БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1962. Аснова т-ва — пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць каля 3 млн. членаў (1995). Задачы т-ва: прапаганда ведаў аб прыродзе і яе ахове, далучэнне грамадзян да актыўнай дзейнасці па ахове прыроды, павелічэнні яе багаццяў, азеляненні нас. пунктаў, выхаванне экалагічнай свядомасці, беражлівых адносін і любві да прыроды і да роднага краю. Далучаецца да сусв. арг-цыі па ахове навакольнага асяроддзя «Грынпіс», супрацоўнічае з Беларускім «Фондам Сораса». Друкаваны орган — час. «Родная прырода».

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЎКРАІ́НСКІ КАМІТЭ́Т ПО́МАЧЫ АХВЯ́РАМ ВАЙНЫ́ (Беларуская грамада) у Барнауле, дабрачынная арганізацыя па аказанні дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Дзейнічаў з перапынкамі з пач. 1918 да канца 1920. Задачы: абарона матэрыяльных і юрыд. інтарэсаў бел. і ўкр. бежанцаў, культ.-асв. дзейнасць сярод іх. Старшыня М.​Ф.​Бліадухо. Супрацоўнічаў з к-тамі бежанцаў інш. нацыянальнасцяў. У 1918 уваходзіў у Міжнар. к-т бежанцаў у Сібіры (Барнаул). У час грамадз. вайны дзейнасць неаднойчы забаранялася ваен. і цывільнымі ўладамі Барнаула.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯПО́ЕЗД,

браніраваны чыг. састаў, прызначаны для агнявой падтрымкі войск і вядзення самаст. баявых дзеянняў у паласе чыгункі. Апрача паравоза (цеплавоза) меў 2 і болей вагонаў або бронепляцовак, 2—4 платформы (у пачатку і канцы браняпоезда для засцярогі яго ад падрыву), на ўзбраенні 1—2 гарматы, 8 кулямётаў. Бронепаязды выкарыстоўваліся ў час 1-й сусв., грамадз. і 2-й сусв. войнаў. У Вял. Айч. вайне былі бронепаязды ППА, узброеныя зенітнымі гарматамі і кулямётамі, для прыкрыцця ад удараў з паветра буйных чыг. вузлоў і станцый.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУШЫ́НА (peritoneum),

серозная абалонка, што высцілае сценкі брушной і тазавай поласцей і ўкрывае паверхню размешчаных у ёй органаў у чалавека і пазваночных жывёл; тонкая празрыстая пласцінка. Агульная плошча брушыны чалавека 1,6—2,04 м², таўшчыня — 0,7—1,1 мм. Складаецца з валакністай злучальнай тканкі, высланай плоскімі клеткамі мезатэлію. Паверхня брушыны гладкая, увільгатняецца серознай вадкасцю, што палягчае слізгаценне кішэчніка ў час перыстальтыкі і рух інш. органаў брушной поласці. Брушына мае ахоўную функцыю — паглынае і знішчае бактэрыі. Утварае брыжэйку і сальнік Запаленне брушыны — перытаніт.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.​Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр. аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял. Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.

А.​А.​Воінаў.

Віцебскі дом-камуна.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАК,

традыцыйная рыбалоўная снасць у беларусаў; сеткавы мяшок, прымацаваны ў ніжніх частках да двух шастоў (дзядоў). Для лепшага затаплення да мяшка прывязвалі камень. У час лоўлі мяшок адкрытай часткай быў накіраваны ў напрамку цячэння. Аб злоўленай рыбе даведваліся па паторгванні шнуроў (старажоў), што мацаваліся да верхняй плоскасці мяшка і ўтрымлівалі яго ў адкрытым стане. Лавілі волак з дзвюх лодак. Выкарыстоўвалі волак і без шастоў (на Дняпры); мяшок цягнулі за лодкамі на вяроўках. Вядомы на ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Волак.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,

заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.​Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЕ ((Alle) Аўгуст) (31.8.1890, г. Вільяндзі, Эстонія — 8.7.1952),

эстонскі пісьменнік. Скончыў Тартускі ун-т (1937). Друкаваўся з 1911. Дэбютаваў рамант.-сімвалісцкімі вершамі з міфалаг. матывамі (зб. «На астравах адзіноты», 1918; «Ліловы слон», 1923). Развіваў жанр сатыр. эпіграмы, востра антыфаш. ў гады Айч. вайны. Аўтар зб. вершаў «Carmina barbata» (1921), «Мутныя хвалі» (1930), «Суровыя рытмы» (1934), «Эпіграмы» (1944) і інш. У 1946—52 рэдактар час. «Looming» («Творчасць»). Паасобныя вершы Але перакладзены на бел. мову.

Тв.:

Сатира и лирика. Таллинн, 1960.

Н.​Басель.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМЕ́ЙДА МЕДЫ́НА ((Almeida Medina) Кладаміра) (н. 11.2.1923, г. Сант’яга),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т. У 1952—53 міністр працы, У 1953—56 міністр гарнаруднай прам-сці, у 1970—73 міністр замежных спраў, нац. абароны ва ўрадзе С.Альендэ Госенса. Арыштаваны ў час ваен. перавароту (1973). У 1975 вызвалены і высланы з краіны. У 1978—89 нам. ген. сакратара, ген. сакратар Сацыяліст. партыі Чылі, старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі Чылі, з 1988 старшыня Каардынацыйнага к-та сацыяліст. партый краін Лац. Амерыкі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТРУІ́ЗМ (франц. altruisme ад лац. alter іншы),

бескарыслівыя клопаты пра шчасце і дабрабыт інш. людзей, гатоўнасць ахвяраваць асабістымі інтарэсамі. Тэрмін увёў у 1830-я г. франц. філосаф А.​Конт, які звязваў маральнае ўдасканаленне чалавека з выхаваннем у людзей пачуцця альтруізму, проціпастаўляючы яго эгаізму. Асобныя ідэі альтруізму развіваліся ў раннім хрысціянстве, у вучэнні Францыска Асізскага (сярэднявечча), у новы час — асветнікамі (І.​Гердэр, А.​Шэфтсберы, Д.​Юм, А.​Сміт, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ і інш.). Канкрэтныя формы альтруізму — міласэрнасць, дабрачыннасць, філантропія і інш.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)