ВАЕ́ННАЕ СТАНО́ВІШЧА,
спецыяльны прававы рэжым, які ўводзіцца дзяржавай ва ўсёй краіне або ў асобных яе мясцовасцях у надзвычайных абставінах (вайна, рэв. выступленні, стыхійныя бедствы). Выяўляецца ў расшырэнні паўнамоцтваў ваен. улад і ўвядзенні абмежаванняў для насельніцтва. У Рас. імперыі ў 19 ст. рэжым ваеннага становішча ўводзіўся ў кожным выпадку імянным указам цара. У зах. губернях ваеннае становішча дзейнічала ў час паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Заканадаўчы акт Рас. імперыі «Аб мясцовасцях, што аб’яўляюцца на ваенным становішчы», прыняты 30.6.1892, прадугледжваў увядзенне ваеннага становішча толькі на тэр. тэатра ваен. дзеянняў. Аднак яго ўвядзенне шырока практыкавалася і ў час рэвалюцыі 1905—07. 31.7—2.8.1914 ваеннае становішча аб’яўлена ў бел. губернях у сувязі з пачаткам 1-й сусв. вайны. У СССР аб’яўлялася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР, напр., у час Вял. Айч. вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваеннае становішча аб’яўляецца Прэзідэнтам.
А.Я.Сукала.
т. 3, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл. Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст. царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.
т. 11, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,
палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.К.Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп. — кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц. акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.
В.В.Антонаў.
т. 5, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены 9.3.1918 Выканаўчым камітэтам рады Усебеларускага з’езда ў Мінску. Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). Канстытуцыйны лад БНР закладваўся як дэмакр., парламенцкай і прававой дзяржавы. Да склікання Устаноўчага Сойма заканадаўчая ўлада ў БНР перадавалася радзе Усебел. з’езда, выканаўчая — Народнаму сакратарыяту Беларусі. Грамадзянам БНР гарантавалася свабода слова, друку, сходаў, забастовак, паліт., прафесійных і культ. арг-цый, свабода сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля. Народам БНР прадастаўлялася права на нац.-персанальную аўтаномію, іх мовы абвяшчаліся раўнапраўнымі. Касавалася прыватная ўласнасць на зямлю, якая без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе; лясы, азёры і нетры абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы.
Аднак у дакуменце не вызначаліся дакладныя тэр. дзяржавы і характар адносін БНР з інш. дзяржавамі. У выніку ўнутр. барацьбы ў кіраўніцтве БНР, Беларускай сацыялістычнай грамадзе і пад уздзеяннем знешніх абставін Рада БНР вымушана была прыняць Трэцюю Устаўную грамату.
А.М.Сідарэвіч.
т. 6, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканад. акт, які вызначае прававыя, эканам. і арганізац. асновы мытнай справы, накіраваны на абарону эканам. суверэнітэту і эканам. бяспекі Рэспублікі Беларусь і развіццё яе знешнеэканам. сувязей. Прыняты Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне ў 2-й пал. 1998. Складаецца з 15 раздзелаў, 45 глаў і 273 артыкулаў. Да 1998 на тэр. Беларусі дзейнічаў мытны кодэкс 1993. Апрача агульных палажэнняў змяшчае і рэгламентуе арганізац. пытанні кіравання мытнай справай; вызначае мытныя органы дзяржавы і іх кампетэнцыю; замацоўвае асн. прынцыпы перамяшчэння тавараў і трансп. сродкаў праз мытную граніцу; устанаўлівае мытныя рэжымы, мытныя плацяжы, мытнае афармленне тавараў, мытны і валютны кантроль; вызначае асоб, якім даецца права на мытныя льготы; рэгулюе пытанні вядзення мытнай статыстыкі і таварнай наменклатуры знешнеэканам. дзейнасці; шэраг норм кодэксу прысвечаны злачынствам і адм. правапарушэнням у сферы мытнай справы, прававому статусу службовых асоб мытных органаў, іх правам і абавязкам.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1434,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Жыгімонтам Кейстутавічам у Троках 6.5.1434 у час Свідрыгайлы паўстання 1432—39. Быў накіраваны на з’яднанне ўсіх феадалаў вакол Жыгімонта. Ураўнаваў саслоўныя, маёмасныя і асабістыя правы літ., бел. і ўкр. князёў і баяр, забяспечваў асабістую свабоду і недатыкальнасць феадалаў, гарантуючы ім разгляд іх спраў у судзе на падставе законаў. Пацвярджалася права князёў і баяр свабодна распараджацца сваімі спадчыннымі маёнткамі, вызваленне іх падданых ад усіх падаткаў, данін, дзякла і павіннасцей на карысць велікакняжацкага скарбу, акрамя павіннасці будаваць і рамантаваць велікакняжацкія замкі і дарогі. Бел. і ўкр. князям і баярам дазвалялася карыстацца гербамі і інш. знакамі шляхецтва. Пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў ВКЛ і аб’яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі і класавымі інтарэсамі. Правасл. бел. і ўкр. баяры атрымалі магчымасць без абмежаванняў уваходзіць у склад кіруючага ўладнага органа — Рады Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на лац. мове.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАТУ́Т АБ КІРАЎНІ́ЦТВЕ ІНШАРО́ДЦАЎ» 1822, заканадаўчы акт Расійскай імперыі, які разам са «Статутам аб сібірскіх кіргізах» вызначаў сістэму кіравання нярус. народамі Сібіры. Складзены пры ўдзеле М.М.Спяранскага. Падзяляў нярус. народы Сібіры («іншародцаў») на аселых, качавых і вандроўных. «Аселыя іншародцы» (гал. чынам сіб. татары) у прававых адносінах прыраўноўваліся да рус. цяглых саслоўяў — мяшчан і дзярж. сялян. Кіраванне «вандроўнымі іншародцамі» (ненцы, юкагіры і інш. паляўнічыя народы Паўн. Сібіры) ажыццяўлялі прадстаўнікі родаплем. вярхоў — «князцы» і старасты. У «качавых іншародцаў» (бураты, якуты, эвенкі, хакасы і інш.) кожны улус або стойбішча атрымлівалі родавае праўленне, якое складалася са старасты і 1—2 памочнікаў. Некалькі ўлусаў і стойбішчаў падпарадкоўваліся «іншароднай управе». Статут замацоўваў за качавымі народамі землі, якімі тыя карысталіся, дазваляў гандаль, вызначаў памер і спосабы збірання ясаку, пашыраў на гэтыя народы крымін. заканадаўства краіны. Створаныя ў адпаведнасці са статутам родавыя праўленні і «іншародныя ўправы» існавалі да пач. 20 ст.
т. 15, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОРД (Ford) Джэральд Рудольф (н. 14.7.1913, г. Омаха, ЗША),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў Мічыганскі (1935) і Іельскі (1941) ун-ты. У 1942—46 служыў у ВМФ (удзельнік 2-й сусв. вайны на Ціхім ак.), потым займаўся юрыд. практыкай. У 1948—73 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, з 1965 лідэр фракцыі рэспубліканцаў у палаце. У час паліт. крызісу 1973—74 (гл. «Уотэргейт») прызначаны віцэ-прэзідэнтам краіны (зацверджаны на пасадзе кангрэсам 6.12.1973), а пасля вымушанай адстаўкі Р.Ніксана 9.8.1974 стаў прэзідэнтам ЗША. Працягваў паліт. курс папярэдняй адміністрацыі, у т. л. на разрадку міжнар. напружанасці (ад імя ЗША падпісаў 1.8.1975 Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, пры ім у крас. 1975 з Паўд. В’етнама выведзены апошнія вайск. кантынгенты ЗША).
Літ.:
Американские президенты: 41 ист. портрет от Джорджа Вашингтона до Билла Клинтона: Пер. с нем. Ростов н/Д;
М., 1997. С. 507—511.
т. 16, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ДСКА-НАРВЕ́ЖСКАЯ УНІЯ 1814—1905,
дзяржаўна-прававое аб’яднанне Швецыі і Нарвегіі на падставе рэальнай уніі. Навязана Нарвегіі Швецыяй у выніку швед.-нарв. вайны 1814, набыла сілу 4.11.1814 з выбраннем каралём Нарвегіі швед. караля Карла XIII.
Адносіны бакоў у уніі рэгуляваў «Дзярж. акт» (Rikzakt) ад 6.8.1815, прыняты парламентамі абедзвюх дзяржаў. Швецыя і Нарвегія мелі агульнае дыпламат. ведамства, кожная з іх захоўвала свае законы, кіраванне, суды, царкву. Нарв. армія (афіцэры — толькі нарвежцы) знаходзілася пад камандаваннем караля, але яе выкарыстанне па-за межамі Нарвегіі патрабавала санкцыі нарв. сторцінга (парламента). Прызначэнне каралём членаў нарв. ўрада праводзілася паводле рэкамендацыі сторцінга, які захаваў таксама права распараджацца фінансамі краіны і даваць нарв. грамадзянства. 7.6.1905 сторцінг, які абапіраўся на моцны антышвед. рух у краіне і падтрымку ўрадаў Расіі і Вялікабрытаніі, абвясціў аб разрыве уніі. За яе спыненне амаль аднагалосна выказаліся ўдзельнікі плебісцыту ў Нарвегіі (13.8.1905). Скасаванне уніі аформлена швед.-нарв. Карльстадскімі пагадненнямі 1905.
т. 17, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)