«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.Феўр, іх пераемнікі — Ф.Брадэль, Ж.Ле Гоф, Э.Леруа Ладзюры, М.Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст. чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз. таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.
т. 1, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПЕДАГО́ГІКА,
плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.Берэйтэр (ЗША), М.Манані (Францыя), А.Мілер (Швейцарыя), Р.Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.
т. 1, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́ННЫЯ СТЫМУЛЯ́ТАРЫ,
рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання, якія стымулююць і паскараюць працэсы рэгенерацыі тканак пры ўвядзенні іх у арганізм. Вучэнне пра біягенныя стымулятары распрацавана У.П.Філатавым (1933). Прэпараты, што маюць біягенныя стымулятары, рыхтуюць з тканак раслін (экстракт алоэ, кансерваваная трава расходніку — біясед, сок каланхоэ), жывёл і чалавека пасля знаходжання іх у неспрыяльных умовах (цемра, ахаладжэнне), ліманных (ФіБС) і глеевых гразяў, торфу, дзе колькасць біягенных стымулятараў абумоўлена вымерлай мікрафлорай, мікрафаунай і інш. Механізм дзеяння біягенных стымулятараў вывучаны недастаткова. Біягенныя стымулятары выкарыстоўваюць на лячэнне пры запаленчых, дэгенератыўных і атрафічных працэсах, доўга незагойвальных ранах, язвах, хваробах вачэй, экзэмах, трэшчынах і пераломах касцей, эндаметрытах, пры затрымцы паследу, бясплоднасці і інш. У жывёлагадоўлі з іх дапамогай стымулююць рост маладняку, мнагаплоднасць с.-г. жывёл, павелічэнне іх прадукцыйнасці.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́НЧАНКА Георгій Якаўлевіч
(н. 28.2.1937, г. Петразаводск, Карэлія),
бел. гісторык-медыявіст, кнігазнавец. Канд. гіст. н. (1965). Скончыў БДУ (1960). З 1965 ст. выкладчык БДУ, з 1968 ст. навук. супрацоўнік, з 1991 заг. аддзела спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследуе пытанні крыніцазнаўства, гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыка-культурныя працэсы, гісторыю царк.-рэліг. і этнічных адносін, кнігадрукавання на Беларусі ў 16—18 ст., гістарыяграфію скарыназнаўства. Навук. кансультант факсімільнага 3-томнага выдання Бібліі Ф.Скарыны. Дзярж. прэмія Беларусі (1994).
Тв.:
Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989;
Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
«Календарь» Франциска Скорины // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976;
Новое о Франциске Скорине // Проблемы рукописной и печатной книги. М., 1976.
т. 4, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
шэраг паслядоўных геахімічных працэсаў, у якіх хім. элементы мігрыруюць, удзельнічаюць у розных фіз.-хім. працэсах з утварэннем мінералаў і вяртаюцца ў зыходнае становішча ў выніку кругавароту. Геахімічны цыкл абгрунтаваў У.І.Вярнадскі (1922). Вылучаюць геахімічныя цыклы: малы, калі хім. элементы пераўтвараюцца ў паслядоўных працэсах выветрывання — зносу — асадкаўтварэння — выветрывання, і вялікі, калі яны праходзяць праз выветрыванне — асадкаўтварэнне — метамарфізм — магматызм — выветрыванне. Кожны хім. элемент мае свой геахімічны цыкл. Напр., сярэдні час, калі вуглярод знаходзіцца ў жывым рэчыве, — 7—8 гадоў, свабодны кісларод у атмасферы — 3800 гадоў, вуглякіслы газ у атмасферы — 6 гадоў, у акіяне — каля 330 гадоў, у асадкавых горных пародах — каля 400 млн. гадоў. Вучэнне аб геахімічным цыкле дазваляе звязваць геахім. працэсы, вывучаць міграцыю і размеркаванне хім. элементаў у зямной кары і інш.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ
(ад гідра... + металургія),
здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.
Асн. тэхнал. працэсы гідраметалергіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.
Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.
т. 5, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯТЭКТО́НІКА
(ад лац. glacies лёд + тэктоніка),
ледавіковая тэктоніка, вывучае геал. структуры і працэсы, якія абумоўлены дзейнасцю ледавікоў. Аб’ектамі гляцыятэктонікі з’яўляюцца гляцыядыслакацыі.
Ідэі аб сувязі некаторых прыпаверхневых структур у зямной кары са зледзяненнямі ўзніклі са станаўленнем у канцы 19 ст. ледавіковай тэорыі і звязаны з даследаваннямі ням. геолага В.Пенка, рус. вучоных А.А.Інастранцава, А.Э.Гедройца і інш.; пазней пытаннямі гляцыятэктонікі займаліся М.І.Крыгер, Ю.А.Лаўрушын, бел. вучоны Г.І.Гарэцкі і інш. Гляцыятэктоніка сфарміравалася на стыку чацвярцічнай геалогіі, геатэктонікі, геамарфалогіі і гляцыялогіі.
На тэр. Беларусі гляцыятэктанічныя структуры (гляцыядыслакацыі) выражаны разнастайнымі формамі. Звесткі пра гляцыятэктоніку выкладзены ў працах Э.А.Ляўкова. Вывучэнне такіх структур і працэсаў, што іх абумовілі, неабходна пры геал. карціраванні чацвярцічных адкладаў, інж.-геал. даследаваннях, пошуках і разведцы радовішчаў карысных выкапняў і інш.
Літ.:
Левков Э.А.Гляциотектоника. Мн., 1980.
А.К.Карабанаў.
т. 5, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ Аляксандр Сяргеевіч
(1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),
украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял. кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіцця феад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).
т. 5, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,
біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл. Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган. к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.А.Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.
М.М.Філімонаў.
т. 1, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
раздзел акустыкі, які вывучае гукавыя працэсы гал. чынам у закрытых памяшканнях. Выкарыстоўвае заканамернасць хвалевай, геам., статыстычнай акустыкі і электраакустыкі, даныя псіхафізіял. і слыхавога ўспрымання, стварае аптымальныя ўмовы чутнасці гаворкі, спеваў, музыкі ў аўдыторыях, кіна- і тэатр. залах, радыё-, тэле- і кінастудыях.
Адзін з асн. крытэрыяў акустычных якасцяў памяшканняў — час рэверберацыі (працягласць затухання гуку пасля спынення дзеяння яго крыніцы). Рэшткавае гучанне ўзнікае з-за шматразовага адбіцця гуку ад паверхняў памяшкання і размешчаных у ім прадметаў. Працягласць гучання расце з павелічэннем аб’ёму памяшкання, памяншаецца — з ростам гукапаглынання агараджальнымі канструкцыямі і мэбляй.
Задача акустычнага праектавання забяспечыць аптымальнасць часу рэверберацыі і аднолькава добрую чутнасць ва ўсіх пунктах памяшкання. Дасягаецца выбарам аптымальных памераў і формы памяшкання, агараджальных канструкцый і ўнутранай аддзелкі. У вял. залах выкарыстоўваюць электраакустычныя сістэмы гукаўзмацнення.
т. 1, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)