ПАІ́СІЙ,
усходнеславянскі гравёр 17 ст. Аўтар падпісаных дрэварытаў «Вобраз Адзігітрыі» і «Іакаў Баравіцкі», змешчаных у кн. «Рай мыслены» (1659, выд. ў друкарні Іверскага манастыра на Валдаі, Расія). Магчыма, удзельнічаў у аздабленні «Часаслова» (1657 і 1658), «Брашна духоўнага» (1661) і інш. кніг, надрукаваных там жа. Мяркуюць, што да 1656 працаваў у Куцейне пад Оршай, дзе прымаў удзел у аздабленні выданняў Куцеінскай друкарні, а пасля 1676 — на Друкарскім двары ў Маскве.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
В.Ф.Шматаў.
т. 11, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБО́Н,
старажытная назва р. Заходняя Дзвіна. Пад такой назвай вядома паводле карт александрыйскага грэка К.Пталамея і рымскіх аўтараў 2 ст. н.э. Паходзіць ад лац. rubeus — чырвоны (з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). Гамер, магчыма, згадвае Зах. Дзвіну пад назвай Эрыдан (Эрыда — багіня ночы і лёсу ў стараж. грэкаў), а Герадот называе ракой бурштынавай. Стараж. германцы называлі раку — Дзюна. Назва «Р.» сустракаецца на карце Мікалая Кузанскага (1507) і карце, выдадзенай М.К.Радзівілам Сіроткай (1613).
У.Ф.Ісаенка.
т. 13, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНЭСТРО́З,
інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, якая выклікаецца лічынкамі насаглотачных аваднёў. Пашырана ўсюды, пераважна ў краінах Сярэдняй Азіі. На Беларусі часцей рэгіструецца ў коней у пашавы перыяд.
Самкі аваднёў жывародныя, на ляту ўпырскваюць у насавыя адтуліны да 60 лічынак (пераважна ў гарачы час дня). Лічынкі пранікаюць у глыбіню насавой поласці жывёлы (у лабірынты рашэцістай косці і лобныя пазухі) і выклікаюць запаленне слізістых абалонак з ацёкам і звужэннем насавых ходаў. У хворых жывёл назіраецца язвавы рыніт, задышка, знясіленне, парушаецца дзейнасць нерв. сістэмы; магчыма іх гібель.
т. 13, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭСІ́ЎНАСЦЬ (ад лац. recessus адступленне, выдаленне),
адсутнасць фенатыпічнага праяўлення аднаго алеля і абумоўленай ім бацькоўскай прыкметы ў гетэразіготнай асобіны, якая мае 2 розныя алелі аднаго гена. Напр., пры скрыжаванні чырванаплодных памідораў з жаўтаплоднымі першае пакаленне звычайна мае чырв. плады (дамінантная прыкмета, гл. Дамінантнасць). У наст. пакаленнях магчыма праяўленне ў гомазіготнай асобіны, якая мае 2 аднолькавыя алелі аднаго гена, жоўтай афарбоўкі (рэцэсіўная прыкмета). Насычанасць прыродных папуляцый рэцэсіўнымі генамі мае вял. значэнне для выжывання віду пры змене ўмоў існавання.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЛО́ВА»
(«Słowo»),
польская газета. Выдавалася з 2(14).1 да 21.2(5.3).1859 у Пецярбургу штодзённа. Выдавец І.Агрызка. З дэмакр. пазіцый асвятляла пытанні сял., міжнар. жыцця, асветы. Надрукавала вершы У.Сыракомлі, А.Чайкоўскага, матэрыялы пра літ. дзейнасць Г.Марцінкевіча. У «С.» супрацоўнічалі Ю.Барташэвіч, М.Балінскі, З.Жалігоўскі (А.Сава), З.Серакоўскі, У.Спасовіч, У.Сыракомля, магчыма, В.Каліноўскі (брат К.Каліноўскага). З газетай быў звязаны бел. паэт Я.Вуль. Забаронена за публікацыю ліста польскага гісторыка І.Лялевеля.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 15, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПО́РАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,
філагенетычна гетэрагенная група раслін, якія размнажаюцца і распаўсюджваюцца пераважна спорамі, што ўтвараюцца бясполым і палавым шляхам. Да іх адносяць водарасці і вышэйшыя С.р. (мохападобныя, дзеразападобныя, хвошчападобныя, папараці, шэраг выкапнёвых раслін), а таксама лішайнікі і грыбы. Бясполае размнажэнне грыбоў, водарасцей і лішайнікаў адбываецца рухомымі зааспорамі, нерухомымі апланаспорамі, спарангіяспорамі; палавое — ааспорамі, зігаспорамі; таксама магчыма вегетатыўнае размнажэнне (аідыі, хламідаспоры, гемы). У вышэйшых С.р. бясполае размнажэнне адбываецца спорамі, што ўтвараюцца ў спарангіях спарафітаў. С.р. проціпастаўляюць насенным раслінам — голанасенным і пакрытанасенным, што размнажаюцца і распаўсюджваюцца насеннем.
т. 15, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫСТАІДЭ́І, марскія пузыры (Cystoidea),
клас вымерлых беспазваночных тыпу ігласкурых. Жылі ў морах у ардовіку (магчыма, у кембрыі) — дэвоне. 2 атр., каля 40 родаў. Прымацоўваліся да дна або ляжалі на ім. На Беларусі рэшткі Ц. пашыраны на ПдЗ і ПнЗ у адкладах пераважна сярэдняга ардовіку Па рэштках Ц. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Цела складалася з шара-, яйца- ці грушападобнай чашачкі і сцябла (у прымацаваных форм). Чашачка ўтваралася шматлікімі шматвугольнымі таблічкамі, трывала змацаванымі і пранізанымі порамі складанай будовы; мела нешматлікія прыдаткі — брахіёлы.
т. 17, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗАБІЯЛО́ГІЯ (ад экза... + біялогія),
галіна касмічнай біялогіі, якая займаецца пошукамі жывой матэрыі і арган. рэчываў у космасе і на інш. планетах. Ускоснымі доказамі існавання жыцця ў космасе служаць знаходкі папярэднікаў складаных арган. малекул (сінільнай к-ты, фармальдэгіду; усяго каля 20), якія выяўлены ў касм. прасторы спектраскапічнымі метадамі. У межах Сонечнай сістэмы жыццё, верагодна, ёсць толькі на Зямлі. У Э. існуюць уяўленні, што жыццё па-за межамі Зямлі магчыма як на водна-вугляроднай аснове, так і на крэмніева-аміячнай.
т. 18, кн. 1, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),
стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ (Bielski) Іахім (каля 1540, в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 8.1.1599),
польскі храніст і пісьменнік. Сын Марціна Бельскага. Вучыўся ў лютэранскай акад. гімназіі ў Бжэгу. З 1588 каралеўскі сакратар. У 1597 выдаў «Хроніку Польшчы» — грунтоўную пераробку з дапаўненнямі адной з кніг «Хронікі ўсяго свету» бацькі, якая даведзена да 1586 і асвятляе падзеі з пазіцый шляхты. Магчыма, з’яўляецца аўтарам «Далейшага працягу Польскай хронікі», дзе выкладзены падзеі 1587—98 (выд. ў Варшаве ў 1851). У творы падрабязна апісаны падзеі, звязаныя з Налівайкі паўстаннем 1595—96.
т. 3, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)