ПІТ (Pitt) Уільям Старэйшы (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ТА Эйсаку (27.3.1901, прэфектура Ямагуты, Японія — 3.6.1975),

дзяржаўны дзеяч Японіі. Скончыў Такійскі ун-т (1924). Юрыст. З 1924 у мін-ве чыгунак. З 1948 чл., з 1953 ген. сакратар Ліберальнай партыі, з 1957 старшыня выканкома Ліберальна-дэмакратычнай партыі Японіі. У 1950—60-я г. ўзначальваў шэраг міністэрстваў. У 1964—72 прэм’ер-міністр Японіі. Гал. кірунак знешняй палітыкі яго ўрада — паляпшэнне адносін Японіі з краінамі Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, якія пацярпелі ад яп. агрэсіі ў 2-ю сусв. вайну. Дамогся ад ЗША вяртання ў 1972 а-воў Акінава і Агасавара. Нобелеўская прэмія міру 1974 (з Ш.​Макбрайдам).

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕ́ГУР (Snegur) Мірча (н. 17.1.1940, с. Трыфанешты Фларэшцкага р-на, Малдова),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Малдовы. Канд. с.-г. н. Скончыў Кішынёўскі с.-г. ін-т. З 1961 працаваў гал. аграномам, старшынёй калгаса, дырэктарам доследнай станцыі Кішынёўскага с.-г. ін-та; з 1971 у сістэме Мін-ва сельскай гаспадаркі Малд. ССР, з 1978 дырэктар Малд. НДІ паляводства, ген. дырэктар навук.-вытв. аб’яднання «Селекцыя». У 1981—85 сакратар Едзінецкага райкома, у 1985—89 сакратар ЦК Кампартыі Малдавіі. У 1989—90 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Малд. ССР. У 1990—96 Прэзідэнт Рэспублікі Малдова, якая пры ім 27.8.1991 абвясціла пра сваю незалежнасць.

т. 15, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯНЬКО́ Уладзімір Лявонавіч (н. 5.8.1946, в. Вішкавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ін-т міжнар. адносін (1973), Дыпламат. акадэмію МЗС СССР (1987). Працаваў у пасольстве СССР у Польшчы, цэнтр. апараце МЗС СССР. У 1991—92 нам. міністра, у 1994—97 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. З 1992 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы, у 1994 — у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі, з 1997 — у Францыі, па сумяшчальніцтве ў Іспаніі і Партугаліі; пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА. Неаднаразова ўзначальваў дэлегацыю Рэспублікі Беларусь на сесіях Ген. Асамблеі ААН, інш. міжнар. форумах.

т. 15, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІ́НІЙ Гай (Gaius Flaminius; ? — 23.6.217 да н.э.),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Стараж. Рыма. Нар. трыбун 232, цэнзар 220, консул 223 і 218 да н.э. Адстойваў інтарэсы плебеяў і коннікаў. Правёў законы аб надзяленні плебеяў зямлёю (232), аб далучэнні вольнаадпушчанікаў да 4 гар. трыбаў (220), што спрыяла дэмакратызацыі рым. грамадства. Садзейнічаў будаўніцтву (цырк Ф. на Марсавым полі і Фламініева дарога з Рыма ў Арымін). Паспяхова ваяваў з інсубрамі ў Галіі (223). Загінуў у час 2-й Пунічнай вайны ў бітве каля Тразіменскага воз. разам з б. часткай арміі, якую ён узначальваў.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЦЕ́РА (сапр. Маржкоўскі ці Меражкоўскі) Павел Іванавіч (? — каля 1670), дзяржаўны дзеяч Украіны. Валынскі шляхціц, прыбліжаны (пазней зяць) Б.Хмяльніцкага. Удзельнік вызв. вайны 1648—54 супраць польскага панавання. Выступаў супраць далучэння Украіны да Расіі, удзельнічаў у падпісанні ўкр.-польскага Гадзяцкага дагавора 1658. Пасля вымушанай адмовы ад улады Ю.​Хмяльніцкага (сын Б.​Хмяльніцкага, гетман Украіны ў 1659—63) абвясціў сябе гетманам Правабярэжнай Украіны (1663—65). Са сваімі казацкімі палкамі далучыўся да паходу польскіх войск на Левабярэжную Украіну (1663—64), разам з палякамі падаўляў нар. хваляванні 1663—65 на Правабярэжнай Украіне. У 1665 пад націскам паўстанцаў уцёк у Польшчу.

т. 17, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГІ́Р Міхаіл Мікалаевіч (н. 24.5.1948, в. Усава Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1970), спецфакультэт пры Маскоўскім фін. ін-це (1982). У 1973—80 кіраўнік Клецкага аддз. Дзяржбанка СССР, потым Маскоўскага аддзялення Дзяржбанка СССР г. Мінска. У 1982—86 на парт. рабоце. З 1986 кіраўнік Мінскай гар. канторы Дзяржбанка СССР. З 1988 1-ы нам. старшыні праўлення Бел. рэсп. «Аграпрамбанка», з 1991 старшыня праўлення акцыянернага камерцыйнага «Белаграпрамбанка». З ліп. 1994 да ліст. 1996 прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. У 1998—99 кіраўнік прадстаўніцтва Еўрап. канцэрна «CEA» у Расіі.

М.М.Чыгір.

т. 17, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ШЫН Уладзімір Васілевіч (н. 26.10.1942, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Новачаркаскі політэхн. ін-т (1964), Акадэмію грамадз. авіяцыі ў Ленінградзе (1989). Працаваў токарам Новачаркаскага электравозабудаўнічага з-да, ст. інжынерам, гал. механікам, нам. дырэктара з-да грамадз. авіяцыі ў Мінску. З 1990 старшыня Кастр. райвыканкома г. Мінска, нам. старшыні, 1-ы нам. старшыні, у 1995—2000 старшыня Мінскага гарвыканкома. У лют.—сак. 2000 в.а., у сак. 2000—кастр. 2001 прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. З 2002 дырэктар Прадстаўніцтва рас. Адкрытага акц. т-ва «Мабільныя Тэлесістэмы» ў Беларусі.

У.В.Ярмошын.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ЛА ДА СІ́ЛВА (Lula da Silva) Луіс Інасіу (н. 27.10.1945, г. Варжэн-Грандэ, цяпер Каэтэс, Бразілія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Бразіліі. З 1959 рабочы на розных металург. прадпрыемствах г. Сан-Паўлу, актывіст прафс. руху. Чл. Выканкома (1969—72), 1-ы сакратар (1972—75), старшыня (1975—80) Прафсаюза металургаў Сан-Бернарду-ду-Кампу і Дыдэмы. Кіраваў забастоўкамі металургаў 1978 і 1979. Адзін з кіраўнікоў агульнанац. кампаніі 1980-х г. за аднаўленне цывільнага кіравання ў Бразіліі. У 1980—87 і з 1993 старшыня Партыі працоўных. З кастр. 2002 прэзідэнт Бразіліі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ Генадзь Васілевіч (н. 2.1.1949, г. Магілёў),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў БПІ (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1988). З 1971 у Магілёўскім будтрэсце № 12: майстар, нач. участка, гал. інжынер буд. ўпраўлення. З 1977 на парт. і гасп. рабоце ў Магілёўскай вобл.: інструктар, заг. аддзела буд-ва абкома партыі, гал. інжынер аблміжкалгасбуда, старшыня праўлення аблсельбуда. У 1994—97 міністр архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь. З 1997 нам., в.а. прэм’ер-міністра, з кастр. 2001 прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. З ліп. 2003 Старшыня савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

Г.В.Навіцкі.

т. 18, кн. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)