ВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́, этанавая кіслата,

аднаасноўная карбонавая к-та аліфатычнага раду, CH3COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1049,2 кг/м³ (20 °C), tкіп 118,1 °C. Крышт. бязводная воцатная кіслата падобная на лёд і наз. «ледзяная» (tпл 16,75 °C). Слабая к-та, утварае солі і эфіры — ацэтаты. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтальдэгіду, бутану і інш. вуглевадародаў; узаемадзеяннем метанолу і аксіду вугляроду. Харч. воцатную кіслату атрымліваюць воцатнакіслым браджэннем вадкасцей, якія маюць этанол (гл. Воцатная эсенцыя). Выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, у вытв-сці ацэтатаў, воцатнага ангідрыду, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў. Раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5 мг/м³.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУТАМІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, α-амінаглутаравая кіслата,

HOOCCH2CH2CHNH2COOH; важнейшая заменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў практычна ўсіх прыродных бялкоў і інш. біялагічна актыўных рэчываў (глутатыёну, фоліевай к-ты, фасфатыдаў). У свабодным стане ёсць ва ўсіх тканках жывых арганізмаў, займае ключавое становішча ў азоцістым абмене. Сукупнасць абарачальных ферментатыўных рэакцый пераносу амінагруп у жывых арганізмаў (пераамінаванне) адбываецца ў сістэме глутамінавай кіслаты — глутамін-α-кетаглутаравая к-та. Біясінтэз глутамінавай кіслаты — галоўны шлях асіміляцыі аміяку ў многіх арганізмаў. Глутамінавая кіслата ўдзельнічае ў біясінтэзе многіх заменных амінакіслот, пурынаў; у клетках ц. н. с. пераносіць іоны калію K​+ і абясшкоджвае аміяк, выконвае функцыю медыятара. Выкарыстоўваецца як смакавая дабаўка да харч. прадуктаў і як лекавы сродак.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

CH2(COOH)2, двухасноўная кіслата насычанага раду. У свабодным выглядзе прысутнічае ў раслінах: лісці бабовых, зялёных ч. злакаў і парасонавых, пладах лімону. Удзельнічае ў абмене рэчываў у раслін і жывёл у форме соляў — маланатаў, у біясінтэзе тлустых кіслот. М.к. можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем ацэтылкаферменту А, які ўдзельнічае ў цыкле трыкарбонавых к-т. Солі М.к. — інгібітары клетачнага дыхання.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бэта-оксімасляная кіслата 2/22

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Альфа-амінапрапіёнавая кіслата, гл. Аланін

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́ (ад грэч. oros малодзіва),

вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзіндыоксіпірымідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,

гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМІЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

[CH3(CH2)14COOH], насычаная вышэйшая тлустая кіслата. Пашырана ў прыродзе, у выглядзе гліцэрыдаў ёсць амаль ва ўсіх прыродных тлушчах (у пальмавым алеі 35%, свіным сале 30%, каровіным сале 25%). Уваходзіць у склад воскаў (пчаліны воск, спермацэт). Мае агульныя ўласцівасці тлустых к-т. Солі П.к. ў сумесі з солямі некат. інш. к-т выкарыстоўваюць для атрымання мыла, некат. эфіры — у прыгатаванні фарбаў і пакрыццяў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ТНАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная моцная кіслата, HNO3, мал. м. 63,016. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,6 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,522∙10​3 кг/м³, з вадой утварае азеатропную сумесь (68,4% азотнай кіслаты), утварае крышталегідраты; моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем аміяку кіслародам паветра. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азотных і комплексных угнаенняў, выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, у металургіі (траўленне і растварэнне металаў) і інш. Выклікае апёкі на скуры, пара ядавітая.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)