НАРКЕ́ВІЧ-ЁДКА (Якуб Атонавіч) (8.1.1848, в. Турын Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 19.2.1905),
бел. прыродазнавец, вынаходнік, медык. Д-р медыцыны (1893), праф. (1900). Чл.-кар.Рас.геагр.т-ва (1889). Скончыў Мінскую губ. гімназію (1865), працягваў вучобу ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене; вывучаў фізіку, медыцыну. У 1888 пабудаваў у сваім маёнтку Наднёман (цяпер в. Наднёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл.) метэаралагічную станцыю. З 1892 чл.-супрацоўнік Ін-та эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму эл.-магн. хваль на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка; 1891). Стварыў лізіметр — прыладу для вымярэння вільготнасці глебы. Распрацаваў спосабы вымярэння патэнцыялу атм. электрычнасці, скорасці руху воблакаў, спосаб лячэння нервовахворых электратокам (электратэрапія). Прапанаваў выкарыстанне метаду электраграфіі для дыягностыкі захворванняў.
Літ.:
Грыбкоўскі В.П., Гапоненка В.А., Кісялёў У.М. Прафесар электраграфіі і магнетызму: Якуб Наркевіч-Ёдка. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),
сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.
У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла з дапамогай нефелометраў ці фотаэл. колераметраў з адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл.Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял. аб’ектаў.
Літ.:
Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕДАМЕ́ТР (ад альбеда + ...метр),
метэаралагічная прылада для вымярэнняальбеда. Працуе на прынцыпе інтэгральнага шаравога фатометра. Альбеда зямной паверхні вымяраюць паходным альбеда — спалучэнне двух піранометраў; прыёмная паверхня аднаго з іх павернута да Зямлі і ўспрымае рассеянае святло, другога — да неба і рэгіструе падаючае выпрамяненне. Карыстаюцца і адным піранометрам, прыёмная паверхня якога паварочваецца то ўніз, то ўгару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСЕЛЕРО́МЕТР (ад дэ... + лац. celero паскараю + ...метр),
прылада для вымярэння запавольвання руху машын і інш.трансп. сродкаў. Дзеянне заснавана на вызначэнні сіл інерцыі маятніка, па адхіленні якога вызначаюць запавольванне (тармазную сілу). Бываюць маятнікавыя, гідраўлічныя і электронныя, індыкатарныя і самазапісвальныя. Маятнікавыя Д. (з маятнікам, падвешаным на восі ў празрыстым корпусе) прымацоўваюцца прысоскамі да ветравога шкла або пярэдняй панэлі аўтамабіля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАШТ (ням. Last цяжар, груз),
адзінка масы ў сістэме мер ВКЛ. Выкарыстоўваўся ў балт. партах 13—20 ст. пераважна для вымярэння ёмістасці марскіх і рачных суднаў пры гандлі с.-г. прадуктамі (збожжа, масла, паташ, смала, дзёгаць, лён і інш.). Існавалі Л. польскі, крулявецкі, рыжскі, рускі розных значэнняў. У цэлым Л. вагаўся ад 1,5 да 3 т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (галанд. lood),
навігацыйная прылада для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Адрозніваюць: ручны Л. (для глыб. да 50 м) — размечаны шнур (лінь) з грузам (маса 3,5—5 кг) на канцы, які апускаецца ў ваду да сутыкнення з дном; механічны Л. (для глыб. 10—200 м) — трос з прыборам, што рэгіструе гідрастатычны ціск каля дна, гідраакустычны (рэхалот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮКСМЕ́ТР (ад лац. lux святло + ...метр),
прылада для вымярэнняасветленасці, адзін з відаў фатометраў. Бываюць фотаэл. і візуальныя.
Фотаэл. Л. складаецца з фотаэлемента і мікраамперметра (гальванометра), праградуіраванага ў люксах. Візуальны Л. заснаваны на ўраўноўванні з візуальным кантролем яркасці двух сумежных палёў, асветленасць аднаго з якіх вымяраецца, а другога вядома і ўзнаўляецца з дапамогай унутр. крыніцы святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІМЕ́ТР (ад мінімум + ...метр),
рычажная стрэлачная прылада для вымярэнняў адносным кантактным спосабам лінейных памераў калібраў, дэталей машын і інш. вырабаў. Вымяральны стрыжань пры дапамозе рычагоў звязаны са стрэлкай, якая паказвае велічыню памеру на шкале. Межы вымярэння ад 20 да 600 мкм. Больш дасканалыя за М. — мікракатары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСЕ́К [ад пар(алакс) + сек(унда)],
пазасістэмная адзінка даўжыні для вымярэння адлегласцей у астраноміі. Абазначаецца пк (раней абазначалася пс). 1 пк роўны адлегласці, з якой паўдыяметр зямной арбіты бачны пад вуглом 1" (гл.Секунда вуглавая). Выкарыстоўваюцца таксама кратныя адзінкі: мегапарсек (Мпк) і кілапарсек (кпк). 1 пк = 3,086∙1016м = 206 265 а.а. = 3,263 св. года. Гл. таксама Астранамічная адзінка, Светлавы год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁДАЛЬНАМЕ́Р,
прылада для вымярэння адлегласцей да аб’ектаў з выкарыстаннем радыёхваль. Бываюць імпульсныя і фазавыя (інтэрферэнцыйныя). Дзеянне імпульсных Р. заснавана на вызначэнні часу распаўсюджання кароткіх радыёімпульсаў ад прылады да аб’екта і назад, фазавых — на вымярэнні рознасці фаз выпрамененага і прынятага радыёсігналу (паказвае колькасць даўжынь радыёхваль, якія ўкладваюцца ўздоўж шуканай адлегласці). Выкарыстоўваюцца ў радыёлакацыйных, радыёнавігацыйных, геадэзічных і інш. прыладах.