НІКУ́ЛІНА-КАСІ́ЦКАЯ (Любоў Паўлаўна) (28.8.1827, с. Жданаўка Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 17.9.1868),
руская актрыса. На сцэне з 1843. Іграла ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і інш. у меладрамах, вадэвілях і операх. З 1847 у трупе Малога т-ра. Яе творчасць вызначалася яркім сцэн. тэмпераментам, шчырасцю перажыванняў. Найб. поўна самабытны талент актрысы раскрыўся ў п’есах А.Астроўскага; Кацярына («Навальніца», першая выканаўца гэтай ролі), Дуня («Не ў свае сані не садзіся»), Груша («Не так жыві, як хочацца»). Сярод інш. роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Марыя («Матчына блаславенне», пераробка франц. меладрамы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЯМЕ́Й (Niamey),
горад, сталіца Нігера. Адм. ц. дэпартамента Ніямей. 420 тыс.ж. (1994). Вузел аўтадарог. Порт на р. Нігер. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (бойня, з-ды мукамольны, мылаварны, піваварны, безалкагольных напіткаў і інш.), тэкст., буд. матэрыялаў. Вытв-сць вырабаў з пластмасы, мэблі, с.-г. інвентару. Рамёствы (выраб скур, упрыгожанняў з золата і серабра, ганчарных вырабаў і інш). Гандл. цэнтр с.-г. раёна (вываз жывёлы, скур, арахісу, бавоўны). Ун-т. Нац. музей. Паблізу ЦЭС.
У 19 ст. рыбацкае паселішча. З 1900 адм. ц.ваен. аўтаномнай тэр. Зіндэр (з 1910 ваен.тэр. Нігер). З 1926 адм. ц.франц. калоніі Нігер, з 1960 стал ша незалежнай Рэспублікі Нігер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ВЕРЛО́РД»
(англ. Overlord сюзерэн, валадар, вярх. ўладар),
кодавая назва гал.стратэг. аперацыі ўзбр. сіл краін антыгітлераўскай кааліцыі (пераважна ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама Канады, Чэхаславакіі і Польшчы) па адкрыцці другога фронту ў Еўропе ў 2-ю сусв. вайну. Складаўся з Нармандскай дэсантнай аперацыі 1944 (кодавая назва «Нептун») і Фалезскай аперацыі (праведзена 10—25.8.1944). 15.8—3.9.1944 у раёне г. Марсель дадаткова праведзена Паўд.-франц. дэсантная аперацыя (кодавыя назвы «Энвіл», з 27 ліп. — «Драгун»), у выніку чаго ўтварыўся адзіны фронт саюзных войск у Францыі (злучыліся 11.9.1944 у раёне г. Дыжон) для разгортвання іх далейшага наступлення на Германію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯЎ ПРА́ВІЛАў біялогіі,
палажэнне, што адносіны колькасці цеплавой энергіі, якую выдзяляе гамаятэрмная жывёла, да плошчы паверхні цела маюць прыблізна аднолькавае значэнне. Сфармулявана франц. фізіёлагам Ш.Рышэ (1899) і ням. вучоным М.Рубнерам (1902). Эмпірычна даказана, што сярэдняе значэнне выпрацоўкі цеплавой энергіі (ацэньваецца па колькасці спажываемага кіслароду) непасрэдна звязана з цеплааддачай, якая тым большая, чым драбнейшая жывёла. У дробных жывёл на адзінку масы прыпадае адносна большая плошча паверхні цела, чым у буйных, таму адносная аддача цяпла ў навакольнае асяроддзе дробнымі жывёламі вышэй, што кампенсуецца павялічанай выпрацоўкай цяпла ў арганізме. У экалогіі і біягеаграфіі П.п. звязана з Бергмана правілам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1860,
дагаворы, навязаныя Кітаю ў выніку яго паражэння ў англа-франка-кітайскай вайне 1856—60 і падпісаныя ў Пекіне. 1) Англа-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 24 кастр. У дадатак да Цяньцзіньскіх дагавораў 1858 Кітай абавязваўся выплаціць Вялікабрытаніі 8 млн. лян кантрыбуцыі, адкрыць для яе гандлю г. Цяньцзінь, даць брыт. падданым права вербаваць кітайцаў для працы па-за межамі краіны, уступіць Вялікабрытаніі ч. п-ва Цзюлун (Каўлун).
2) Франка-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 25 кастр. Паводле яе Францыя атрымала тыя ж правы ў Кітаі і такую ж кантрыбуцыю, што і Вялікабрытанія; франц. місіянеры атрымалі права набываць зямлю для сваіх місій ва ўсіх правінцыях Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕР-ЛАШЭ́З (Pére-Lachaise),
могілкі ў Парыжы [б. маёнтак духоўніка караля Людовіка XIV патэра (франц. père) Лашэза; адсюль назва], дзе пахаваны многія найбуйнейшыя дзеячы культуры (Ж. дэ Лафантэн, Мальер, А.Дадэ, А.Бальзак, П.Ж. дэ Беранжэ, Ф.Шапэн, Дж.Расіні, Э.Дэлакруа, Ф.Ж.Тальма і інш.), ваен. дзеячы (маршалы М.Ней, А.Масена і інш.). 27.5.1871 каля паўн.-ўсх. сцяны могілак расстраляны карнікамі захопленыя ў баі за П.-Л. абаронцы Парыжскай камуны 1871. На гэтым месцы пастаўлены помнік («Сцяна камунараў»), каля якога пахаваны П.Лафарг, М.Тарэз і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1964 на П.-Л. адкрыты помнік ахвярам фаш. лагера смерці Бухенвальд (скульптар Л.Бансель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),
дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.
Да арт.Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАТА́Ж (франц. pilotage),
майстэрства кіравання самалётам (планёрам, інш. лятальным апаратам — ЛА) у гарыз. і верт. плоскасцях з наданнем яму розных становішчаў. Адбываецца са зменай скорасці, вышыні, напрамку палёту ЛА. Характарызуецца т.зв. фігурамі П.
Паводле складанасці выканання фігур П. падзяляецца на просты (віраж, спіраль, слізганне, пікіраванне і інш.), складаны (баявы разварот, паўпераварот, бочка, Несцерава пятля, штопар, пераварот на горцы і інш., а таксама ўсе фігуры простага П., калі яны выконваюцца групай ЛА), вышэйшы (замаруджаная кіроўная бочка, паўтарачная і шматразовая бочка, паўтарачная пятля, верт. васьмёрка і інш., а таксама ўсе фігуры складанага П., калі яны выконваюцца групай ЛА, і ўсе віды перавернутага палёту).