Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн.км². Нас. каля 4 млн.чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст.тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв.Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РШТЫ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Котра і на беразе воз. Берштаўскае. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Бершты» Гродзенскага ВА «Хваля». За 44 км на ПнЗ ад Шчучына, 55 км ад Гродна, 21 км ад чыг. ст. Парэчча. 240 ж., 110 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1460. У 15—16 ст. тут быў двор вял. князёў ВКЛ, у 1496 адбыўся сойм ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1886 — 936 ж., 117 двароў, нар. вучылішча, фельчарскі пункт. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Берштах 387 ж, 140 двароў.
У вёсцы базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства 19 ст. — царква. Каля Берштаў выяўлены стаянкі мезаліту, нёманскай культуры неаліту і бронзавага веку. У 1889 каля Берштаў знойдзены адзін з найб. манетных скарбаў 17 ст. на Беларусі (каля 6 тыс. манет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:
Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.
Канстанцін Казімір, гл.Бжастоўскі К.К.
Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.
Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.
Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.
Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл.Паўлаўская рэспубліка).
Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ», «Белорусский архив древних грамот»,
зборнік дакументаў па гісторыі ўсх. зямель Беларусі 16—18 ст. Першае археаграфічнае выданне дакументаў, амаль поўнасцю прысвечаных гісторыі Беларусі. Падрыхтаваны І.І.Грыгаровічам пры ідэйнай і фін. падтрымцы М.П.Румянцава, выдадзены ў Маскве (ч. 1, 1824). Змешчана 57 дакументаў, выяўленых у архівах Магілёва і Мсціслава і размешчаных у храналагічным парадку — ад сярэдзіны 15 ст. да 1768. Пераважаюць матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі і царк.-рэліг. адносінах, у асн. датычаць Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска (у т. л. прывілей вял.кн. Аляксандра правасл. духавенству 1499, Жыгімонта I правасл. епіскапам 1511, прывілей Магілёву на магдэбургскае права 1578 і інш.). 2-я частка захавалася ў рукапісе (у Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва); змяшчае 66 дакументаў за 1252—1707, у т. л. агульназемскі прывілей вял.кн. Казіміра 1447, дакументы да Брэсцкага сабора 1596, генеалагічную табліцу кн. Мсціслаўскіх. Для 3-й часткі прызначаліся дакументы 17 ст., але праца над ёю была спынена (смерць Румянцава, фін. цяжкасці, магчыма, умяшанне цэнзуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1988 у г. Горкі Магілёўскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 484 м²), каля тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Аддзелы: археалагічны, гісторыі краю дасав. перыяду, сав. перыяду, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны, мастацкі. Сярод экспанатаў стараж. кераміка, прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні з археал. помнікаў Горацкага і суседніх раёнаў, карта сял. хваляванняў 1655, матэрыялы пра Горацкі маёнтак, Горы-Горацкія земляробчую школу і інстытут. Шматлікія крыніцы і ўспаміны расказваюць пра падзеі ў Горках у час паўстання 1863—64, пра старшыню першага рэўкома на Чукотцы М.С.Мандрыкава, лёсы землякоў, якія ў час калектывізацыі былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У экспазіцыі, прысвечанай Вял.Айч. вайне, матэрыялы пра дзейнасць Горацкага патрыятычнага падполля, воінаў-землякоў — Герояў Сав. Саюза, пра баявыя дзеянні на тэр. раёна польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя—Нёман» і інш. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, адзенне 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства і інш. рамёстваў. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя твораў землякоў-жывапісцаў. Філіялы музея працуюць у вёсках Аўсянка, Копцеўка, Леніна і Маслякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРБу чалавека,
вынік паталаг. змены крывізны пазваночніка, выкліканай разбурэннем цел пазванкоў туберкулёзным працэсам, іх спаданнем, парушэннем суадносін паміж пазванкамі, зрушэннем назад асцістых адросткаў і дужак разбураных цел. Перыяд ад занесенай у пазванкі інфекцыі да з’яўлення гарба ў хворых, якія не лечацца, залежыць ад узросту (ва ўзросце 3 гадоў горб з’яўляецца праз 3—6 месяцаў, пасля 5 гадоў — праз 8—12 месяцаў), стану здароўя, месца лакалізацыі пашкоджання (у шыйным і паяснічным аддзелах горб выяўляецца пазней і пры значных разбурэннях, у грудным — раней і хутка павялічваецца). У дарослых пераважна краявое пашкоджанне цел пазванкоў і горб не ўтвараецца нават пры пашкоджанні значнай іх колькасці. У дзяцей пры туберкулёзным пандыліце частка пазванкоў, што знаходзяцца вышэй над разбуранымі, нахіляецца ўперад, заднія часткі разбураных цел выгінаюцца назад і ўтвараюць горб. Яго форма і памер залежаць ад ступені пашкоджання пазваночніка (пры частковым разбурэнні цел пазванкоў горб мае дугападобную форму), лакалізацыі пашкоджання (верхнегрудны аддзел — месца самых вял. дэфармацый, у сярэднегрудным аддзеле форма гарба найчасцей востравугольная, у паяснічным не бывае вял. гарба). Лячэнне туберкулёзнага спандыліту антыбактэрыяльнае і артапедычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖАЗО́ЎСКІ (Генрых Францавіч) (н. 1.1.1912, Мінск),
бел. жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.Керзіна і М.Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял.Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял.Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.
Літ.:
Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.
Г.А. Фатыхава.
Г.Бржазоўскі. На родных палетках. 1952. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БЕН,
бел.нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.
Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял.кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.
І.Дз.Назіна.
Бубен. Вёска Забалоцце Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.