КАНСО́ЛЬ (франц. console) у архітэктуры, выступ у сцяне; канструкцыя, цвёрда замацаваная адным канцом у сцяну пры свабодным другім яе канцы (камень, бэлька, пліта, ферма) ці тая частка, што выступае за апору. К. звычайна падтрымліваюць карнізы, скульптуры, балкон, эркер і інш. Дзякуючы выразным маст. формам, з’яўляюцца элементамі дэкар. аздаблення будынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТУРЫ́Н,
мінерал, шчыльны празрысты дробназярністы кварц з уключэннямі гематыту, слюды і інш. Колер серабрыста-белы, чырванавата-буры, залаціста-жоўты, радзей зялёны, сіні. Бляск мігатлівы, іскрысты, з пералівамі. Радовішчы звязаны з метамарфічнымі тоўшчамі кварцытаў. Выкарыстоўваецца як вырабны камень (вазы і інш.). Штучны авантурын — карычневае шкло з уключэннямі лісцікаў метал. медзі, што надае яму залацісты бляск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНІТАІ́Т (ад назвы акругі Сан-Беніта ў штаце Каліфорнія, ЗША),
мінерал, тытанасілікат барыю, 2[BaTiSi3O9]. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі ў выглядзе невял. плоскіх трохвугольных двайных пірамід. Колер сіні, белы або бясколерны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны, Цв. 6—6,5. Крохкі. Шчыльн. 3,6 г/см³. Рэдкі, у невял. жылах і глаўафанавых сланцах. Выкарыстоўваецца як паўкаштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНАЕ ШКЛО́,
аморфная вулканічная горная парода, якая ўтвараецца пры хуткім (без крышталізацыі) застыванні лавы. Пераахалоджаная вадкасць вельмі вял. вязкасці. Можа цалкам складаць вылітыя ліпарытавыя кіслыя, радзей базальтавыя эфузіўныя пароды. Да парод, што складаюцца амаль цалкам з вулканічнага шкла і адрозніваюцца паводле саставу або асаблівасцей структуры, належаць абсідыян, смаляны камень (пехштэйн), пемза, перліт, тахіліт, сордаваліт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛЕ́Т (франц. doublet ад double двайны),
1) адзін з 2 аднолькавых прадметаў; другі экзэмпляр якой-н. рэчы ў калекцыі, музеі, б-цы і інш. 2) Падроблены каштоўны камень, склеены з 2 частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца сапраўднай.
3) 2 выстралы запар па адной цэлі з двухствольнага ружжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НІН ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на ПнЕўрап.ч. Расіі. Аддзяляе Белае м. ад Чэшскай губы Баранцавага м.Пл. каля 10,5 тыс.км². Паверхня раўнінная, забалочаная. На Пн платопадобны краж Канін Камень (выш. да 242 м), складзены з крышт. сланцаў; заканчваецца на ПнЗ скалістым мысам Канін Нос, на ПдУ Мікулкіным мысам. Рыбалоўства, марскі промысел, аленегадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЕ́НЬ,
старажытная ўдарна-драбільная зброя. Складаўся з кароткай драўлянай ручкі, да аднаго канца якой на ланцугу ці рамяні падвешваўся цяжкі груз (камень, гіра, спец. шматгранная метал. адліўка), а да другога мацавалася пятля для надзявання на кісць рукі (адсюль назва). Быў пашыраны ў Стараж. Русі і многіх краінах Усходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Т (грэч. achatēs),
мінерал, разнавіднасць халцэдону з паласатай ці плямістай тэкстурай або дэкаратыўнымі ўключэннямі. Адрозніваюць: агаты (блакітнавата-шэрыя і белыя), агатавы онікс (белыя і чорныя слаі), карнеалонікс (чырвоныя і белыя), сардонікс (чырвона-бурыя і белыя) і інш. Характар афарбоўкі — вясёлкавы. Бляск васковы да матавага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см. Выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні, як паўкаштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),
мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.