службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.
2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.
3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛ К.І.Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРАГРА́ФІЯ,
электрахімічны метад колькаснага аналізу, якаснага аналізу, а таксама кінетыкі хім. працэсаў. Распрацаваны Я.Гейраўскім (1922), развіты А.Н.Фрумкіным і інш.
Грунтуецца на даследаванні эл.-хім. сістэм з дапамогай іх вольтамперных характарыстык (паляраграм), якія рэгіструюцца палярографамі. Найб. пашырана атрыманне паляраграм з дапамогай спец. ячэйкі, якая мае палярызавальны мікраэлектрод (катод; капіляр, з якога кроплямі выцякае ртуць) і непалярызавальны электрод (анод; слой ртуці на дне ячэйкі). У ячэйку змяшчаюць даследавальны раствор; калі ў растворы ёсць сумесь розных кампанентаў (катыёнаў), паляраграма мае характэрны хвалепадобны выгляд, кожная хваля якога адпавядае пэўнаму катыёну. Вышыня хвалі залежыць ад канцэнтрацыі катыёнаў, што ўзнаўляюцца на катодзе, каэфіцыента дыфузіі, інтэнсіўнасці перамешвання і інш. Метады П. выкарыстоўваюцца для аналізу рэчываў у водных і няводных растворах, вызначэння дамешкаў у сплавах, металах, рудах, хім. рэактывах, а таксама для выяўлення арган. і неарган. іонаў, якія могуць узнаўляцца на катодзе ці акісляцца на анодзе.
Л.М.Скрыпнічэнка.
Да арт.Паляраграфія: паляраграма раствору, які мае сумесь катыёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯ́РШЫ РУ́КАПІС,
гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ФОН,
сумеснае ўздзеянне прыродных і тэхнагенных радыяцыйных фактараў. Прыродны Р.ф. абумоўлены ў асн. (на 84%) іанізавальнымі выпрамяненнямі прыродных радыенуклідаў (пераважна калію-40 і радыенуклідаў уранавага і торыевага радыеактыўных радоў), якія ёсць у глебе, паветры, вадзе, раслінах, харч. прадуктах, буд. матэрыялах, целе жывёл і чалавека, а таксамакасм. выпрамяненнем (гл.Касмічныя прамяні). Тэхнагенны Р.ф. абумоўлены пераважна здабычай і спальваннем каменнага вугалю, нафты, газу і інш. гаручых выкапняў, выкарыстаннем фосфарных угнаенняў, здабычай і перапрацоўкай неуранавых руд, у працэсе якіх адбываецца пераразмеркаванне і канцэнтраванне прыродных радыенуклідаў. На тэхнагенны Р.ф. уплываюць таксама выпрабаванні ядз. зброі, развіццё ядз. энергетыкі і інш.
У розных рэгіёнах Зямлі прыродны Р.ф. значна адрозніваецца. Гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення чалавека за кошт прыроднага Р.ф. складае ў сярэднім 2,4 мЗв (гл.Дозы выпрамянення). Гэта доза на 2/3 абумоўлена ўнутр. уздзеяннем газападобных альфа-актыўных прадуктаў распаду радону і тарону (назва радону-220, радыенуклід з перыядам паўраспаду 55,6 с), прычым уклад прадуктаў распаду радону амаль у 5 разоў большы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВАРА́ЛЬНІКІ,
хімічныя злучэнні ці іх сумесі, здольныя раствараць (гл.Растваральнасць) розныя рэчывы. У сістэмах вадкасць — газ і вадкасць — цвёрдае цела Р. лічаць вадкасць, у двух і шматкампанентных растворах — кампанент, колькасць якога значна перавышае колькасць інш. кампанентаў. Паводле асн.хім. класіфікацыі Р. падзяляюць на неарган. і арганічныя.
Найважн. неарган. Р. — вада. Да неарган. Р. адносяцца вадкія аміяк NH3 і дыаксід серы SO2, фторыставадародная к-та HF і інш.Арган. Р. — злучэнні розных класаў: аліфатычныя і араматычныя вуглевадароды, іх галагена- і нітравытворныя (хлараформ, нітрабензол), спірты (метанол, этанол), кетоны (ацэтон), простыя і складаныя эфіры (дыэтылавы эфір) і інш. Класіфікуюць Р. таксама паводле палярнасці малекул і велічыні дыэл. пранікальнасці (палярныя і непалярныя), т-ры кіпення (нізка- і высокакіпячыя), вязкасці, пажара- і выбухованебяспечнасці, таксічнасці і інш. уласцівасцей. Асн. патрабаванні да Р. пры яго практычным выкарыстанні мінім. таксічнасць і пажаранебяспечнасць, даступнасць і таннасць. Выкарыстоўваюць для тэхнал. мэт у лакафарбавай, тэкст., фармацэўтычнай, мед. прам-сці, пры вытв-сці выбуховых рэчываў, а таксама ў якасці асяроддзя для ажыццяўлення хім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗІЯ,
праверка фін.-гасп. дзейнасці прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў або службовых асоб за пэўны перыяд; асн. метад фінансавага кантролю; найб. глыбокае і поўнае абследаванне фін.-гасп. дзейнасці юрыд. асоб з мэтай праверкі яе законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці. Р. праводзяць розныя кантралюючыя органы, найчасцей фінансавыя, а таксама органы дзярж. кіравання ў адносінах да падведамных арг-цый. Могуць праводзіцца паводле плана гэтых органаў і па ўказанні інш. кампетэнтных органаў, у т. л. праваахоўных. Паводле аб’екта праверкі адрозніваюць Р. дакументальныя, фактычныя, поўныя (суцэльныя), выбарачныя (частковыя). Бываюць планавыя і пазапланавыя (калі патрабуецца неадкладная праверка), комплексныя (праводзяцца сумесна некалькімі кантралюючымі органамі). Пры правядзенні дакументальнай Р. правяраюцца дакументы (асабліва першасныя грашовыя), таксама справаздачы, каштарысы і да т.п. Фактычная Р. азначае праверку дакументаў, наяўнасць грошай, матэрыяльных каштоўнасцей. Вынікі Р. афармляюцца актам, які мае важнае юрыд. значэнне. Акт падпісваюць кіраўнік рэвізійнай групы, кіраўнік і гал. бухгалтар арг-цыі, якую рэвізуюць. Свае пярэчанні і заўвагі кіраўнік і гал. бухгалтар абавязаны ў пісьмовай форме прыкласці да акта і падпісаць яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАКІРАВА́ННЕ,
самастойнасць якой-н. сац. супольнасці ў кіраванні ўласнымі справамі. С. адм.-тэр. адзінкамі (мясц. С.) ажыццяўляецца насельніцтвам праз прадстаўнічыя органы кіравання (муніцыпальныя сходы, саветы, камітэты і г.д), адпаведныя органы кіравання (мясц. адміністрацыю), сходы грамадзян, мясц. рэферэндумы, інш.тэр. формы непасрэднай дэмакратыі, а таксама органы тэр. грамадскага С. насельніцтва. Органы мясц. С. звычайна не ўваходзяць у сістэму органаў дзярж. улады, але могуць надзяляцца законам асобнымі дзярж. паўнамоцтвамі, рэалізацыя якіх падкантрольная дзяржаве.
Узнікла разам з дзяржавай. Вядома ў рабаўладальніцкім і феад. грамадстве. На Беларусі пашырылася ў гарадах з увядзеннем магдэбургскага права. У дарэв. Расіі органамі С. былі гарадскія думы і земствы. Асаблівае значэнне С. набыло ў сувязі з бурж. рэвалюцыямі 17 ст. ў Англіі і 18 ст. ў Францыі, калі буржуазія ў барацьбе з абсалютызмам побач з інш.дэмакр. патрабаваннямі дамаглася ўдзелу народа ў мясц. кіраванні і права кантролю над ім. Гл.таксамаВеча, Муніцыпалітэт, Мясцовае кіраванне і самакіраванне, Мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сістэма забеспячэння і абслугоўвання састарэлых і непрацаздольных грамадзян, а таксама сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. У Рэспубліцы Беларусь сістэма С.з. уключае: пенсіі, дапамогі працуючым (па часовай непрацаздольнасці, з прычыны цяжарнасці і родаў і г.д.), мнагадзетным і адзінокім маці, малазабяспечаным сем’ям, дзе ёсць дзеці; санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне; утрыманне і абслугоўванне састарэлых і інвалідаў у спец. установах (дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, дзяцей-інвалідаў і г.д.); пратэзаванне; прафес. навучанне і працаўладкаванне інвалідаў; ільготы інвалідам і мнагадзетным маці. Сродкі на С.з. засяроджаны ў Фондзе сац. абароны Мін-васац. абароны Беларусі, які не ўваходзіць у склад бюджэту краіны і фарміруецца за кошт узносаў наймальнікаў, страхавых узносаў асоб, што займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, абавязковых страхавых узносаў грамадзян і пэўных выдаткаў дзяржавы. Палажэнне аб Фондзе сац. абароны зацвярджаецца урадам. Памеры абавязковых страхавых узносаў у гэты фонд устанаўліваюцца законам. Сродкі фонду выкарыстоўваюцца толькі на мэтавае фінансаванне мерапрыемстваў па С.з. Гл.таксамаСацыяльнае страхаванне.