КЮЎЕ́ ((Cuvier) Жорж) (23.8.1769, г. Манбельяр, Францыя — 13.5.1832),

французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1795), Франц. акадэміі (1818). Скончыў Каралінскую акадэмію ў Штутгарце (1788). Навук. працы па параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, сістэматыцы жывёл, гісторыі прыродазнаўчых навук. Вызначыў прынцып карэляцыі органаў, на яго аснове распрацаваў метад рэканструкцыі выкапнёвых жывёл. Прапанаваў метад вызначэння ўзросту геал. пластоў Зямлі па выкапнёвых рэштках арганізмаў і наадварот. Адмоўна ставіўся да эвалюц. ідэі ў біялогіі, прытрымліваўся поглядаў нязменнасці відаў. Прапанаваў катастроф тэорыю.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕГІЯ́ЛЬНАСЦЬ,

прынцып і метад кіравання, якое ажыццяўляецца групай упаўнаважаных асоб (калегіяй), кожны з якіх нясе персанальную адказнасць за пэўную сферу дзейнасці.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОСБРЫ́ДЗІНГ (англ. crossbreeding ад cross скрыжаванне + breeding расплоджванне),

міжпароднае скрыжаванне; метад расплоджвання с.-г. і паддоследных жывёл, форма аўтбрыдзінга. Гл. таксама Гетэрозіс.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРАВА́ННЕ ў матэматыцы,

аперацыя знаходжання інтэграла па пэўных правілах; знаходжанне рашэння дыферэнцыяльнага ўраўнення. Бывае аналітычнае, графічнае (гл. Графічныя вылічэнні) і лікавае (гл. Лікавае інтэграванне, Лікавыя метады).

Асн. метады аналітычнага І.: непасрэднае І., замена пераменнай і І. па частках. Непасрэднае І. [вылічэнне нявызначанага інтэграла ∫𝑓(x)dx] — аперацыя, адваротная дыферэнцаванню: знайсці функцыю F(x), вытворная ад якой роўная зададзенай функцыі 𝑓(x). Пры гэтым ∫[𝑓i(x) + 𝑓2(x) + ... + 𝑓n(x)]dx = 𝑓1(x)dx + ∫𝑓2(x)dx + ... + ∫𝑓n(x)dx. Вызначаны інтэграл у выпадку неперарыўнай 𝑓(x) і элементарнай F(x) вылічваецца па формуле Ньютана—Лейбніца: ∫𝑓(x)dx = F(b) − F(a). Для складанай функцыі 𝑓(x), дзе x = g(t) — дыферэнцавальная функцыя, выкарыстоўваецца метад замены пераменнай (метад падстаноўкі): ∫𝑓(x)dx = ∫𝑓[g(t)]g(t)dt. Метад І. па частках; калі u = u(x) і v = v(x) — дыферэнцавальныя функцыі, то ∫udv = uv + ∫vdu.

А.​А.​Гусак.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРЭ́НІНГ (ад аўта... + англ. training трэніроўка),

псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАЎЗНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс атрымання інфармацыі ад фанаграмы. Адрозніваецца ў адпаведнасці з відамі гуказапісу. Найб. пашыраны эл.-акустычны метад па схеме: фанаграма — пераўтваральнік — узмацняльнік — гучнагаварыцель.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТУРО́ЎСКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),

савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап. ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.

Тв.:

Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РТАНЕН ((Virtanen) Артуры Ілмары) (15.1.1895, Хельсінкі — 11.11.1973),

фінскі біяхімік; заснавальнік фінскай навук. школы тэхн. біяхіміі. Чл. Фінскай акадэміі навук і л-ры (1927). Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1916). У 1924—48 у Хельсінскім ун-це, адначасова з 1931 дырэктар Біяхім. ін-та. Навук. працы па біяхіміі кармоў. Распрацаваў метад кансервацыі зялёных кармоў падкісленнем сумессю кіслот (салянай і сернай) да pH 4, што спыняе бактэрыяльныя і ферментатыўныя працэсы («АІВ-метад» наз. па яго ініцыялах), метады кансервавання малака і малочных прадуктаў. Нобелеўская прэмія 1945.

А.І.Віртанен.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПМА́Н ((Lippmann) Габрыэль) (16.8. 1845, Халерых, Люксембург — 12.7. 1921),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1886). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Нармальную школу ў Парыжы (1868). З 1883 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па малекулярнай фізіцы, механіцы і оптыцы. Распрацаваў метад каляровай фатаграфіі, заснаваны на інтэрферэнцыі святла, атрымаў першую каляровую фатаграфію сонечнага спектра (1891). Прапанаваў метад інтэгральнай фатаграфіі для атрымання аб’ёмных відарысаў (ліпманаўская фатаграфія; 1908), прынцыпы якога знайшлі ўвасабленне ў галаграфіі і растравых аптычных сістэмах. Нобелеўская прэмія 1908.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯГЕ́НЧАНКА (Іван Сяргеевіч) (9.2. 1897, в. Крывая Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 9.5.1984),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Дацэнт (1951). Засл. ўрач Беларусі (1956). Скончыў Казанскі ун-т (1923). У 1945—68 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і ў 1945—52 гал. акушэр-гінеколаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Распрацаваў спосабы вызначэння праходнасці фалопіевых труб, абязбольвання і паскарэння родаў, метад фізіял. ажыўлення ўяўна-памерлых нованароджаных (метад Л.).

Тв.:

Физиологический метод оживления мнимоумерших новорожденных // Акушерство и гинекология. 1947. № 4.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)