1) метамоўная катэгорыя-тэрмін для агульнага, зыходнага апісання ўнутр. структуры сістэмы мовы (узроўні лінгвістычнага аналізу).
2) Іерархічна суаднесеныя падсістэмы агульнай сістэмы мовы, кожная з якіх характарызуецца пэўнай сукупнасцю ізафункцыянальных адзінак, правіл іх размеркавання па класах і падкласах на прынцыпах апазіцыі (проціпастаўлення) і тоеснасці, а таксама правіл іх выкарыстання для пабудовы адзінак больш высокага ўзроўню (узроўні моўнай сістэмы). Традыцыйна ў сістэме мовы вылучаюць 4 узроўні: фаналагічны, марфал., лексічны і сінтакс., і адпаведна 4 тыпы адзінак: фанемы, марфемы (будуюцца з фанем), лексемы (складаюцца з марфем) і сінтаксемы (утвараюцца лексемамі). На падставе аднабаковасці/двухбаковасці ўзроўневыя адзінкі падзяляюцца на т.зв. фігуры — аднабаковыя адзінкі, што не нясуць значэнняў і маюць толькі план выражэння (фанемы), і знакі — двухбаковыя адзінкі, што маюць план выражэння і план зместу, г.зн. перадаюць пэўныя значэнні (марфемы, лексемы, сінтаксемы). Пры канкрэтным увасабленні 4 узроўневых тыпаў адзінак іх аднароднасць можа парушацца. Напр., сэнсаадрознівальную функцыю можа выконваць не толькі фанема, але і склад; простыя марфемы аказваюцца побач са складанымі, з асновай слова; слова аказваецца побач з неаднаслоўным фразеалагізмам; сінтаксема ўвасабляецца ў розныя мадэлі сказа-выказвання, які можа будавацца і з аднаго непаўназначнага слова. Грунтуючыся на неаднароднасці рэалізацыі ўзроўневых адзінак, некат. лінгвісты вылучаюць дадатковыя, прамежкавыя ўзроўні (напр., узровень службовых элементаў).
У лінгвістыцы ідэя ўзроўневай арганізацыі мовы і яе пашырэнне з сярэдзіны 1920-х г. падрыхтавана, з аднаго боку, традыцыяй выдзялення ў апісаннях моў фанетыкі, марфалогіі, лексікі і сінтаксісу; з другога — агульнанавук. ўяўленнямі пра ўзроўневую арганізацыю складаных сістэм, у прыватнасці, у біялогіі.
Літ.:
Маслов Ю.С. Об основных и промежуточных ярусах в структуре языка // Вопр. языкознания. 1968. № 4;
Солнцев В.М. О понятии уровня языковой системы // Там жа. 1972. №3;
Бенвенист Э. Уровни лингвистического анализа // Бенвенист Э. Общая лингвистика: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XI канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся ў Мінску 25.2—2.3.1921
(паводле некат. крыніц завяршыў работу 1.3.1921). Прысутнічала 110 дэлегатаў з рашаючым і 42 з дарадчым голасам ад 6 павятовых арг-цый і армейскіх часцей, што размяшчаліся на тэр. ССРБ. Яны прадстаўлялі 3000 чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (І.А.Вайнер),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б, Кантрольнай камісіі КП(б)Б, ЦК ЛКСМБ (Кузняцоў); даклады: Сацыяліст. рэспубліка ў капіталіст. акружэнні (А.Р.Чарвякоў); прафсаюзы, іх роля і задачы; пытанні парт. будаўніцтва (В.Г.Кнорын); міліцыйная сістэма і Чырв. Армія; Галоўпалітасвета і агітац.-прапагандысцкая работа (Кнорын); выбары. З’езд адзначыў неабходнасць умацавання сав. улады ва ўмовах капіталіст. акружэння, наладжвання больш цеснай работы парт. арг-цый з саюзамі моладзі і ўсямернай дапамогі ім. Асаблівая ўвага звернута на ўмацаванне парт. дысцыпліны, абавязковасць для «ўсіх арганізацый бясспрэчна кіравацца Статутам, дакладна і своечасова выконваць усе распараджэнні ЦБ». З’езд канстатаваў, што Чырв. Армія працягвае заставацца апорай сав. улады, але яна павінна быць рэарганізавана, колькасна скарочана і якасна палепшана. Асн. задачай Галоўпалітасветы павінна стаць «масавая камуністычная прапаганда і агітацыя»; усе паліт.-асв. аддзелы пры наркаматах падлягалі скасаванню. Гал. рашэнні з’езда прымаліся на аснове матэрыялаў, распрацаваных у ЦК РКП(б) і апублікаваных як праекты рэзалюцый X з’езда РКП(б). У іх праглядаецца курс на барацьбу з апазіцыяй і іншадумствам у партыі. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 11 чл. і 4 канд. у чл., Кантрольную камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., Рэвіз. камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., 5 дэлегатаў з рашаючым і 5 з дарадчым голасам на X з’езд РКП(б).
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),
1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.І.Леніна і ЦКРСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл.парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.
2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац. пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.К.Уладзіміраў. У вер. 1905 парт.арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр.к-тРСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.—сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп.к-т РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯХО́ТА, інфантэрыя,
старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл.Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.
П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл.Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл.Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да 2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл.Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.
Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.
Да арт.Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.Харэўскага.Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.Да арт.Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫЯ,
старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.
У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконвацьвайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.
Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт.Вавілона-Асірыйская культура.
Да арт.Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖРЭ́ЦТВА (ад стараслав. жрьти — прынесці ў ахвяру),
грамадская група, якая займалася выкананнем рэліг. культаў у стараж. рэлігіях (ахвярапрынашэнні, малітвы і г.д.). Складала вузка карпаратыўную касту, валодала багаццем і вял. уладай, у т. л. палітычнай. Члены касты (жрацы) павінны былі строга выконваць прадпісаныя ім адпаведныя правілы паводзін і заставацца «валадарамі» сіл прыроды; пры першых жа прыкметах слабасці цара-жраца ўмярцвялі, яго месца займаў маладзейшы. Ж. было цесна звязана з ін-там дзярж. улады і складала яго неад’емнае арганічнае звяно. Напр., брахманы. якія паходжаннем належалі да старажытнейшага саслоўя жрацоў, былі на працягу многіх стагоддзяў адной з самых высокіх кастаў у інд. грамадстве, валодалі зямлёй, вырашалі дзярж. пытанні. У адрозненне ад Стараж. Індыі ў Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Ж. не было замкнёным, вузка карпаратыўным саслоўем і не адыгрывала такой значнай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. У Грэцыі жрацоў і жрыц выбіралі на нар. сходах. Толькі ў Дэльфах, пры храме Апалона, існавала калегія жрацоў. Своеасаблівую арганізаваную супольнасць складалі і жрацы бога Асклепія, асн. абавязкам якіх было лячэнне хворых у асклепіях (свяцілішчах). Паводле Плутарха, пасада вярх. жраца (пантыфіка) у Рыме была ўстаноўлена царом Нумам Пампіліем. Вярхоўнага жраца выбіралі грамадзяне Рыма, ім мог стаць кожны свабодны грамадзянін. Вярх. жрэц узначальваў калегію пантыфікаў (гл.Пантыфікат), куды ўваходзілі вышэйшы жрэц (свяшчэнны цар), які ведаў ахвярапрынашэннямі, і тры старэйшыя фламіны (жрацы Юпітэра, Марса і Квірына). Старэйшых фламінаў таксама выбіралі з прадстаўнікоў знатных патрыцыянскіх родаў. Малодшыя фламіны, якімі маглі стаць і выхадцы з плебсу, у калегію пантыфікаў не ўваходзілі. Вярх. пантыфік узносіў малітвы, кіраваў урачыстымі ахвярапрынашэннямі. Яго памочніцамі былі жрыцы багіні Весты (вясталкі). У Кітаі Ж. (даосы) не адыгрывала вядучай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. Гэтую ролю выконваў культ канфуцыянства. З паяўленнем монатэістычных рэлігій (хрысціянства, ісламу, ламаізму і інш.) Ж. як сац.ін-т знікла і на змену яму прыйшло духавенства. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны абрады ахвярапрынашэння, але Ж. як самастойнага ін-та не існавала. Захавалася ў некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі.
Літ.:
Винничук Л. Люди, нравы и обычаи Древней Греции и Рима. Пер. с пол. М., 1988;
Фрэзер Дж.Дж. Золотая ветвь: Исслед. магии и религии: [Пер. с англ.]. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ АСО́БЫ,
сацыялагічная тэорыя, якая разглядае асобу як сацыяльна тыповае адлюстраванне і індывідуальнае ўвасабленне пэўнай сістэмы грамадскіх адносін і адначасова як сацыяльна-тыповы суб’ект гэтых адносін. Прадмет С.а. — вывучэнне сац.гіст. і сац.-культурных тыпаў асобы, сац.-тыповых кампанентаў яе структуры і функцый, якія рэалізуюцца індывідам. С.а. зыходзіць з таго, што ў працэсе сац.-гіст. развіцця індывід вылучыўся з родаплемянной супольнасці людзей раней, чым асоба. Адбылося гэта ў эпоху неалітычнай рэвалюцыі (8—7-е тыс. да н.э.), якая дала пачатак цывілізацыйнаму развіццю чалавецтва. Паліятыўны тып індывіда, які набываў некат. рысы асобы, склаўся пазней, прыкладна з канца 2-га тыс. да н.э. і да завяршэння таго перыяду, які К.Ясперс назваў «восевым часам» (8—2 ст. да н.э.). Сама ж асоба як сістэма сац. якасцей індывіда і суб’ект сац. дзейнасці пачынае праяўляцца спачатку ў антычнай культуры, потым у хрысціянстве. Гэты працэс завяршыўся ў эпоху Адраджэння і наступных за ёй бурж. рэвалюцый, на хвалі якіх узнікла індустр. цывілізацыя (цывілізацыя асобы). У межах гэтай цывілізацыі, паводле М.Вебера, асоба вылучаецца як самастваральны суб’ект актыўнай сац. дзейнасці. К.Маркс, З.Фрэйд, П.А.Сарокін, Т.Парсанс і інш. сацыёлагі ўстанавілі асн. кампаненты структуры асобы: самасвядомасць, самаацэнка, актыўнасць, інтарэсы, накіраванасць, перакананні, устаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі, ідэнтычнасць, сац. статус, сац. ролі, самарэалізацыя, самаразвіццё. Структура асобы ў асн. абумоўлена сістэмамі дзеяння, у якія яна ўключана. Паводле Парсанса, асн. функцыі асобы — адаптацыйная, арыентацыйная, пазнавальная, ацэначная, экспектацыйная, аксіялагічная, кантралюючая, стабілізуючая, варыяцыйная, матывацыйная, камунікатыўная і інш. Спецыфічнае для кожнай асобы ўзаемадзеянне гэтых функцый і структурных кампанентаў вызначае яе магчымасць выконваць розныя сац. ролі, у даследаванне якіх пэўны ўклад зрабіў Р.Лінтан, Дж.Мід, Р.Мертан, І.Гофман і інш. Вылучаюць наступныя сац. тыпы асобы: пасіянарны, мадальны, базісны, маргінальны, мафіёзны, аўтарытарны, дэмакратычны, рэактыўны, праактыўны і інш. Асобасная тыпалагізацыя і рэалізацыя сац. характарыстык розных тыпаў асобы мае практычнае значэнне пры фарміраванні асобы, а таксама ў штодзённым жыцці чалавека.
Літ.:
Кон И.С. Социология личности. М., 1967;
Парсонс Т. Система координат действия и общая теория систем действия: культура, личность и место социальных систем // Американская социологическая мысль: Тексты: Пер. с англ.М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,
аб’яднанне 2 або некалькіх цэркваў на ўмовах вяршэнства дагматыкі адной з іх і пры захаванні іншымі своеасаблівасцей у абраднасці. Уніі заключаліся пераважна рымска-каталіцкай царквой з праваслаўнай, а таксама са стараж.ўсх. (нехалкідонскімі) цэрквамі з мэтай падначаліць іх уладзе пап. Пры гэтым сцвярджалася, што т.ч. аднаўляецца былое адзінства ўсяленскай хрысц. царквы. З 13 ст.візант. імператары імкнуліся пайсці на У.ц. з папствам, каб атрымаць яго дапамогу ў барацьбе супраць туркаў. Рымскія папы двойчы спрабавалі заключыць У.ц. з Канстанцінопальскім патрыярхатам: у 1274 была падпісана Ліёнская У.ц. (не падтрымана большасцю духавенства і народа Візантыі, асуджана Канстанцінопальскім саборам 1285), у 1439 — Фларэнційская унія 1439 (адхілена Іерусалімскім 1443 і наступнымі царк. саборамі; у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве яе беспаспяхова імкнуліся ўвесці мітрапаліты Ісідор і Грыгорый Балгарын). У 1596 рымска-каталіцкая царква падпісала з правасл. царквой Рэчы Паспалітай Брэсцкую унію 1596 (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква). У 17 ст. ў тагачаснай Венгрыі з мясц.правасл. царквой была заключана Ужгарадская унія 1646, якая напачатку дзейнічала на тэр. Закарпацця і Славакіі, а ў 1699 пашырана на правасл. насельніцтва Альба-Юлійскай епархіі Трансільваніі (цяпер у Румыніі). Наступная Трансільванская унія 1760, заключаная па ініцыятыве аўстрыйскіх улад, ахапіла ўжо большую частку гэтай тэрыторыі. У.ц. былі падпісаны папствам і з некат. стараж.ўсх. цэрквамі, у выніку чаго створаны уніяцкія цэрквы халдзейскага (у Іраку), мараніцкага (у Ліване і Сірыі), армянскага (на чале з патрыярхам кілікійскім у Турцыі), сірыйскага, копцкага (у Егіпце) абрадаў. Ідэя У.ц. была выкарыстана і Рускай праваслаўнай царквой у дачыненні да прыхільнікаў стараверства: у 1800 аформлена адзінаверства — кірунак, прыхільнікі якога падначальваліся Сіноду, але службу ім дазвалялася выконваць паводле старых абрадаў.
Літ.:
Зноско К. Исторический очерк церковной унии, ее происхождение и характер. М., 1993;
Макарий (Булгаков М.П.). История Русской церкви. Кн. 5. М., 1996;
Марозава С.В. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839 гг.). Гродна, 1996;
Molnar I. Mniejszość religijna czy religia mniejszosci? Grekokatolicy na ziemiach polskich i na Węgrzech // Unia brzeska: geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodow słowianskich. Krakow, 1994;
Mironowicz A. Unia użhorodska i jej następstwa w dawnym Krolestwie węgierskim // Przegłąd Kresowy. Białystok, 1996. N. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННА-ПАВЕТРАНЫЯ СІЛЫ І ВОЙСКІ ПРОЦІПАВЕТРАНАЙ АБАРОНЫ
(ВПС і войскі ППА). Від Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Прызначаны для абароны цэнтраў, раёнаў, аб’ектаў (адм., прамысл., эканам.), груповак войск ад нападу з паветра, агнявой падтрымкі і забеспячэння баявых дзеянняў Сухап. войск, а таксама для паражэння аб’ектаў, ваенна-эканам. патэнцыялу і войск праціўніка. Створаны паводле Указа Прэзідэнта ад 8.11.2001 і ў адпаведнасці з дырэктывай міністра абароны ад 15.11.2001 аб рэарганізацыі камандавання ВПС і войск ППА і зліцці іх у адзінае камандаванне — ВПС і войск ППА. Аб’яднанне 2 відаў у адзін адпавядае характару сучаснага ваенна-паліт. становішча, узмацняе нац. бяспеку краіны. ВПС і войскі ППА складаюцца з авіяцыі, зенітных ракетных войск, радыётэхнічных войск, а таксама з вайск. часцей і падраздзяленняў забеспячэння і абслугоўвання. Арганізац. злучэнні і вайск. часці ўваходзяць у склад аператыўнага аб’яднання ВПС і войск ППА. Авіяцыя ВПС і войск ППА падзяляецца на роды: бамбардзіровачную, знішчальную, штурмавую, разведвальную, трансп., армейскую.
Бамбардзіровачная авіяцыя — асн. ўдарны сродак ВПС, прызначаны для паражэння груповак войск і авіяцыі праціўніка, разбурэння яго важных ваен., ваенна-прамысл., энергет. аб’ектаў, вузлоў камунікацый пераважна ў аператыўнай глыбіні. Яе гал. баявыя задачы: паражэнне ракетна-ядзерных сродкаў праціўніка, самалётаў (верталётаў) і інш. аб’ектаў на аэрадромах (пляцоўках), пунктаў кіравання, жывой сілы і баявой тэхнікі, паветр. дэсантаў і інш. Яна здольна таксама вырашаць задачы вядзення паветр. разведкі і мініравання з паветра. Радыёэлектроннае падаўленне сродкаў кіравання войскамі і зброяй, агнявое паражэнне сродкаў ППА праціўніка ажыццяўляецца ў час кожнага баявога вылету. Мае на ўзбраенні франтавыя бамбардзіроўшчыкі СУ-24М.
Знішчальная авіяцыя — адзін з асн. сродкаў барацьбы з паветр. праціўнікам. Прызначана для знішчэння самалётаў і верталётаў, крылатых ракет і беспілотных сродкаў праціўніка ў паветры, вядзення паветр. разведкі, прыкрыцця сваіх войск, аб’ектаў, паветр. дэсантаў, забеспячэння баявых дзеянняў інш. родаў авіяцыі і інш. На яе ўзбраенні самалёты-знішчальнікі Су-27 і МіГ-29.
Штурмавая авіяцыя — сродак авіяц. падтрымкі войск. Прызначана для паражэння войск і наземных аб’ектаў праціўніка (гал. чынам малапамерных і рухомых), пераважна на пярэднім краі, у тактычнай і бліжэйшай аператыўнай глыбіні. Яе асн. задачы: знішчэнне ракетна-ядзерных сродкаў і наземных элементаў разведвальна-ўдарных комплексаў, паражэнне жывой сілы і агнявых сродкаў, рэзерваў праціўніка, аб’ектаў сістэмы кіравання, тылу дывізій і карпусоў першага эшалона авіяцыі, на аэрадромах і пляцоўках базіравання, сродкаў ППА, паветр. дэсантаў і рэйдавых атрадаў і інш. Мае на ўзбраенні самалёты-штурмавікі Су-25.
Разведвальная авіяцыя прызначана для паветр. разведкі праціўніка, мясцовасці і надвор’я; у некат. выпадках самалёты-разведчыкі могуць адначасова з выкананнем асн. задачы знішчыць выяўленыя імі аб’екты праціўніка. Мае на ўзбраенні пілатуемыя самалёты-разведчыкі Су-24МР.
Транспартная авіяцыя прызначана для дэсантавання сіл спец. аперацый, перавозкі войск і матэрыяльных сродкаў па паветры, забеспячэння манеўра і баявых дзеянняў войск. Можа таксама вырашаць задачы па мініраванні з паветра, пастаноўцы дымавых заслон, паражэнні асобных наземных аб’ектаў і выконваць некат. інш.спец. задачы. Мае на ўзбраенні трансп. самалёты Іл-76, Ан-24, Ан-26, трансп.-баявыя і трансп.-дэсантныя верталёты Мі-8, Мі-26.
Армейская авіяцыя прызначана для авіяцыйнай падтрымкі войск шляхам паражэння наземных, гал. чынам малапамерных, браніраваных рухомых аб’ектаў праціўніка пераважна на пярэднім краі і ў тактычнай глыбіні, а таксама для вырашэння задач усебаковага забеспячэння агульнавайсковага бою. Можа таксама вырашаць задачы па дэсантаванні сіл спец. аперацый, забеспячэнні манеўра і дзеянняў войск на полі бою, эвакуацыі параненых, вядзенні паветр. разведкі праціўніка, радыяцыйнай, хім. і інж. разведцы мясцовасці, радыёэлектронным падаўленні сродкаў кіравання войскамі, карэкціроўцы агню артылерыі, мініраванні з паветра, пошуку і выратаванні экіпажаў самалётаў (верталётаў), якія церпяць бедства. Мае на ўзбраенні трансп.-баявыя і баявыя верталёты Мі-8, Мі-24.
У склад родаў авіяцыі таксама ўваходзяць асобныя падраздзяленні, экіпажы спец. авіяцыі, прызначаныя для вядзення радыёэлектроннай барацьбы, забеспячэння кіравання і сувязі, пошуку і выратавання лётных экіпажаў і пасажыраў і інш. На ўзбраенні мае адпаведна абсталяваныя спец. самалёты і верталёты.
Зенітныя ракетныя войскі (ЗРВ) — асн. агнявая сіла ў сістэме ППА. Прызначаны для абароны цэнтраў, раёнаў, важных аб’ектаў, груповак войск і інш. ад удараў авіяцыі і беспілотных сродкаў праціўніка з паветра. Могуць таксама весці барацьбу са сродкамі паветр. разведкі і радыёэлектроннай барацьбы. У выключных выпадках выкарыстоўваюцца для знішчэння наземных цэляў. У мірны час ЗРВ ВПС і войск ППА сумесна з інш. сіламі і сродкамі нясуць баявое дзяжурства па проціпаветр. абароне.
Радыётэхнічныя войскі ВПС і войскі ППА, род войск прызначаны для вядзення радыёэлектроннай разведкі паветр. праціўніка, радыёлакацыйнага забеспячэння вайск. часцей авіяцыі і ЗРВ, кантролю за выкананнем устаноўленага парадку выкарыстання паветр. прасторы Рэспублікі Беларусь. Аснашчаны тыпамі радыёлакацыйных станцый і комплексаў, якія дазваляюць у любы час года і сутак ва ўмовах радыёэлектроннага процідзеяння праціўніка выявіць сродкі нападу на вялікіх адлегласцях і ў шырокім дыяпазоне вышынь, дакладна вызначыць іх каардынаты, дзярж. прыналежнасць. У склад ВПС і войск ППА уваходзяць таксама часці і падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, тапагеадэзічнага забеспячэння і навігацыі, а таксама сувязі, радыётэхнічнага, інжынернага, метэаралагічнага, тэхнічнага і тылавога забеспячэння, якія прызначаны выконваць пэўныя функцыі і баявыя задачы ў сістэме свайго віду войск. Кіраўніцтва дзейнасцю ВПС і войск ППА ажыццяўляе камандуючы, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючы ВПС і войскамі ППА Рэспублікі Беларусь А.С.Пафераў (з 2001).
А.М.Грамовіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Стралок-зенітчык пераноснага зенітнага ракетнага комплексу «Іголка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПАНЕ́СКАЯ ВАЙНА́ 431—404 да н.э., вайна паміж аб’яднаннямі стараж.-грэч. полісаў — Дэлоскім саюзам (на чале з Афінамі) і Пелапанескім саюзам (на чале са Спартай). У гіст. л-ры П.в. падзяляюць на 3 перыяды: Архідамава вайна (431—421 да н.э.), Сіцылійская вайна (420—413 дан.э.) і Дэкелейская вайна (413—404 да н.э.). Выклікана паліт. процістаяннем дэмакр. Афін і алігархічнай Спарты, барацьбой за паліт., эканам. і ваен. гегемонію ў Грэцыі. Пачалася ўварваннем у Атыку (крас. 431 да н.э.) войск Пелапанескага саюза на чале са спартанскім царом Архідамам II. Афіняне мелі вял. запасы грошай, крапасныя ўмацаванні, магутны флот і спадзяваліся на хуткую перамогу. У 429 да н.э. яны на чале з Фарміёнам блакіравалі Карынфскі заліў і атрымалі 2 перамогі над спартанскім флотам. Эпідэмія чумы ў 430—429 да н.э. нанесла ўдар па дасягненнях афінян. Грашовыя запасы хутка вычарпаліся, штогадовыя ўварванні спартанцаў наносілі вял. страты эканоміцы Атыкі. У 426 да н.з. афіняне атрымалі шэраг перамог у сярэдняй Грэцыі; у 425 да н.э. іх флот на чале са стратэгам Дэмасфенам захапіў Пілас і ўзяў у палон спартанцаў на в-ве Сфактэрыя. У 424 да н.э. спартанскі военачальнік Брасід заняў афінскія калоніі ў Фракіі. У 421 да н.э. варагуючыя бакі заключылі т.зв. Нікіеў мір, які фактычна замацаваў даваеннае становішча. У 418 да н.э. спартанскі цар Агіс II у бітве каля Мантынеі перамог саюзныя войскі Аргаса, Эліды і Афінаў. У 416 да н.э. афіняне арганізавалі ваен. экспедыцыю на Сіцылію, якая скончылася разгромам афінскага флоту і сухапутных сіл. У 414 да н.э. ўзнавіліся ваен. дзеянні. У 412 да н.э. Спарта пры падтрымцы персаў пабудавала флот і пачала аспрэчваць гегемонію Афін на моры. Частка афінскіх саюзнікаў пакінула марскі саюз і далучылася да Спарты. У 411 да н.э. ў Афінах адбыўся алігархічны пераварот, і алігархі пачалі перагаворы аб міры. Але афінскія стратэгі з ваен. эскадры на Самасе адмовіліся выконваць іх загады і інспіравалі дэмакр. пераварот у Афінах. У 406 да н.э. афіняне разбілі пелапанескі флот каля Аргінускіх а-воў, але ў 405 да н.э. спартанскі флатаводзец Лісандр захапіў афінскія караблі каля Эгаспатамаў. Ад Афін адышлі апошнія саюзнікі. У 405—404 да н.э. Афіны абложаны і захоплены спартанскімі войскамі. У Афінах усталяваўся алігархічны рэжым «трыццаці тыранаў», Афінскі марскі саюз распушчаны, гегемонія ў Грэцыі перайшла да Спарты.