ДЗЮСЕРСО́ (Du Cerceau, Ducerceau),

сям’я французскіх архітэктараў 16—17 ст. Жак I Андруэ (1510 ці 1512, Парыж — каля 1585), у 1531—33 працаваў у Італіі. Вядомасць прынеслі цыклы дакументальна дакладных афортаў з Выявамі помнікаў архітэктуры: «Кніга архітэктуры» (1559—61), «Антычныя аркі і манументы» (1560), «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі» (т. 1—2, 1576—79). У сваіх праектах (святочна-парадныя замкі Шарлеваль у Нармандыі, Вернёй-сюр-Уаз у Іль-дэ-Франсе) свабодна спалучаў элементы ант. і рэнесансавай італьян. архітэктуры. Жак II Андруэ (каля 1550—1614), з 1588 «архітэктар караля». Удзельнічаў у буд-ве Вял. галерэі Луўра і павільёна Флоры палаца Цюільры ў Парыжы (1600—08, не захаваўся).

Жак I Андруэ Дзюсерсо. Замак-лалац Вернёй-сюр-Уаз. З афорта цыкла «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі». 1576.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУМБА́ДЗЕ (Надар Уладзіміравіч) (14.7.1928, Тбілісі — 14.9.1984),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1948. Першая кнігазб. гумарыстычных апавяданняў «Вясковы хлапчук» (1958). Раманы «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» (1960), «Я бачу сонца» (1962, за абодва прэмія Ленінскага камсамола 1967) прысвечаны жыццю груз. вёскі ў гады Вял. Айч. вайны. У раманах «Сонечная ноч» (1967), «Белыя сцягі» (1972, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.​Руставелі 1975), «Закон вечнасці» (1978, Ленінская прэмія 1980), аповесці «Кукарача» (1980) і інш. разглядае актуальныя сац.-этычныя праблемы Грузіі. Творы адметныя спалучэннем камічнага з драматычным, нац. гумару з глыбокім лірызмам. Асобныя творы экранізаваны, інсцэніраваны. На бел. мову творы Д. перакладалі В.​Нікіфаровіч, У.​Сіўчыкаў, М.​Стральцоў.

Тв.:

Бел. пер. — Закон вечнасці. Мн., 1989;

Рус. пер. — Романы. М., 1968.

Н.У.Думбадзе.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫЦІІ́ СВЯТЫ́Х»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 17 ст. Перакладзены з польскай мовы. Першакрыніца — «Жыціі святых» П.​Скаргі. Вядомы тры скарочаныя бел. пераклады. Найб. поўны (141 жыціе) створаны ў 2-й пал. 17 ст., відаць, у Магілёве, захаваў многія літ. асаблівасці арыгінала. Бел. перакладчыкі выбіралі творы пра найб. вядомых «святых», часам уносілі змены ў тэксты (апускалі выпады супраць праваслаўных і пратэстантаў, пахвалы рымска-каталіцкаму касцёлу і інш.). Творы ў зборніку маюць сярэдневяковы рэліг.-аскетычны, дыдактычны характар, схематычныя вобразы, але дзякуючы багаццю зместу, даходлівасці выкладу былі папулярныя сярод бел., польскіх і ўкр. чытачоў.

Літ.:

Гудзий Н.К. Переводы «Żywotów śwętych» Петра Скарги в Юго-Западной Руси. Киев, 1917;

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАПГен. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).

М.​М.​Пікулік.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІР ДЖАЛА́Л (сапр. Пашаеў Мір Джалал Алі аглы; 26.4.1908, г. Ардэбіль, Іран — 28.9.1978),

азербайджанскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. нав. Азербайджана (1947). Д-р філал. н. (1947). Скончыў пед. ін-т у Баку (1935). Друкаваўся з 1928. Аўтар гіст. і сац. раманаў пра падзеі грамадз., Вял. Айч. войнаў, пасляваен. адраджэнне азерб. вёскі: «Уваскрэслы чалавек» (1935), «Маніфест маладога чалавека» (1937—39); «Адкрытая кніга» (1944), «Новы горад» (1951) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Рост», 1935; «Раны Радзімы», 1943; «Слова пра чалавечнасць», 1961, і інш.). Працы па гісторыі развіцця азерб. л-ры, майстэрства пісьменнікаў Фізулі, Мамедкулізадэ, С.​Вургуна і інш. На бел. мову асобныя творы М.​Дж. пераклаў В.​Рабкоў.

Тв.:

Рус. пер.: — Куда ведут дороги. М., 1979.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯФІ́ЛЬСТВА (ад грэч. biblion кніга + philia любоў, літар. любоў да кнігі),

збіранне і вывучэнне рэдкіх і каштоўных выданняў. Спрыяе стварэнню кнігазбору, зберажэнню рэдкіх выданняў, адметных якасцю друку, ілюстрацыямі, пераплётамі, аўтографамі іх уладальнікаў і інш.

Збіранне твораў пісьменства вядома са стараж. часоў на Усходзе, у Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднявеччы ў Зах. Еўропе былі прыватныя зборы рукапісных кніг. Пасля вынаходства кнігадрукавання (15 ст.) у калекцыях бібліяфілаў гал. месца займалі друкаваныя выданні. Найб. каштоўнасць маюць зборы стараж. рукапісаў, кнігі 16—17 ст., першыя выданні класікаў л-ры, творы, забароненыя цэнзурай, калекцыі, прысвечаныя асобным галінам ведаў. У Расіі бібліяфільства ўзнікла ў 16 ст. Вядомыя кнігазборы Сімяона Полацкага, Я.​Бруса, А.​І.​Мусіна-Пушкіна, Дз.​П.​Бутурліна, М.​П.​Румянцава, М.​П.​Ліхачова і інш. Выдаваліся спец. часопісы «Антиквар» (1902—03), «Русский библиофил» (1911—16), дзейнічалі «Рускае бібліялагічнае таварыства» (1899—1916), Рускае т-ва сяброў кнігі (1920—29, Масква), Т-ва бібліяфілаў (1923—31, Ленінград). У 1974 створана Усесаюзнае добраахвотнае т-ва аматараў кнігі. З 1992 дзейнічае Міжнар. т-ва кнігалюбаў.

На Беларусі бібліяфільства вядомае з 16 ст. Значныя прыватныя кнігазборы былі ў Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку (гл. Радзівілаў бібліятэка), Сапегаў у Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н, гл. Сапегаў бібліятэкі), Храптовічаў у Шчорсах (Навагрудскі р-н, гл. Храптовічаў бібліятэкі), Паскевічаў у Гомелі, Масальскіх у Белічанах, Оштарпаў у Дукоры, Юндзілаў у Івацэвічах, Тызенгаўзаў у Паставах. Каштоўныя кнігазборы мелі браты В. і К.​Каліноўскія, А.​К.​Ельскі, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. У дзярж. кнігасховішчы Беларусі паступілі прыватныя кнігазборы вучоных Я.​Ф.​Карскага, М.​А.​Янчука, П.​Н.​Беркава, А.​Я.​Багдановіча. У 1926—29 дзейнічала Бел. т-ва бібліяфілаў, у 1974 створана Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі Беларусі, з 1991 Бел. т-ва «Кніга», якое выдае альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЦКІЯ ДРУКА́РНІ,

выдавецкія ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі на Беларусі і Украіне ў канцы 16—18 ст. Адыгралі вял. ролю ў развіцці бел. і ўкр. культуры, уздыме асветы. У іх дзейнасці выразна выявіліся сувязі бел. кнігадрукавання з выдавецкімі традыцыямі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Існавалі Віленская брацкая друкарня (канец 16 — пач. 18 ст.), Еўінская друкарня (17 ст.), Магілёўская брацкая друкарня (17—18 ст.). Да брацкіх можна аднесці Куцеінскую друкарню (17 ст.), актыўны ўдзел у рабоце якой прымалі магілёўскія і аршанскія братчыкі, хоць прывілеі, што пацвярджалі б права на друкарню аршанскага брацтва, не выяўлены. У 1594—1608 перапынілася або аслабла дзейнасць галоўнай у тыя часы брацкай друкарні ў Львове. Пры падтрымцы брацтваў і па іх заказах працавалі друкарні С.Собаля, І.Труцэвіча, М.Вашчанкі. З канца 16 ст. да 1654 выйшла 127 выданняў, у т. л. 16 вучэбных (пераважна буквары), 12 палемічна-публіцыстычных («Кніга пра веру», «Трэнас», «Сінопсіс» і інш.), 16 панегірычных і прапаведніцкіх (казанні), 20 «Чэццяў кнігі» і інш. нелітургічных твораў. З іх больш за 70% выйшла на царк.-слав. ці бел. мове (або на царк.-слав. ў бел. рэдакцыі), 25% — на польскай. У 2-й пал. 17—18 ст. ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. супярэчнасцей больш ці менш сістэматычна працавала толькі брацкая друкарня ў Магілёве. Пагоршыўся вонкавы выгляд кніжнай прадукцыі, а самую вял. яе частку складала царк.-багаслоўская і літургічная л-ра. Усяго ў 16—18 ст. брацкія друкарні (разам з друкарнямі Собаля і Вашчанкі) выпусцілі каля 170 выданняў.

Літ.:

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław;

Kraków, 1959;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;

Яго ж. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии (конец XVI—XVIII в.) // Книга и графика. М., 1972.

Т.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КНІ́ГА»,

добраахвотная культ.-асв. грамадская арг-цыя. Створана ў 1974 як «Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі». З 1991 сучасная назва. Асн. задачы: развіццё бел. нац. культуры ў сферы кнігі; садзейнічанне кнігавыданню, кнігазнаўству, кнігараспаўсюджванню, рабоце б-к; зберажэнне і памнажэнне духоўных скарбаў народа, бел. мовы і л-ры, прапаганда кніг і перыяд. выданняў, распаўсюджванне сярод членаў т-ва і насельніцтва л-ры. Т-ва займаецца выдавецкай дзейнасцю (выпускае серыю мініяцюрных выданняў «Скарбы бел. л-ры і фальклору», выдала альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь» і інш.); арганізоўвае сустрэчы з пісьменнікамі, навукоўцамі, бібліяфіламі, супрацоўнікамі выд-ваў, музеяў; праводзіць чытацкія канферэнцыі, вечары, выстаўкі, прэм’еры, святы кнігі, конкурсы, агляды. У складзе т-ва 6 абл., 82 гар. і раённыя праўленні, больш за 1200 пярвічных арг-цый; больш за 46 тыс. членаў (1995).

Л.​І.​Макаранка.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТАЎ (Андрэй Георгіевіч) (н. 27.5.1937, С.-Пецярбург),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1962). Першая кнігазб. апавяданняў «Вялікі шар» (1963). У зб-ках апавяданняў «Аптэкарскі востраў» (1968), аповесцяў «Дачная мясцовасць» (1967), «Спосаб жыцця» (1972), «Дні чалавека» (1976), «Нядзельны дзень» (1980), цыкле аповесцяў «Роля» (1976), раманах «Малады Адоеўцаў» (1976), «Пушкінскі дом» (1987), «Апантаныя» (ч. 1—3, 1995) і інш.філас.-этычныя і эстэт. праблемы, унутраны свет сучаснага інтэлігента. Для стылю пісьменніка характэрна спалучэнне белетрыстыкі і эсэістыкі, прасякнутай лірызмам. Аўтар дзённікаў-падарожжаў («Адна краіна», 1961; «Урокі Арменіі», 1967—68; «Азарт», 72), літ.-біягр. партрэтаў («Падарожжа да сябра дзяцінства», 1966), нататкаў пра л-ру і мастацтва («Выбар натуры», 1971—73; «Ахілес і чарапаха», 1975), філас.-публіцыстычных нарысаў («Птушкі, або Новыя звесткі пра чалавека», 1971—75, і інш.).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́ (каля 945 — 949 — 7.10.1003),

армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.

Тв.:

Рус. пер. — Книга скорбных песнопений. М., 1988.

А.​Казінян.

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)