СІГНАТУ́РА (позналац. signatura ад лац. signare абазначаць, указваць),
1) частка рэцэпта з указаннем спосабу прыёму лякарства; таксама копія рэцэпта ўрача, якая прыкладаецца да выдадзенага аптэкай лякарства.
2) Парадкавы нумар кожнага друкаванага аркуша ў кнізе, часопісе, які друкуецца на 1-й і 3-й яго старонках злева ўнізе з мэтай кантролю за правільнасцю фальцоўкі і брашуравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РА (Іван Паўлавіч) (7.9.1885, в. Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 26.9.1966),
бел. селекцыянер-аматар, паслядоўнік І.У.Мічурына. Займаўся гібрыдызацыяй і адборам пладова-ягадных і дэкар. культур. Вывеў каля 500 сартоў яблыні (найб. вядомы названы яго імем «Памяць Сікоры»), каля 100 — груш, 70 — сліў, сарты ляшчыны, бэзу, руж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́НЕР (англ. scanner разгортвальная прылада),
электронная прылада, якая пераўтварае плоскі відарыс (тэкст, табліцу, чарцёж, фатаграфію ці інш.) у лічбавы код шляхам паслядоўнага прагляду (сканіравання) усіх пунктаў поля відарыса. Пры гэтым для кожнага пункта вымяраюцца яго яркасныя і колерныя характарыстыкі. Выкарыстоўваецца для ўводу інфармацыі ў ЭВМ або для перадачы яе па лініях факсімільнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ ((Bobrowski) Іаганес) (9.4.1917, г. Тыльзіт, цяпер Савецк Калінінградскай вобл., Расія — 2.9.1965),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Кёнігсбергскай класічнай гімназіі. У 1941 мабілізаваны на Усх. фронт. У 1945—49 у палоне ў СССР. Аўтар зб-каў вершаў «Сармацкі час» (1961), «Зямля ценяў і рэк» (1962), «Прыкметы надвор’я» (1966), «У зарасніках ветру» (1970), раманаў «Млын Левіна» (1964), «Літоўскія клавіры» (1966), кн. навел «Бёлендорф і мышынае свята» (1965), «Прарок» (1967). Асн. тэма творчасці — асэнсаванне гіст. віны немцаў перад інш. народамі. З яго твораў паўстае вобраз Сарматыі — краю паміж Віслай і Нёманам, паэт уваскрашае абліччы і галасы ахвяр — ад знішчаных тэўтонцамі ў 12 ст. прусаў (праграмная «Элегія памяці прусаў», 1952) да яўрэяў, цыганоў і славян, што загінулі ад рук фашыстаў. Вершы «Радзіма мастака Шагала», «Заходняя Дзвіна», «Вільня», «Мемель» і інш. перадаюць непаўторную прыгажосць бел.-літоўскага краю, насычаны матывамі бел. і літоўскага фальклору. Асобныя яго творы на бел. мову перакладалі Ю.Гаўрук, М.Навіцкі, Я.Семяжон, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ (Міхаіл Кірылавіч) (19.11.1784 ці 1785, в. Вулька Бельска-падляскага ваяв., Польшча — 3.10.1848),
бел. славіст і арыенталіст. Д-р тэалогіі (1823). З сям’і уніяцкага святара. Скончыў Гал. духоўную семінарыю пры Віленскім ун-це (1812). У 1822—24, 1826—33 праф. Віленскага ун-та, у 1824—26 у ссылцы ў Жыровіцкім базыльянскім манастыры. З 1833 жыў у мяст. Шарашова Пружанскага пав., дзе атрымаў прыход. Даследаваў гісторыю слав. кнігадрукавання, збіраў матэрыялы пра дзейнасць Ш.Фіёля, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Зрабіў навук. апісанне стараж. кірылічных і глагалічных кніг Ватыканскай б-кі, увёў у навук. ўжытак 1-ю глагалічную друкаваную кнігу «Місал па законе Рымскага двара» (Служэбнік, 1483). Нанава адкрыў для бел. і еўрап. навукі імя і справу Ф.Скарыны, звесткі пра яго ўвайшлі ў ненадрукаваную «Гісторыю славянскіх друкарняў у Літве». Разам з І.М.Даніловічам быў адным з пачынальнікаў бел.нац. адраджэння. З яго багатай творчай спадчыны захаваліся толькі асобныя рукапісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКСТ (сапр.Розенберг) Леў Самойлавіч
(9.5.1866, г. Гродна — 27.12.1924),
тэатральны мастак, графік, жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1883—87), у Парыжы (1893—96). У 1906—09 выкладаў жывапіс у прыватнай маст. школе ў Пецярбургу, сярод яго вучняў — М.Шагал. Член аб’яднання «Свет мастацтва». З 1910 жыў пераважна ў Парыжы. Быў адным з вядучых дэкаратараў «Рускіх сезонаў» С.П.Дзягілева. Моцны ўплыў стылю мадэрн зазнала яго кніжная графіка (час.«Мир искусства», «Золотое руно», «Аполлон»), станковы жывапіс («Старажытны жах», 1908) і асабліва тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (балеты «Клеапатра», 1909, «Шэхеразада», 1910, «Дафніс і Хлоя», 1912), дзе, стылізуючы ант. і ўсх. матывы, Бакст стварыў вытанчана — дэкар. эскізы касцюмаў і дэкарацый. Выканаў шмат партрэтаў (І.І.Левітан, І.А.Бунін, К.Дэбюсі, І.Рубінштэйн і інш.) і станковых твораў («На схіле гадоў», «Вячэра», «С.П.Дзягілеў з нянькай» і інш.).
Літ.:
Голынец С.В. Л.С.Бакст, 1866—1924. Л., 1981.
М.М.Паграноўскі.
Л.Бакст. Эскіз касцюма Сіняй султаніхі да балета «Шэхеразада». 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА, Венская школа,
суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.Менгер, Э.Бём-Баверк, Ф.Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.Джэванс (Вялікабрытанія), Л.Вальрас (Швейцарыя), М.Туган-Бараноўскі і П.Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С ГАДУНО́Ў (каля 1552, г. Кастрама — 23.4.1605),
расійскі цар [1598—1605]. Сын баярына Фёдара Гадунова. Вылучыўся ў час апрычніны. Зяць Малюты Скуратава (гл.Скуратаў-Бельскі Р.Л.) і швагер цара Фёдара Іванавіча, пры якім фактычна правіў краінай. Пасля яго смерці выбраны Земскім саборам на царскі трон. Ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да эканам. стабілізацыі, у т. л. палегчыў становішча пасадскіх людзей, садзейнічаў будаўніцтву новых гарадоў. У 1589 дамогся стварэння незалежнай ад канстанцінопальскага патрыярха Маскоўскай патрыярхіі. Праводзіў міралюбівую знешнюю палітыку (у выніку адзінай вайны са Швецыяй 1590—93 Расія вярнула Івангорад, Ям, Капор’е і воласць Карэла), наладзіў культ. супрацоўніцтва з краінамі Зах. Еўропы. Запрыгоньванне сялян, голад 1600—02 і інш. выклікалі незадаволенасць яго праўленнем і нар. хваляванні (гл.Хлопка паўстанне 1603, Сялянская вайна пачатку 17 ст.). Памёр раптоўна ў час барацьбы з Ілжэдзмітрыем I. Маст. вобраз Барыса Гадунова стварылі ў аднайм. творах А.С.Пушкін (трагедыя) і М.П.Мусаргскі (опера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,
рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыі хрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, Дз.С.Меражкоўскі, З.М.Гіпіус, М.М.Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.
Літ.:
История философии. Т. 5. М., 1961;
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР (Bor) Матэй [сапр.Паўшыч
(Pavšič) Уладзімір; н. 14.4.1913, Гргар каля Горыцы, Славенія], славенскі пісьменнік. Правадз.чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1965),
чл.-кар. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Люблянскі ун-т (1937). Удзельнік антыфаш. барацьбы, тэма якой займае важнае месца ў яго творчасці. Аўтар паэт. зб-каў «Бурай адолеем буру» (1942), «Плюшч над прорваю» (1952), «Сляды нашых ценяў» (1958), «Брыдзём, брыдзём», «У летняй траве» (абодва 1963), «Баладныя матывы» (1971), раманаў «Далячыні» (1961), «Адкінутыя» (1980), п’ес «Пан Лісяк», «Турма адкрылася», «Абдзіртусы» (усе 1944), «Цяжкі час» (1946), «Сусвет у акварыуме» (1955), «Школа ночы», «Зоркі вечныя» (абедзве 1971), зб. артыкулаў «Крытыка» (1961) і інш. На бел. мову асобныя вершы Бора перакладалі Н.Гілевіч, К.Севярынец, І.Чарота. У Бел. т-ры імя Я.Купалы ў 1984 ставілася яго п’еса «Зоркі вечныя».