МА́ЎНА-КЕ́А (Mauna Кеа),
патухлы вулкан шчытавога (гавайскага) тыпу на в-ве Гаваі ў Ціхім ак. Выш. 4202 м (найб. на Гавайскіх а-вах). Складзены з алівіна-базальтавых і андэзітавых лаў. Кратэр не захаваўся, плоская вяршыня амаль пастаянна ўкрыта снегам. На схілах трапічныя лясы, хмызнякі.
т. 10, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НД (Pindos),
горы на З Балканскага п-ва, у Грэцыі (паўн. перадгор’і ў Албаніі). Даўж. каля 200 км. Выш. да 2637 м (г. Змолікас). Складзены з вапнякоў, сланцаў, пясчанікаў; развіты карст. Утвараюць некалькі хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі. Міжземнаморскія хмызнякі, мяшаныя і хваёвыя лясы.
т. 12, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),
паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.
т. 1, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЮ́КАВЫЯ (Viperidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.
т. 4, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВАДЗІ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
у цэнтр і паўд. раёнах М’янмы, у бас. р. Іравадзі, на п-ве Індакітай. Даўж. каля 800 км. Выш. каля 100 м. Паверхня пераважна плоская, паніжаецца на Пд да Андаманскага м., на Пн — узгоркі, участкі бедленда. Размешчана паміж Араканскімі гарамі на З і Шанскім нагор’ем на У, у міжгорным прагіне, запоўненым марскімі і алювіяльнымі адкладамі. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 20—23 °C, мая — больш за 30 °C. Ападкі 600—1000 мм на Пн, больш за 2000 мм на Пд (каля 90% ападкаў з чэрв. да кастр. ў перыяд паўд.-зах. мусону). Сухія саванны, мусонныя лістападныя лясы, у дэльце мангравыя лясы. Гал. с.-г. раён, каля 2/3 тэрыторыі ўзарана (рыс, проса, пшаніца, бавоўнік). Густа населена. Найб. гарады Янгон і Мандалай.
т. 7, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м. Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.
т. 11, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ХАР (Bihor),
горны масіў на З Румыніі, частка Заходніх Румынскіх гор. Выш. да 1848 м (г. Куркубэта). Пераважаюць пакатахвалістыя хрыбты і масівы. Ускраіны моцна расчлянёныя скідамі. Патухлыя вулканы. Складзены з крышт. сланцаў, гранітаў мезазойскіх пясчанікаў, кангламератаў, гліністых сланцаў, вапнякоў. Радовішчы жал. руды, баксітаў. Шыракалістыя і хваёвыя лясы.
т. 3, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭІ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у Хабараўскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. каля 400 м. Выш. да 2071 м. Складаецца з кражаў і сярэднягорных хрыбтоў (Дусе-Алінь, Ам-Алінь, Эзоп), утвораных гранітамі, гнейсамі, асадкавымі і эфузіўнымі пародамі. На схілах хваёвыя і шыракалістыя лясы. Вяршыні маюць згладжаныя гальцовыя формы.
т. 3, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫРО́НДАК (Adirondack),
горны масіў у сістэме Апалачаў, у ЗША. Выш. да 1628 м (г. Марсі). Рэльеф сярэднягорны са згладжанымі ледавіковымі формамі. Складзены з крышт. пародаў. Шмат азёраў, горных рэк. На схілах хваёвыя і мяшаныя лясы. Раён турызму. Курорт Лейк-Плэсід, цэнтр Зімовых Алімпійскіх гульняў (1932, 1980).
т. 1, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ШСКАЕ ПЛАТО́,
у горнай сістэме Зах. Саянаў, на Пд Сібіры. Выш. да 3129 м (г. Бай-Тайга). Складзена пераважна з метамарфізаваных алеўралітаў, сланцаў, пясчанікаў і кангламератаў. Расчлянёна глыбокімі рачнымі далінамі са стромкімі скалістымі схіламі. На міжрэччах камяністыя стэпы; асобныя гальцовыя вяршыні; на схілах лістоўнічна-кедравыя лясы.
т. 1, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)