раздзел пазаатмасфернай астраноміі, які вывучае крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення з даўжынёй хвалі 0,01—10 нм.
Для даследавання касм. рэнтгенаўскага выпрамянення апаратуру выводзяць пры дапамозе касм. апаратаў за межы атмасферы Зямлі. Упершыню назіралася рэнтгенаўскае выпрамяненне Сонца ў 1948. Яго крыніцы — сонечная карона і храмасфера (рэнтгенаўская свяцільнасць Сонца — да 10−6—10−7 поўнай яго свяцільнасці). За межамі Сонечнай сістэмы рэнтгенаўскае выпрамяненне назіраецца з 1962. Крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення (больш як 103) падзяляюцца на галактычныя і пазагалактычныя. Невял. частка галактычных крыніц атаясамліваецца з аптычнымі і радыёаб’ектамі. Сярод іх: рэшткі ўспышак звышновых зорак, падвойныя зоркі, адным з кампанентаў якіх з’яўляецца кампактны аб’ект — белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра і інш. Пазагалактычныя крыніцы — некаторыя нармальныя галактыкі, скопішчы галактык, цэнтр. вобласці галактык, у якіх звышмасіўныя чорныя дзіры паглынаюць навакольны газ, радыёгалактыкі, квазары і інш.
Літ.:
Лонгейр М.С. Астрофизика высоких энергий: Пер. с англ.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КСЫ (Sachsen),
група стараж.-германскіх плямён, якія аб’ядналіся ў 3—4 ст. у племянны саюз. У раннім сярэдневякоўі займалі тэр. на Пн Германіі — на У ад Рэйна і на З ад Эльбы; у сярэдзіне 5—1-й пал. 6 ст.частка С. перасялілася ў Брытанію (гл.Англасаксонскае заваяванне, Англасаксы). Кантынентальныя С. ў 6—8 ст. падзяліліся на вестфалаў, остфалаў, ангарыяў (энграў) і нордальбінгаў. Сац. лад (асн. крыніца — Саксонская праўда, гл.Варварскія праўды) не зведаў уплыву ант. рабства, захоўваў архаічныя рысы, але характарызаваўся рэзкім расслаеннем на эдэлінгаў (племянная знаць) і фрэлінгаў (ніжэйшы пласт). Каралеўская ўлада адсутнічала. У выніку саксонскіх войнаў (772—804) Карла Вялікага С. заваяваны франкамі і ўключаны ў склад Франкскай дзяржавы. Насуперак супраціўленню С. прымусова насаджаліся феад. адносіны. У 843 вобласць С. адышла да Усх.-Франкскага каралеўства, у канцы 9 ст. тут створана Саксонскае герцагства. С. склалі этнічную аснову т.зв. ніжніх саксонцаў (гл.Ніжняя Саксонія, Саксонія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),
польская тайная вызв.арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.Канарскі, А. і Л. Залескія, С.Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс.сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б.ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.Ажэшка (гл.Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЯ́Н,
спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам; састаўная частканар. жаночага адзення беларусаў Падняпроўя ў 19 — пач. 20 ст. Шылі з баваўняных ці льняных тканін з вузкімі плечавымі шлейкамі ліфа і глыбокім выразам проймы. Спадніцу звычайна кроілі з 4 полак андарачнай тканіны, ліф-гарсэт — з фабрычнай (аксаміт, сацін, шарсцянка, парча, шоўк). У паўн.-ўсх. раёнах С. шылі з ільняных пярэстатканых ці маляўніча-набіваных тканін сіняга ці блакітнага колеру. Апраналі паверх кашулі і падпяразвалі вузкім поясам. На Беларусь С. трапіў, відаць, з Зах. Еўропы, дзе быў верхнім адзеннем феад. знаці і духавенства ў 16—18 ст. (шылі з аксаміту, парчы, сукна пераважна чорнага, сіняга, шэрага колераў; складаўся з 2 частак — шчыльнага ліфа з лямкамі або кароткімі рукавамі і фалдзістага нізу). Сустракаецца ў адзенні рускіх, украінцаў (сарафан).
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчынка ў саяне. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДАвымяральная,
прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону. З дапамогай аптычнай прылады вымяраюць лінейныя і вуглавыя памеры, некаторыя фіз. велічыні, параўноўваюць форму вырабу ці стан апрацаваных паверхняў з эталонам. Адрозніваюць рабочыя (для практычных вымярэнняў) і ўзорныя, па якіх вывяраюць рабочыя аптычныя прылады.
Асноўная частка аптычнай прылады — аптычная сістэма з лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш., прызначаных для ўтварэння відарысаў прадметаў на сятчатцы вока, экране і інш. або перадачы светлавой энергіі. Для іх разліку карыстаюцца формуламі геам. оптыкі. Канструкцыя прылады абумоўлена метадам вымярэнняў. Паводле прынцыпу дзеяння аптычнай прылады бываюць з аптычным візіраваннем і мех. (электронным або інш. неаптычным) адлікам перамяшчэння пунктаў кантакту з аб’ектам вымярэння (праектары, інстр. мікраскопы, праекцыйныя насадкі), аптычным візіраваннем і аптычным адлікам перамяшчэння (вымяральныя мікраскопы, інтэрферэнцыйныя кампаратары), з мех. кантактам з аб’ектам вымярэння і аптычным адлікам перамяшчэння (аптыметры, кантактныя інтэрферометры, аптычныя даўжынямеры). Выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні, геадэзіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ МУЗЫ́ЧНАЯ,
галіна музычна-гістарычнай навукі, якая распрацоўвае праблемы музычнай культуры старажытнага свету на аснове археал. матэрыялаў; частка агульнай археалогіі. Сярод археал. матэрыялаў муз. інструменты (або іх фрагменты) з каменю, косці, гліны, металу, помнікі стараж.выяўл. мастацтва з муз. сюжэтамі (наскальныя малюнкі, фрэскі, каменная і гліняная скульптура). Пачынальнік археалогіі музычнай — ням. музыказнавец і этнограф К.Закс (1930—40-я г.). Наконт зместу, межаў і магчымасцяў археалогіі музычнай існуюць розныя погляды. Адны даследчыкі (Я.Браўда, Расія) абмяжоўваюць яе вывучэннем аб’ектаў муз. Матэрыяльнай культуры (муз. інструментаў), іншыя (Закс, рус. музыказнавец М.Фіндэйзен) пашыраюць яе і на даследаванні рэліктавых узораў нар. музыкі, помнікаў нотнага пісьма стараж. эпох. На Беларусі даследаванні па археалогіі музычнай вядуцца ў межах агульнай археалогіі.
Літ.:
Садоков Р. Археологические источники в изучении музыкальной культуры древнего мира // Народные музыкальные инструменты и инструментальная музыка: Сб. статей и материалов. М., 1987. Ч. 1;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993. С. 93—94, 446.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПнУ Беларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах.частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн.м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),
выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтр — г. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх.частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскай губ. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,
у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.