ДЫСТРАФІ́Я ДЗІЦЯ́ЧАЯ,

хранічнае расстройства харчавання з парушэннем абмену рэчываў. Найчасцей развіваецца ў дзяцей з пахудзеннем на 10—20% пры 1-й ступені (лёгкая Д.), на 20—30% пры 2-й (сярэдняцяжкая Д.) і больш як на 30% пры 3-й (цяжкай Д.), што парушае гарманічнае развіццё. Бывае з памяншэннем масы цела ў адносінах да яго даўжыні (гіпатрафія), з нармальнай ці лішняй масай цела (паратрафія), з прапарцыянальным зніжэннем масы і даўжыні цела (гіпастатура). Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя тыдні жыцця дзіцяці (нястача ежы і хваробы маці пры цяжарнасці, узрост, прафес. шкоднасці, алкагалізм і інш.) і постнатальна (пасля нараджэння) пад уздзеяннем эндагенных (імунадэфіцытны стан, заганы развіцця ўнутр. органаў, асабліва страўнікава-кішачнага тракту і інш.) і экзагенных (аліментарныя, інфекц. ўздзеянні, няправільны догляд) фактараў. Д. выклікае парушэнне дзейнасці ферментаў стрававальна-кішачнага тракту, працэсаў расшчаплення і ўсмоктвання харч. рэчываў, абмену буд. і энергет. працэсаў, дзейнасці нерв. сістэмы, кровазвароту. Арганізм знясільваецца, супраціўленне яго зніжаецца, можа развіцца таксіка-септычны стан, што прыводзіць да смерці.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕ́РНАСЦЬ фізічнай велічыні,

выраз, які паказвае сувязь вытворнай фізічнай велічыні (адзінкі фіз. велічыні) з велічынямі (адзінкамі), прынятымі за асноўныя ў сістэме велічынь або ў сістэме адзінак.

Абазначаецца сімвалам dim (ад англ. dimension размернасць) і запісваецца ў выглядзе здабытку сімвалаў, якія адпавядаюць асн. велічыням, узведзеным у пэўную ступень (паказчык Р.). У агульным выглядзе Р. некаторай велічыні X запісваецца ў выглядзе dimX = LαMβTγIδQμNυJη, дзе L, M, T, I, Q, N, J — сімвалы даўжыні, масы, часу, сілы току, тэрмадынамічнай т-ры, колькасці рэчыва і сілы святла адпаведна, α, β, γ, δ, μ, υ, η — паказчыкі Р. гэтых велічынь. Напр., Р. сілы F = ma, дзе m — маса цела, a — паскарэнне, вызначыцца формулай dimF = dimm∙dima = (M)(LT−2) = = LMT−2, дзе паказчыкі Р. даўжыні L, масы M і часу T, роўныя 1,1 і -2 адпаведна. Велічыні, якія маюць усе паказчыкі Р., роўныя 0, наз. безразмернымі велічынямі.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАНЖЭРЫ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ш.​Буланжэ),

мінерал класа складаных сульфідаў, сульфід свінцу і сурмы, Pb5Sb4S11. Прымесі медзі, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ігольчастыя. Валакністыя агрэгаты, шчыльныя масы. Колер ад свінцова-шэрага да зямліста-чорнага. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 6,2 г/см³. Трапляецца як другарадны мінерал у гідратэрмальных радовішчах разам са складанымі сульфідамі свінцу, карбанатамі і кварцам. Руда свінцу.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),

сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.

Ашарыт.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛУНІ́Т (франц. alunite ад alun галын),

галыновы камень, мінерал класа сульфатаў KaAl3[SO4]2(OH)6. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Шчыльныя і рыхлыя масы, радзей крышталі, валакністыя і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шараваты, жаўтаваты, буры. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 3,5—4,5; крохкі. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Алуніт — сыравіна для атрымання галыну, сульфату алюмінію, часткова калійных соляў, сернай кіслаты. Гл. таксама Алунітавая руда.

Алуніт.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБЛІГАНІ́Т (ад грэч. amblys тупы + gōnia вугал),

мінерал класа фасфатаў LiAl[PO4](FOH). Мае пераменную колькасць F і OH, іншы раз H2O; прымесі натрыю, ванадыю. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі рэдкія, буйныя, дрэнна ўтвораныя; бясформенныя масы, жаўлакі, зерні. Колер белы, зеленаваты, блакітны, карычневы. Паўпразрысты. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 3—3,1 г/см³. Пашыраны ў гранітных пегматытавых жылах, альбітызаваных гранітах: каштоўная літыевая руда.

Амбліганіт.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ АДЗІ́НАК,

сістэмы адзінак, у якіх вытворныя адзінкі вызначаюцца праз абмежаваную колькасць асноўных. У лік асн. выбіраюцца гал. чынам адзінкі даўжыні, масы і часу. Ідэя стварэння абсалютных сістэм адзінак належыць К.Ф.Гаўсу (за асн. адзінкі прыняў міліметр, міліграм і секунду). Да абсалютных сістэм адзінак адносяцца сістэма адзінак СГС (сантыметр, грам, секунда) і натуральныя сістэмы адзінак. Гл. таксама Адзінкі фізічных велічынь, Сістэмы адзінак.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНУЛАМЕТРЫ́ЧНЫ СКЛАД ГЛЕ́БЫ, механічны склад глебы,

колькасць у глебе элементарных (неагрэгаваных) часцінак розных памераў. Выражаецца ў працэнтах ад масы абсалютна сухой глебы. У залежнасці ад суадносін фіз. гліны (часцінак, драбнейшых за 0,01 мм) і фіз. пяску (больш за 0,01 мм) глебы па грануламетрычным складзе падзяляюць на пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Грануламетрычны склад глебы ў значнай ступені вызначае ўрадлівасць глебы.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНЫХ ПАВО́ДЗІН ТЭО́РЫІ,

сацыяльна-псіхалагічныя і сацыялагічныя канцэпцыі, у якіх даследуюцца масавыя, спантанныя рэакцыі людзей на крытычныя («пагранічныя») сітуацыі (напр., стыхійныя бедствы, войны, рэвалюцыі). У якасці асн. характарыстык такіх сітуацый разглядаюцца іх непрадказальнасць, непрывычнасць, навізна, што выклікае ў «масы» падазронасць, напружанасць, а ў выніку — дэмаралізацыю, паніку, разрыў групавых сувязей. Прадстаўлены ў працах амер. вучоных Н.​Смелзера, Р.​Тэрнера і інш.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)