ПІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з вер. 1941 да снеж. 1943 у Пінску пад кіраўніцтвам у розны час пінскіх падп. абкома, гаркома і райкома КП(б)Б. Складалася з 4 груп (больш за 50 чал.): на мармеладнай ф-цы (кіраўнік І.А.Галамазава), у прыгарадзе Казлякавічы (Я.А.Шаламіцкі, М.І.Чалей), фанерным з-дзе і запалкавай ф-цы (М.М.Калодзіч), на рачным флоце (М.І.Гарбачэўскі, Л.В.Прытулецкі). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, праводзілі агітац. работу ў фаш. фарміраваннях; з 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі для іх зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання, адзенне, медыкаменты, разведданыя. Праводзілі дыверсіі, у т. л. вывелі са строю 12 і патапілі 11 рухавікоў рачных суднаў, падарвалі ням. магазін і шпіталь, вадакачку, рухавік на запалкавай ф-цы, падпалілі лесапільны з-д. У канцы 1943 з-за пагрозы арыштаў падпольшчыкі пайшлі ў брыгады Пінскага партыз. злучэння і да ўкр. партызан.
т. 12, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш. Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г.п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Л.В.Аржаева.
т. 8, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з восені 1941 да студз. 1944 у Мазыры і Мазырскім р-не. У вер. 1941 В.І.Крыцкі (працаваў бургамістрам горада) і М.Ю.Майсееў (працаваў нам. бургамістра па Мазырскім р-не) стварылі падп. групу. Карыстаючыся высокімі пасадамі ў акупац. адміністрацыі, яны ўладкоўвалі на працу ва ўправу і інш. ўстановы падпольшчыкаў, якія ратавалі ад вывазу ў Германію сав. грамадзян, зрывалі мерапрыемствы акупантаў, збіралі і перадавалі партызанам зброю, харч. прадукты, медыкаменты, папярэджвалі іх пра карныя аперацыі. У кастр. 1941 на чале з Дз.А.Казлоўскім створана група, якая падбірала для партызан людзей, зброю, боепрыпасы, звесткі разведкі. У маі—жн. 1942 многія падпольшчыкі былі арыштаваны і расстраляны акупантамі. З чэрв. 1943 пад кіраўніцтвам падп. Палескага абкома і Мазырскага райкома КП(б)Б дзейнічала група на чале з К.В.Катлінскім, якая мела радыёперадатчык і перадавала камандаванню Чырв. Арміі звесткі разведкі; у снеж. 1943 гэта група расфарміравана, большасць яе членаў пайшла ў партызаны. У Мазыры на магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
А.М.Адаська.
т. 9, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп
(каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.Я.Арцем’еў, П.Ф.Самародкаў, Я.Х.Сташкевіч, С.В.Сухавей),
у вёсках Домнікі (А.М.Філіпаў), Дрэтунь (М.Д.Свірыдзенка), Залессе (К.М.Макараў), Казімірова (Ф.Дз.Максімаў), Палата (П.Ф.Сташкевіч), Пруды (А.Я.Марчанка), Узніцы (П.Я.Кірыленка), Юравічы (Дз.А.Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел. партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.
В.А.Касцюкова.
т. 12, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРА́ЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1942 да ліп. 1944 у в. Азяраўцы і суседніх вёсках Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 26 чал., падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Жукава, вяло развед. работу ў ням. гарнізонах Даўгаўпілса, Вільнюса, праводзіла дыверсіі.
т. 1, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да канца чэрв. 1944 у Барысаве і раёне. У ліку першых падп. група на чале з І.П.Даўгалавым і У.У.Лазоўскім створана на шклозаводзе. Пад яе кіраўніцтвам знаходзіліся маладзёжныя групы Б.П.Качана і ў Стара-Барысаве. Пад кіраўніцтвам Ф.П.Падаляна і А.К.Саламаціна дзейнічала група піянераў на чале з В.Пашкевічам. Дзейнічалі групы: на чыг. станцыі (кіраўнік Дз.І.Лебедзеў), настаўнікаў (У.К.Бранавіцкі), на электрастанцыі, з-дах «Камінтэрн» і «Чырвоны металіст», запалкавай ф-цы, дрэваапр. камбінаце і інш. У рабоце падполля ўдзельнічалі ваеннаслужачыя. У горадзе працаваў падп. шпіталь і дзейнічала падп. група мед. работнікаў на чале з П.Н.Вусціным. Працавала друкарня Барысаўскага падп. гаркома-райкома КП(б)Б. Барысаўскія патрыёты выявілі школу абвера ў пас. Печы і яе філіял у прыгарадзе Барысава, знішчылі фельдкаменданта горада і нач. будаўнічай школы, вывезлі да партызанаў нач. барысаўскага аддз. контрразведкі штаба 4-й ням. арміі з важнымі дакументамі, здабылі план умацаванняў і ваен. аб’ектаў Барысава, схемы абарончых ліній Антосіна—Брылі, план перапраў цераз Бярэзіну і інш.
т. 2, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Жлобіне і раёне Гомельскай вобл. Групы дзейнічалі ў Жлобіне: у паравозным дэпо (кіраўнік М.І.Елісееў, І.М.Казлоў, Г.В.Канаплянікава, Ц.П.Міненкаў, АП.Цямінская), друкарні (Р.П.Баранаў, М.П.Калеснічэнка), раённай б-цы (У.М.Лабанаў), у вёсках Антонаўка (А.І.Севасцьянчык), Бабоўка (Н.А.Дражын), Кабанаўка (М.Дз.Антуськоў), Мормаль (І.А.Лебедзеў), Святое (А.І.Карунчык), Шчадрын (Л.М.Жураўлёва); у Малевіцкім сельсавеце (І.М.Шаўцоў). У 1942 узніклі новыя групы ў Жлобіне (Гарбатаў, С.А.Казлоў, Дз.В.Ніжнікаў, Т.І.Раміська, І.І.Цыркуноў), у вёсках Адраджэнне (П.Б.Кіраў), Папаратнае (В.З.Фамянок), Сельнае (П.С.Дзегцяроў), Старая Рудня (А.П.Капусцін, М.Г.Маршын), Шапарня (У.Б.Паўлаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю і перадавалі яе партызанам, з якімі сумесна праводзілі дыверсіі па знішчэнні транспарту, баявой тэхнікі і жывой сілы акупантаў, знішчалі паравозы, на некалькі дзён паралізавалі дзейнасць чыг. вузла. У гонар баявых дзеянняў падпольшчыкаў і партызан на развілцы дарог каля в. Лугавая Вірня Жлобінскага р-на пастаўлены абеліск.
М.Ф.Шумейка.
т. 6, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Смалявіцкае патрыятычнае падполле «Чырвоны сцяг»
т. 15, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
т. 2, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з сак. 1942 да кастр. 1943 на тэр. Прапойскага р-на (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўвала Прапойскую і Улуцка-Харанеўскую арг-цыі, у якіх было 11 груп (бальш за 80 чал.). У Прапойскую (кіраўнікі С.Ф.Саўчанка, М.В.Кліменка, М.П.Хаблоў) уваходзіла 8 груп: камсам.-маладзёжная (А.С.Скальзаеў), на электрастанцыі і маслазаводзе (А.В.Шэдаў), у гар. бальніцы (В.Ф.Самусенка), гарадская (А.А.Лісіцын), у вёсках Бярозаўка і Гіжэнка (В.А.Драздоў), Віравая (І.В.Ганчароў), Крамянка (І.А.Сёмкін), Рудня і Міхайлоў (М.В.Навуменка). Улуцка-Харанеўская (кіраўнікі Дз.Е.Савельеў, Г.А.Каралёў) складалася з 3 груп: у вёсках Доўгі Мох (Чавускі р-н, В.А.Сцяпанаў), Улукі (І.Я.Цімашкоў), Харанеў (І.І.Каваль). Арг-цыі дзейнічалі ва ўзаемасувязі, у кантакце з 42-м партыз. атрадам, партыз. палком «Трынаццаць», Магілёўскім падполлем. Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы акупац. улад, распаўсюджвалі газ. «Правда» і «Красная звезда», лістоўкі, праводзілі дыверсіі, пашкоджвалі чыг. рэйкі, тэлефонную сувязь, з партызанамі разграмілі камендатуру ў Прапойску, арганізавалі ўцёкі сав. ваеннапалонных і пераправілі іх у партыз. атрад. Захаванне канспірацыі дазволіла падпольшчыкам пазбегнуць правалаў, своечасова перайсці ў партызаны.
М.Ф.Шумейка.
т. 13, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)