ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),
адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).
Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш.галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІВАГА́З,
прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАЛАМЕ́Й ((Ptolemaios) Клаўдзій) (каля 90 — каля 160),
старажытнагрэчаскі вучоны-энцыклапедыст з Александрыі. Праводзіў навук. даследаванні па астраноміі, матэматыцы, геаграфіі, картаграфіі, оптыцы і храналогіі. Распрацаваў геацэнтрычную сістэму свету. Даў сістэматычнае выкладанне тагачасных геагр. ведаў з асновамі тэорыі картаграфічных праекцый. Рашыў шэраг задач прамалінейнай і сферычнай трыганаметрыі, даказаў адну з тэарэм геаметрыі (гл.Пталамея тэарэма), сфармуляваў элементы тэорыі пераламлення святла і астр. рэфракцыі. У творы «Вялікая матэматычная пабудова астраноміі ў 13 кнігах» (арабізаваная назва «Альмагест») сістэматызаваў астр. веды і некат. матэм. звесткі, прывёў каталог 1022 зорак. У «Дапаможніку па геаграфіі» (8 кніг) змясціў агульную і 26 спец. карт з каардынатамі 8 тыс.геагр. пунктаў. Яго «Храналагічны канон цароў» і інш. творы — своеасаблівыя энцыклапедыі ант. свету па розных галінах ведаў.
Літ.:
Идельсон Н.И. Этюды по истории планетных теорий // Николай Коперник. М.; Л., 1947;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ СІСТЭ́МАў кібернетыцы,
сукупнасць размеркаваных у прасторы ўзаемазвязаных элементаў (кіроўных падсістэм), аб’яднаных агульнай мэтай функцыянавання. Для вялікай сістэмы характэрны: іерархічны прынцып пабудовы (вышэйшая ступень кіруе некалькімі падраздзяленнямі ніжэйшай ступені, кожнаму з якіх падначалены падраздзяленні больш нізкай ступені), удзел у сістэме людзей, машын і навакольнага асяроддзя; наяўнасць матэрыяльных, энергет. і інфарм. сувязей паміж часткамі сістэмы і інш. Вялікія сістэмы інтэнсіўна развіваюцца ў галіне адм. кіравання, абслугоўвання, у многіх галінахнар. гаспадаркі і абароны, дзе патрабуецца ўлік вял. колькасці фактараў і перапрацоўка вял. аб’ёмаў інфармацыі.
Кіраванне вялікай сістэмы заснавана на ўзаемадзеянні людзей, сродкаў вылічальнай тэхнікі, збору, перадачы, выяўлення і захавання інфармацыі.
Персанал, які кіруе, у сукупнасці з тэхн. сродкамі ўтварае аўтаматызаваную сістэму кіравання. Прыклады вялікіх сістэм: энергасістэма, якая мае прыродныя крыніцы энергіі (рэкі, радовішчы хім. або ядзернага паліва, ветравую або сонечную энергію), электрастанцыі, лініі перадачы энергіі, персанал, карыстальнікаў і інш.; вытв. прадпрыемства, якое мае крыніцы забеспячэння сыравінай і энергіяй, тэхнал. абсталяванне, фінансы, збыт прадукцыі, улік і справаздачнасць і інш.Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ САЮ́ЗЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1997.
Падпісаны 2.4.1997 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.М.Ельцыным. Лагічна вынікае з Дагавора аб Супольніцтве Беларусі і Расіі 1996, замацоўвае яго прынцыпы і нормы і адначасова адкрывае новую старонку ў адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рас. Федэрацыяй як дзвюма суверэннымі дзяржавамі. Дагавор надае якасна новы характар працэсу бел.-рас. інтэграцыі, яднанню бел. і рус. народаў, іх намаганняў у развіцці эканомікі і культуры. Мэты дагавора: умацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва ў паліт., эканам., сац., ваен., навук., культ. і інш.галінах; павышэнне ўзроўню жыцця народаў і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы; устойлівае сац.-эканам. развіццё гэтых дзяржаў на аснове аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў, выкарыстання рыначных механізмаў і функцыянавання эканомікі; гарантыя бяспекі і падтрымання абараназдольнасці, сумесная барацьба са злачыннасцю і інш. Неад’емным элементам Саюза Беларусі і Расіі з’яўляецца Статут, які мае сілу міждзярж. дагавора і стварае ў сукупнасці з інш. міждзярж. дагаворамі аснову правасуб’ектнасці Саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМА́ТЫКА,
навука, якая вывучае структуру і агульныя ўласцівасці інфармацыі, а таксама заканамернасці яе стварэння, пераўтварэння, перадачы і выкарыстання ў розных галінах дзейнасці чалавека з дапамогай ЭВМ. Даследуе карыстальніцкія аспекты апрацоўкі інфармацыі, уплыў інфарм. працэсаў на эканоміку, навуку, сац. развіццё грамадства; аналізуе інфармацыю ў выглядзе ведаў, а таксама яе семантычныя аспекты (сэнс, каштоўнасць і інш.) і сістэмы забеспячэння інтэлектуальнага ўзаемадзеяння людзей.
Узнікла на мяжы бібліятэказнаўства, кібернетыкі, лінгвістыкі, матэм. логікі, навуказнаўства і інш. Уключае тэарэт. І. (прадмет і метады, змест, структура і ўласцівасці навук. інфармацыі), навук. камунікацыі, інфарм. пошук, распаўсюджванне і выкарыстанне навук. інфармацыі, а таксама групу дысцыплін, якія вывучаюць розныя аспекты распрацоўкі і выкарыстання ЭВМ (прыкладная матэматыка, праграмаванне, праграмнае забеспячэнне, дыскрэтная матэматыка, архітэктура ЭВМ і інш.). З 1970-х г. пачала фарміравацца як навук. база распрацоўкі, стварэння і выкарыстання ЭВМ у кіраванні, планаванні і праектаванні, навук. даследаваннях, адукацыі і інш. і азначала пераход ад аўтаматызацыі дапаможных аперацый да выкарыстання ЭВМ у якасці інтэлектуальных памочнікаў людзей. Гл. таксама Інтэлект штучны, Інфармацыйна-вылічальны цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́ЛЬНЫЯ ЎКЛАДА́ННІ,
сукупнасць затрат матэрыяльных, працоўных і грашовых рэсурсаў на пашыранае ўзнаўленне асн. фондаў нар. гаспадаркі; сума аднаразовых затрат на павелічэнне аб’ёму і паляпшэнне структуры асн. і абаротнага капіталу. Асн. прызначэнне К.у. — увод новых і падтрыманне дзеючых вытв. магутнасцей, паляпшэнне ўмоў і павышэнне прадукцыйнасці працы, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, асваенне новых відаў прадукцыі і павышэнне яе якасці. Уключаюць затраты на буд. матэрыялы, канструкцыі і дэталі, механізмы, транспартныя сродкі, тэхн. дакументацыю і інш. Могуць быць агульнымі і складаюцца з агульнай сумы ўкладання ў пэўны аб’ект; новымі — без уліку выкарыстання дзеючых вытв. фондаў; дадатковымі — вызначаюцца розніцай агульных К.у. па 2 варыянтах рашэння гасп. задачы (напр., пры выбары варыянтаў новай тэхнікі, рэканструкцыі прадпрыемстваў і інш.); спалучанымі — тымі, што павялічваюцца ў сумежных галінах пры адсутнасці ў іх рэзерваў магутнасцей; спадарожнымі — неабходнымі для нармальнага функцыянавання сродкаў працы ў спажыўца (напр., затраты на буд-ва новых памяшканняў для работы новай тэхнікі, пашырэнне рамонтнай базы або яе мадэрнізацыя і інш.). Крыніцай фінансавання К.у. з’яўляюцца крэдыт, сродкі дзярж. бюджэту, прыбытак прадпрыемства, амартызацыйныя адлічэнні і інш.Гл. таксама Інвестыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДА́У (Леў Давыдавіч) (22.1.1908, Баку — 1.4.1968),
расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы тэарэтычнай фізікі. Акад.АНСССР (1946), чл.АН і навук. т-ваў многіх краін. Герой Сац.
Працы (1954). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). Ў 1927—31 удасканальваў адукацыю ў Даніі, Англіі, Швейцарыі. З 1932 ва Укр. фіз.-тэхн. ін-це ў Харкаве. З 1937 у Ін-це фіз. праблем АНСССР, адначасова праф. Маскоўскага ун-та (1943—47 і з 1955). Навук. працы па квантавай механіцы, фізіцы цвёрдага цела, квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы, астрафізіцы і інш. Стварыў тэорыі электроннага дыямагнетызму (гл.Ландау дыямагнетызм), ферамагнітнага рэзанансу (1935), фазавых пераходаў 2-га роду (1937), звышцякучасці вадкага гелію (1941) і фенаманалагічную тэорыю звышправоднасці (разам з В.Л.Гінзбургам, 1950), выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў у інш.галінах фізікі. Аўтар (разам з Я.М.Ліфшыцам) шматтомнага «Курса тэарэтычнай фізікі». Нобелеўская прэмія 1962, Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1953.
Тв.:
Собр. тр.Т. 1—2. М., 1969.
Літ.:
Абрикосов А.А. Академик Л.Д.Ландау. М., 1965;
Бессараб М.Я. Ландау: Страницы жизни. 4 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (18.2.1903, Масква — 21.1.1979),
расійскі псіхолаг, філосаф, педагог. Акад.АПН РСФСР (1950), АПНСССР (1968). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Д-рпсіхал.н. (1940), праф. (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Працаваў у Псіхал. ін-це ў Маскве, Ленінградскім пед. ін-це, Маскоўскім ун-це і інш. У 1920—30-я г. разам з Л.С.Выгоцкім і А.Р.Лурыя ўдзельнічаў у распрацоўцы культ.-гіст. тэорыі псіхічнага развіцця чалавека. Вывучаў філас.-метадалагічныя асновы псіхал. навукі, праблемы ўзнікнення свядомасці ў антрапагенезе, функцыянавання яе гал. кампанентаў («пачуццёвая тканка», значэнне, асобасны сэнс), механізмы фарміравання і развіцця вышэйшых псіхічных функцый. Распрацаваў агульнапсіхал. тэорыю дзейнасці («дзейнасны падыход»), сфармуляваў палажэнні аб сістэмнай будове псіхікі, адзінстве практычнай і «ўнутранай», псіхічнай дзейнасці чалавека («Дзейнасць. Свядомасць. Асоба», 1975). Дзейнасны падыход да даследавання свядомасці і псіхікі ў варыянце Л. выкарыстоўваецца ў пед., мед., узроставай, сац., і інш.галінах псіхалогіі, знайшоў сваіх паслядоўнікаў у многіх краінах свету. Вёў даследаванні ў галіне інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ЎСКІ (Антон) (10.7.1781, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.1.1855),
выдавец, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1807). Адзін з арганізатараў і актыўны член т-вашубраўцаў, Віленскага друкарскага т-ва (1818—22). У 1816—22 рэдактар сатыр.час. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»), у 1817—39 рэдактар-выдавец газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»), у 1819—30 — першага на Беларусі і ў Літве навук.-літ.час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). У 1817 заснаваў у Вільні друкарню, дзе выдаў каля 400 назваў кніг па розных галінах ведаў, у т. л. «Летапісец Літвы і руская хроніка» ў апрацоўцы І.Даніловіча (1827), «Гісторыю літоўскага народа» Т.Нарбута (т. 1—9, 1835—41), творы І.Красіцкага, Ф.Князьніна, І.Легатовіча і інш. Аўтар прац па педагогіцы, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (пад псеўд. Патэлё, 1817), мемуараў (зберагаліся ў Р.Зямкевіча, загінулі ў 2-ю сусв. вайну). Адзін са складальнікаў «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў: Вільні, Коўна, Трок...» (ч. 1—2, 1843). Мяркуюць, што ў 1812 пісаў на бел. мове адозвы да сялян супраць памешчыкаў.