ДЫЯСТЭРЭАМЕ́РЫ, дыястэрэаізамеры (ад дыя... + стэрэа... + ізамеры),

прасторавыя ізамеры з некалькімі элементамі хіральнасці (асіметрычнымі цэнтрамі), але з рознай канфігурацыяй часткі з іх. Д. адрозніваюцца адзін ад аднаго велічынёй аптычнага вярчэння і не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі. Маюць розныя фіз. (т-ры кіпення і плаўлення, растваральнасць і інш.) і некат. хім. ўласцівасці, напр., D-(+)-вінная і меза-вінная кіслоты. Адзін з метадаў атрымання аптычна актыўных рэчываў — расшчапленне рацэматаў, заснаваны на ўтварэнні пары Д. і іх наступным раздзяленні фіз. метадамі (напр., крышталізацыяй). Гл. таксама Аптычная ізамерыя, Ізамерыя.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

Дыястэрэамеры D-(+)-вінная (I) і меза-вінная (II) кіслоты.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІНЕ́Ц (Ісай Паўлавіч) (падп. мянушкі Слава Юрыгін, Слаўка Пабядзіт; 1910, г. Батумі — 7.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны працаваў у Беластоку. У пач. акупацыі Мінска арганізаваў і ўзначаліў падп. групу ў Кастрычніцкім р-не горада. Уваходзіў у Мінскі падп. гарком КП(б)Б, адказваў за сувязь з падпольшчыкамі гета, кіраваў адпраўкай партызанам папаўнення, зброі, медыкаментаў. Адзін з арганізатараў падп. друкарні, дзе выдаваў лістоўкі, падп. лісток «Вестник Родины». 27.3.1942 арыштаваны і пасля катаванняў павешаны. На месцы пакарання смерцю ў Цэнтр. скверы — мемарыяльны знак.

І.П.Казінец.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СЮЧЭ́Н (1823—7.8.1864),

адзін з кіраўнікоў Тайпінскага паўстання 1850—64 у Кітаі. Далучыўся да тайпінаў у 1851, з 1859 адзін з іх кіраўнікоў. У 1858 нанёс паражэнне (сумесна з Чэнь Юйчэнам) урадавым войскам у раёне Саньхэ, у 1860 адбіў іх наступ на сталіцу тайпінаў г. Нанкін. Двойчы (1860, 1862) беспаспяхова спрабаваў авалодаць г. Шанхай. У 1863—64 кіраваў абаронай Нанкіна, пасля падзення якога (ліп. 1864) узяты ў палон і пакараны смерцю. У турме напісаў «Сведчанні», якія з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі тайпінскага паўстання.

Тв.:

Показания Ли Сю-чэна // Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЭДЗІТ ((Meredith) Джордж) (12.2.1828, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 18.5.1909),

англійскі пісьменнік; адзін з заснавальнікаў сац.-псіхал. рамана. Вучыўся ў Германіі і Англіі. Пачынаў як паэт (зб. «Вершы», 1851). Майстэрствам псіхал. аналізу вызначаюцца раманы «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» (1859), «Прыгоды Гары Рычманда» (1870—71), «Кар’ера Б’ючэмпа» (1874—75), «Эгаіст» (1879), «Адзін з нашых заваёўнікаў» (1891) і інш. Яго проза адметная трагічным пачаткам і горкай іроніяй, напружаным інтраспектыўным псіхалагізмам. Аўтар зб-каў паэзіі «Чытанне зямлі» (1888), «Чытанне жыцця» (1901), эсэ. Паўплываў на творчасць Дж.​Голсуарсі, Г.​Уэлса, Э.​М.​Форстэра і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Эгоист. М., 1970;

Испытание Ричарда Феверела. М., 1990.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.​Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГРУ́ЦЫ ((Negruzzi) Кастаке) (Канстанцін; кастр. 1808, г. Трыфешці, Румынія — 6.9.1868),

малдаўскі і румынскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў малд. рэаліст. л-ры. Дэбютаваў у 1821—23 («Мае бесарабскія забаўкі»). Напачатку прыхільна ставіўся да дэмакр. рэформ у краіне, выступаў у абарону нац. культуры; пазней прытрымліваўся кансерватыўных пазіцый. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў нац. т-ра, для якога ствараў драм. творы. Аўтар рамант. аповесцей «Зое» (1837) і «Скачкі», гіст. «Аляксандру Лэпушняну» (абедзве 1840). У «Пісьмах» (усяго 31, 1837—55) стварыў каларытныя замалёўкі побыту і нораваў тагачаснага грамадства. Пісаў вершы, фарсы, нарысы-эсэ, даследаваў фальклор.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1956.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎ (Вячаслаў Кандратавіч) (1909 — люты 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. З першых дзён акупацыі Мінска адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнік падп. групы з работнікаў канторы Галоўнафтазбыту, дзе ён працаваў перад вайной. Прымаў па радыё і распаўсюджваў зводкі Саўінфармбюро, на яго кватэры падпольшчыкі праводзілі нарады, хавалі шрыфты, падп. л-ру. З мая 1942 заг. аддзела агітацыі і прапаганды Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, у жн. — вер. кіраваў падрыхтоўкай матэрыялаў і выпускам № 2—4 падп. газ. «Звязда». 25.9.1942 схоплены фашыстамі, загінуў у Трасцянецкім лагеры смерці.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЧЫПАРО́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (2.3.1900, г.п. Багародскае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.1.1945),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. (1943). З 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1924 у БВА. З пач.

Вял. Айч. вайны на фронце, камандзір дывізіі, удзельнік Мінскага патрыят. падполля, адзін з ініцыятараў стварэння і камандзір 208-га партыз. атрада. З крас. 1942 камандзір Клічаўскага партыз. злучэння, з вер. нам. камандзіра 4-га гв. кав. корпуса. У 1943 арыштаваны органамі КДБ СССР. Рэабілітаваны ў 1952.

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЯ́НКА (Андрэй Антонавіч) (23.2.1906, в. Дубраўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 29.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, паранены трапіў у палон, уцёк, потым у партызанах. Са жн. 1944 на 1-м Прыбалт. фронце, кулямётчык. Вызначыўся ў баі ў студз. 1945 на тэр. Усх. Прусіі; адзін з першых пераправіўся цераз Куршскі заліў, удзельнічаў у адбіцці 6 контратак. Застаўшыся з разліку адзін, з адкрытай пазіцыі садзейнічаў утрыманню пазіцыі; загінуў у баі. У в. Дубраўка яго барэльеф на адной са стэл помніка землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

А.А.Парцянка.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАСЦЯ́К»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш. муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.

В.​З.​Савін.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)