археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пнеўрап.ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш.Асн. заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),
новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёныднепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён паляўнічых і рыбаловаў канца 3 — канца 1-га тыс. да н.э. (позняга неаліту, бронзы і ранняга жалеза) на тэр. сучаснай Карэліі. У перыяд неаліту для яе характэрны грубыя прылады са сланцу і кварцу, мясцовая таўстасценная кераміка тыпу «сперынгс» і ямкава-грабеньчатая кераміка волга-окскага тыпу. У 2-м і 1-м тыс. да н.э. распаўсюджваецца танкасценная кераміка з Дамешкамі азбесту ў гліне. Выраб медных прылад вядомы з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., жалеза — з 4—3 ст. да н.э. Заснавальнікамі К.к. былі плямёны, што ўтварыліся ў выніку змяшэння мясц. насельніцтва (продкаў саамаў) з протаугра-фінамі, якія праніклі сюды ў 6—3-м тыс. да н.э. з Пд і ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),
еўрапейская назва паўд.-афр народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав.Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн.чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),
старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р.Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх.плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,
апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст.н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёнычарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб.стараж.жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст.н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёнызарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр.бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёныкіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст.н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл.Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;
Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.
Да арт.Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫГАВІЧЫ́,
адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёныпражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл.Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.
Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІЯ НЕАЛІТЫ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёнысяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РЫ,
саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў. Паходжанне дакладна не вядома. У сярэдзіне 6 ст. авары ўварваліся з Азіі ў стэпы Зах. Прыкаспія, Паўн. Прычарнамор’е, на землі па Дунаі і на Балканы. Пасля разгрому гепідаў і міграцыі лангабардаў у Італію занялі тэр.Паноніі, дзе да 568 утварылі сваё дзярж. аб’яднанне — Аварскі каганат. На чале яго стаяў каган, якому падначальваліся ў ваен. адносінах плямёны. Авары чынілі набегі на Візантыю (581), франкаў (571 і 596), Ламбардыю (610) і інш.Найб. магутнасці каганат дасягнуў у час праўлення хана Баяна (п. 630). У 2-й пал. 8 ст. ў авараў шукалі дапамогі і саюзу саксонцы і баварцы супраць Карла Вялікага. У войнах з франкамі (791—803) Аварскі каганат быў знішчаны, пасля 822 звесткі пра авараў знікаюць з гісторыі. У рус. летапісах авараў называлі обрамі.