Засн. ў Гомелі ў 1946. Спецыяльнасці (1996/97 навуч.г.): электратэхніка; машыны і абсталяванне ляснога комплексу; тэхналогія дрэваапрацоўчых вытв-сцей; лесанарыхтоўка драўніны; маркетынг. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ МАШЫ́Н, Лідсельмаш. Знаходзіцца ў г. Ліда Гродзенскай вобл. З 1994 адкрытае акц.т-ва. Пачаў працаваць у 1901 як чыгуналіцейны і машынабудаўнічы з-д. У перадваенныя гады выпускаў малатарні, каранярэзкі, сячкарні, конныя плугі і прыводы. У Вял.Айч. вайну разбураны Адноўлены ў 1944. З 1954 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц.т-ва «Лідсельмаш». У 1950 — пач. 1960-х г. выпускаў дыскавыя бароны, кустарэзы, веялкі-сарціроўкі, ільнамялкі і інш. У 1960—68 рэканструяваны. З сярэдзіны 1960-х г. вырабляў універсальныя бацвіннеўборачныя машыны, вібрацыйныя бульбакапалкі, з 1976 капустаўборачныя машыны. Асн. прадукцыя (1999): агрэгат глебаапрацоўчы пасяўны, бульбаўборачныя камбайны, бульбакапалкі, бульбасаджалкі, сеялкі збожжавыя, бароны дыскавыя, плугі, граблі-варушылкі, раскідвальнікі мінер. угнаенняў і пяску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «СТРОМАЎТАЛІ́НІЯ», Гомельскі завод па вырабе абсталявання ў аўтаматычную лінію для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Засн. ў 1895 як рамонтна-мех. майстэрні «Рухавік» па рамонце лесапільных, маслабойных з-даў і млыноў. У 1920-я г.наз. «Рухавік рэвалюцыі», выпускаў с.-г.машыны. З 1930 спецыялізаваўся на рамонтных работах і вытв-сці запчастак для трактароў. У Вял.Айч. вайну эвакуіраваны ў г. Аткарск Саратаўскай вобл. Пасля аднаўлення ў Гомелі (1943—44) выпускаў тарфяныя машыны. З 1966 Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання («Тарфмаш»). З 1983 сучасная назва. Асн. Прадукцыя (1997): абсталяванне і запчасткі для прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў. Пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, супрацоўнічае з Фінляндыяй, Германіяй, Францыяй, Італіяй, Кубай, Сірыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТколавых машын,
элемент хадавой часткі, які ўспрымае і перадае на раму (ці кузаў) намаганні, што дзейнічаюць на колы машыны. У залежнасці ад функцыі колаў адрозніваюць М вядучыя (перадаюць вярчальны момант колам), кіроўныя (забяспечваюць паварот машыны), камбінаваныя (вядучыя і кіроўныя адначасова; могуць уключацца ў работу, напр., пры павелічэнні нагрузкі) і апорныя напр., у прычэпах); у залежнасці ад тыпу падвескі бываюць разразныя (пры незалежнай падвесцы колаў) і неразразныя (пры залежнай падвесцы). Вядучы М. — пустацелая бэлька (найб. пашырана), па канцах якой устаноўлены вядучыя колы, а ўнутры — элементы трансмісіі (галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі). Кіроўны М. складаецца з бэлькі, што злучае колы, і дэталяў паваротнага механізма. Гл. таксама Задні мост, Пярэдні мост.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАФА́БРЫКА,
буйное вузкаспецыялізаванае прадпрыемства птушкагадоўлі па вытворчасці яец і мяса на прамысл. аснове. Тэхнал. працэс вытв-сці харчовых яец, акрамя штучнай інкубацыі, ўключае гадоўлю маладняку, утрыманне бацькоўскага і прамысл. статка. Цэхі гадоўлі маладняку і ўтрымання курэй-нясушак на П. (выкарыстоўваюцца сістэмы падлогавага, клетачнага і на сеткавай падлозе ўтрымання) абсталяваны клетачнымі батарэямі з аўтам. падачай вады, мех. раздачай кармоў, уборкай гною, зборам яец. У яйцасховішчах працуюць машыны па сартаванні, ачыстцы і ўкладцы яец, у забойных цэхах — канвееры для перапрацоўкі птушкі, у кормапрыгатавальных цэхах — машыны для прыгатавання камбікармоў. Буйныя П. працуюць у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі і інш. краінах. На Беларусі 39 П. і 3 племзаводы (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПРЫВО́Д,
сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш. Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл. або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл.Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).
Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — як гал. прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш.Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬНА-КА́САВАЯ МАШЫ́НА,
электрамеханічная машына для механізацыі касавых аперацый, уліку грашовых паступленняў, падсумоўвання кошту пакупкі (паслуг) і выдачы касавага чэка. Асн. частка машыны — электронны лічыльны механізм з прыстасаваннем, якое друкуе на кантрольнай стужцы лічбы-сумы або ўмоўныя знакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯБО́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
машыны, механізмы і ўстаноўкі для апускання паляў у грунт. Да П.а. адносяцца дызель-молаты, вібрамолаты, вібрапагружальнікі (гл.Вібрацыйная тэхніка), уціскальныя агрэгаты, капры, устаноўкі для апускання вінтавых паляў укручваннем у грунт (пры стварэнні фундаментаў пад апоры ЛЭП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАСІЛАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
энергетычная ўстаноўка, якая звычайна складаецца з паравых катлоў і паравых рухавікоў, дзе энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў мех. работу. У якасці паравых рухавікоў напачатку выкарыстоўвалі паравыя машыны (на паравозах, параходах і інш.), потым больш эканамічныя паравыя турбіны.