спартыўная камандная гульня на травяным газоне з мячом і клюшкай. Гуляюць 2 каманды (па 11 гульцоў) 2 таймы па 35 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць найб.колькасць мячоў у вароты саперніка. Памеры поля 81—91×50—55 м, варот — 3,66×2,14 м. Інвентар: клюшка даўж. 1 м з даўж. крука да 20 см, мяч дыям. да 7,4 см, масай да 163 г.
Падобныя гульні існавалі з 2-га тыс. да н.э. ў стараж. Егіпце, Персіі, Грэцыі. Японіі, на амер. кантыненце. Першы хакейны клуб з’явіўся ў Вялікабрытаніі ў 1861. Правілы гульні сфармуляваны ў 1907. Міжнар. федэрацыя засн. ў 1924. аб’ядноўвае 117 краін, еўрап. федэрацыя — 40 краін (2002). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны) і 1980 (жанчыны). Чэмпіянаты свету сярод мужчынскіх каманд праводзяцца з 1971 раз у 2 гады. сярод жаночых — з 1976; чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (раз у 4 гады) з 1970. Кубак чэмпіёнаў еўрап. краін разыгрываецца штогод з 1969. Найб. пашыраны ў Аўстраліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Новай Зеландыі, Нідэрландах, Пакістане, краінах Афрыкі і інш.
На Беларусі культывуецца з 1970-х г.Бел. федэрацыя ўваходзіць у Міжнар. федэрацыю з 1992. Мужчынская зборная каманда Беларусі ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату свету (1994, г. Сідней, Аўстралія) і Еўропы (1995, Дублін), сярэбраны прызёр Міжкантынент. кубка (1997, Куала-Лумпур, Малайзія). У 2000 каманда ўдзельнічала ў адборачным турніры Алімп. гульняў (г. Осака, Японія). Жан. маладзёжная зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы (1997, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія); у 1999 пераможца чэмпіянату Еўропы. Жан.нац. каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ У 1919—41.
Пасля ўтварэння Беларускай ССР фізічная культура і спорт атрымалі дзяржаўную падтрымку, былі прызнаны састаўнымі элементамі ваеннага навучання і падрыхтоўкі рэзерваў для Чырвонай Арміі. У адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК ад 22.4.1918 «Аб абавязковым навучанні ваеннаму майстэрству» былі створаны органы Усевобуча. У БССР імі ў 1919 арганізаваны ваенна-спартыўныя клубы ў Віцебску, Гомелі, у 1920 — у Бабруйску, Барысаве, Мінску, Магілёве. У 1919 у Віцебску праведзена 1-я губернская алімпіяда. У 1921 гарадскія з’езды Усевобуча разглядалі пытанні актывізацыі фізкультурнага руху. Пытанні фізкультурнай работы абмяркоўваліся на IV з’ездзе камсамола Беларусі (май 1922). Паводле прыкладу петраградскіх камсамольцаў у Віцебску, Сянне, Лепелі, Дрысе, Гарадку, Оршы, Полацку і інш. створаны гурткі «Спартак», у якіх на пачатку 1923 займалася 1230 чал., з іх 423 жанчыны. У Гомелі, Магілёве і інш. гарадах створаны спартыўныя гурткі «Чырвоны маладняк». У Гомелі гэтая арг-цыя ў 1922 аб’ядноўвала 200 чалавек (з іх больш за 80 жанчын). У 1923 створаны Вышэйшы савет фізічнай культуры пры ЦВКБССР, які ўзначаліў работу па фізічным выхаванні насельніцтва. Да 1924 створаны губернскія і павятовыя саветы фізічнай культуры. У шэрагу гарадоў у 1922—24 адбыліся пяршынствы па футболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы і інш. відах спорту. У гарадах праводзіліся «тыдні фізкультуры», на якіх шырока прапагандаваліся розныя віды спорту. Разгарнулася будаўніцтва спартыўных пляцовак, расла колькасць спартыўных гурткоў (напр., у Віцебску ў пачатку 1924 іх было 26, да канца года — 56). У жн. 1924 Вышэйшы савет фізічнай культуры правёў у Мінску 1-е Усебеларускае свята фізічнай культуры; напярэдадні свята наладжваліся спаборніцтвы ў паветах і акругах па лёгкай атлетыцы, футболе, баскетболе, тэнісе і веласіпедным спорце. У іх удзельнічалі каманды Мінскай, Віцебскай, Бабруйскай, Барысаўскай, Магілёўскай, Аршанскай, Слуцкай, Мазырскай акруг. Па 12 відах лёгкай атлетыкі, дзе былі паказаны найбольш высокія вынікі, зарэгістраваны першыя рэкорды Беларусі. З 1924 рэгулярнымі сталі пяршынствы рэспублікі па барацьбе, падыманні цяжару, каньках. З 1924 у школах Беларусі ўведзены заняткі па фізічнай культуры, а ў 1925 па іх зацверджана навучальная праграма. У лістападзе 1925 адбыўся Усебеларускі з’езд па фізічнай культуры, заснаваны першыя рэспубліканскія курсы інструктараў. Да канца 1925 спарт. калектывы налічвалі больш за 17 тыс. фізкультурнікаў. У 1927 праведзена 3-е Усебеларускае свята фізічнай культуры. На I Усесаюзнай спартакіядзе ў Маскве (1928) бел. спартсмены занялі 3-е месца. У 1929 у Мінску заснаваны тэхнікум фізічнай культуры. У 1931 па ініцыятыве ВЛКСМ уведзены комплекс «Гатоў да працы і абароны СССР» (ГПА, 1-я ступень), у 1932 ён дапоўнены 2-й ступенню, у 1934 ступенню «Будзь гатоў да працы і абароны» (БГПА) для дзяцей школьнага ўзросту.
Комплекс ГПА стаў праграмнай і нарматыўнай асновай сістэмы фізічнага выхавання моладзі. У 1932—33 фізкультурныя арг-цыі Беларусі падрыхтавалі 42,6 тыс. значкістаў ГПА і занялі 1-е месца сярод рэспублік СССР. У 1934 ЦККП(б)Б пастановай «Аб фізкультурным руху ў БССР» вызначыў канкрэтныя шляхі паляпшэння спартыўна-масавай работы, павышэння спартыўна-тэхнічных дасягненняў бел. фізкультурнікаў. У 1929 у БССР створана 160 сельскіх гурткоў, з іх 87 у калгасах. У 1930-я г. пачалася планамерная арганізацыя гурткоў фізічнай культуры на вёсцы. У 1934 колькасць гурткоў на вёсцы вырасла да 300 (8 тыс.чал.). Да 1936 калгасныя калектывы і гурткі фізічнай культуры налічвалі каля 20 тыс. фізкультурнікаў. У 1934 Вышэйшы савет фізічнай культуры БССР правёў 1-ю Усебеларускую калгасна-саўгасную спартакіяду, што садзейнічала далейшаму развіццю работы па фізічным выхаванні сельскай моладзі. Нормы ГПА у БССР здалі больш за 20 тыс. чалавек. Каб палепшыць кіраўніцтва фізкультурным рухам, пастановай ЦВК і СНКСССР ад 21.7.1936 створаны Усесаюзны камітэт па справах фізічнай культуры і спорту пры СНКСССР. Адпаведныя камітэты створаны пры ЦВК саюзных рэспублік. У 1936—37 у БССР пачалася арганізацыя добраахвотных спартыўных таварыстваў (ДСТ) прафсаюзаў. Сярод першых створаны ДСТ «Тэмп», «Полымя», «Лакаматыў». Яны садзейнічалі арганізацыйнаму ўмацаванню фізкультурнага руху, рабілі фізкультуру больш даступнай для насельніцтва. У 1937 на Краснай плошчы ў Маскве быў праведзены Усесаюзны парад фізкультурнікаў, на якім Беларуская спартыўная дэлегацыя прадэманстравала высокую спартыўна-гімнастычную падрыхтоўку, у т. л. тэматычныя выступленні «Граніца на замку». За падрыхтоўку фізкультурных кадраў Мінскі тэхнікум фізічнай культуры ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1937 ён рэарганізаваны ў Бел. інстытут фізічнай культуры. У студзені 1939 ЦККП(б)Б прыняў пастанову «Аб стане фізкультурнай работы ў рэспубліцы», якая актывізавала дзейнасць ДСТ і калектываў фізкультуры. Колькасць фізкультурнікаў у 1939 перавысіла 90 тыс. чалавек; праведзена 1876 спартыўных спаборніцтваў, у т. л. 55 пяршынстваў і спаборніцтваў рэспубліканскага маштабу (удзельнічалі 146 тыс. чалавек, устаноўлены 93 рэкорды БССР).
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у зах. абласцях краіны пачалася шырокая арганізацыйная работа па стварэнні калектываў фізкультуры. У 1940 іх створана больш за 200 у Баранавіцкай вобл., 150 у Брэсцкай, 140 у Пінскай; праведзены першыя раённыя і абласныя спартакіяды. Вялікую ролю ў прапагандзе фізічнай культуры адыгралі Усебеларускія парады фізкультурнікаў (праведзены ў 1938, 1939 і 1940; у парадзе 1940 удзельнічалі і прадстаўнікі зах. абласцей Беларусі). Беларускія спартсмены выступалі ва ўсіх усесаюзных спаборніцтвах. На пачатак 1941 у Беларусі дзейнічала 3295 калектываў фізічнай культуры (больш за 154 тыс.чал.), працавала больш за 1200 штатных фізкультурных інструктараў, каля 1800 фізоргаў, сотні спартыўных суддзяў; фізічнае выхаванне трывала ўвайшло ў навучальны працэс і ажыццяўлялася па адзіных дзяржаўных праграмах. У гарадах і вёсках пабудаваны стадыёны, пляцоўкі, лыжныя і водныя станцыі. У Мінску адкрыты зімовы плавальны басейн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕІ
Да першых на Беларусі музеяў можна аднесці музейны збор, што існаваў пры канцылярыі вял. князя ВКЛ 14—16 ст., дзе нешматлікім наведвальнікам дэманстравалі ўзоры ўзбраення, вайск. трафеі, творы выяўл. мастацтва, габелены, дываны, медалі, манеты і інш. Свае багатыя музейныя зборы мелі магнаты Радзівілы ў Мірскім і Нясвіжскім замках, Сапегі ў Ружанах, Тышкевічы ў Лагойску, Алелькавічы, Войны, Слушкі, Хадкевічы, а таксама некат. заможныя шляхціцы, мяшчане. Музеі адпаведнага профілю мелі навуч. ўстановы: Полацкі езуіцкі калегіум (з 1580; у 1812—20 акадэмія), Гродзенская мед. акадэмія (канец 18 ст.), Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1840—60-я г.), губ. гімназіі. У 1856 намаганнямі Я.П.Тышкевіча адкрыты Віленскі музей старажытнасцей — першы агульнадаступны музей. Да 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі існавала больш за 50 музеяў, якія ствараліся навук. т-вамі, статыстычнымі к-тамі, земствамі, царк.-археал. к-тамі і навуч. ўстановамі (у Мінску, Магілёве, Віцебску і інш.). Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Луцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш.
У 1921 у БССР утворана музейная камісія (Галоўмузей), якая ўпершыню паставіла задачу стварэння дзярж. музейнай сеткі з цэнтр. кіраўніцтвам. У жн. 1923 створаны Бел.дзярж. музей з філіяламі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, Дом-музей 1 з’езда РСДРП у Мінску. Акрамя таго, у музейную сетку ўваходзілі музеі розных ведамстваў і ўстаноў, у т. л. Інбелкульта, крымінальнага вышуку, працы Важнымі падзеямі ў гісторыі музейнай справы былі 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926) і Усебел. нарада музейных работнікаў (Мінск, 1932). Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР музейны фонд Беларусі папоўніўся каштоўнымі калекцыямі, лепшая з якіх належала Бел. музею імя І.І.Луцкевіча ў Вільні (з 1921). Да пач.Вял.Айч. вайны працавала каля 60 музеяў, дзейнасць якіх пераважна была звязана з краязнаўчым рухам. У час вайны 1941—45 музейным фондам прычынены велізарныя страты.
У пасляваенны час развіццё музейнай справы актывізавалася. Да 1950 працавала 20 музеяў. Асаблівая ўвага ў іх дзейнасці аддавалася ваенна-патрыят. тэматыцы. У адпаведнасці з пастановай ЦККПСС «Пра павышэнне ролі музеяў у камуністычным выхаванні працоўных» (1964) былі замацаваны ўжо сфарміраваныя да таго часу асн. кірункі музейнай палітыкі: канцэнтрацыя ўвагі на стварэнні аддзелаў гісторыі сав. перыяду, адлюстраванне перамог у камуніст. будаўніцтве, пашырэнне прапагандысцкай работы і інш. Важкія змены ў структуры музейнай сеткі і ўсіх кірунках дзейнасці музеяў адбыліся ў 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. На канец 2003 на Беларусі дзейнічалі 131 дзярж. музей сістэмы Мін-ва культуры з 74 філіяламі (каля 2,6 млн. адзінак асноўнага фонду і каля 1 млн. — навукова-дапаможнага), сярод якіх найбуйнейшыя: Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. вайны, Музей ваен. гісторыі Рэспублікі Беларусь, Нац.маст. музей Рэспублікі Беларусь (усе ў Мінску), Бел.дзярж. музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Музей Брэсцкай крэпасці-героя; абласныя краязнаўчыя музеі ў Брэсце, Віцебску, Гродне (гісторыка-археалагічны), Гомелі, Магілёве, Мінскі (у Маладзечне). Працуюць дзярж. музеі: археалагічны «Бярэсце»; геалагічны Парк камянёў (у Мінску); ваенна-гістарычныя — Ваўкавыскі, Кобрынскі, Лоеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў (Віцебск), Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан (г.п. Расоны Віцебскай вобл.), Музей Обальскага камсамольскага падполля (Шумілінскі р-н), Музей партыз. славы (каля в. Корачын Івацэвіцкага р-на), Музей савецка-польскай баявой садружнасці (в. Леніна Горацкага р-на), Музей К.С.Заслонава (Орша), Музей М.П.Шмырова (Віцебск); гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска; Музей гісторыі Нац.АН Беларусі, Музей гісторыі медыцыны; літаратурныя музеі М.Багдановіча, Я.Купалы, П.Броўкі, Дзярж. літаратурна-мемарыяльны музей Я.Коласа, Дзярж. музей гісторыі бел. л-ры (усе ў Мінску), Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей (Мастоўскі р-н), літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Ф.К.Багушэвіча (в. Кушляны Смаргонскага р-на), мемарыяльны музей П.М.Лепяшынскага (в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на), Дом-музей А.Міцкевіча (Навагрудак), Музей-лабараторыя Ф.Скарыны (Гомель), Полацкі музей бел. кнігадрукавання; мастацтвазнаўчыя — Музей-сядзіба «Здраўнёва» І.Рэпіна (Віцебскі р-н), Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Мінск); этнаграфічныя — Бел.дзярж. музей нар. дойлідства і побыту (Мінскі р-н), музей нар. мастацтва і. рамёстваў імя П.В.Багрыма (в. Крошын Баранавіцкага р-на), Веткаўскі дзярж. музей нар. творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры («Дудуткі»), Мотальскі музей нар. творчасці, Музей Бел. Палесся (Пінск), Музей старажытнабел. культуры (Мінск), Музей этнаграфіі (Магілёў), Нараўлянскі этнаграфічны музей, музей нар. культуры Мазыршчыны «Палеская веда»; карцінныя галерэі ў Магілёўскім абл.маст. музеі імя П.В.Масленікава, маст. музеі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі (г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл.), у в. Гурыны Мазырскага р-на. Акрамя таго, дзейнічаюць музеі мін-ваў і ведамстваў, грамадскія (у школах, навук. і навуч. установах), колькасць якіх перавышае колькасцьдзярж. музеяў Мін-ва культуры.
Літ.:
Гужалоўскі А.А. Нараджэнне беларускага музея. Мн., 2001;
Яго ж. Музеі Беларусі (1918—1941 гг.). Мн., 2002;
Яго ж. Музеі Беларусі, 1941—1991. Мн., 2004;
Грицкевич В.П., Гужаловский А.А. История музеев мира. Мн., 2003.
А.А.Гужалоўскі.
Музеі
1990
1995
2000
2003
Усяго музеяў (уключаючы філіялы)
111
146
134
136
у т. л.: гістарычныя
28
34
32
31
мемарыяльныя
17
22
14
14
краязнаўчыя
56
68
70
71
прыродазнаўчанавуковыя
2
3
3
3
мастацтвазнаўчыя
7
12
11
13
літаратурныя
1
6
2
2
галіновыя
—
1
2
2
Колькасць наведванняў музеяў (за год), млн.
4,6
2,8
3,8
3,6
Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.Літаратурны музей М.Багдановіча ў Мінску.Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.
Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.І.Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.М.Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.М.Вендэ); аб унутр. гандлі і кааперацыі (А.Р.Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.У.Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.С.Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.А.Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.
З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял.колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНКБССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦККП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр.рэвіз. камісія з 5 чл.
Кр.:
XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.
На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такога тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх.ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс.чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОБу арыфметыцы,
лік, які змяшчае адну ці некалькі доляў (роўных частак) адзінкі. Абазначаецца сімвалам (або a/b), дзе a — лічнік, які паказвае колькасць доляў адзінкі, падзеленай на столькі частак, колькі паказвае (называе) назоўнік b (a і b) — цэлыя лікі). Д. a/b можна таксама разглядаць як вынік дзялення ліку a на лік b; калі a дзеліцца нацэла на b, то дзель — цэлы лік (напр., 6/3 — 2; 28/7 — 4), калі не дзеліцца — дробавы (напр., 3/7; 20/12).
Д. наз. правільным, калі a < b, і няправільным, калі a > b. Няправільны Д. можна запісаць у выглядае сумы цэлага ліку і правільнага Д. (змешаны лік); для гэтага патрэбна лічнік падзяліць з астачай на назоўнік, напр.,
. Множанне і дзяленне Д. выконваюць па правілах:
;
, суму (рознасць) Д. і з аднолькавымі назоўнікамі — па правілах
. Д. не зменіцца, калі лічнік і назоўнік памножыць на адзін і той жа лік, адрозны ад нуля. Таму Д. і можна прывесці да агульнага назоўніка (замяніць на роўныя ім Д. з аднолькавымі назоўнікамі, звычайна роўнымі найменшаму агульнаму кратнаму b і d). Калі лічнік і назоўнік маюць агульныя множнікі, Д. можна надаць нескарачальны від, напр., — скарачальны
, а — нескарачальны Д. Гл. таксама Дзесятковы дроб, Дробавая і цэлая часткі ліку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці эл.-магн. хваль у дыяпазоне ад 300 МГц да 3000 ГГц. У залежнасці ад тыпу вырашальных задач сістэмы і прылады З.т. падзяляюць на інфармацыйныя (радыёсувязь, тэлебачанне, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і інш.) і энергетычныя (прамысл. тэхналогіі, быт. прылады, мед., біял. і хім. абсталяванне, перадача энергіі і інш.). Прылады і сістэмы З.т. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях па радыёспектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, радыёастраноміі, у апаратуры і абсталяванні ваен. прызначэння і інш.
ЗВЧ хвалі па сваіх уласцівасцях набліжаюцца да светлавых, што дазваляе выкарыстоўваць іх для накіраванай перадачы сігналаў. У дыяпазоне ЗВЧ да 10 ГГц страты ў атмасферы Зямлі нязначныя, а хвалі з частатой больш за 30 МГц праходзяць праз іанасферу без адбіцця. Таму ЗВЧ дыяпазон выкарыстоўваецца для далёкай і блізкай (спадарожнікавай) касм. сувязі, даследаванняў радыёвыпрамянення Сонца і інш.касм. аб’ектаў. Перыяд ЗВЧ ваганняў сувымерны з часам пралёту электронаў у міжэлектроднай прасторы звычайных электравакуумных прылад, што вымагае выкарыстанне ў апаратуры ЗВЧ іх спец. тыпаў (клістронаў, магнетронаў, лямпаў бягучай хвалі, мазераў на цыклатронным рэзанансе, гіраконаў і інш.), а таксама паўправадніковых прылад (тунэльных, лавінапралётных, Гана дыёдаў, ЗВЧ транзістараў і інш.). Пашыраны спец. лініі перадачы (напр., дыэл. і поўныя хваляводы прамавугольнага, круглага ці інш. сячэння, палоскавыя, шчылінныя ці кампланарныя лініі), а таксама фільтры ЗВЧ, накіраваныя адгалінавальнікі, цыркулятары, рэзанатары (як вагальныя сістэмы). У ЗВЧ дыяпазоне можна размясціць значна большую колькасць каналаў сувязі, чым на больш нізкіх частотах, што дазваляе ажыццяўляць многаканальную тэлеф., радыё- і тэлевізійную сувязь.
Літ.:
Лебедев И.В. Техника и приборы СВЧ. Т. 2. 2 изд. М., 1972;
Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 21,8 тыс.км². Нас. 1253 тыс.чал., гарадскога 82% (1997). Цэнтр — г.Іванава.
Прырода. На Пн І.в. размешчана спадзіста-хвалістая, месцамі забалочаная раўніна, парэзаная далінамі рэк і яроў (Унжанская ніз.). З ПнЗ на ПдУ працягваецца марэнная града (выш. да 196 м), якая на Пд пераходзіць у пясчаную раўніну (Балахнінская нізіна, Лухскае Палессе). На З заходзіць край Юр’еўскага Аполля. Карысныя выкапні: торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 19 °C Гадавая колькасць ападкаў 500—600 мм. Гал. рэкі: Волга (з прытокамі Унжа, Немда, Мера) і Клязьма (з прытокамі Нерль, Увадзь, Цеза, Лух). Больш за 200 азёр; 2,9% тэр. займаюць балоты. У межах вобласці частка Горкаўскага вадасх. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях падзоліста-глеевыя і балотныя, у далінах лугавыя забалочаныя, на ПдЗ урадлівыя дзярновыя чарназёмныя. Пад лесам каля 40% тэр. (хвойныя і мяшаныя).
Гаспадарка. І.в. — буйнейшы ў Расіі рэгіён тэкст. прам-сці (баваўняная, ільняная, шаўковая, шарсцяная). Развіты маш.-буд. (абсталяванне для тэкст. прам-сці, станкі, буд.-дарожная тэхніка, торфаздабыўныя машыны), нафтахім. і хім. (кіслоты, фарбавальнікі), харчовая, лясная, дрэваапр. прам-сці. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Маст. промыслы (палехская і холуйская мініяцюры). Камсамольская і Іванаўская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 840 тыс.га, пад ворывам 595 тыс.га. Пасевы жыта, пшаніцы, аўса, грэчкі. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя і тэхн. культуры, на Пн і У лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля, птушкагадоўля, племянная конегадоўля, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Аляксандраў—Іванава—Кінеіпма, Яраслаўль—Іванава—Ноўкі, аўтадарога Кастрама—Іванава—Юр’евец. Газаправод Саратаў—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец. Суднаходства па рэках Волга, Цеза, Клязьма. Курорты: Зялёны Гарадок, Аболсунава, Плёс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Х БЯЛКО́ВЫХ РЭ́ЧЫВАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна мікрабіялагічнай прамысловасці. Вырабляе бялковыя кармавыя рэчывы, пераважна кармавыя дрожджы, з вуглевадароднай і расліннай сыравіны для жывёлагадоўлі. Уключае таксама прадпрыемствы гідролізнай прамысловасці і арган. сінтэзу лесахімічнай прамысловасці.
Прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць вуглевадародную сыравіну з-за высокай матэрыялаёмістасці прадукцыі найчасцей арыентуюцца на цэнтры нафтаперапрацоўкі. Для атрымання 1 т бялку неабходна 2,5 т вуглевадароднай сыравіны. Найб. перспектыўнай сыравінай для атрымання кармавых бялковых рэчываў шляхам мікрабіял. сінтэзу з’яўляецца нафта. Прадпрыемствы, што працуюць на вуглевадароднай сыравіне маюць больш высокі выхад бялковай прадукцыі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія працуюць на сыравіне расліннага паходжання. На сучасным этапе значную ч. ўсіх кармавых дражджэй атрымліваюць на прадпрыемствах гідролізнай прам-сці з расліннай сыравіны (адходы лесапілавання, нетаварная драўніна і нехарч. адходы сельскай гаспадаркі). Прадпрыемствы гідролізнай прам-сці вызначаюцца найбольшай матэрыялаёмістасцю. Для вытв-сці 1 т кармавых дражджэй трэба 6,2 т зыходнай сыравіны, у т. л. 5 т сухой драўніны, а таксама серная к-та, сульфат амонію, суперфасфат, вапна, значная колькасць вады і паліва, таму гідролізная прам-сць таксама арыентуецца на сыравінныя базы.
На Беларусі вытворчасць карм. бялковых рэчываў развіваецца з канца 1960-х г., напачатку на аснове гідролізу драўніны, потым на вуглевадароднай сыравіне, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы. З 1967 кармавыя дрожджы вырабляюць на Бабруйскім гідролізным з-дзе, з 1971 кармавыя, а з 1974 бялковыя дрожджы — на Рэчыцкім доследна-прамысл. гідролізным з-дзе. З 1978 дзейнічае Наваполацкі з-д бялкова-вітамінных канцэнтратаў (папрыну). Сыравінай для яго вытв-сці служаць ачышчаныя вадкія парафіны. З 1983 папрын для с.-г. жывёлы, птушак, пушных звяроў выпускае самы буйны ў краіне Мазырскі з-д кармавых дражджэй. Прадукцыя прадпрыемстваў выкарыстоўваецца ў камбікормавай прам-сці, у жывёлагадоўлі для абагачэння кармоў бялкамі, вывозіцца за межы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы пры манастырах. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Індыі пры будыйскіх манастырах. Пасля пашырэння хрысціянства распаўсюдзіліся на Б. Усходзе і ў Зах. Еўропе пры мужчынскіх манастырах. Падзяляліся на 3 тыпы: для падрыхтоўкі белага духавенства, для будучых манахаў, для навучання грамаце свецкіх юнакоў. У стараж.-рус. княствах манахі выкладалі ў М.ш. дзецям заможных гараджан асновы пісьма і чытання. У 11 ст. М.ш. адкрыты пры епіскапскіх кафедрах у Ноўгарадзе, Полацку, Тураве і інш. У 12 ст. яны ўзніклі і пры некат. жаночых манастырах, у т. л. ў Полацку. У ВКЛвял.кн. Ягайла ў 1387 заснаваў М.ш. пры кляштары ў Вільні. Іх колькасць значна павялічылася ў 16 ст. Яны існавалі пры правасл. манастырах у Брэсце, Вільні і інш. У 1522 М.ш. адкрыты ў мяст. Гайна Барысаўскага пав., у 1545 — у мяст. Мядзведзічы Слуцкага пав. З 17 ст.пач. школы працавалі пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мазалаве, Мсціславе. Вядучае месца сярод М.ш. Рэчы Паспалітай займалі школы і калегіумы ордэнаў езуітаў і піяраў, якія ў 1740 мелі адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў адбылося агульнае скарачэнне М.ш., былыя пазіцыі захавалі толькі піяры. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі мясц. ўлады пачалі перабудову свецкай сістэмы адукацыі, створанай Адукацыйнай камісіяй. У 1797 12 свецкіх вучылішчаў перададзены каталіцкім манаскім ордэнам і базыльянам. У 1824 з 47 павятовых вучылішчаў Віленскай навуч. акругі 37 належалі манахам. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўрад пачаў ліквідацыю М.ш. у зах. губернях. У 1832—35 яны зачынены ці пераўтвораны ў свецкія гімназіі, павятовыя вучылішчы для дваран і мяшчан, семінарыі, ніжэйшыя духоўныя вучылішчы і царк.-прыходскія школы.