МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),

запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.​А.​Карпаў.

А.​А.​Астапаў.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАЗЕ́МНЫЯ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫІ,

высокаарганізаваныя формы жыцця (аб’яднанні разумных істот), якія могуць існаваць ці, магчыма, існавалі ў Сусвеце па-за межамі Зямлі.

Здаўна лічылася, што існуюць планеты, населеныя разумнымі істотамі. Развіццё навукі, палёты міжпланетных касм. апаратаў паказалі, што планеты Сонечнай сістэмы не маюць прыкмет жыццядзейнасці. Імавернасць існавання П.ц. на планетных сістэмах інш. зорак пакуль што не можа быць ацэнена верагодна. У 1960-х г. заснавана міжнар. праграма SETI (Search for ExtraTerrestrial Intelligence — пошук пазаземных цывілізацый), якая дапускае магчымасць рэалізацыі ўмоў жыцця, падобных да зямных (умераныя т-ра і вільготнасць, пастаянная яркасць Сонца і інш.), у інш. месцах Галактыкі. Спробы пошуку іншапланетных цывілізацый не далі канкрэтных вынікаў. Іншы шлях пошуку П.ц. — вывучэнне міфалогіі народаў Зямлі і гіст. помнікаў, якія маглі б сведчыць пра наведванне Зямлі іншапланецянамі. Аднак бясспрэчных доказаў кантакту з прадстаўнікамі П.ц. на Зямлі не знойдзена.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ КО́МПЛЕКСНЫ ПРАЕ́КТНА-ПО́ШУКАВЫ І НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІпалівапраект) канцэрна Белпалівагаз. Засн. ў 1928 у Мінску. У 1960—77 Белдзіпраторф. З 1978 БелНДІпалівапраект, з 2000 рэсп. унітарнае прадпрыемства БелНДІпалівапраект. Асн. кірункі дзейнасці: вывучэнне рэсурсаў мясц. цвёрдага паліва і распрацоўка кірункаў рацыянальнага і эфектыўнага іх выкарыстання; распрацоўка новых і ўдасканаленне існуючых тэхнал. працэсаў здабычы торфу, вытв-сці новых відаў цвёрдага паліва на аснове бурага вугалю, торфу, лігніну і інш.; распрацоўка тэхнал. працэсаў і стварэнне сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці торфабрыкетаў, аўтаматызаванага абсталявання па вытв-сці прадукцыі для сельскай гаспадаркі і насельніцтва на аснове торфу; выпрабаванне новых машын і абсталявання; комплексныя вышуканні радовішчаў торфу і інш. інж. вышуканні; праектаванне прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу, бурага вугалю і сланцаў; праектаванне жылых пасёлкаў і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння для прадпрыемстваў паліўнай прам-сці і інш.

Б.​П.​Юшчанка.

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,

раздзел фізікі плазмы, які вывучае дынаміку плазмы і плазменных патокаў, калі радыяцыйныя працэсы істотныя для іх энергетыкі. Як самастойны навук. кірунак даследаванняў пачала фарміравацца з сярэдзіны 1970-х г.

Р.п. ўключае: эксперым. і тэарэт. даследаванні радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў узаемадзеянняў цеплавога і кагерэнтнага выпрамяненняў і магутных ударных хваль з рэчывам у розных агрэгатных станах; дыягностыку, лікавае мадэліраванне і тэорыю радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў у розных умовах; вывучэнне тэрмадынамічных і аптычных ўласцівасцей выпрамяняльнай плазмы; плазмадынамічныя крыніцы выпрамянення высокай спектральнай яркасці і генератары магутных ударных хваль; радыяцыйна-плазмадынамічныя сістэмы прамысл. прызначэння.

На Беларусі даследаванні Р.п. вядуцца з 1970-х г. на аснове работ па фізіцы і дыягностыцы імпульсных плазменных паскаральнікаў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН і інш.

Літ.:

Радиационная плазмодинамика. Т. 1. М., 1991.

Л.​Я.​Мінько.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

навука, якая вывучае зносіны, паводзіны і дзейнасць асобы, уключанай у сац. супольнасці, а таксама псіхалагічныя характарыстыкі гэтых супольнасцей. Гал. паняцці П.с. — асоба і зносіны. Адрозніваюць данавук. перыяд развіцця П.с., звязаны з кіраваннем і ўздзеяннем на людзей (правадыры плямён, прамоўцы, дзярж. дзеячы і інш.). Абагульненні гэтага эмпірычнага вопыту ажыццёўлены ў працах філосафаў і паліт. дзеячаў (у эпоху антычнасці Платон, Арыстоцель, у наступныя эпохі Т.​Гобс, П.​Гасендзі, Б.​Спіноза, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, К.​Гельвецый, у філасофіі 19 ст. Л.​Феербах, Г.​Гегель і інш.). Сучасны этап развіцця П.с. пачаўся ў 2-й пал. 19 ст. (М.​Лацарус, Г.​Штайнталь). Вылучаны 3 асн. кірункі П.с.: псіхалогія народаў(В.​Вунт), псіхалогія мас (Г.​Тард, Г.​Лебон), псіхалогія інстынктаў. Пасля 1-й сусв. вайны цэнтр развіцця П.с. перамясціўся ў ЗША, дзе яна развівалася ў рамках эксперым. традыцыі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў галіне вывучэння структуры і дынамікі малых груп, уздзеяння групы на асобу, фарміравання сац. установак і іх уздзеяння на паводзіны людзей, псіхалогіі кіравання, рэкламы, гандлю і інш. У шэрагу навук. дысцыплін П.с. найб. распрацавана групавая псіхалогія (даследаванні малых груп людзей, якія разглядаюцца як цэласныя структурна-дынамічныя ўтварэнні). Адрозніваюць нефармальныя групы, што стыхійна ўзнікаюць на аснове асабістых адносін, і фармальныя групы, якія ствараюцца для выканання пэўных грамадскіх функцый; даследуюцца розныя аспекты міжасобасных узаемаадносін унутры групы, праблема лідэрства. Вывучэнне зместу, дынамікі і структуры міжасобасных адносін і зносін у групах дзіцячага сада, школьных класах, групах ПТВ, студэнцкіх групах і вытв. калектывах, а таксама даследаванні ўплыву дарослых і кіраўнікоў на гэтыя працэсы прывялі да стварэння адносна самастойных галін П.с. — узроставай (генетычнай) і педагагічнай П.с. Асн. праблемы ўзроставай П.с. — вывучэнне ўзроставых заканамернасцей развіцця зносін асобы; кантактных (малых) груп і калектываў; паэтапнае развіццё кантактнай групы як універсальнай сістэмы непасрэдных зносін у працэсе сумеснай дзейнасці; узроставыя заканамернасці ўзаемадзеяння асобы з шырокім сац. асяроддзем. Пед. П.с. вывучае ўплыў педагогаў на гэтыя працэсы.

На Беларусі развіваюцца практычна ўсе асн. галіны П.с. Яе станаўленне ажыццяўлялася пад уплывам адраджэння гэтай галіны псіхалогіі ў СССР у канцы 1950 — пач. 1960-х г. Першыя публікацыі бел. псіхолагаў у галіне П.с. з’явіліся ў 1962. Псіхолагі Беларусі першымі пачалі эксперым. вывучэнне міжасобасных адносін у дзіцячых і вучэбных групах, калектывах; разам з псіхолагамі Ленінграда яны ўпершыню выкарысталі мадыфікаваныя і сацыяметрычныя метады. Актуальныя і фундаментальныя праблемы П.с. распрацоўваюцца ў Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі (Я.М.Бабосаў, В.А.Секун), Бел. пед. ун-це (Я.Л.Каламінскі, Н.​А.​Цыркун, Л.​А.​Панько), Нац. ін-це адукацыі (І.​А.​Фурманаў, В.​Я.​Каламінская, М.А.Крэмень, Л.​А.​Пергаменшчык), БДУ (Г.М.Кучынскі, У.​А.​Палікарпаў), Гродзенскім дзярж. ун-це (С.В.Кандрацьева), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (У.​А.​Янчук).

Літ.:

Генетические проблемы социальной психологии: Сб. ст. Мн., 1985;

Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. Мн., 1982;

Западная социальная психология в поисках новой парадигмы. М., 1993;

Одайник В. Психология политики: Полит. и социал. идеи К.​Г.​Юнга: Пер. с англ. СПб., 1996;

Реан А.А., Коломинский Я.Л. Социальная педагогическая психология. СПб., 1999;

Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000.

Я.​Л.​Каламінскі.

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РНА-НАВУКО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі.

Існавала з 14.11.1920 да вясны 1923 у Маскве. Засн. студэнтамі-беларусамі. Мэта асацыяцыі: спрыянне культ.-гасп. адраджэнню Беларусі, вывучэнне розных галін гаспадаркі, арг-цыя навук.-даследчых экспедыцый па Беларусі, навук. і культ. падрыхтоўка бел. студэнтаў для працы на радзіме. Летам 1922 сябры асацыяцыі ўдзельнічалі ў экспедыцыі Наркамзема Беларусі па вывучэнні вытв. сіл Міншчыны і Мазыршчыны. Разам з Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве выдала літ.-навук. альманах «Маладая Беларусь» (1922). Рыхтавала да друку альбомы «Нявывучаная Беларусь», спец. навук. зборнікі, час. «Беларускі гаспадар» (1923, са студэнтамі Горацкага с.-г. ін-та). З вясны 1922 дзейнасць асацыяцыі выклікала крытыку і абвінавачванне ў «навуковым ухілізме», нацыянал-шавінізме і апалітычнасці. Вясной 1923 у Маскве пачалі стварацца альтэрнатыўныя бел. пралетарскія зямляцтвы і асацыяцыя вымушана была спыніць сваё існаванне. Старшыні Г.І.Гарэцкі (да ліст. 1922), П.​Жук.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЭ́МБСКАЯ-ЯБЛО́НСКАЯ ((Obrębska-Jabłońska) Антаніна) (12.1.1901, в. Пчэльня, Украіна — 19.11.1994),

даследчыца польскай, усх.-слав., у т. л. бел., моў. Д-р філал. н., праф. Адзін з арганізатараў і кіраўнік (1956—72) кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. У 1953—57 кіравала секцыяй укр. і бел. філалогіі ў Польска-сав. ін-це, у 1958—68 аддзелам бел. мовы ў Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Асн. кірункі навук. прац — дыялекталогія, гісторыя і культура польск. мовы, русістыка, беларусістыка (польска-бел.-літоўскае моўнае памежжа, гісторыя мовы, анамастыка). Рэдактар (з М.​В.​Бірылам) «Падручнага польска-беларускага слоўніка» (1962). Кіравала падрыхтоўкай да выдання «Люду беларускага» М.​Федароўскага (т. 5—7, 1958—69). Па яе ініцыятыве распачата вывучэнне гаворак Беласточчыны і выданне дыялектнага атласа рэгіёна (т. 1—3, 1980—89).

Літ.:

Czurak M. Bibliografia prac Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej // Acta Bałtico-Slavica. 1984. № 16.

І.​У.​Саламевіч.

А.Абрэмбская-Яблонская.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш. хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАЛО́ГІЯ (ад вулкан + ...логія),

навука аб вулканах, прычынах іх утварэння, будове, развіцці, прадуктах вывяржэння, заканамернасцях размяшчэння на паверхні Зямлі і інш. планет, характары іх дзейнасці ў розныя часы, ролі ў фарміраванні зямной кары.

Вулканалогія ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. (Геракліт і Арыстоцель у Грэцыі, Страбон і Пліній Малодшы ў Рыме). Першая спец. навук. ўстанова — вулканалагічная абсерваторыя на Везувіі створана ў 1842. У 1911 такая абсерваторыя створана на вулкане Кілаўэа на Гавайскіх а-вах, потым вывучэнне вулканаў было наладжана ў Інданезіі, Японіі, ЗША. У 1935 створана вулканалагічная станцыя на Камчатцы ў СССР, пазней вулканалагічныя даследаванні пачаліся ў Арменіі і Грузіі. Каардынацыю сучасных даследаванняў праводзіць Міжнар. асацыяцыя вулканалогіі і хіміі нетраў Зямлі.

Практычныя задачы вулканалогіі — распрацоўка метадаў прагназавання вывяржэння вулканаў, выкарыстання вулканічнага цяпла гарачых вод і пары (гл. Гейзер) у гаспадарцы, выяўленне заканамернасцей утварэння вулканічных горных парод і карысных выкапняў.

Г.​В.​Зінавенка.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС лінгвістычны атлас, сістэматызаваны зборнік дыялекталагічных карт пэўнай тэрыторыі, якія паказваюць пашырэнне асобных дыялектных асаблівасцей адной мовы ці комплексу моў. Падзяляюцца на некалькі тыпаў. Д.а. адной мовы, або нацыянальныя: «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.​А.​Бузука (1928), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97). Д.а. рэгіянальныя, якія ахопліваюць частку тэрыторыі, адной або некалькіх моў: «Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—5, 1980—95; выд. працягваецца), «Параўнальнае вывучэнне геаграфіі слоў (Палессе—Мазоўша)» І.​Тарнацкага (1939), «Лінгвістычны атлас Ніжняй Прыпяці» Т.​В.​Назаравай (1985) і інш. Д.а. групы роднасных моў: Агульнаславянскі лінгвістычны атлас (АЛА; выходзіць у серыях — лексікасловаўтваральнай і фанетыка-граматычнай; вып. 1—2, 1988—90; выд. працягваецца). Д.а. тэрыторый, на якіх бытуюць гаворкі як роднасных, так і рознасістэмных моў: Лінгвістычны атлас Еўропы (ЛАЕ, вып. 1—6, 1983—97; выд. працягваецца).

Ф.​Д.​Клімчук.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)