А́СЕР ((Asser) Тобіяс) (28.4.1838—29.7.1913),

галандскі дзярж. дзеяч, юрыст. Скончыў Амстэрдамскі ун-т (1860). Праф. міжнар. і камерцыйнага права. Адзін з заснавальнікаў Ін-та міжнар. права ў Генце (1871, Бельгія). Распрацаваў законы аб грамадзянскіх правах, выдачы злачынцаў і інш. Аўтар прыкладных прац па міжнар. праве, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў канферэнцый у Гаазе 1899 і 1907 па міжнар. праве. Нобелеўская прэмія міру (1911, сумесна з А.Фрыдам).

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЕРНА́Р ((Beernaert) Агюст Мары Франсуа) (26.7.1829, г. Астэндэ, Бельгія — 6.10.1912),

бельгійскі дзярж. дзеяч. Юрыст. Чл. парламента з 1873. У 1884—94 прэм’ер-міністр і міністр фінансаў. Чл. Міжпарламенцкага саюза (з 1896). Старшыня Міжпарламенцкага савета (з 1899). Старшыня 1-й камісіі па скарачэнні ўзбраенняў на Гаагскай мірнай канферэнцыі 1899, чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе. Нобелеўская прэмія міру 1909 (разам з П. д’Эстурнелем дэ Канстанам).

А.Беернар.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕРЛІ́НЕР АНСА́МБЛЬ»

(Berliner Ensemble),

нямецкі драм. тэатр. Засн. ў 1949 у Берліне Б.Брэхтам (узначальваў яго да 1956) і яго жонкай А.Вейгель як т-р антыфаш. і антымілітарысцкага кірунку (эмблема «Берлінер ансамбля» — «Голуб міру» П.​Пікаса). У рэпертуары п’есы Брэхта, творы сусв. класікі, ням. і замежных драматургаў. У аснове мастацтва т-ра — звяртанне да думкі, інтэлекту гледача. Спектаклі вылучаюцца выразнасцю рэжысёрскага вырашэння, вобразным лаканізмам дэкарацый.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЕСІЛА́Й II (каля 442 — каля 358 да н.э.),

цар Спарты [401—358 да н.э.], палкаводзец, дыпламат. У 396—394 паспяхова ваяваў з Персіяй, але адкліканы ў сувязі з Карынфскай вайной (395—387). Пасля Анталкідава міру 387 (або 386) аднавіў гегемонію Спарты ў Грэцыі. У 378—362 ваяваў з Эпамінондам, у 361—360 удзельнічаў у вайне егіпцян з персамі. Памёр у час вяртання з Егіпта.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎЭС ((Dawes) Чарлз Гейтс) (27.8.1865, г. Марыета, штат Агайо, ЗША — 23.4.1951),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Адвакат, пасля банкір. Член Рэсп. партыі. У 1921—22 дырэктар бюджэтнага бюро. У 1923—24 старшыня міжнар. к-та экспертаў па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). У 1925—29 віцэ-прэзідэнт ЗША. У 1929—32 пасол у Вялікабрытаніі. Нобелеўская прэмія міру 1925 (разам з Дж.Чэмберленам).

Ч.Даўэс.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́НАЎСКІ МІР 1634,

мірны дагавор паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, падпісаны ў чэрвені ў в. Сямлёва на р. Палянаўка паміж Вязьмай і Дарагабужам. Завяршыў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Паводле міру Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон. Бакі дамовіліся вывесці войскі з захопленых тэрыторый і абмяняцца палоннымі без выкупу і затрымкі.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НТЫНГ ((Branting) Карл Яльмар) (23.11.1860, Стакгольм — 24.2.1925),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Швецыі. Адзін з заснавальнікаў (1889) і лідэраў с.-д. партыі Швецыі (СДПШ), 2-га Інтэрнацыянала, Бернскага інтэрнацыянала. Дэпутат рыксдага (1896—1902). Старшыня выканкома СДПШ (з 1907). Прэм’ер-міністр Швецыі ў 1920, 1921 — 23 і 1924—25. Узначаліў у Швецыі рух за далучэнне да Лігі Нацый. Вядомы вырашэннем міжнар. спрэчак па правах малых нацыянальнасцей. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з К.Ланге).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,

мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖ ((George) Генры) (2.9.1839, г. Філадэльфія, ЗША — 29.10.1897),

амерыканскі эканаміст, публіцыст. Прапанаваў ідэю «адзінага зямельнага падатку» як сродку забеспячэння ўсеагульнага дастатку і сацыяльнага міру, якая па сутнасці азначала пакрыццё ўсіх дзярж. расходаў за кошт зямельнай рэнты. Даследаваў праблемы заработнай платы, капіталу, рэнты, эканам. крызісаў, даў адзін з варыянтаў фарміравання тэорыі гранічнай прадукцыйнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч.: В 3 т. Т. 1. М., 1994.

т. 6, с. 90

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́ЦЫІ (лац. comitia),

нар. сходы ў Стараж. Рыме, на якіх выбіралі службовых асоб, прымалі законы, вырашалі пытанні вайны і міру. Было 3 віды: курыятныя К. — сходы па курыях, цэнтурыятныя К. — па цэнтурыях, трыбутныя К. — сходы ўсіх грамадзян па тэрытарыяльных акругах (трыбах). Склікаліся ў вызначаныя дні і ў спец. месцах, якія рымляне лічылі свяшчэннымі (напр., на Марсавым полі, Форуме). Функцыі К. абмежаваў Сула, у часы Аўгуста яны страцілі сваё значэнне.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)