МІ́НСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1831—34 з цэнтрам ў Мінску. У сувязі з паўстаннем 1830—31 у Польшчы Мінская губерня паводле ўказа Сената ад 8.1.1831 была далучана да Беларускага генерал-губернатарства. Пасля таго, як паўстанне пашырылася на Беларусь і Літву (сак.крас. 1831), Мінская губ. паводле ўказа Сената ад 8.4.1831 вылучана ў самаст. генерал-губернатарства; у 1834 М.г.-г. скасавана.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУПЕ́Я (франц. porte-épée ад porter насіць + épée шпага),

частка воінскага рыштунку ў выглядзе вузкіх рамянёў рознай даўжыні, якія носяць ваеннаслужачыя цераз плячо і каля бядра. Верхняя (плечавая) П. была прызначана для падтрымкі паяснога рамня, падвешанай на ім халоднай (шашка, шабля), потым агнястрэльнай (пісталет, рэвальвер) зброі, біклагі і інш. Ніжняя (паясная) П. служыць для прышпільвання пісталетнай кабуры, шашкі (шаблі, корціка) і інш. Гл. таксама Рыштунак ваенны.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕБЕ́ЙСТВА,

прынятая ў гістарычнай л-ры назва бяднейшай ч. насельніцтва сярэдневяковых гарадоў Зах. Еўропы. У П. ўваходзілі збяднелыя цэхавыя рамеснікі, чорнарабочыя і падзёншчыкі, якія не ўваходзілі ў цэхавую арг-цыю, часткова чаляднікі, бадзягі, жабракі. З-за неаднароднасці сац. складу паліт. лінія П. была няўстойлівай. Найчасцей далучалася да сял. выступленняў (напр., сялянска-плебейскі кірунак Рэфармацыі ў Германіі і інш.). Актыўна ўдзельнічала ў ранніх бурж. рэвалюцыях.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Барыс Львовіч) (н. 21.5.1925, г. Смаленск),

рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Ваен. акадэмію бранятанкавых войск (1948). Вядомасць прынесла аповесць «А досвіткі тут ціхія...» (1969; аднайм. фільм, 1972; Дзярж. прэмія СССР 1975; бел. пер. Ю.​Гаўрука; інсцэніроўка Бел. т-ра Я.​Коласа 1971 і інш.), у якой адзін з трагічных эпізодаў Вял. Айч. вайны ўзняў да значнага філас.-маст. абагульнення. Працяг ваен. тэматыкі ў аповесцях «Іванаў катэр», «Самы апошні дзень» (абедзве 1970), «Сустрэчны бой» (1979) і інш., у рамане «У спісах не лічыўся» (1974). Сац.-маральная праблематыка ў раманах «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1973), «І быў вечар, і была раніца», «Вам прывітанне ад бабы Леры» (абодва 1989), аповесцях «Незгасальная купінá» (1986), «Жыла-была Клавачка», «Кароткая ракіроўка», «Гібель багінь» (усе 1989) і інш. Гіст. раман «Былі і небыліцы» (кн. 1—2, 1977—80) прысвечаны падзеям руска-турэцкай вайны 1877—78. Аўтар біягр. аповесці «Лятуць мае коні» (1982), п’ес «Афіцэр» (1955), «Стукайце і адчыніцца» (1959), апавяданняў, кінасцэнарыяў.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. М., 1988.

С.​Ф.​Кузьміна.

Б.Л.Васільеў.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМЛЮ́КІ, мамелюкі (араб. белыя рабы, нявольнікі),

воіны-рабы пераважна з цюркаў, а таксама закаўказскіх народаў, з якіх была сфарміравана гвардыя правіцеляў дынастыі Айюбідаў (1171—1250). Налічвалі 9—12 тыс. чал., паводле інш. крыніц — да 24 тыс. чал. У 1250 М. скінулі Айюбідаў і захапілі ўладу. Вядомы 2 дынастыі М.: Бахры (пераважна цюркскага паходжання, кіравалі ў 1250—1390) і Бурджы (пераважна выхадцы з Каўказа, кіравалі ў 1390—1517). Пры М. у 13—14 ст. рэарганізавана сістэма кіравання, палепшана якасць штучнага арашэння, пачаўся ўздым культуры і інш. У 2-й пал. 13 ст. М. разбілі манголаў, ліквідавалі апошнія заваёвы крыжакоў у Палесціне і Сірыі. У 1517 дзяржаву М. заваявалі туркі і ўключылі ў склад Асманскай імперыі, але іх улада была намінальнай. У час аслаблення Асманскай імперыі (канец 17 — пач. 18 ст.) М. фактычна аднавілі сваю ўладу ў Егіпце. Канчаткова панаванне М. ліквідавана ў пач. 19 ст. егіп. пашой Мухамедам Алі.

Літ.:

История стран зарубежной Азии в средние века. Гл. 23. М., 1970;

Семенова Л.А. Салахад-дин и мамлюки в Египте. М., 1966.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ САЦЫЯ́Л ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ ГУРТКІ́,

першыя на Беларусі гурткі, якія пачалі прапаганду марксізму сярод рабочых. Узніклі ў 1884—85 па ініцыятыве Э.А.Абрамовіча і І.А.Гурвіча. Летам 1886 у гуртках займаліся каля 130 рабочых. Праграма заняткаў была разлічана на 3 гады. У гуртках 1-й ступені малапісьменныя рабочыя атрымлівалі агульнаадук. падрыхтоўку. 2-я ступень прадугледжвала выхаванне ў слухачоў матэрыяліст. разумення гіст. развіцця прыроды і чалавецтва. На 3-й ступені вывучалі асновы тэорыі Маркса. Мэтай гурткоў была падрыхтоўка з рабочых кадраў прапагандыстаў. З-за строгай канспірацыі гурткоўцы не вялі масавай агітацыі сярод рабочых, не ўдзельнічалі ў іх выступленнях і сутычках. На першым часе прапагандысты цесна супрацоўнічалі з мінскімі народніцкімі гурткамі, выдавалі з імі л-ру, стварылі падп. пашпартнае бюро і інш. У 1887 большасць прапагандыстаў прыняла с.-д. праграму. Пасля шматлікіх арыштаў у вер. 1889 гурткі распаліся, але да сярэдзіны 1890-х г. узніклі новыя гурткі пад кіраўніцтвам Я.​Гурвіч, П.​Бермана, І.​Цёўміна, С.​Трусевіча. З іх дзейнасцю звязаны пачатак пераходу сацыял-дэмакратаў Мінска ад гуртковай прапаганды марксізму да масавай агітацыі сярод рабочых.

М.​В.​Біч.

т. 10, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),

асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІШЫ́»,

агульнапрынятая назва прагерманскага рэжыму ў Францыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі (ліп. 1940 — жн. 1944) у 2-ю сусв. вайну. Калабарацыянісцкі ўрад Ф.Петэна размяшчаўся ў г. Вішы (адсюль назва) і кантраляваў амаль трэцюю частку франц. тэрыторыі — т.зв. неакупіраваную зону Паўд. Францыі, якая з ліст. 1942 была занята са згоды вішыстаў герм.-італьян. войскамі.

Літ.:

Наринский М.М. Режим Виши в советских источниках и историографии // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБУС (лац. denarius albus белы дэнарый),

высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш. ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)