мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч.крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКІЯ (pulmones),
парны орган паветранага дыхання некат. рыб, наземных пазваночных і чалавека, дзе ажыццяўляецца газаабмен паміж крывёй і паветрам, што ўдыхаецца (кісларод паветра пераходзіць у кроў, дыаксід вугляроду — з крыві ў паветра). Л. называюць таксама органы дыхання некат. беспазваночных (лёгачныя малюскі). Размешчаны ў пярэднім аддзеле поласці цела, у млекакормячых і чалавека — у грудной поласці, якая аддзелена ад брушной поласці грудабрушной перагародкай (дыяфрагмай). Складаюцца з частак (у правым 3, у левым 2), аснову якіх утварае бранхіяльнае дрэва — паслядоўна адгалінаваныя бронхі і бранхіёлы, якія пераходзяць у альвеалярныя хады з альвеоламі. Л. ўкрыты серознай абалонкай — плеўрай. У эмбрыягенезе чалавека і млекакормячых праходзяць шэраг стадый. Л. выконваюць рэспіраторную функцыю, удзельнічаюць у рэгуляцыі згусання крыві, тэрмарэгуляцыі, водна-салявым абмене, імуннай ахове арганізма і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,
паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,
дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІ́Н,
бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАЗУРЫ́Я (ад грэч. glykys салодкі + uron мача),
наяўнасць у мачы цукру ў высокай канцэнтрацыі. Бывае пры павышанай колькасці цукру ў крыві — гіперглікеміі, у здаровых людзей — пры залішнім ужыванні салодкага, пры нерв. і эмацыянальных перанапружаннях (хутка праходзіць). Стойкая гліказурыя можа быць прыкметай дыябету цукровага і інш. парушэнняў унутр. сакрэцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОДАМІНА́НТНАСЦЬ [ад лац. со (cum) з, разам + дамінантнасць],
удзел абодвух алеляў генаў у вызначэнні адзнакі ў гетэразіготнай асобіны; прыватны выпадак дамінантнасці. Прадукты, што сінтэзуюцца пад кантролем абодвух алеляў здольны незалежна ўплываць на выяўленне адзнакі або ўзаемадзейнічаць паміж сабой (напр., узаемадзеянне алеляў пры вызначэнні групы крыві ў чалавека і жывёл).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЫДАФІЛІ́Я (ад лац. acidus кіслы + ...філія),
схільнасць клетачных структур афарбоўвацца кіслымі фарбавальнікамі (эазінам, кіслым фуксінам, пікрынавай кіслатой і інш.). Выбіральная адсорбцыя кіслых фарбавальнікаў вызначаецца шчолачнымі ўласцівасцямі тканкавых структур. Ацыдафілія разам з базафіліяй выкарыстоўваецца ў гісталагічнай практыцы, паталагічнай анатоміі, гематалогіі, анкалогіі і цыталогіі для адрознівання клетачных структур (напр., пры аналізе клетак крыві).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАВІЯ́ЛЬНАЯ ВА́ДКАСЦЬ (ад грэч syn разам + лац. ovum яйцо),
вязкая вадкасць, якую прадуцыруе сінавіяльная абалонка ў поласць сустава. Памяншае трэнне паверхні сустава пры руху, прадухіляе сустаўныя храсткі ад сцірання, выконвае таксама метабалічную і бар’ерную функцыі, у суставе яе ўтрымліваецца 1—2 мл. Паводле саставу — дыялізат плазмы крыві з уключэннем гіялуронавай кіслаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,
група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.
β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ. Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.