плато ў Зах. Афрыцы, паміж рэкамі Нігер і Бенуэ, у цэнтр. ч.
Нігерыі. Сярэднія выш. 1200—1400 м, найб. 1735 м (г. Шарэ). Паверхня слабахвалістая; ізалявана ўзвышаюцца гранітныя пікі, плоскавяршынныя ўзгоркі і конусы патухлых вулканаў. Складзена з дакембрыйскіх гнейсаў, сланцаў, кварцытаў, даламітаў, магматытаў, гранітаў. Клімат экватарыяльны мусонны; ападкаў больш за 1500 мм за год. Расліннасць — другасная высакатраўная саванна. Горна-рудны раён Нігерыі. Агульныя запасы волава 280 тыс.т. Буйнейшыя ў свеце радовішчы ніобію. Распрацоўваюцца танталавыя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОНГ-А́ЙЛЕНД (Long Island),
нізінны востраў у Атлантычным ак. каля берагоў ЗША, паблізу вусця р. Гудзон. Тэрыторыя ЗША. Аддзелены ад мацерыка пратокай Іст-Рывер і аднайменным пралівам. Пл. 4,5 тыс.км², даўж. каля 200 км, шыр. да 37 км. Складзены з рыхлых марскіх і ледавіковых адкладаў. Паверхня нізінная, выраўнаваная, з боку акіяна шматлікія пясчаныя косы. У зах.ч. — раёны Нью-Йорка Бруклін і Куінс, на астатняй тэрыторыі пераважна дачныя пасёлкі, паркі, пляжы. Адкрыты ў 1609 англ. мараплаўцам Г.Гудзонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАЎСКІЯ АСТРАВЫ́,
паўднёвая група ў архіпелагу Новасібірскіх астравоў (Расія), на мяжы мораў Лапцевых і Усх.-Сібірскага. Уключаюць а-вы: Вял. Ляхаўскі (пл. 5,3 тыс.км²), М.Ляхаўскі (пл. 1,3 тыс.км²), Сталбавы (пл. 170 км²) і Сямёнаўскі. Ад мацерыка Азія аддзяляюцца пралівам Дзмітрыя Лапцева. Паверхня пераважна раўнінная. Выш. да 270 м (Вял. Ляхаўскі). Шматгадовая мерзлата. Шматлікія яры і тэрмакарставыя азёры. Поліганальная асакова-злакавая тундра, шмат балот. Промысел пясца. Адкрыты ў 1712. Названы ў гонар рус. прамыслоўца І.Ляхава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНХАСПАРЫЁЗ, аблямаваная плямістасць,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рынхаспорый. Пашкоджвае ячмень, азімае жыта, пырнік паўзучы, цімафееўку лугавую, райграсы, каласнец безасцюковы, купкоўку зборную і інш. Праяўляецца ў выглядзе авальных або няправільнай формы шэра-зялёных з цёмна-бурай аблямоўкай плям на лісці і лісцевых похвах раслін, у халаднаватае дажджлівае лета — і на зерні. У хворых раслін памяншаецца асіміляцыйная паверхня лісця, парушаецца водны баланс, зніжаецца ўраджай і пагаршаецца яго якасць. У гады пашырэння Р. недабор зерня дасягае 15%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ ЗЯМЛІ́, уласнае выпрамяненне зямной паверхні, зямная радыяцыя,
электрамагнітнае выпрамяненне зямной паверхні, састаўная частка радыяцыйнага балансу паверхні Зямлі. Колькасная характарыстыка выпрамянення Зямлі залежыць ад абс. т-ры паверхні Зямлі, якая знаходзіцца прыблізна ў межах ад -83 °C да +77 °C. Пры гэтых т-рах выпрамяненне Зямлі ідзе практычна ў дыяпазоне даўжыні хваль 4—120 мкм (макс. пры 10—15 мкм), накіравана ўгару, і амаль цалкам паглынаецца атмасферай. Зямная паверхня выпраменьвае як шэрае цела з адносным каэф. выпрамянення 0,95. Пры т-ры 15 °C выпрамяненне Зямлі складае 0,38 кВт/м², што магло б прывесці да моцнага ахалоджвання Зямлі, чаго не адбываецца дзякуючы існаванню сустрэчнага атмасфернага выпрамянення, а ўдзень і сонечнай радыяцыі. Розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атм. выпрамяненнем наз.эфектыўным выпрамяненнем, яно і абумоўлівае радыяцыйнае ахалоджванне зямной паверхні ноччу, асабліва пры ясным небе, калі могуць узнікаць туман, раса або шэрань пры замаразках. У цёплую пару года ва ўмераных шыротах выпрамяненне Зямлі за суткі меншае, чым кампенсуючыя яго сустрэчныя патокі выпрамянення, і зямная паверхня награваецца, зімой — наадварот. На Беларусі сярэднямесячныя значэнні выпрамянення Зямлі складаюць (Мінск): студз. 730, люты 675, сак. 775, крас. 870, май 1020, чэрв. 1075, ліп. 1110, жн. 1080, вер. 960, кастр. 900, ліст. 800, снеж. 775 Мдж/м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́БІНСКАЯ НІЗІ́НА, Барабінскі стэп, Бараба,
на ПдЗах. Сібіры, пераважна ў Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. Пл. каля 117 тыс.км². На Пд пераходзіць у Кулундзінскую раўніну. Паверхня — хвалістая раўніна (выш. да 150 м) з паралельнымі высокімі грывамі (асабліва на Пд). На грывах лугавыя стэпы, разнатраўныя лугі і бярозавыя гаі (калкі) на чарназёмах, саланцах і шэрых лясных глебах; у паніжэннях паміж імі — больш за 2000 прэсных і салёных азёраў (найб. Чаны, Тандава, Сартлан), сфагнавыя балоты, саланчаковыя лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШЫ́НА (peritoneum),
серозная абалонка, што высцілае сценкі брушной і тазавай поласцей і ўкрывае паверхню размешчаных у ёй органаў у чалавека і пазваночных жывёл; тонкая празрыстая пласцінка. Агульная плошча брушыны чалавека 1,6—2,04 м², таўшчыня — 0,7—1,1 мм. Складаецца з валакністай злучальнай тканкі, высланай плоскімі клеткамі мезатэлію. Паверхня брушыны гладкая, увільгатняецца серознай вадкасцю, што палягчае слізгаценне кішэчніка ў час перыстальтыкі і рух інш. органаў брушной поласці. Брушына мае ахоўную функцыю — паглынае і знішчае бактэрыі. Утварае брыжэйку і сальнік Запаленне брушыны — перытаніт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БСАНА ПУСТЫ́НЯ (Gibson Desert),
пустыня на З Аўстраліі, паміж. Вял. Пясчанай пустыняй на Пн і Вял. пустыняй Вікторыя на Пд. Пл. 240 км². Паверхня — друзаватае плато выш. 300—500 м, складзенае з дакембрыйскіх парод; на У — астанцавыя кражы з гранітаў і пясчанікаў выш. да 762 м, на З — саланчакі. Клімат трапічны пустынны. Ападкаў менш чым 250 мм за год. Рэдкія зараснікі хмызняковай акацыі і злака спініфекс. Пашавая жывёлагадоўля. Адкрыта ў 1873 англ. экспедыцыяй Э.Джайлса. Названа імем загінуўшага ўдзельніка экспедыцыі А.Гібсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВЫ МОД ЗЯМЛЯ́ (Queen Maud Land),
частка Усх. Антарктыды паміж 20°зах. і 45°усх. д. На Пн абмываецца морамі Лазарава, Рысер-Ларсена і Касманаўтаў. Паверхня магутнага ледавіка ўздымаецца на Пд да выш. 3500 м. Берагі ўяўляюць сабой шэльфавыя ледавікі. У прыбярэжнай ч. асобныя горныя хрыбты і вяршыні ўзнімаюцца над паверхняй ледавіка і дасягаюць вышыні больш за 3000 м. Дзейнічаюць навук. станцыі: Новалазараўская (Расія), САНАЭ (Паўд.-Афр. Рэспубліка), Сёва (Японія). Адкрыта ў 1930 нарв. экспедыцыяй Я.Рысер-Ларсена. Названа ў гонар нарв. каралевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. Крыжападобны ў плане будынак з трыма апсідамі. Над сяродкрыжжам невял. галоўка на чацверыку. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — высокая двух’ярусная званіца, што прымыкае да бабінца. Паверхня сцен гарызантальна руставаная. Аконныя і дзвярныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з кілепадобнымі завяршэннямі франтончыкаў, аркамі з паўкалонамі. Неф і трансепт храма перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бабінец — крыжовым, апсіды — конхамі.