МІНІЯЦЮРЫЗА́ЦЫЯ (франц. miniaturisation ад miniature нешта вельмі маленькае),

сукупнасць метадаў значнага змяншэння габарытаў, масы і энергаспажывання радыёэлектронных апаратаў з адначасовым павелічэннем іх надзейнасці; кірунак у канструяванні прылад, механізмаў, машын і інш. (пераважна ў электроніцы, электратэхніцы і прыладабудаванні).

Абумоўлена пашырэннем функцый і галін выкарыстання электронных сродкаў аўтаматызацыі вытв-сці, выліч. і вымяральнай тэхнікі, радыётэхнікі і інш., што звязана з ускладненнем электроннай апаратуры і павелічэннем колькасці яе элементаў. Грунтуецца на рацыянальным канструяванні і вырабе вузлоў і элементаў апаратуры з выкарыстаннем пячатных плат, мікрамодуляў, інтэгральных схем і інш. Ажыццяўляецца змяншэннем памераў вузлоў і элементаў прылад, павелічэннем шчыльнасці іх упакоўкі, скарачэннем колькасці і памераў міжэлементных злучэнняў, выкарыстаннем новых канструкцыйна-тэхнал. рашэнняў з мэтай змяншэння колькасці асобных дэталей і іх габарытных памераў.

Л.І.Гурскі.

т. 10, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ТА (Mentha),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Некалькі відаў здаўна культывуюцца ў многіх краінах як эфіраалейныя і лек. расліны. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: водная (M. aquatica), даўгалістая (M. longifolia), палявая (M. arvensis). Трапляюцца на палях, па берагах рэк і азёр. На Беларусі вырошчваюць пераважна М. перцавую (M. × piperita) — гібрыд М. воднай і каласковай (M. spicata).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,2 м. Лісце суцэльнае, зубчастае або пілаватае. Кветкі дробныя, 1- і 2-полыя, ружавата-ліловыя ў пазушных кальчаках або коласападобных ці галоўчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. Трава М. мае ментол, ужываецца як лек. сродак. Алей выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., эфіраалейныя, харч., меданосныя расліны.

У.П.Пярэднеў.

Мята перцавая.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЖНІ́ЦЫ ЦЭН»,

тэрмін, якім характарызуецца дынаміка цэн на тавары, што прадаюцца і купляюцца таваравытворцамі за пэўны перыяд, і адлюстроўваецца разрыў («нажніцы») паміж гэтымі цэнамі. Найчасцей выяўляецца ў сферы абмену прадукцыяй паміж прам-сцю і сельскай гаспадаркай, паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, каб падкрэсліць неэквівалентнасць абмену паміж імі. «Н.ц.» могуць «расшырацца» і «звужацца» ў залежнасці ад канкрэтных тэндэнцый у руху цэн (напр., цэн на харчаванне і сыравіну, што рэалізуюцца с.-г. вытворцамі, з аднаго боку, і на тавары, якія набываюцца імі ў прамыславікоў, — з другога). Праблемы «Н.ц.» маюць актуальнае эканам. і сац. значэнне для краін, дзе высокая доля с.-г. і здабыўной прам-сці ў нацыянальным даходзе; найб. абвастраюцца ў перыяды крызісаў, войнаў, абвастрэння міжнар. адносін.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗДРЫ́Н-ПЛАТНІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (н. 3.10.1932, в. Рухча 2-я Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1987), праф. (1988). Засл. работнік культуры (1976). Скончыў Ленінградскі фін.-эканам. ін-т (1956). З 1963 у Бел. дзярж. эканам. ун-це (у 1972—74 і 1988—97 прарэктар, з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах узнаўлення і павышэння эфектыўнасці асн. фондаў, выдаткаў вытв-сці, гасп. (камерц.) разліку, сукупнага грамадскага прадукту, удасканалення арганізац.-эканам. механізму кіравання вытв-сцю ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі.

Тв.:

Формирование оптимальной структуры общественного продукта в условиях НТР. Мн., 1983;

К экономике высшей эффективности. Мн., 1987;

Актуальные проблемы интенсификации общественного производства. Мн., 1988 (у сааўт.);

Основы экономической теории. Мн., 1999 (у сааўт.).

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),

Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у склад ВА «Беларусьнафта» Бел. дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТО́ЛЫ, гідроксінафталіны,

вытворныя нафталіну з адной ці некалькімі гідраксільнымі групамі ў малекуле. Маюць агульную ф-лу C10H8−(OH)11, дзе n = 1—3 і болей.

З’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі ў сінтэзе азафарбавальнікаў.

Бясколерныя крышт. рэчывы з характэрным пахам. Добра раствараюцца ў этаноле, дыэтылавым эфіры. бензоле, хлараформе, шчолачах, мала — у вадзе. Пры награванні ўзганяюцца. Паводле хім. уласцівасцей — тыповыя фенолы. Найб. пашыраны монанафтолы 1-Н. (нафталінол-1) і 2-Н. (нафталінол-2). Выкарыстоўваюць 1-Н у вытв-сці заацыдаў (напр., 1-нафтылмачавіны), 2-Н. як моцны антысептык, антыаксідант шкіпінару і каўчукоў, яго этылавы эфір (нералін) як пахучае рэчыва ў парфумерыі. 2-Н. слаба раздражняе скуру, слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 0,1 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

Да арт. Нафтолы: а — 1-нафтол; б — 2-нафтол.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́НІЙ (лац. Neptunium),

Np, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 93; адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 227—241; найб. устойлівы ​237Np (перыяд паўраспаду 2,14·10​6 гадоў, α-выпрамяняльнік). У вельмі нязначнай колькасці знойдзены ва ўранавых рудах. Першы трансуранавы элемент; адкрыты Э.М.Макміланам і Ф.Эйблсанам у 1940; назва — ад планеты Нептун.

Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 639 °C, шчыльн. 20450 кг/м³. Вельмі рэакцыйназдольны (ступень акіслення ў хім. злучэннях ад +3 да +7). Утвараецца ў ядз. рэактарах пры працяглым апрамяненні урану, вылучаюць як пабочны прадукт пры атрыманні плутонію. Ізатоп ​237Np выкарыстоўваюць для вытв-сці плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў 2,6·10​−6 Бк/л.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАГЛІЦЭРЫ́НА, гліцэрынатрынітрат,

поўны эфір гліцэрыны і азотнай к-ты; магутнае брызантнае выбуховае рэчыва, C3H5(ONO2)3. Атрымана ў 1846 італьян. хімікам А.Сабрэра; прамысл. вытв-сць наладжана А.Нобелем.

Бясколерная алеепадобная вадкасць без паху, салодкага смаку. Крышталічная існуе ў 2 мадыфікацыях — стабільнай рамбічнай (tпл 13.5 °C) і лабільнай трыкліннай (tпл 2,8 °C). Добра раствараецца ў ацэтоне, дыэтылавым эфіры, метаноле, мала — у вадзе, гліцэрыне. Вельмі адчувальная да ўдару, трэння, агню (т-ра ўзгарання 200 °C); гарэнне лёгка пераходзіць у выбух (цеплата выбуху 6,3 МДж/кг). Атрымліваюць узаемадзеяннем гліцэрыны з сумессю азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (дынамітаў, балістытаў), у медыцыне як сасударасшыральны сродак (паляпшае каранарны кровазварот). У значных дозах атрутная; выклікае моцны галаўны боль. ГДК 2 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЧЫ́НАЎ (Васіль Сяргеевіч) (15.1.1894, с. Грабава Пензенскай вобл., Расія — 5.11.1964),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1940), АН СССР (1946), УАСГНІЛ (1948). Д-р эканам. н. (1935). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). У 1928—48 у Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.А.Ціміразева (праф., заг. кафедры, адначасова з 1940 дырэктар). У 1949—63 старшыня Савета АН СССР па вывучэнні прадукц. сіл. З 1953 акад.-сакратар Аддзялення эканам., філас. і прававых навук АН СССР, у 1958—62 чл. прэзідыума АН СССР. Асн. працы па праблемах тэорыі і практыкі статыстыкі, развіцця прадукц. сіл і структуры грамадскай вытв-сці, распрацоўцы мадэлей планавай гаспадаркі. Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—6. М., 1967—69.

Літ.:

В.С.Немчинов. М., 1964.

В.С.Нямчынаў.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВУШКІН (Яраслаў Міхайлавіч) (8.11.1913, Масква — 2.7.1996),

бел. і расійскі хімік-арганік. Акад. АН Беларусі (1970), д-р тэхн. н. (1948), праф. (1949). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал. ін-т (1938). З 1945 у Ін-це нафтахім. і газавай прам-сці (Масква). З 1970 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (заг. аддзела). З 1974 у Ін-це гаручых выкапняў (Масква). Навук. працы па нафтахім. сінтэзе паліва і спец. відаў палімераў, хіміі рэактыўнага паліва, тэрмічным ператварэнні вуглевадародаў. Адкрыў рэакцыю алкіліравання араматычных вуглевадародаў алефінамі. Распрацаваў новыя метады сінтэзу шмат’ядз. араматычных поліамінаў і поліфенолаў.

Тв.:

Нефтехимическая наука и промышленность. Мн., 1972;

Жидкие и твердые химические ракетные топлива. М., 1978;

Технология нефтехимического синтеза. 2 изд. М., 1985 (разам з С.В.Адэльсон, Т.П.Вішняковай).

Я.М.Павушкін.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)