СКІ́ДЗЕЛЬСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫСЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліст. 1942 — ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та, падп. райкома КП(б)Б (з ліст. 1943) і Беластоцкага абл. антыфаш. к-та, у цесным кантакце са Скідзельскім камсамольска-маладзёжным падполлем і групамі Баранавіцкай акруговай антыфашысцкай арганізацыі. Складалася з падп. груп (каля 90 чал., кіраўнікі М.​М.​Бедыс, А.​Я.​Мажэйка, А.​Ф.​Манкевіч, А.​А.​Патапаў, У.​А.​Сыты, С.​І.​Таранка і інш.). Дзейнасць арг-цыі ўзначальваў к-т (Бедыс, І.​С.​Быль, Манкевіч). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва паліт. агітацыю, хавалі і лячылі сав. воінаў, што трапілі ў акружэнне, перапраўлялі іх у партыз. атрады, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя пра перамяшчэнні акупантаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь праціўніка, удзельнічалі ў аперацыях партызан. У барацьбе супраць фаш. захопнікаў загінула 20 падпольшчыкаў.

Л.​В.​Аржаева.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІЎНЫ́ ПУТЧ» 1923, Мюнхенскі путч, Гітлераўскі путч,

спроба захопу ўлады ў Баварыі нацыстамі і праварадыкаламі пад кіраўніцтвам А.Гітлера і Э.Людэндорфа (далучыўся па просьбе Гітлера) 8—9 ліст. Адбыўся ва ўмовах рэв. крызісу 1923 у Германіі і пад уплывам паспяховага паходу на Рым 1922 італьян. фашыстаў. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. Увечары 8 ліст. 600 узбр. нацысцкіх штурмавікоў (гл. СА) на чале з Гітлерам уварваліся ў мюнхенскую піўную залу «Бюргербройкелер» (адсюль назва путчу), дзе праходзіў афіц. мітынг з удзелам кіраўнікоў Баварыі Г. фон Кара (в.а. прэм’ер-міністра), ген. О. фон Лосава (каманд. ўзбр. сіламі) і палк. Г. фон Зайсера (нач. паліцыі); Гітлер абвясціў пачатак «нац. рэвалюцыі» і стварэнне новага ўрада. Змушаныя на словах далучыцца да «рэвалюцыянераў» і іх урада, Кар, Лосаў і Зайсер пазней здолелі ўцячы і па загадзе з Берліна мабілізавалі сілы для ліквідацыі путчу. Удзень 9 ліст. 3-тысячную калону ўзбр. путчыстаў на чале з Гітлерам, Людорфам Людэндорфам, Г.Герынгам і інш. сустрэлі ў цэнтры Мюнхена каля 100 узбр. паліцэйскіх. Пасля кароткай перастрэлкі, у ходзе якой загінулі 16 нацыстаў і 3 паліцэйскія, путчысты разбегліся. Правал путчу стаў падставай для забароны Нацыянал-сацыялісцкай партыі (да 1925), арышту і зняволення за дзярж. здраду яго лідэраў. Але асвятленне гэтай падзеі ў друку прынесла Гітлеру і яго партыі агульнагерм. вядомасць. Няўдалая спроба путчу навяла Гітлера на думку, што ў далейшым нацысцкай партыі трэба дамагацца ўлады законнымі, парламенцкімі, а не гвалтоўнымі сродкамі.

Літ.:

Мазер В. Адольф Гитлер: Пер. с нем. Мн., 2000;

Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.

Н.​Г.​Клюева.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1805,

вайна паміж 3-й кааліцыяй (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) і Францыяй (гл. Напалеонаўскія войны). У пач. вайны сілы саюзнікаў: аўстр. Дунайская армія (80 тыс. чал.) на чале з фельдмаршалам К.​Макам і рас. армія (50 тыс. чал., у т. л. 15 тыс. аўстрыйцаў) на чале з ген. М.І.Кутузавым — планавалі ў жніўні злучыцца ў Баварыі, потым уварвацца ў Францыю. Адначасова планаваліся марскія дэсанты ў Памераніі, Галандыі, Італіі сіламі брыт., швед., рас. і сіцылійскага флатоў. Напалеон, які рыхтаваўся да высадкі ў Англію, хуткім маршам перакінуў свае войскі з Булонскага лагера ў Паўд. Германію. Адмысловым манеўрам сваіх сіл (220 тыс. чал.) ён абкружыў у раёне Ульма армію Мака (капітулявала 20 кастр.). Армія Кутузава, якая да пач. кастр. толькі дасягнула мяжы Баварыі, пачала 11 кастр. адступленне. Пры адыходзе рас. армія вяла ар’ергардныя баі пры Ламбаху (31 кастр.) і Амштэтэне (5 ліст.) і пазбегла абкружэння пры Санкт-Пёльтэне. 13 ліст. франц. корпус І.​Мюрата заняў Вену. 16 ліст. 6-тысячны атрад П.І.Баграціёна адбіў каля Шонграбена атаку 30-тыс. франц. войска, што забяспечыла адыход рас. арміі да Ольмюца, дзе яна злучылася з аўстр. войскам і 50-тысячнай рас. арміяй ген. Ф.​Ф.​Буксгеўдэна. 2 снеж. ў Аўстэрліцкай бітве 1805 войскі саюзнікаў разбіты французамі. Аўстрыя была вымушана падпісаць 26 снеж. мір з Францыяй, рас. войскі вярнуліся ў Расію. У той жа час брыт. флот перамог франка-ісп. флот у Трафальгарскай бітве 1805. У час вайны яскрава выявіўся ваен. талент Напалеона, які ствараў перавагу ў сілах і сродках на рашаючых напрамках і перамагаў праціўніка па частках.

т. 13, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА ЗА́ПАДНОГО ФРО́НТА»,

штодзённая газета бальшавіцкага кірунку. Выдавалася з 27.10(9.11) да канца ліст. 1917 у Мінску на рус. мове. Друкавала загады і распараджэнні Ваенна-рэв. камітэта. Засяроджвала салдат на неабходнасці барацьбы з рэакц. генералітэтам у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Пісала пра ход барацьбы за ўладу з к-тамі выратавання рэвалюцыі, антыбальшавіцкай прэсай і інш.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́АЛЬ (Vaal),

рака ў ПАР, правы прыток р. Аранжавая. Даўж. каля 1250 м. Пачынаецца ў Драконавых гарах, перасякае плато Велд, працякае па глыбокай даліне. Буйныя прытокі: Вілге, Фет, Рыт (злева), Хартс (справа). Паводка летам (ліст.—люты). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 114 м³/с. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. Буйное вадасх. Вааля — Вілге. На Ваалі — г. Ферыніхінг.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРНАСЕ́К (Ірына Францаўна) (н. 17.1.1953, в. Чаранкі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі ін-т культуры (1976). Друкуецца з 1978. Маральна-этычныя праблемы — тэма мацярынства, жаночыя турботы, мудрасць і высокая духоўнасць працоўнага чалавека, карані чалавечай спагады, дабрыні ў кн. апавяданняў «Ліст да сына» (1986), тэмы эміграцыі і гістарычныя ў кн. аповесцей «Гульні над студняй» (1993).

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫНКО́ (Сцяпан Рыгоравіч) (1897, Акцябрскі р-н Гомельскай вобл. — жн. 1919),

удзельнік грамадзянскай вайны. У час ням. акупацыі (1918) камандзір партыз. атрада (130 чал.). Пасля вызвалення Бабруйскага пав. ў ліст. 1918 камандзір батальёна, сфарміраванага з б. падпольшчыкаў і партызан. Удзельнічаў у падаўленні стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі. З 1919 на фронце. Загінуў у баі пад Бабруйскам.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЭР ((Carter) Хоўард) (9.5.1873, Суэфем, Вялікабрытанія — 2.3.1939),

англійскі археолаг. З 1891 удзельнічаў у археал. раскопках у Егіпце (раён Эль-Амарны і інш. мясціны Сярэдняга Егіпта). З 1902 праводзіў раскопкі ў Даліне цароў; у ліст. 1922 адкрыў грабніцу егіпецкага фараона XVIII дынастыі Тутанхамона (15 ст. да н.э.) — багацейшую скарбніцу помнікаў мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Гробница Тутанхамона. М., 1959.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦЕ́ХАЎ (Васіль Фёдаравіч) (1.4.1917, штат Агайо, ЗША — 12.7.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Ў Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Паўд.-Зах., Паўд., Сталінградскім, Данскім і Варонежскім франтах. Танк. рота пад камандаваннем старшага лейт. М. вызначылася ў ліст. 1942 у Сталінградскай, у ліп. 1943 у Курскай бітвах. Загінуў у баі.

В.Ф.Марцехаў.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЛЬСАН (Nelson),

рака ў Канадзе. Даўж. 640 км, пл. басейна 1072 тыс. км². Выцякае з воз. Вініпег, працякае цераз шэраг азёр, утварае парогі, упадае ў Гудзонаў заліў. Ажыццяўляе сцёк азёрна-рачной сістэмы Боу—Саскачэван—Нельсан. Сярэдні гадавы расход вады каля 2700 m​3/с. Ледастаў ад ліст. да мая. На Н. — вадасх. Вініпег. Суднаходная ў ніжнім цячэнні.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)