да Масквы, дзе адбыўся пераварот, і сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў быў абвешчаны рас. царом. Польскае і літ. войска заняло Маскву. Жыгімонт не адпусціў сына ў Расію, бо схіляўся да дзярж. уніі Рэчы Паспалітай з Расіяй. 22—26.10.1612 другое апалчэнне пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага вызваліла Маскву, а ў лют. 1613 земскі сабор выбраў на царскі трон Міхаіла Фёдаравіча Раманава. У 1617—18 каралевіч Уладзіслаў, які меў тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, сам узначаліў паход на Маскву, рас. ваяводы здавалі яму гарады «на імя царскае», але вычарпаныя баявыя рэсурсы і вял. страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адышлі землі Смаленшчыны з гарадамі Смаленск, Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Северская Украіна. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул рас. цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.
Пасля смерці Жыгімонта Вазы польскім каралём і вял.кн. літоўскім выбраны яго сын Уладзіслаў IV Ваза [1632—48]. Яшчэ да абрання караля, выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, рас. цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Рас. войска было акружана польскім і бел.-літ. войскамі, якія ўзначальваў кароль Уладзіслаў, і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я пра пераход Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. Кароль Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула рас. цара і вярнуў крыжацалавальную грамату масквічоў 1610 аб выбранні яго царом.
У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Інкарпарацыя ўкр. ваяводстваў Польшчай стварыла магчымасць для пранікнення на Украіну польскай шляхты і каталіцкага духавенства, што прывяло да запрыгоньвання дзесяткаў і соцень тысяч укр. сялян, узмацнення нац. прыгнёту і рэліг. супярэчнасцей. Няўстойлівая пазіцыя іерархаў правасл. царквы садзейнічала канфрантацыі, асабліва з боку казацтва, якое было абмежавана ў правах і хацела пазбавіцца кантролю з боку польскіх улад. У канцы 16 ст. адбыўся шэраг казацкіх выступленняў і паўстанняў, да якіх далучаліся найб. актыўныя і вольналюбівыя сяляне. Казакі выступалі як абаронцы «простага народу» («людзей паспалітых») — сялян і гараджан. Адным з найбольшых антыфеад. казацка-сял. выступленняў на Украіне і на паўд.-ўсх. Беларусі было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы пад націскам 7-тысячнага войска рэестравых (запісаных на каралеўскую службу) казакоў, паўстанцы адышлі на Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў і Слуцк. Пасля паражэння пад Капылём 2-тысячны атрад казакоў і сялян заняў Магілёў, але пасля Буйніцкай бітвы 1595 паўстанцы зноў адступілі на Палессе і праз Тураў і Пінск адышлі на Валынь.
У апошнія гады жыцця Уладзіслаў Ваза распрацоўваў планы вял. вайны супраць Турцыі і Крымскага ханства, войскі якіх рабілі набегі на ўкр. і польскія землі. Ён разлічваў на саюз з Расіяй і на ўкр. казацтва, але гэта выклікала незадавальненне магнатаў і заможнай шляхты. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад планаў вайны з Турцыяй. Казакі тым часам працягвалі рыхтавацца да вайны, толькі супраць польскай шляхты. У студз. 1648 гетманам запарожскага войска быў выбраны Б.Хмяльніцкі, які заключыў саюзны дагавор з крымскім ханам і на чале казацкага войска і 4-тысячнага атрада крымскіх татараў разграміў польскія войскі каля Жоўтых Водаў і Корсуня, што стала сігналам для нар. паўстання ва ўсх. і цэнтр. частках Украіны. Пачалася антыфеадальная вайна 1648—51. 20.5.1648 памёр кароль Уладзіслаў. Скарыстаўшы перыяд міжуладдзя, казацкія войскі занялі ўсю Левабярэжную Украіну і Кіеў. 20.11.1648 каралём і вял. князем літоўскім быў выбраны малодшы брат Уладзіслава Ян II Казімір [1648—68], які заключыў з Хмяльніцкім перамір’е.
У дачыненні да Беларусі ў Хмяльніцкага былі асобныя планы. Ён хацеў адцягнуць ад наступлення на Украіну войскі Рэчы Паспалітай і звязаць іх ваен. дзеяннямі на тэр. Беларусі, а пры спрыяльнай сітуацыі далучыць частку Беларусі (асабліва Палессе і Падняпроўе) да Украіны. Улетку 1648 на поўдні Беларусі з’явіліся казацкія загоны (атрады) Галавацкага, А.Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Міхненкі, Паддубскага і інш., якія рабавалі панскія маёнткі, касцёлы і кляштары, знішчалі фінансавыя дакументы, забівалі каталіцкіх святароў і манахаў. Да казакоў далучаліся сяляне і частка гараджан. Паўстанцы захапілі Гомель, Лоеў, Брагін, Мазыр, Тураў, Пінск, Бабруйск. У канцы 1648 у раёне Брэста сабралася войска пад камандаваннем гетмана польнага Я.Радзівіла, якое, рухаючыся ўздоўж Прыпяці на ўсход, авалодала Туравам, Мазыром, Бабруйскам, Рэчыцай. Вясной 1649 на Беларусь былі накіраваны новыя казацкія атрады Галоты, Падбайлы, Гаркушы, цераз Дняпро пераправіўся вял. казацкі атрад М.Крычэўскага, да якога далучыліся сяляне. З 1.7.1649 аб’яднанае казацка-сял. войска Крычэўскага было акружана, але з вял. стратамі (загінуў сам Крычэўскі) часткова выйшла з аблогі. У 1651 адбыліся паўстанні ў раёнах Мсціслава, Прапойска, Чачэрска і Горваля, якія былі падаўлены ўрадавым войскам, бо на дапамогу ім казацкія атрады ўжо не прыйшлі: Хмяльніцкі ў выніку паражэння заключыў з Польшчай Белацаркоўскі мірны дагавор. У ліп. 1651 войска Я.Радзівіла накіравалася на Украіну, па дарозе каля лоеўскіх перапраў разбіла 15-тысячнае казацкае войска М.Нябабы (сам Нябаба загінуў) і заняло Кіеў.
Вайна 1654—67. У кастр. 1653 земскі сабор у Маскве прыняў пастанову аб далучэнні Левабярэжнай Украіны да Расіі, а ў студз. 1654 Пераяслаўская рада зацвердзіла гэту пастанову. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Цар Аляксей Міхайлавіч выставіў 80—83 тыс.чал. супраць 10-тысячнага войска ВКЛ. З поўдня на Беларусь наступала 20-тысячнае казацкае войска. У кампанію 1654 рас. войскі занялі Смаленск, Мсціслаў, Шклоў, Оршу, Дуброўну; казакі І.Залатарэнкі занялі Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і аблажылі Стары Быхаў, 24 жн. здаўся Магілёў. На поўначы Беларусі армія В.П.Шарамецева заняла Невель, Полацк, Дзісну, Друю, Усвят, у ліст. 1654 Віцебск. Рас. войскі наступалі таксама ў Інфлянтах і разам з укр. казакамі — на Украіне. У канцы 1654 — пач. 1655 войскі Я.Радзівіла, А.Гансеўскага, П.Сапегі, Е.Глябовіча, С.Аскеркі перайшлі ў наступленне: у снежні 1654 знята аблога Старога Быхава, вызвалены Копысь, Дуброўна і Орша, зроблена спроба заняць Магілёў. Аднак улетку 1655 рас. войска і ўкр. казакі правялі паспяховае наступленне: занялі ўсю цэнтр. і значную частку зах. Беларусі; зноў захапілі Дуброўну, Оршу, Копысь, у ліпені — Свіслач, Барысаў, Мінск, у жніўні — Вільню, Гродна і Коўна, казацкія атрады занялі Прынямонне. Не здолеўшы авалодаць Старым Быхавам і Слуцкам, армія А.М.Трубяцкога рэйдам прайшла па Беларусі, заняла і спаліла Клецк, Ляхавічы, Мыш, Сталовічы, Слонім, Навагрудак, дзе злучылася з казацкім атрадам В.Залатарэнкі і на зваротным шляху спаліла Нясвіж, Капыль, зноў безвынікова імкнулася авалодаць Слуцкам. На поўдні атрад Валконскага захапіў і спаліў Тураў, Давыд-Гарадок, Столін і Пінск.
Улетку 1655 армія шведскага караля Карла X Густава напала на Польшчу і заняла амаль усю яе тэр. (за выключэннем усх. і ўкр. ваяводстваў). Шведскі кароль прапанаваў Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы цару тэр. на ўсход ад лініі Слуцк—Мінск—Докшыцы—Дзісна, але цар адмовіўся, бо рас. войскі і без таго займалі бел. і літ. землі. Частка феад. знаці вырашыла захаваць дзяржаўнасць ВКЛ у саюзе са Швецыяй. 20.10.1655 Я.Радзівіл, яго стрыечны брат Б.Радзівіл з вял. групай шляхты (пераважна з Жамойці) заключылі Кейданскі дагавор 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй, прызнаючы Карла X Густава вял. князем літоўскім. Шляхце і каталіцкаму касцёлу пакідаліся ранейшыя прывілеі. Частка шляхты выказалася за Аляксея Міхайлавіча ў якасці вял. князя літоўскага, частка шляхты працягвала барацьбу з рас. і шведскімі войскамі, выступаючы за захаванне дзярж. уніі з Польшчай. Рыхтуючыся да вайны супраць Швецыі за Прыбалтыку, рас. цар заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656.
На захопленай тэр. Беларусі была ўстаноўлена рас. адміністрацыя, у буйныя гарады былі прызначаны рас. ваяводы. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Тыя шляхціцы, што аказвалі супраціўленне ці былі ўзяты ў палон, пазбаўляліся маёнткаў. За правасл. царквой захоўваліся ўсе ўладанні і правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкага касцёла і уніяцкай царквы, зачынены касцёлы і кляштары, каталіцкія навуч. ўстановы. Гарады Беларусі, разрабаваныя і абязлюджаныя, атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. У гарадах з магдэбургскім правам на час вайны дазвалялася самакіраванне, але пад кантролем рас. ваявод. Асабліва пагоршылася становішча сялян, бо дваране з рас. войска вывозілі іх у свае маёнткі ў Расіі. Укр. казацкая старшына намагалася далучыць усх. частку Беларусі да Украіны. Казацкія войскі на Беларусі ўзначальваў І.Нячай. Пасля Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай з казакамі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і заняў значную частку ўсх. Беларусі (Быхаў, Чавусы, Мсціслаў, Рослаўль і інш.) і некат. паўд. раёны. 14.2.1659 рас. войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіўся апорны пункт казакоў Нячая, і жорстка расправіліся з кіраўнікамі казацкіх атрадаў. Толькі па просьбе новага гетмана Украіны Ю.Хмяльніцкага Нячай быў памілаваны і высланы ў Табольск.
Увосень 1659 на Беларусь была кінута моцная рас. армія пад камандаваннем І.А.Хаванскага, якая ў снежні авалодала Гроднам, 15.1.1660 заняла Брэст, у сак. 1660 аблажыла ўмацаваную крэпасць П.Я.Сапегі — Ляхавічы. Аб’яднанае войска ВКЛ пад камандаваннем Сапегі і польскае войска пад камандаваннем С.Чарнецкага ў бітве 28.6.1660 каля Палонкі (Слонімскі пав.) перамаглі армію Хаванскага. 3.7.1660 войскі Сапегі і Чарнецкага занялі Мінск і вызвалілі тэр. на захад ад Бярэзіны. Хаванскі з рэшткамі войска пацярпеў паражэнне каля Чарэі і адступіў у Полацк. 8.10.1660 аб’яднаныя войскі Рэчы Паспалітай сустрэлі каля Чавус рас. войска Ю.А.Далгарукага і не дапусцілі аб’яднання яго з войскамі Хаванскага. 12.2.1661 гараджане Магілёва за адну ноч знішчылі 3-тысячны гарнізон стральцоў, такія ж паўстанні адбыліся ў Дзісне, Себежы, Гомелі і інш. гарадах. 2.12.1661 вызвалена Вільня. Ваен. дзеянні прыпыніліся на 2 гады, бо больш чым палове войска ВКЛ не выплацілі жалавання. Але Расія ўжо не магла скарыстаць сітуацыю. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Вайна 1654—67 была нац. трагедыяй бел. народа. Большасць гарадоў, вёсак і мястэчак была разрабавана і зруйнавана, сельская гаспадарка, рамёствы і гандаль прыйшлі ў заняпад. Колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася напалову (у 1650 на Беларусі жыло 2,9 млн.чал., у 1667—73—1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяводствах на 60—70%, у Навагрудскім, Брэсцкім і Віленскім ваяводствах на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 17 — сярэдзіне 18 ст. Расчараваны ў выніках войнаў у час яго панавання і ў марнасці рэфармавання дзярж. ладу Рэчы Паспалітай, кароль Ян II Казімір Ваза ў 1668 адрокся ад трона. Новым польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сойма 1673, кожны трэці сойм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польскім і вял. князем літоўскім быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
У асяроддзі магнатаў усё больш разгаралася барацьба за вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Каралеўская ўлада намагалася супрацьпаставіць адну групоўку магнатаў другой. У 1660—1-й пал. 1670-х г. найбольшага паліт. ўплыву на Беларусі дамагліся Пацы — кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Пасля выбрання каралём Яна III Сабескага Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю. Яны атрымлівалі грашовыя субсідыі ад Аўстрыі і Брандэнбурга, наладзілі сувязі з Расіяй. Кароль жа падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Пацаў. Гэтае саперніцтва скончылася перамогай Сапегаў (1-я пал. 1680-х г.), якія атрымалі ад Яна III Сабескага высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі выступілі супраць караля, маючы намер стаць на чале самастойнай ВКЛ. Аднак у асяроддзі бел. і літ. шляхты расла незадаволенасць усеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты. Канфедэрацыйны сойм 29.8.1697 канчаткова ўраўнаваў правы шляхты ВКЛ з правамі шляхты Польшчы. На элекцыйным сойме 1697 ураўнаванне правоў было зацверджана з узмацненнем кантролю шляхты над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб у ВКЛ. Адным з пунктаў гэтай пастановы была замена бел. мовы як афіцыйнай у ВКЛ на польскую, але з захаваннем юрыдычнай моцы ранейшых дзярж. актаў на бел. мове. На практыцы кандыдаты на ўсе судовыя пасады павінны былі валодаць бел. мовай, каб дакладна ведаць і тлумачыць ранейшыя дзярж. акты, а таксама розныя дакументы. Аднак увядзенне польскай мовы як афіцыйнай садзейнічала паланізацыі мясцовай шляхты і вярхоў мяшчанства.
Выбраны пры падтрымцы Аўстрыі і Расіі каралём і вял. князем літоўскім Аўгуст II [1697—1706, 1709—33], курфюрст саксонскі, імкнуўся прымірыць варагуючыя бакі. Аднак канфлікт паміж Сапегамі і большай часткай шляхты Беларусі і Літвы на чале з Р.А.Агінскім і Вішнявецкімі набыў характар вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты; войска Сапегаў было разбіта. Аўгуст II скарыстаў гэта, каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ. Яго прыхільнікі на чале з Агінскім, а таксама праціўнікі Сапегаў — Радзівілы, Пацы і Вішнявецкія, выступілі з праектам выхаду ВКЛ са складу Рэчы Паспалітай і стварэння спадчыннай манархіі для Аўгуста II і яго нашчадкаў. У Беларусь і Літву былі ўведзены саксонскія войскі для «прымірэння бакоў», быццам бы для аховы гэтай тэр. ад шведскіх войск.
У Паўночную вайну 1700—21 Аўгуст II уступіў як курфюрст Саксоніі і як саюзнік Пятра I. Напачатку Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў вайне. У пач. 1702 войскі шведскага караля Карла XII праз Гродна прайшлі ў Польшчу. А ў Беларусі і Літве працягвалася барацьба паміж большай часткай шляхты і Сапегамі, якія перайшлі на бок шведаў. Сапегі арганізавалі казацка-сялянскія атрады, што дзейнічалі ва ўсх. частцы Беларусі (Дуброўна, Галоўчын, Быхаў), пакуль не былі разбіты ў лютым 1702. Прадстаўнікі шляхты ’падпісалі дагавор з Расіяй, паводле якога Пётр I абяцаў ваен. і грашовую дапамогу ВКЛ. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Карл XII арганізаваў канфедэрацыю, якая 13.7.1704 выбрала каралём польскім і вял. князем літоўскім пазнанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Увосень 1704 60-тысячная рас. армія пад камандаваннем А.І.Рапніна ўвайшла ў Беларусь, да лета 1705 частка арміі заняла Гродна, другая частка — раёны Мінска і Слуцка. Карл XII вярнуўся з Польшчы на Беларусь і аблажыў Гродна, але рас. войску ў сак. 1706 удалося вырвацца і праз Брэст адысці ў Кіеў. Шведскае войска разам з атрадамі К.Я.П.Сапегі прайшло па цэнтр. Беларусі, руйнуючы маёнткі шляхты. Пацярпеўшы паражэнне, Аўгуст II паводле ўмоў Альтранштацкага дагавора 1706 адмовіўся ад кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, на бок якога перайшлі Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія і частка шляхты. Аднак Сандамірская канфедэрацыя ў Польшчы і генеральная канфедэрацыя ВКЛ не прызналі гэтага дагавора, іх падтрымліваў Пётр I. У студз. 1708 шведскія войскі зноў увайшлі ў Беларусь, занялі Гродна і рушылі на ўсход. 15.7.1708 каля мяст. Галоўчын адбылася бітва паміж рас. і шведскімі войскамі, у ходзе якой корпус Рапніна быў разбіты. Шведы занялі Магілёў і рушылі на ўсход. У баях каля вёсак Добрае і Раеўка (Мсціслаўскае ваяв.) у вер. 1708 авангард шведскай арміі панёс страты. Карл XII накіраваў сваё войска на Украіну. 9.10.1708 каля в. Лясная армія Пятра I разбіла шведскі корпус графа А.Левенгаўпта, які ішоў на дапамогу Карлу XII. Пасля перамогі рас. войск у бітве пад Палтавай 8.7.1709 на тэр. Беларусі адбываліся ваен. дзеянні паміж рас. войскамі і канфедэратамі, з аднаго боку, і прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага, з другога. Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Паўн. вайна прычыніла вял. страты Беларусі, шмат якія гарады былі спалены, колькасць насельніцтва зменшылася (з 2,2 млн.чал. да вайны да 1,5 млн.чал.). Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на Беларусі пачалася барацьба паміж прыхільнікамі гетмана вялікага ВКЛ Л.К.Пацея, які пры падтрымцы Пятра I яшчэ раней фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў ВКЛ, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным ВКЛ С.Э.Дэнгафам. Віленская канфедэрацыя 1716 выступіла супраць абсалютысцкіх планаў караля. «Нямы» сойм 1717 пад дыктоўку Пятра I абмежаваў уладу караля і гетманаў, пацвердзіў права «ліберум вета», польскае войска скарачалася да 18 тыс.чал., войска ВКЛ — да 6 тыс.чал., аднак замест войск часовага набору стваралася пастаяннае войска. З таго часу ўплыў Расіі на паліт. жыццё ў Рэчы Паспалітай стаў пастаянным. Пасля смерці караля Аўгуста II, шляхта выбрала 12.9.1733 каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Францыі, што не адпавядала інтарэсам Расіі. Маршам праз Беларусь на тэр. Польшчы ўвайшлі рас. войскі. Рас. камандаванне і дыпламаты арганізавалі новыя выбары. 5.10.1733 новым каралём польскім і вял. князем літоўскім выбраны Аўгуст III [1733—63], курфюрст Саксоніі, сын Аўгуста II. У час яго кіравання ішло далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай, соймы пастаянна зрываліся, што паралізавала дзейнасць цэнтр. улады. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове Кацярыны II на выбарчым сойме выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформ дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць урадаў Расіі і Прусіі, інтарэсам якіх адпавядала слабая Рэч Паспалітая.
Падзелы Рэчы Паспалітай. Карыстаючыся правам абароны правоў праваслаўных у Рэчы Паспалітай, Кацярына II, а таксама прускі кароль Фрыдрых II, які да яе далучыўся, прапанавалі праект ураўнавання ў паліт. правах шляхты-дысідэнтаў (некатолікаў) з каталіцкай шляхтай. Калі сойм адхіліў гэты праект, у Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі. Пры падтрымцы рас. пасла М.В.Рапніна шляхта-дысідэнты ў 1767 стварылі пратэстанцкую канфедэрацыю ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўную Слуцкую канфедэрацыю 1767, якія пры падтрымцы Расіі і Прусіі імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. Абедзве канфедэрацыі былі прыняты пад «найвысачэйшую пратэкцыю» Кацярыны II, якая прыслала ім на дапамогу 40-тысячную армію. Сойм пад націскам Расіі ў 1768 згадзіўся прыняць пастанову аб ураўнаванні правоў некаталіцкай шляхты з каталіцкай. Патрыятычна настроеная шляхта і праціўнікі ўраўнавання правоў арганізавалі Барскую канфедэрацыю 1768, якая выступала за цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Атрады канфедэратаў дзейнічалі ў Брэсцкім і Мсціслаўскім ваяводствах, Ашмянскім, Аршанскім, Браслаўскім і Ваўкавыскім паветах. У кастр. 1768 рас. войскі разграмілі канфедэратаў пад Дзярэчынам (Слонімскі пав.) і занялі Нясвіжскую і Слуцкую крэпасці. У 1769 атрад канфедэратаў перамог рас. войскі ў баях пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. У чэрв. 1770 з Літвы на Беларусь перайшоў атрад Ш.Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, а таксама сялян. Ён дзейнічаў у раёнах Мядзела, Радашковіч, Мінска. Зноў узнялася на барацьбу шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, у Мсціслаўскім і Полацкім ваяводствах. Неўзабаве атрад Касакоўскага быў разбіты пад Навагрудкам. У вер. 1771 на бок канфедэратаў перайшоў гетман вялікі ВКЛ М.К.Агінскі, але яго 3-тысячны атрад быў разбіты войскам А.В.Суворава пад Сталовічамі. Вынікам разгрому барскіх канфедэратаў была дамоўленасць паміж урадамі Расіі і Прусіі (сакрэтная канвенцыя ад 5.8.1772; пазней далучылася і Аўстрыя) пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Паводле канвенцыі Прусія атрымала паўн.-зах. частку Польшчы, Аўстрыя — паўд. частку Польшчы і большую частку зах. Украіны са Львовам (Галіцыю). Да Расіі былі далучаны землі ўсх. і паўн. Беларусі на поўнач ад Зах. Дзвіны, на ўсход ад Друці і Дняпра, а таксама Інфлянцкае ваяводства.
У 1770—80-я г. ўрад Рэчы Паспалітай правёў некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча мяшчан, развіццё прамысловасці. Была створана Адукацыйная камісія, рэарганізавана сістэма адукацыі. Патрыятычныя колы на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правялі некалькі наспелых рэформ, хоць і палавінчатых. У 1791 сойм змяніў адміністрацыйны падзел у дзяржаве (з 34 паветаў у ВКЛ 20 было на тэр. Беларусі). Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791, якая захавала правы і прывілеі шляхты, аднак падкрэслівала неабходнасць збліжэння яе з мяшчанствам. Сял. саслоўе абвяшчалася пад заступніцтвам закона, але пры існаванні дагавора сялян з панам прыгоннае права не адмянялася. Права «ліберум вета» і канфедэрацыі скасоўваліся, усе рашэнні на сойме павінны былі прымацца большасцю галасоў. Канстытуцыя абвяшчала ўтварэнне унітарнай дзяржавы, аднак у Беларусі і Літве захоўваліся асобныя дзярж. пасады, працягвала існаваць войска ВКЛ. Канстытуцыя мела прагрэсіўны характар, яна ліквідавала феад. анархію і стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталіст. адносін. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, якіх падтрымала беззямельная шляхта, што знаходзілася пад уплывам магнатаў і была пазбаўлена выбарчых правоў, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе ў барацьбе супраць Канстытуцыі. 27.4.1792 у Пецярбургу складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. У памежным мяст. Таргавіца (Украіна) быў апублікаваны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з групай канфедэратаў пачалі прасоўвацца на тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Пасля некалькіх бітваў войскі ВКЛ і Польшчы адступілі ў ліп. 1792 за Зах. Буг. Кароль далучыўся да канфедэрацыі. Канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы аб’ядналіся. Канстытуцыя і іншыя рэформы Чатырохгадовага сойма адмяняліся. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай. 23.1.1793 у Пецярбургу падпісана новая канвенцыя паміж Расіяй і Прусіяй. Апошняя атрымала зах. частку польскіх зямель з г. Познань; Расія — цэнтр. частку Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Бабруйск, Слуцк, Мазыр, Пінск, а таксама Правабярэжную Украіну. У складзе Рэчы Паспалітай засталася частка польскіх зямель, зах. Беларусь, Валынь, Падляшша, Літва, Жамойць і Курляндыя. Гродзенскі сойм 1793 маўкліва прыняў рашэнне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Асн. маса магнатаў, шляхты і духавенства прысягнулі Кацярыне II, аднак патрыятычныя колы шляхты і мяшчан, шматлікая дробная шляхта, прагрэсіўнае афіцэрства і духавенства зрабілі спробу захаваць незалежнасць дзяржавы, вярнуць страчаныя тэрыторыі і працягваць рэформы.
24.3.1794 на кракаўскім рынку быў абвешчаны акт паўстання 1794, начальнікам якога прызначаны ген. У.Касцюшка, па паходжанні шляхціц з Брэсцкага пав. У красавіку да паўстання далучыліся Літва і Беларусь. 23.4.1794 утворана Найвышэйшая Літоўская рада — часовы рэв. ўрад Літвы і зах. Беларусі. Спачатку паўстанне мела некаторы поспех. У гарадах і паветах Беларусі і Літвы былі створаны органы паўстанцкай улады. Сяляне верылі Найвышэйшай радзе, якая абяцала скасаваць прыгоннае права, і таксама прынялі ўдзел у паўстанні або дапамагалі паўстанцам. 7.5.1794 Паланецкім універсалам Касцюшка абвясціў сялян свабоднымі, але зямлю пакідаў панам, ператвараючы сялян у арандатараў. Асн. маса заможнай шляхты сабатавала гэты універсал, што адштурхнула сялян ад паўстання. Каб адцягнуць сялян ад паўстання, рас. генералы абвясцілі амністыю сялянам-паўстанцам. Акрамя таго, узніклі супярэчнасці паміж Касцюшкам і Найвышэйшай Літоўскай радай. Абвінаваціўшы раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў», Касцюшка распусціў яе і ўтварыў Цэнтральную дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага, якая складалася з больш памяркоўных элементаў (са жніўня да кастр. знаходзілася ў Гродне). У чэрвені—жніўні найб. актыўныя ваенныя дзеянні адбываліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. У жніўні атрад С.Грабоўскага прабіўся ў Мінскую губ., але ў Любанскім баі быў разбіты і капітуляваў. Разгром паўстання на Беларусі давяршыў корпус Суворава (12 тыс.чал.), які нанёс паражэнне 17 вер. корпусу К.Серакоўскага і атраду К.Князевіча (5 тыс.чал.) у час Крупчыцкага бою. І.Е.Ферзен нанёс паражэнне паўстанцам у Мацяёвіцкай бітве (10.10.1794), дзе паранены Касцюшка трапіў у палон. Паўстанне скончылася паражэннем. Рэч Паспалітая была акупіравана рас., прускімі і аўстрыйскімі войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. Расія далучыла да сваіх уладанняў землі зах. Беларусі, большую частку Літвы (на поўнач і ўсход ад Нёмана), Курляндыю і Валынь. Мазовія з Варшавай, Падляшша з Беластокам і Бельскам, Занёманская Літва (на поўдзень ад Коўна) аддадзены Прусіі. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам і паўд. частку Падляшша, а таксама зах. частку Брэсцкага ваяв. (за Зах. Бугам). Кароль і вял. князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25.11.1795 адмовіўся ад трона і перавезены ў Гродна. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Яго ж. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. М., 1915;
Довнар Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Яго ж. История Белоруссии. Мн., 2003;
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;
Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;
Sierzputowski T. Pierwsza próba reformy polityczny w Polsce. Warszawa, 1905;
Малиновский И. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2, вып. 2. Томск, 1912;
Halecki O. Dzieje unii Jagiellońskiej. T. 1—2. Kraków, 1919—20;
Feldman J. Polska w dobie wielkiej wojny północnej, 1704—1709. Kraków, 1925;
Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. l.Warszawa, 1930;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории: (читанные автором в 1908—1910 гг.). Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Яго ж. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства М., 1959;
Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księsiwa Litewskiego XIV—XVII w. Warszawa, 1970;
Яго ж. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988;
Morzy J Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983;
Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2 выд. Rzeszów, 2000;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Яго ж. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. 2 выд.Мн., 2003;
Дзмітрачкоў П.Ф. Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага: (Другая палова XIII — першая палова XVII стст.). Магілёў, 2003.
А.П.Грыцкевіч.
Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Аблога Брэста шведамі ў 1657. Гравюра Э.Дальберга.Карыкатура на 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. 1772.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),
мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.
У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.Малерба, трагедыі П.Карнеля, Ж.Расіна, камедыі Мальера, проза М.М.Лафает; тэарэтыкі — Ж.Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.Джонсана, У.Конгрыва, часткова — Дж.Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.К.Готшэда (Германія), В.Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, а таксама І.І.Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.Кантэмір, В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў, Г.Дзяржавін, Дз.Фанвізін і інш.
На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец, С.Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.Сакольскі, І.Галянеўскі, І.Яленскі) і лац. (М.Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.Чачота (філамацкія вершы), Я.Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.
У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.
2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.П.Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц.маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.
Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.Перо (усх. фасад Луўра), Л.Лево, Ф.Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.Пост), Швецыі (Н.Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц.арх. Ж.Ж.Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш.еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст.арх. К.Н.Леду, Ж.Ф.Шальгрэн, П.Віньён (Францыя), Р.Адам, Р.Смёрк (Англія), Л.Каньёла (Італія), К.Г.Лангханс, К.Ф.Шынкель (Германія), А.Захараў, А.Манферан, В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.
У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн.маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.Гуцэвіч, М.Шульц, К.Падчашынскі, італьян. К.Спампані, шатландскі Дж.Кларк, польскія Ш.Цуг, А.Ідзкоўскі, рус. М.Львоў, Староў, В.Стасаў і інш.
У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.Торвальдсен (Данія), Л.Барталіні, А.Канова (Італія), Ж.А.Гудон (Францыя), Дж.Флаксмен (Англія), І.Г.Шадаў, К.Раўх (Германія), Ф.Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.Л.Давід, А.Ж.Гро, П.П.Прудон, Н.Пусэн (Францыя), А.Р.Менгс, Ф.Рунге (Германія), Дж.Бэры (Англія), К.А.Енсен (Данія), А.Апіяні (Італія), Б.Уэст (ЗША), А.Ласенка, Ф.Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.Д.Энгра (Францыя) і Ф.Гоі (Іспанія).
У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст.Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.Аляшкевіча, Ф.Смуглевіча, ранніх творах В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.
У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.
Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.Л.Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.Ж.Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.К.Нейбер у Германіі, Т.Бетэртан, Дж.Кембл у Англіі, Э.Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст.эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.Муне-Сюлі, С.Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, акцёры — Ф.Волкаў, І.Дзмітрыеўскі, В.Каратыгін, С.Сандуноў, К.Сямёнава, Т.Траяпольская.
Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).
У музыцынайб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.Б.Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.Гасека, Э.Меполя, Л.Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш.маст. кірункаў выявіліся ў творах М.Беразоўскага, Дз.Бартнянскага, В.Пашкевіча, Е.Фаміна, І.Хандошкіна.
У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).
Літ.:
Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;
Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;
Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.Мн., 1991;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.
Да арт.Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.Орды. 19 ст.Да арт.Класіцызм. А.Р.Менгс. Парнас. 1761.Да арт.Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.Мансар. 1642—51.