САГДЗЕ́ЕЎ Раальд Зіннуравіч (н. 26.12.1932, Масква),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1968; чл.-кар. 1964). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1990) і інш. Герой Сац. Працы (1986). Брат Рэнада Сагдзеева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). З 1956 у Ін-це атамнай энергіі імя І.​В.​Курчатава, з 1961 у Ін-це ядз. фізікі Сібірскага аддз. АН СССР, з 1971 у Ін-це высокіх тэмператур АН СССР (у 1973—88 дырэктар). З 1989 у Ін-це касм. даследаванняў АН СССР. З 1989 праф. Мэрылендскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы плазмы, праблеме кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, магн. гідрадынаміцы, касм. фізіцы, праблемах глабальнай бяспекі. Тэарэтычна прадказаў і растлумачыў найб. характэрныя з’явы фізікі касм. плазмы — утварэнне бессутыкняльных ударных хваль і радыяцыйных паясоў. Развіў тэорыю працэсаў цеплаправоднасці і дыфузіі ў такамаках (1967—68; разам з А.​А.​Галеевым). Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

Коллективные процессы и ударные волны в разреженной плазме. Новосибирск, 1963;

Физика плазмы для физиков. М., 1979 (разам з Л.​А.​Арцымовічам);

Введение в нелинейную физику: От маятника до турбулентности и хаоса. М., 1988 (разам з Г.​М.​Заслаўскім).

М.​М.​Касцюковіч.

Раальд З.Сагдзееў.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПНІ́ (Tabanidae),

сямейства насякомых падатр. прамашыўных караткавусых атр. двухкрылых. Больш за 3,5 тыс. відаў. Пашыраны амаль паўсюдна, найб. трапляюцца ў лясной, стэпавай і пустыннай зонах у вільготных мясцінах. Найб. актыўныя ў цёплыя сонечныя дні. Могуць быць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб. На Беларусі 50 відаў з 8 родаў; найб. трапляюцца 2. з роду Tabanus (С. бычыны — T. bovinus, С. летні — T. schineri, С. шэры — T. bronius), а таксама дажджоўкі (Haematopota, або Chrysozona), залатавочкі (Chrysops), хібамітры (Hybomitra) і інш.

Даўж. да 3 см. Цела ўкрыта кароткімі валаскамі, крылы шырокія, моцныя. Лапкі ног з 3 прысоскамі. Брушка шырокае, пляскатае. Вусікі 3-членікавыя. Ротавыя органы ў самак колюча-сысучыя, лёгка праколваюць скуру пазваночных; у самцоў ліжучыя. Самкі пераважна крывасмокі капытных жывёл і чалавека. Самцы кормяцца сокамі раслін і інш. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у вадзе, муле, вільготнай глебе, гніючых рэштках раслін. Драпежныя, некат. дэтрытафагі.

Літ.:

Мяло И.И. Слепни и защита скота от них. Мн., 1968;

Олсуфьев Н.Г. Слепни // Фауна СССР. Л., 1977. Т. 7, вып. 2;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

С.​Л.​Максімава.

Сляпні: 1 — бычыны; 2 — дажджоўка звычайная; 3 — стракач лясны; 4 — стракач звычайны.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭОРЫЯ ЛІКАЎ

Даследаванні па тэорыі лікаў на Беларусі вядуцца з пачатку 1950-х г. Асноўны цэнтр даследаванняў — Ін-т матэматыкі Нац. АН Беларусі. Даказаны вядомыя гіпотэзы: Малера (1964, У.​Г.​Спрынджук), Бейкера і Бейкера—Шміта (1983, В.​І.​Бернік), аналаг разбежнасці ў тэарэме Хінчына (1999, В.​В.​Берасневіч). Атрыманы поўны аналаг класічнай тэарэмы Хінчына для адвольных нявырашаных мнагастайнасцей у палях рэчаісных, камплексных і p-адычных лікаў (В.​В.​Берасневіч, В.​І.​Бернік, Э.​І.​Кавалеўская, І.​М.​Марозава, У.​Г.​Спрынджук і інш.), распрацаваны эфектыўныя метады ў тэорыі дыяфантавых ураўненняў (С.​В.​Котаў, Л.​А.​Трэліна, У.​Г.​Спрынджук), даследаваны пытанні незалежнасці над полем рацыянальных лікаў значэнняў дзэта-функцыі Рымана ў няцотных пунктах (Дз.​У.​Васільеў), тэарэтыка-лікавыя метады дастасуюцца да праблем крыптаграфіі. Істотныя вынікі атрыманы ў Гродзенскім (У.​І.​Машанаў, Н.​А.​Пераверзева) і Магілёўскім (У.​М.​Борбат, Н.​У.​Саковіч) ун-тах.

Літ.:

Спринджук В.Г. Классические диофантовы уравнения от двух неизвестных. М., 1982;

Bernik V.I., Dodson M.M. Metric Diophantine approximation on manifolds // Cambridge University Press. 1999. Vol 137;

Beresnevich V.V. On approximation of real numbers by real algebraic numbers // Acta Arithmetica. 1999. Vol. 90, №2.

В.​І.​Бернік.

т. 18, кн. 2, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́К Рыгор Іванавіч (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач. артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.

Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.

Літ.:

Г.​И.​Кулик: [Публикация автобиогр. военачальника от 1939 г.] // Военно-ист. журн. 1990. № 3;

Шумейко Ю. Кулик // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 10;

Печенкин А. И ордена, и тюрьма: Роковая карьера маршала Кулика // Родина. 1996. № 6.

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯДЗЕ́ГАЎ Роберт Сяргеевіч (н. 12.5.1934, г. Шуміха Курганскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1978), праф. (1981). Скончыў Ленінградскі караблебуд. ін-т (1957). З 1958 у Чэлябінскім політэхн. ін-це. З 1963 у Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і тэхнікі кіравання (з 1963 заг. лабараторыі, з 1970 нам. дырэктара), з 1991 заг. кафедры Бел. эканам. ун-та, з 1997 — Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах удасканальвання сістэм кіравання прадпрыемствамі, арг-цыямі і фірмамі, выкарыстання ў кіраванні вытв-сцю сучасных інфарм. тэхналогій і сродкаў электроннай выліч. тэхнікі. Распрацаваў канцэпцыю інтэграваных аўтаматызаваных сістэм кіравання маш.-буд. і прыборабуд. прадпрыемствамі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Технико-экономическое планирование и учет в АСУ. Мн., 1974 (разам з Б.​В.​Пашкевічам);

Интеграция производственного планирования. М., 1978 (разам з Н.​М.​Арловай, Ю.​І.​Сідаравым);

Машинная система технико-экономического планирования на предприятии. М., 1982 (разам з Н.​М.​Арловай, М.​І.​Чашэнкам);

АСУ на промышленном предприятии: Справ. 2 изд. М., 1989 (у сааўт.);

Основы менеджмента и маркетинга. Мн., 1995 (у сааўт.);

Управление персоналом. Мн., 1997 (разам з М.​І.​Кабушкіным, В.​М.​Крыўцовым);

Теория системного менеджмента. Мн., 2001 (у сааўт.);

Управление персоналом: От фактов настоящего к возможностям будущего. Мн., 2002 (у сааўт).

т. 15, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),

удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.​Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час. «Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;

Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 16, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́НІ (Bellini),

сям’я італьянскіх жывапісцаў — заснавальнікаў мастацтва Адраджэння ў Венецыі (гл. Венецыянская школа жывапісу). Нарадзіліся ў Венецыі.

Жывапіс галавы сям’і Якапа (каля 1400—7.1.1470 ці 25.11.1471) пры мяккай лірычнасці вобразаў захаваў сувязь з гатычнымі традыцыямі («Мадонна з дзіцем», 1448). У яго малюнках (замалёўкі ант. помнікаў, арх. фантазіі) адлюстраваліся цікавасць да перспектывы, уплыў А.​Мантэньі і П.​Учэла. З імем Джэнтыле (каля 1429—23.2.1507), сынам Якопа, звязана зараджэнне венецыянскай жанрава-гіст. карціны («Працэсія на плошчы Сан-Марка», 1496, «Цуд святога крыжа», 1500). У сваіх партрэтах ён дакладна ўзнаўляў абрыс мадэлі. Джавані (каля 1430—29.11.1516), другі сын Якопа, — буйнейшы майстар венецыянскага кватрачэнта. Яго творчасць стала асновай мастацтва Высокага Адраджэння ў Венецыі. Настаўнік Тыцыяна і, верагодна, Джарджоне. Творы Джавані адметныя мяккай гармоніяй гучных, насычаных колераў і празрыстасцю святлоценявых градацый, яснай, спакойнай урачыстасцю і паэтычнасцю вобразаў («Мёртвы Хрыстос», 1470, «Мадонна з дрэўцамі», 1487, «Мадонна на троне ў акружэнні святых», 1505, «Баляванне Багоў», 1514, «Маладая жанчына за туалетам», 1515, і інш.). У яго творчасці побач з класічнай кампазіцыяй рэнесансавай алтарнай карціны сфарміраваўся поўны цікавасці да чалавечай асобы гуманістычны партрэт (партрэт дожа Леанарда Ларэдана, каля 1507).

Літ.:

Гращенков В.Н. Портреты Джованни Беллини // От эпохи Возрождения к двадцатому веку. М., 1963.

Джавані Беліні. Партрэт дожа Леанарда Ларэдана. Каля 1507.
Джэнтыле Беліні. Цуд святога крыжа. 1500.
Джавані Беліні. Маладая жанчына за туалетам. 1515.

т. 3, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,

сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.​Адорна, Э.​Фрэнкель-Бруксвік, Д.​Левінсана і Р.​Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.​Хоркхаймера, Г.​Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.

Літ.:

Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;

Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.

А.​В.​Рубанаў.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАФРЭЙДЫ́ЗМ,

кірунак у псіхалогіі і філасофіі 20 ст. Сфарміраваўся ў 1930-я г. ў выніку вылучэння з фрэйдызму. Найб. пашыраны ў ЗША. Гал. тэарэтыкі Х.Хорні, Г.​Саліван, Э.Фром, А.Кардынер. У адрозненне ад К.​Г.​Юнга і А.​Адлера, якія спрабавалі пераасэнсаваць вучэнне З.​Фрэйда ў рамках псіхааналізу, прыхільнікі Н. стварылі вучэнне, якое базіравалася на псіхааналізе, амер. сацыялогіі і этналогіі. Яны адмовіліся ад фрэйдаўскага «біялагізму» (неўсвядомленае; вучэнне аб лібіда і сублімацыі) і прызналі ролю сац. фактару ў развіцці асобы («сацыялагізацыя псіхалогіі»). Сац. фактар і сац. з’явы тлумачыліся ў пераламленні праз прызму свядомасці суб’екта (псіхалагізаваліся), у выніку чаго адхіляліся аб’ектыўныя заканамернасці. Праблема ўзаемаадносін суб’екта і аб’екта, асобы і асяроддзя разглядалася як простае прыстасаванне аднаго да другога. Своеасабліва тлумачылася і сама асоба. Напр., Саліван абсалютызаваў міжасобасныя адносіны (сітуацыі), дзе асоба разглядалася як міф — яна толькі сума адносін, што ўзнікаюць пад час зносін. Хорні, наадварот, не выключаў магчымасці «самарэалізацыі» асобы. У выніку крытычнага стаўлення да заходняй цывілізацыі Фром стварыў тэорыю «камунітарнага сацыялізму» і прапанаваў абстрактны і утапічны метад «сац. тэрапіі» амер. нацыі (неабходнасць «лячыць» грамадства ў цэлым, а не індывіда).

Літ.:

Уэллс Г. Крах психоанализа: От Фрейда к Фромму Пер. с англ. М., 1968;

Фромм Э. Человек для себя: Пер. с англ. Мн., 1997;

Яго ж. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ. Мн., 1999.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДА́РЫ (Rodari) Джані (23.10.1920, г. Аменья, Італія — 14.4.1980),

італьянскі дзіцячы пісьменнік. Друкаваўся з 1948. Аўтар зб-каў «Кніжка вясёлых вершаў» (1951), «Вершы ў небе і на зямлі» (1960), аповесцей-казак «Прыгоды Чыпаліна» (1951), «Блакітная Страла» (1954), «Джэльсаміна ў Краіне лгуноў» (1959), «Казкі па тэлефоне» (1962), «Торт у небе» (1966), кніг «Граматыка фантазіі» (1973), «Марыянеткі на волі» (1974), зб. навел-казак «Гульня ў домікі» (1980) і інш. Яго творы адметныя спалучэннем фантазіі і гумару, сац. сатыры і аптымізму. На бел. сцэне паводле казак Р. пастаўлены спектаклі «Прыгоды Чыпаліна» (1955, Дзярж. т-р лялек; 1957, 1960, Т-р юнага гледача), «Чароўнае падарожжа ў ноч» (1991, абодва Т-р юнага гледача), «Чыпаліна і яго сябры» (1990, Т-р юнага гледача), балет «Чыпаліна» (1978, Дзярж. т-р оперы і балета). На бел. мову яго творы пераклалі П.​Марціновіч, П.​Прыходзька, П.​Рунец, Я.​Семяжон, А.​Шаўня.

Тв.:

Бел. пер. — Неапаль без сонца: Вершы. Мн., 1955;

Прыгоды Чыпаліна. Мн., 1957;

У кн.: Ад вежаў Ферары. Мн., 1974;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;

Рус. пер. — Здравствуйте, дети! М., 1957;

Всемирный хоровод. М., 1962;

Путешествие Голубой Стрелы. М., 1972;

Грамматика фантазии: Введение в искусство придумывания историй. М., 1978;

Приключения Чиполлино... Мн., 1986;

Джельсомино в Стране лгунов. Почему? Отчего? Зачем? Мн., 1992.

Літ.:

Брандис Е.П. От Эзопа до Джанни Родари. М., 1965.

А.​А.​Шаўня.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)