ЖУРА́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (1810, Магілёўская губ. — 23.11.1856),

расійскі эканаміст. статыстык. Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1829). З 1831 працаваў у камісіі М.​М.​Спяранскага па складанкі Збору законаў Рас. імперыі. З 1845 у Кіеве на стат. рабоце. Распрацаваў сістэму стат. паказальнікаў для вывучэння з’яў грамадскага жыцця, а таксама праграму даследавання прадукц. сіл Расіі. Пры вывучэнні сац. з’яў прытрымліваўся канцэпцыі падзелу грамадства на асобныя класы і групы, неабходнасці забеспячэння росту нар. дабрабыту. Аўтар прац «Аб крыніцах і выкарыстанні статыстычных звестак» (1846), «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» (т. 1—3, 1852).

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Іван Іванавіч) (8.2.1897, в. Трупехіна Падарожскага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 8.7.1968),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 3-м Бел. франтах. 15.10.1943 стралк. корпус пад яго камандаваннем фарсіраваў Дняпро каля в. Шчытцы Лоеўскага р-на, захапіў плацдарм і нанёс праціўніку вял. страты. Да 1955 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТАВА́ЛЬНІК,

прыстасаванне на с.-г. плугах для пракладкі круглых поласцей (кратавін) у залішне ўвільготненых мінер. (сугліністых і гліністых) глебах. Выкарыстоўваюць для частковага адводу лішкавай вільгаці з ворнага слоя. стварэння ўмоў для больш раўнамернага размеркавання вільгаці па глыбіні і аэрацыі. Кратавіны дыяметрам 5—6 см пракладваюць адначасова з ворывам на глыбіні 35—40 см з адлегласцю 1—1,5 м паміж імі. Кротавы дрэнаж робяць таксама кротадрэнажнымі машынамі (гл. Дрэнажныя машыны).

Схема кратавальніка на корпусе плуга: 1 — корпус плуга; 2 — палявая дошка; 3 — дрэнер; 4 — нож.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТВІ́ЙСКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.

Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 9, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДАЎСКІ МАНАСТЫ́Р ДАБРАВЕ́ШЧАННЯ Існаваў у 1730-я г. — 1918 у в. Ляды

(цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). Засн. каля 1730 як уніяцкі манастыр ордэна базыльян мечнікам ВКЛ І.​Завішам. У 1792—94 пабудавана мураваная царква Дабравешчання, у 1811—50 — жылы корпус. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1818—159 вучняў),

шпіталь. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр пераўтвораны ў праваслаўны. У 1918 закрыты, царква і інш. будынкі захаваліся. Помнік архітэктуры рэсп. значэння.

А.​А.​Ярашэвіч.

Лядаўскі манастыр Дабравешчання. Агульны выгляд царквы.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.​Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял. Айч. вайны, пазней знесены.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),

турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЗЕРАЎ (Уладзіслаў Аляксандравіч) (11.10.1769, с. Боркі Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 17.9.1816),

рускі драматург. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1787). Друкаваўся з 1794 (вершы, вольныя пераклады). Першая п’еса — трагедыя «Яраполк і Алег» (1798). У вершаваных трагедыях «Эдып у Афінах» (1804), «Фінгал» (1805), «Дзмітрый Данскі» (паст. 1807), «Паліксена» (1809) спалучэнне рыс класіцызму і сентыменталізму. П’есы О. садзейнічалі фарміраванню рус. нац. школы акцёрскай ігры.

Тв.:

Трагедии. Стихотворения. 2 изд. Л., 1960.

Літ.:

Вяземский П.А. О жизни и сочинениях В.​А.​Озерова // Соч. М., 1982. Т. 2;

Гордин М.А. Владислав Озеров. СПб., 1991.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў у 17 ст. — 1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Засн. полацкім войскім К.​Храпавіцкім з жонкай Тэафіляй з Сакалінскіх паміж 1628 і 1648 (найб. верагодная дата — 1640). Першыя 2 касцёлы былі драўляныя. Мураваны касцёл св. Антонія пабудаваны ў 1763—75. Уяўляў сабой 3-нефавы храм памерам 14,5 χ 9,5 сажняў з 2-вежавым фасадам, у інтэр’еры было 7 алтароў. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў царкву, пасля 1917 разбураны. Захаваўся 2-павярховы жылы корпус пач. 18 ст., помнік архітэктуры барока.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,

помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.​Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт. Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял. унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб. манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.

С.​Г.​Багласаў, Т.​Р.​Маліноўская.

Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)