структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.
Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.
Да арт.Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб.актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙ ((Rej) Мікалай) (4.2.1505, мяст Жураўна каля г. Галіч, Украіна — паміж 8.9. і 4.10.1569),
польскі пісьменнік, першы з вядучых прадстаўнікоў рэнесансавай л-ры ў Польшчы. Вучыўся ў Скальбмежы, Львове, Кракаўскім ун-це (1517—19). Служыў сакратаром пры двары ваяводы А.Тэнчынскага (1525—30), дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі і стаў кальвіністам. Асеў на вёсцы, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выступаў на сеймах 1540—42, 1558—59, 1569. Большасць твораў напісаў на ўзор сучаснай яму замежнай л-ры, але запазычаную форму насычаў актуальным польскім зместам. Першы з буйных твораў Р. — сатыр. дыялог «Кароткая гутарка паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам» (1543) — звязаны з праграмай паліт. шляхецкага руху «Экзекуцыя» за ўраўнаванне шляхты ў правах з магнатамі. Пратэстанцкія перакананні Р., антыкаталіцкія і антыцаркоўныя матывы ў драме «Купец» (1549), зб. пропаведзей «Пастыла» (1557). Спробы адлюстраваць вобраз ідэальнага чалавека — у вял. (10 тыс. вершаў) дыдактычна-алегарычнай паэме «Сапраўдны паказ жыцця пачцівага чалавека» (1558) і празаічнай кнізе «Зярцала» (1568). Гэта ідэал не толькі добрага сем’яніна, ветлівага гаспадара, але і шляхціца-грамадзяніна. Аўтар зб-каў сатыр. эпіграм «Звярынец» і жартоўных вершаў, анекдотаў, баек «Забаўныя гісторыі» (абодва 1562). Мова яго твораў жывая, багатая, крыху грубаватая, блізкая да народнай.
Тв.:
Pisma wierszem. Wroclaw, 1954;
Wybór pism. 2 wyd. Warszawa. 1979.
Літ.:
Witczak T. Studia nad twórczością Mikołaja Reja. Poznań, 1975;
Podgórska T. Komizm w twórczości Micołaja Reja. Wrocław, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНКІ́СТА (ісп. Reconquista ад reconquistar адваёўваць),
адваяванне карэнным насельніцтвам Пірэнейскага п-ва зямель, захопленых у пач. 8 ст. арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў; працягвалася з 718 да канца 15 ст. Першай была перамога над арабамі ў 718 каля Кавадонгі. Да 11. ст. ўзніклі ісп. дзяржавы Леон, Кастылія, Арагон, Навара. Вырашальным этапам Р. былі 11—13 ст. У 1085 адваяваны Таледа, у 1212 аб’яднаныя сілы іспанцаў нанеслі маўрам канчатковае паражэнне ў бітве каля Лас-Навас-дэ-Талосы. У 1229—35 адваяваны Балеарскія а-вы, у 1236 — Кордава, у 1238 — Валенсія, у 1248 — Севілья, у 1492 — Гранадскі эмірат. Адваяванне суправаджалася засяленнем і эканам. асваеннем спустошаных вайною зямель. Гал. рухальнай сілай Р. было сялянства, якое ў пач. Р. атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралеўская ўлада падтрымлівала ўтварэнне сялянскіх і гар. абшчын (найб. іх росквіт у 11—13 ст.). З пашырэннем Р. феад. ўціск узмацніўся. Актыўна ўдзельнічалі ў Р. гараджане (гарады атрымлівалі самакіраванне), рыцарства (колькасць рыцараў павялічвалася за кошт сялян і гараджан). Р., якая вялася пад сцягам барацьбы хрысціян супраць «няверных», абумовіла рост ідэалаг. ўплыву і эканам. магутнасці каталіцкай царквы ў Іспаніі і Партугаліі. З Р. звязаны працэс фарміравання ісп. і партуг. народнасцей. У аснову ісп.літ. мовы лёг кастыльскі дыялект, што тлумачыцца пераважнай роляй Кастыліі ў Р. Эпоха Р. адлюстравана ў нар. эпасе (гераічны эпас пра Сіда Кампеадора, «Рамансера» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯНА́Я ТЭКТО́НІКА, галакінез,
працэсы і структуры, звязаныя з перамяшчэннем саляных мас у зямной кары. Развіваецца пры наяўнасці саляносных фармацый з магутнымі пластамі каменнай і калійных солей, нераўнамерным ціску вышэйляжачай тоўшчы і дыферэнцыраваным перамяшчэнні падсалявога ложа і фундамента ў выніку тэктанічных працэсаў. З прычыны пластычнасці і адносна нізкай удзельнай вагі саляныя масы перамяшчаюцца на ўчасткі з меншым ціскам. Узнікаюць саляныя масівы, якія прыўздымаюць, выгінаюць (нярэдка прарываюць) верхнія пласты і ўтвараюць саляныя структуры (купалы, антыкліналі, геміантыкліналі, штокі і інш.). Над участкамі, з якіх адцякае соль, надсалявыя пласты прагінаюцца, утвараюцца кампенсацыйныя мульды. У краявых і міжгорных прагінах складкавых абласцей, дзе С.т. развіваецца ва ўмовах бакавога ціску, саляносныя ўтварэнні праяўляюцца ў ядрах лінейных складак, нярэдка ўздоўж ліній тэктанічных разрываў. У скляпеннях і крылах саляных купалаў і антыкліналей часта знаходзяцца паклады нафты і газу, а саляныя ядры распрацоўваюцца для атрымання каменнай і калійных солей. Класічныя вобласці С.т. — Прыкаспійская ўпадзіна, упадзіна Мексіканскага зал. і яго ўзбярэжжа і інш. На Беларусі С.т. пашырана ў Прыпяцкім прагіне. Найб.актыўна праявілася ў верхнефаменскай галітавай субфармацыі (памеры падняццяў 10—30 км²) і ў меншай ступені ў верхняфранскай саляноснай фармацыі (70—100 км²). Большасць з падняццяў прыразломныя, надразломныя, нярэдка групуюцца ў саляныя валы (напр., Рэчыцкі вал). Некат. ядры або скляпенныя і прыскляпенныя ч. саляных купалаў і антыкліналей маюць нафтавыя паклады. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,
сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.
Літ.:
Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЬБА (Альгерд) (сапр.Чыж Вітаўт),
бел. пісьменнік, крытык і публіцыст пач. 20 ст. У 1908—11 чл. рэдакцыі газ. «Наша ніва». З рэцэнзіямі і артыкуламі найб.актыўна выступаў у 1910—11. Адгукнуўся на выхад зб-каў Я.Купалы «Гусляр», Я.Коласа «Песні-жальбы», падкрэсліваў самабытнасць бел. паэтаў як мастакоў слова, з пазіцый народнасці л-ры палемізаваў з польскім крытыкам З.Пяткевічам, які выступіў супраць паэмы Я.Купалы «Адвечная песня» («Адказ пану З.Пяткевічу», 1910). У арт. «Грамадзянскае становішча В.Дуніна-Марцінкевіча» (1910) даволі дакладна ахарактарызаваў ролю пісьменніка ў гісторыі бел. л-ры. Даследаваў польск. і ўкр. л-ру (арт. «Барыс Грынчанка», 1910; «Памяці Тараса Шаўчэнкі», 1911). Узбагачаў бел. алегарычнае апавяданне («Пад шум восенных дажджоў...», 1910). Адстойваў правы бел. народа на сваю нац. л-ру, муз. мастацтва, тэатр (арт. «Беларускі вечар у Полацку», «Беларуская народная песня і мелодыі ў новых музыкальных творах», абодва 1910; «З нашага жыцця (Аб беларускім тэатры)», 1911]. Пісаў артыкулы на тэмы эканомікі і палітыкі, даследаваў этнаграфію («Аб арганізацыі хатняга рамясла», 1911; «Гасударственная Дума, зямельныя законы і іх прымяненне ў жыццю», 1912). У брашуры «Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі» (1911) апісаў бел.нар. строі. Пераклаў на бел. мову з рускай паасобныя апавяданні Л.Андрэева, І.Гарбунова-Пасадава, Р.Данілеўскага, М.Ляскова, Р.Мачтэта.
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
у кн.: Александровіч С., Александровіч В. Беларуская літаратура XIX—пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
рэвалюцыйная марксісцкая партыя ў Расіі. Абвешчана на Першым з’ездзе РСДРП (1898, Мінск); закончана стварэнне партыі на II з’ездзе (1903, Брусель—Лондан), які прыняў Праграму і Статут, сфарміраваў ЦК і цэнтр. орган партыі — рэд.газ. «Искра», замацаваў перамогу радыкальнай большасці (прыхільнікі У.І.Леніна) над больш памяркоўнай меншасцю (Л.Мартаў, П.Б.Аксельрод, Г.В.Пляханаў і інш.). Паводле вынікаў II з’езда ў партыі склаліся 2 плыні: камуніст. — бальшавікі і сацыял-дэмакр. — меншавікі; яны вялі паміж сабой барацьбу, але заставаліся ў рамках адной РСДРП. VI (Пражская) Усерас. канферэнцыя РСДРП (1912) выключыла з партыі меншавікоў-ліквідатараў (прыхільнікаў пераўтварэння РСДРП у легальную парламенцкую партыю). З гэтага часу фактычна існавалі 2 партыі: РСДРП бальшавікоў і РСДРП меншавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Расіі (у т. л. на Беларусі) непрацяглы час (да жн.—вер. 1917) існавалі аб’яднаныя с.-д. арганізацыі РСДРП («аб’яднанкі»), якія ліквідаваны па ініцыятыве бальшавікоў. На VII з’ездзе (1918) РСДРП бальшавікоў перайменавана ў Рас.Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIV з’ездзе (1925) — ва Усесаюзную Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIX з’ездзе (1952) — у Камуністычную партыю Савецкага Саюза (КПСС). РСДРП меншавікоў адмоўна ўспрыняла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, у грамадз. вайну актыўна змагалася супраць бальшавікоў. У 1924 яна як арганізаваная сіла спыніла існаванне на тэр.СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.
Літ.:
История политических партий России М., 1994;
Гл. таксама літ. пры арт.Камуністычная партыя Савецкага Саюза, Меншавікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́Лрэлігійны,
рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, у выніку якога адбылося аддзяленне ад рус.правасл. царквы самаст.рэліг. плыні — стараабрадства. Зачэпкай для Р. з’явіліся рэформы 1653—60, праведзеныя патрыярхам Ніканам з мэтай павышэння аўтарытэту царквы і патрыяршаства і ўсталявання аднастайнасці ў царк. службе. Рэформа ліквідавала адрозненні паміж рус. і грэч. чынамі богаслужэння і прадугледжвала выпраўленні розначытанняў у рус.царк. кнігах паводле грэч. узораў. Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозненняў ад грэч. царквы не было; святары і манахі з Беларусі і Украіны (напр., Сімяон Полацкі) актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэформы. Так 8-канцовы крыж быў заменены на 6-канцовы, 2-пальцавае хрышчэнне — 3-пальцавым, двайная (сугубая) алілуя — трайной і інш. Супраць новаўвядзенняў і за захаванне старой набожнасці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш. На царк. саборах 1654—55 і 1666—67 перамаглі прыхільнікі рэформ. Аднак праціўнікі перамен не падпарадкаваліся саборным пастановам і т.ч. «раскалолі» царкву (адсюль Р.). Раскольнікі падвяргаліся ганенням з боку патрыяршаства і царскай улады: іх высылалі на ўскраіны Расіі, знявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі смерцю; шмат іх уцякло за мяжу, у т. л. на Беларусь. У 2-й пал. 17 ст. стараабрадства стала ідэйным сцягам самых розных апазіцыйных рухаў — ад антыфеад.-сялянскіх да кансерватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар, сац. неаднароднасць удзельнікаў Р. абумовілі наяўнасць розных па арганізацыі і ідэалогіі груповак стараабрадства.