АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,
сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнае арган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв. макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Я.В.Малашэвіч.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р. аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙1012 т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).
2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.Б.Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),
навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфію раслін.
Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.Склетэр, П.Палас, М.А.Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп. дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.
На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр. бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;
Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.
І.К.Лапацін.
т. 3, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПАШКО́ДЖАННЕ,
непажаданае змяненне ўласцівасцяў і якасцяў прамысл. матэрыялаў, вырабаў, збудаванняў, кармавых і харч. прадуктаў і г.д. пад уздзеяннем жывых арганізмаў. Напр., парушэнне драўніны грыбкамі і насякомымі, плесненне прадуктаў, тканіны, паперы, парушэнне цаглянай або бетоннай муроўкі каранямі раслін, падводных частак караблёў, збудаванняў пры іх абрастанні і г.д. Часам у паняцце «біяпашкоджанне» ўключаюцца праявы парушэнняў структуры біягеацэнозаў пад уздзеяннем біягенных фактараў.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЫХО́ЎСКІ (Уладзімір Мартынавіч) (8.7.1876, Жытомір, Украіна — 13.6.1931),
батанік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900). Праф. Данскога політэхн. ін-та (1907—22). З 1922 у Лясным НДІ драўніны ў Маскве. Навук. працы па стэрылізоўным дзеянні ядаў на насенне, экалогіі пустынных раслін, марфалогіі і біялогіі ніжэйшых арганізмаў, пігментах, пошуку хларафілу на інш. планетах, заснавальнік фізіялогіі драўнінных парод. Распрацаваў метад аэрапонікі (1910).
т. 1, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАРО́ЗІЯ (ад бія... + карозія),
працэс пашкоджання (парушэння) металаў у выніку жыццядзейнасці жывых арганізмаў (пераважна анаэробных бактэрый; гл. Анаэробныя арганізмы). Бывае на вода- і нафтаправодах, падводных частках гідратэхн. збудаванняў, днішчах караблёў і інш. Найб. агрэсіўныя для металаў аблігатныя сульфатрэдукавальныя бактэрыі (Desuflobrio desulfuricans, D. rubentschitckii, D. aestuarii). Для аховы ад біякарозіі выкарыстоўваюцца кантактныя і лятучыя фунгіцыды. Гл. таксама Біяпашкоджанне і Біядэградацыя.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА,
максімальная колькасць шкоднага агента, якая пры ўздзеянні на жывыя арганізмы (праз дыхальную сістэму, ежу і да т.п.) ці іх згуртаванні яшчэ не выклікае істотных змен іх стану і парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. Вызначаюць гранічна дапушчальную дозу аднаразовую або ў пераліку на азначаны прамежак часу (гадзіну, дзень і г.д.). Для розных відаў жывых арганізмаў гранічна дапушчальная доза неаднолькавая.
т. 5, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),
асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.
т. 6, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),
1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).
2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),
гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)