ДАНЕ́ЛІЯ Пётр Аляксандравіч Пётр Аляксеевіч

(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.​Я.​Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл. Іл. гл. таксама ў арт. Багданчук С.Я.

Г.​А.​Фатыхава.

П.Данелія. Пачуццё сустрэчы. 1982.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗІ́ТАЎСКАЯ АБАРО́НА 1944,

баі партыз. брыгад імя Дзяржынскага, «Савецкая Беларусь» і 345-га атрада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—11.4.1944 каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. крас. 1944, сканцэнтраваўшы атрады СС, 10 артыл. і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі вакол раёна базіравання партыз. фарміраванняў, штаба Брэсцкага партыз. злучэння і Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, гітлераўцы акружылі партызан і 10 тыс. мірных жыхароў. На 3-і дзень наступлення вораг уклініўся ў абарону партызан, але пасля бою вымушаны быў адступіць з вял. стратамі і перамясціць наступленне ў раён р. Дарагабуж, дзе знаходзіліся асн. партыз. базы. Пасля некалькіх дзён баёў партызаны адышлі на 2-ю лінію абароны паміж в. Здзітава і Спорава. Толькі на 7-ы дзень карнікі падышлі да гэтай лініі, але штурмаваць не адважыліся. На месцы баёў у в. Здзітава створаны мемар. комплекс.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАБЛО́ЦКАЯ (Галіна Пятроўна) (н. 26.6.1953, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1976 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва, з 1993 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе пераважна ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца стрыманай колеравай гамай, алегарычнасцю: габелены-заслоны «Жытнёвае поле» (1985) для гасцініцы «Беларусь», «Вясёлка» (1988—93) для Палаца Рэспублікі ў Мінску, «Бярдзічаў» (1986—87, з В.​Грыдзінай) для Палаца культуры завода «Хіммаш» у г. Бярдзічаў (Украіна), серыі габеленаў «Краявіды» (1993), «Дыялог з прыродай» (1993—96), «Замкі Беларусі» (1997), габелены «Актава» (1978), «Ў Белавежскай дуброве» (1981), «Блакітны дзень» (1983), «Рэквіем. Трасцянец» (1984), «Шлях», «Курапаты» (абодва 1988), «Ахвярам 37-га» (1990), «Апошнія ліхтары» (1991), «Дзень» (1996) і інш. Аўтар сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Харошкі», «Песняры» (1976—80) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Г.Крываблоцкая. Апошнія ліхтары. 1991.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ВА (Таццяна Дзмітрыеўна) (н. 28.7.1935, Масква),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1969). Скончыла БДУ (1959). Выкладчык БДУ (з 1972). Даследуе пытанні сучаснага бел. тэатр. мастацтва. Аўтар манаграфіі «Ты і я» (1969) пра надзённыя праблемы т-ра, эцюдаў пра акцёраў «Купалаўцы» (1985), праблемных артыкулаў, творчых партрэтаў майстроў бел. тэатра, радыёцыкла пра гісторыю і сённяшні дзень бел. тэатра.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬПУ́РГІЕВА НОЧ,

у сярэдневяковай германскай міфалогіі свята пачатку вясны ў ноч на 1 мая (дзень св. Вальпургіі, адсюль назва); паводле ням. нар. павер’я з 8 ст. свята ведзьмаў («вялікі шабаш») на гары Брокен у Германіі. Напярэдадні вальпургіевай ночы праводзілі магічныя цырымоніі выгнання ведзьмаў. Лічылі, што травы ў гэтую ноч набываюць цудадзейную сілу.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎ (Мікола) (Мікалай Гаўрылавіч; н. 13.12.1936, в. Віры Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Працаваў у раённых газетах. Дэбютаваў вершамі ў 1952. У апавяданнях (зб. «Ветраны дзень», 1976, «Перад адлігай», 1984) адлюстроўвае вясковы побыт, расказвае пра сваё пакаленне, якое спазнала вайну, сіроцтва, пасляваен. цяжкасці. Аповесць «Завея» (1979) пра жыццё і працу рыбакоў.

т. 4, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЦЛАВА ((Venclova) Антанас) (7.11.1906, в. Трэмпіняй Марыямпальскага р-на, Літва — 28.6.1971),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1954). Нар. пісьменнік Літвы (1965). Скончыў Каўнаскі ун-т (1932). Дэбютаваў экспрэсіяністычнымі вершамі (зб. «У змрочных завулках», 1926). Пазней усталяваўся прамоўніцкі тып верша, дзе лёс індывіда неаддзельны ад лёсу краіны (зб-кі «Там, дзе яблыня высокая», 1945; «Маладосць краіны», 1948; «Выбранае», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952). Найб. лірызмам, эмацыянальнасцю вызначаецца зб. «Вячэрняя зорка» (1971). Аўтар раманаў «Дружба» (1936), «Дзень нараджэння» (1959, Дзярж. прэмія Літвы 1960), зб. апавяданняў «Ноч» (1939), мемуарнай трылогіі «Рака вясны», «Адкрыццё маладосці», «Бура ў поўдзень» (1964—69). Пераклаў на літ. мову вершы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка. На бел. мову вершы Венцлавы перакладалі С.​Дзяргай, А.​Разанаў, М.​Танк і інш. («Галасы сяброў», 1958; «Літоўская савецкая паэзія», 1977, т. 1), празаічныя творы — А.​Пальчэўскі («Літоўскія апавяданні», 1957).

Тв.:

Raštai T. 1—13. Vilnius, 1965—77;

Бел. пер. — Дзень нараджэння. Мн., 1961.

А.​П.​Лапінскене.

А.Венцлава.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ, Благавешчанне,

Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»),

рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводле нар. вераванняў, залежаў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).

А.​У.​Верашчагіна.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Павел Нічыпаравіч) (18.11.1912, в. Склімін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 2.9.1995),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1978). Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі імя Кірава (1936). З 1955 рэдактар час. «Вожык», у 1967—72 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкаваўся з 1943. Звяртаўся да падзей вайны, актуальных тэм сучаснасці, узнімаў маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў «Прага бою» (1945), «У новы дзень» (1952), «Апавяданні» (1956), «Павер, кахаю...» (1969), «Судзі сябе сам» (1992), аповесці «Падзенне Хвядоса Струка» (1967), зб-каў гумару «Пісьмо ў два адрасы» (1959), «Як здароўе, доктар?» (1972), дакумент. аповесці «Дзень першы, ноч апошняя» (1980), аднаактовых п’ес, нарысаў. Пісаў для дзяцей: аповесці «Андрэйка» (1948), «Лёнька Гром» (1961), «Чырвоны лядок» (1969), зб-кі апавяданняў «Згублены дзённік» (1954), «Малы мужчына» (1966), «Жыві сабе, зайчык!» (1975), кн. «Намеснік бабулі» (1992) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1972;

Пакінь нас, трывога. Мн., 1982;

Выбранае Аповесці, апавяданні. Мн., 1987.

М.​П.​Кенька.

П.Н.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМА́НАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 2.3.1935, г. Аляксандраўск-Сахалінскі Сахалінскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыў Ленінградскі ваен. ін-т фізкультуры і спорту (1960), Бел. тэатр.маст. ін-т (1967, вучань А.Кішчанкі). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве і жывапісе. Асн. творы: дэкар. метал. сцены «Лясныя прыгажуні» і «Падводнае царства» для кінатэатра «Піянер» (1965), манум.-дэкар. рэльефы «Беларускае вяселле» і «Раніца» для рэстарана «Журавінка» (1968, усе ў Мінску), «Брэст — 41-ы год» для шпіталя ў пас. Бараўляны Мінскага р-на (1969); аформіў санаторый «Сосны» на воз. Нарач (1973—74), шэраг устаноў у г. Наваполацк Віцебскай вобл. і інш. У творчасці пераважаюць тэмы гісторыі рас. і сав. армій: 12 рэльефаў «Памром, але з крэпасці не пойдзем» (1985), манум.-жывапісная работа «Рассеяныя, але сувязі не страцілі» для Музея воінскай доблесці ў Маскве (1992). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа («Вясеннія ручаі», «Яблыні цвітуць», «Стары млын», «Вясна ранняя», «У дзень нараджэння», «Аксакаўшчына», «Рака Іслачка» і інш.).

Г.​А.​Фатыхава.

Я.Карманаў. Нацюрморт «У дзень нараджэння». 1995.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)