АЛЯКСА́НДРАЎСКІ КАФЛЯ́НЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1873—1914 у в. Аляксандраўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляў кафлю, тэракоту, паліву. У 1895 былі 2 конныя рухавікі. У 1898 працавалі 59, у 1913 — 38 рабочых. У канцы 19 ст. ўзнікла акц. кампанія «Аляксандраўскія кафляныя заводы» з новымі з-дамі ў Аляксандраўцы і Прапойску (цяпер г. Слаўгарад).

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЭ́Я (польск. basteja),

земляны насып або 2-яруснае мураванае збудаванне, паўкруглае ці падковападобнае ў плане; элемент абарончага сярэдневяковага ўмацавання. Выступала за лінію сцен крэпасці і фланкіравала агнём падыходы да іх. Пераходная форма ад вежы да бастыёна. Бастэі існавалі ў канцы 15—16 ст. і прызначаліся для размяшчэння артылерыі. На Беларусі вядомы ў Мядзельскім і Геранёнскім (Іўеўскі р-н) замках.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЯ,

1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.

2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = ​1/96 залатніка = 0,0444 г.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Якаў) (Якушка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Віцебска. Майстар беларускай рэзі. Працаваў пераважна ў Маск. дзяржаве. У канцы 1666 пераведзены з Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Маскву. Разам з інш. бел. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), рабіў разную мэблю, узорыстыя аконныя рамы і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬНІЦЫ, мухі-пчалавідкі (Eristalis),

род мух сям. журчалак. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 20 відаў.

Даўж. 7—16 мм. Нагадваюць пчол. Цела кароткае, кампактнае, з шырокімі моцнымі крыламі. Лічынкі цыліндрычныя, цела іх заканчваецца дыхальнай трубкай з парай дыхальцаў на канцы. Акукліваюцца. зімуюць. Кормяцца нектарам кветак.

Ільніцы: 1 — аваднёвая; 2 — звычайная; 3 — рознакаляровая (а — самка, б — самец).

т. 7, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎШЧЫНА,

у Каралеўстве Польскім і Рэчы Паспалітай непасрэдныя ўладанні дзяржавы ў асобе манарха. З 15 ст. часта аддаваліся ў трыманне прыватным асобам (дзяржаўцам, старостам, намеснікам, цівунам) як дзяржавы, староствы, а часцей — у заклад (заставу). У канцы 16 ст. некаторыя К. вылучаны для задавальнення патрэб каралеўскага двара і каралеўскага скарбу, яны атрымалі назву эканоміі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ФТЫ (новагрэч. klephtes літар. злодзеі),

грэчаскія партызаны-сяляне, якія ў 17 — пач. 19 ст. змагаліся супраць тур. акупац. войск і буйных грэч. землеўладальнікаў (апошнія далі ім зневажальную мянушку). У канцы 17 ст. туркі легалізавалі ч. атрадаў К. як унутр. варту (арматолаў). К. складалі аснову сіл паўстанцаў у час грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29, з іх асяроддзя выйшаў Т.Калакатроніс.

т. 8, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПА ЗАКО́Н,

эмпірычнае абагульненне аб характары развіцця асобных сістэматычных груп арганізмаў. Сфармуляваны амер. вучоным Э.​Копам у канцы 19 ст. Сцвярджае: новыя групы арганізмаў паходзяць ад мала спецыялізаваных форм, што захоўваюць эвалюцыйную пластычнасць, а не ад вышэйшых спецыялізаваных прадстаўнікоў продкавых груп, для якіх глыбокая спецыялізацыя забяспечвае працвітанне ў адносна стабільных умовах існавання, але ў выпадку змены ўмоў група вымірае.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОТ (галанд. lood),

навігацыйная прылада для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Адрозніваюць: ручны Л. (для глыб. да 50 м) — размечаны шнур (лінь) з грузам (маса 3,5—5 кг) на канцы, які апускаецца ў ваду да сутыкнення з дном; механічны Л. (для глыб. 10—200 м) — трос з прыборам, што рэгіструе гідрастатычны ціск каля дна, гідраакустычны (рэхалот).

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАКАБЛУ́КА»,

бел. нар. парны танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Пары рухаюцца адна за адной па крузе. У аснове харэагр. малюнка — спалучэнне фігурнай праходкі з вальсападобнымі вярчэннямі. У цэнтры круга імправізацыйна танцавалі салісты. Танец суправаджаецца прыпеўкамі. У канцы 19 ст. бытаваў на Віцебшчыне, пра што згадвае этнограф П.​В.​Шэйн. Зафіксаваны таксама ў Гомельскай вобл.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)