КО́СБЕРГ (Сямён Арыевіч) (14.10.1903, г. Слуцк Мінскай вобл. — 3.1.1965),
сав. канструктар авіяц. і ракетных рухавікоў. Д-ртэхн.н. (1959). Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1931). Працаваў у праектных арг-цыях авіяц. прам-сці. З 1941 гал. канструктар КБ. Адзін са стваральнікаў авіяц. рухавікоў, устаноўленых на знішчальніках Ла-5, Ла-7 і інш. самалётах ваен. часу. Пад яго кіраўніцтвам створаны доследныя ўзоры рэактыўных рухавікоў для самалётаў канструкцыі А.І.Мікаяна і А.С.Якаўлева, першы сав. кіслародна-газавы вадкасны ракетны рухавік (ВРР), які запускаецца ва ўмовах бязважкасці, серыйныя ВРР апошніх ступеняў ракет-носьбітаў касм. апаратаў. Ленінская прэмія 1960. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Літ.:
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЧЭ́ЎСКІ (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч
(7.8.1879, Кобрынскі пав. Гродзенскай губ. — 8.3.1928),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1902). Настаўнічаў. У 1909—14 працаваў у Віленскім дзярж. банку. З 1914 на вайск. службе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 старшыня Барысаўскага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, дзярж. кантралёр, нар. сакратар фінансаў, нар. сакратар гандлю і прам-сці; узначальваў Цэнтр.бел.гандл. палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. З 13.12.1919 старшыня Рады БНР. З 1920 у эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. З пазіцыі абароны інтарэсаў Беларусі асуджаў Рыжскі мірны дагавор 1921, рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925). Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), вершаў, перакладаў з чэш. і ўкр. моў. Пахаваны ў Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,
2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5 °C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял. колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн.прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТР (франц. lustre глянец, бляск ад лац. lustro асвятляю),
пігмент для размалёўкі керамічных вырабаў паверх абпаленай глазуры (гл.Паліва). Мае метал. ці перламутравы адліў, водбліск, адценні ад залаціста-карычневага і зеленаватага да медна-чырвонага і фіялетавага. У склад Л. ўваходзяць солі смаляных кіслот і вокіслы металаў (золата, плаціны, серабра, медзі, жалеза). Пакрыццё Л. дазваляе ствараць у кераміцы імітацыю каштоўных метал. вырабаў. Вынаходніцтва і пашырэнне звязваюць з забаронай ісламам карыстацца ў побыце посудам з каштоўных металаў. Кераміка з размалёўкай Л. вядома з канца 8—9 ст. у Егіпце, Іране, Іраку і Сірыі. Росквіт егіп. і іранскай вытв-сці вырабаў з Л. (10—13 ст.) паўплываў на развіццё іспана-маўрытанскай керамікі 13—15 ст. і італьян. маёлікі 15—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШЧЫ́НА, арэшнік (Corylus),
род кветкавых раслін сям. ляшчынавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Культ. формы (фундук) вырошчваюць 3—4 тыс. гадоў. На Беларусі 1 дзікарослы від Л. звычайная, або лясны арэх (C. avellana). Расце ў падлеску і на ўзлесках шыракалістых і мяшаных лясоў. 7 відаў інтрадукавана.
Аднадомныя лістападныя кусты, радзей дрэвы. Лісце простае, чаргаванае, чаранковае. Тычынкавыя кветкі ў павіслых каташках, песцікавыя — у двухкветкавых дыхазіях (развілінах), сабраных у галоўчатыя суквецці. Плод — аднанасенны дравяністы арэх. У пладах да 70% алею, які выкарыстоўваецца ў харч., кандытарскай, лакафарбавай і мед. прам-сці, з макухі робяць халву Драўніна ідзе на дробныя вырабы. З кары атрымліваюць фарбавальныя і дубільныя рэчывы. 3 парасткаў плятуць мэблю і інш.Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЛЬ (франц. modèle узор ад лац. modulus мера, узор, норма),
1) узор (эталон) якога-н. вырабу для серыйнай ці масавай вытв-сці.
2) Тып, марка, узор канструкцыі.
3) Прадмет маст. адлюстравання (натура); чалавек, які пазіруе мастаку (натуршчык).
4) Узнаўленне, імітацыя якога-н. прадмета, часцей у зменшаным выглядзе (напр., М. самалёта). Гл. таксама Макет.
5) Узор прадмета (звычайна з матэрыялу, што лёгка апрацоўваецца), з якога робіцца форма для ўзнаўлення ў інш. матэрыяле. Напр., ліцейная мадэль, з дапамогай якой робіцца рабочая поласць у ліцейнай форме.
6) Схема, апісанне якой-н. з’явы ці працэсаў у прыродзе і грамадстве.
7) Канструкцыя, якая перадае, імітуе (звычайна ў зменшаным маштабе) будову і дзеянне якога-н. інш. («сапраўднага») аб’екта ў навук., вытв. (гл.Мадэліраванне) ці спарт. мэтах (гл.Мадэлізм спартыўны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1915 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як лесапільны з-д. У 1922—23 пачаў перабудоўвацца, наз. «Пралетарый» У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Архангельск, разбураны. У 1945—49 адноўлены як М.д.к. У 1954—63 уведзены ў эксплуатацыю цэхі: раскроечна-загатовачны з сушыльнай гаспадаркай, мэблевы па вытв-сці драўнянастружкавых пліт (ДСП). У 1971 на базе М.д.к. створана ВА «Мазырдрэў», у складзе якога Мазырская, Ельская і Калінкавіцкая мэблевыя ф-кі, а з 1978 — Ельскі і Тураўскі леспрамгасы. У 1992 ВА «Мазырдрэў» стала арэндным прадпрыемствам, ад яго аддзяліліся Тураўскі леспрамгас і Калінкавіцкая ’мэблевая ф-ка. З 1997 адкрытае акц.т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): корпусная і інш. мэбля, ДСП, піламатэрыялы, паркет, струганая шпона, вырабы дрэваапрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Й МЕХАНІЗА́ЦЫІ СРО́ДКІ,
ручныя машыны, абсталяванне і прыстасаванні, якія разам з асн.тэхнал. абсталяваннем забяспечваюць комплексную механізацыю вытв. працэсаў. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, лясной, дрэваапрацоўчай і інш. галінах прам-сці, а таксама ў сферы быту і абслугоўвання насельніцтва.
Да М.м.с. адносяць транспартныя і грузападымальныя сродкі (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, цялежкі, самаходныя шасі і інш.), грузазахопныя прыстасаванні, сродкі кантэйнерызацыі і пакетавання (кантэйнеры, паддоны, касеты, падхопы і інш.), захоўвання і падачы матэрыялаў (бункеры, бочкі, скрыні і да т.п.), арг-цыі рабочых месцаў (рыштаванні, памосты, люлькі, драбіны і інш.), спец. сродкі для мантажных, апалубачных. буд. работ і інш. Да М.м.с. адносяць таксама ручныя машыны і ручны інструмент.
Літ.:
Сухачев В.П., Каграманов Р.А. Средства малой механизации и вспомогательное оборудование для производства строительно-монтажных работ. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКЕ (Marche),
адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнУ Апенінскага п-ва. Уключае правінцыі Анкона, Пезара і Урбіна, Аскалі-Пічэна, Мачэрата. Пл. 9,7 тыс.км². Нас. каля 1,5 млн.чал. (1997). Гал. горад і порт — Анкона. Рэльеф пераважна горны і ўзгорысты (Умбра-Маркскія Апеніны з найвыш. пунктам г. Веторэ, 2478 м). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы і ў далінах рэк Тронта, Метаўра, Патэнца. Клімат у гарах умераны, на ўзбярэжжы субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Вырошчваюць пераважна пшаніцу і цукр. буракі. Вінаградарства. Мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі). Шаўкаводства. Рыбалоўства. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр., суднабуд., хім., папяровая, цэм., шаўковая, тытунёвая, керамічная, дрэваапр., харчовая. ГЭС. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Турызм, на ўзбярэжжы — курортная зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯНЭ́З (франц. mayonnaise),
1) халодны соус для заправы мясных і рыбных страў, салатаў і закусак з агародніны, вінегрэту. З’яўляецца эмульсіяй з алею, сырых яечных жаўткоў, гарчыцы, цукру, солі, воцату ці лімоннага соку, вады і спецый.
У прам-сці вырабляюць пераважна асноўны, ці універсальны М., які мае 68% сланечнікавага алею, 10% яечных жаўткоў (асн. эмульгатар), 6,7% гарчыцы, 2,3% цукру, 5—11% воцату, 2% спецый. З асноўнага гатуюць М. спец. прызначэння: са смятанай (лясны), з карнішонамі (тартар), хрэнам (ляфор), таматам (шарон), працёртай зелянінай (равігот), каперсамі (рэмульд) і інш.
Халодная страва з адварнога мяса, дзічыны, птушкі або рыбы, прыгатаваная на канцэнтраваным булёне без выкарыстання жэліруючых рэчываў і вытрыманая 4—8 гадз на холадзе, звычайна (не абавязкова) запраўленая М. (соусам).