1) сукупнасць асартыментных груп тавараў і таварных адзінак, якія прапануюцца пакупнікам канкрэтным прадаўцом.
2) Пералік прадукцыі, што вырабляецца на прадпрыемстве; структура вытворчай праграмы. Паводле ступені дэталізацыі асобных яе відаў можа быць разгорнутай або спецыялізаванай (па тыпах, марках, профілях, памерах, артыкулах),
групавой (асобныя пазіцыі разгорнутай Н.т. аб’яднаны ў аднародныя групы пад агульным найменнем), свабодна-планавай (знайб. узбуйненым пералікам прадукцыі). Важнае значэнне мела пры планавай сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О,
шаснаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай О («он»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ο («омікрон»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала галосны гук «о» пасля цвёрдых зычных («народъ», «столъ), мела лічбавае значэнне «семдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «о» задняга рада сярэдняга пад’ёму ў пачатку слоў і пасля цвёрдых зычных пад націскам («Орша», «родны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЭСПА́НЬ,
бытавы танец рускага паходжання. Муз. памер 3/4. Тэмп умераны. Аўтар яго харэаграфіі і музыкі А.А.Царман (1898) выкарыстаў у ім характэрна-сцэнічныя элементы ісп. танца. П. хутка пашырыўся ў Расіі, у сельскай мясцовасці набыў іншую, найб. простую харэагр. форму. На Беларусі вядомы зпач. 20 ст. Выконваецца парамі па крузе ў суправаджэнні інстр. музыкі і прыпевак. Заснаваны на спалучэнні некалькіх фігур — пераменнага кроку, паваротаў і вярчэння пад рукой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́КАП ВЯЛІ́КІ, Прокап Голы (Prokop Veliký, Prokop Holý; каля 1389—30.5.1434),
чэшскі палкаводзец у гусіцкіх войнах. Да 1425 прапаведнік табарытаў, з 1426 іх гал.паліт. і ваен. кіраўнік. Узначальваў аб’яднанае гусіцкае войска, якое разбіла ням. курфюрстаў каля Усці-над-Лабай (1426), крыжакоў каля Тахава (1427) і Домажліцы (1431). Ініцыіраваў паходы гусітаў у Славакію, Майсен, Брандэнбург, Саксонію, Баварыю, Аўстрыю, Венгрыю і інш. У 1433 узначальваў чэш. пасольства на Базельскім саборы. Загінуў у бітве пад Ліпанамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-ФО́РМА (ад ням. Pressform),
прыстасаванне для атрымання аб’ёмных загатовак (вырабаў) рознай канфігурацыі з розных матэрыялаў (металу, пластмас, гумы, керамічных і інш.) пад дзеяннем ціску, што ствараецца на ліцейных машынах ці прэсах. Мае адну ці некалькі афармляльных (фармавальных) поласцей, якія з’яўляюцца адваротным адбіткам вонкавай паверхні загатоўкі. Пры прасаванні полых вырабаў ўнутраныя поласці фармуюць пуансонамі (стрыжнямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́НДЗАЛЬ,
асноўны інструмент у жывапісе, выкарыстоўваецца таксама ў графіцы і каліграфіі. Вырабляецца з абястлушчанага і загартаванага воласа або поўсці жывёл, часам сінтэт. валокнаў. Адрозніваюцца паводле матэрыялу — цвёрдыя (шчацінныя) і мяккія (каланковыя, вавёркавыя, барсуковыя, тхаровыя і інш.); формы — плоскія і круглыя, завостраныя і тупыя. У гравюры выкарыстоўваюцца шкляныя і драцяныя П. Пад словам «П.» разумеюць таксама характар або спосаб выканання жывапісных твораў (напр., сухі П. — работа цвёрдымі П., слаба насычанымі алейнымі фарбамі на незагрунтаваным палатне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ц,
пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жвачных жывёл. Размешчаны ў левай палавіне брушной поласці. Аб’ём Р. — да 80% ад аб’ёму страўніка. Сценкі складаюцца з 3 абалонак: серознай (вонкавай), мышачнай (сярэдняй) і слізістай (унутранай). Слізістая абалонка падзелена на кішэні, у якіх затрымліваецца харч. маса. У Р. расл. кармы перамешваюцца, расшчапляюцца пад уздзеяннем бактэрый і прасцейшых, усмоктваюцца лятучыя кіслоты. Пасля апрацоўкі ў Р. харч. маса зноў адрыгваецца ў ротавую поласць ці трапляе. ў сетку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫЯ, Галіччына,
1) гістарычная назва зах.-ўкр. і польскіх зямель у складзе імперыі Габсбургаў у канцы 18 — пач. 20 ст. Ахоплівала тэр. сучасных Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцей Украіны, Жэшаўскага і б.ч. Кракаўскага ваяводстваў Польшчы. Складалася зЗах. Галіцыі, населенай пераважна палякамі, і Усходняй, населенай украінцамі. Усх. Галіцыя з 6 ст.н.э. заселена славянамі (белыя харваты, дулебы), у 9—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, з 1141 у Галіцкім княстве, з 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. У 1349—1772 пад уладай Польшчы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) з яе Бэлзскага і значных частак Кракаўскага, Сандамірскага і Рускага ваяводстваў утворана правінцыя «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» ў складзе Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). У 1786—1849 у правінцыю ўваходзіла таксама Букавіна, у 1795—1809 — тэр. паміж рэкамі Піліца і Зах. Буг (т.зв. Новая, ці Зах. Галіцыя). У 1809—15 ад Галіцыі аддзелена Цярнопальская акр., у 1846 — Кракаў з наваколлем. У 1848 у Галіцыі скасавана прыгоннае права. У 1-ю сусв. вайну Усх. Галіцыя была арэнай ваен. дзеянняў (гл.Галіцыйская бітва 1914). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) у ліст. 1918 у Львове абвешчана Зах.-ўкр.нар. рэспубліка (ЗУНР; праіснавала да ліп. 1919). У выніку польска-сав. Вайны 1919—20 Усх. Галіцыя трапіла пад уладу Польшчы (юрыдычна прызнана за ёй у 1923), у 1939 далучана да Укр. ССР (з 1991 незалежная Укр. дзяржава).
2) Назва тэр. Кракаўскага, Львоўскага, Станіслаўскага і Тарнопальскага ваяводстваў Польшчы ў 1919—39 і акругі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, Польшчы (т.зв. ген.-губернатарства) у 1941—45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РДАВА (Córdoba),
горад на Пд Іспаніі, на р. Гвадалквівір, у аўт.вобл. Андалусія. Адм. ц.прав. Кордава. 300 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Аэрапорт. Буйны цэнтр медзеплавільнай прам-сці. Эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, харчасмакавая (вінаробства, цукр., мукамольная, алейная), тэкст.прам-сць. Ун-т. Музеі выяўл. мастацтва, археалагічны.
Вядома з часоў фінікійскай каланізацыі. Паводле стараж.-грэч. гісторыка Страбона, была цэнтрам племя турдзетанаў. У 2-ю Пунічную вайну (218—201 да н. э.) захоплена рымлянамі. У часы праўлення Аўгуста гал. горад прав. Бетыка. Пасля распаду Рым. імперыі пад уладай вандалаў, Візантыі, вестготаў (з 572), арабаў (з 711). З 756 сталіца Кардоўскага эмірата, з 929 Кардоўскага халіфата; росквіт у часы праўлення Абдарахмана III [912—961]. У 8—10 ст. адзін зеўрап. цэнтраў навукі, культуры і мусульм. мастацтва («Мекка Захаду», «Горад цудаў»); развіваліся рамёствы (ювелірнае, керамічнае, выраб скур). Пасля распаду Кардоўскага халіфата (1031) захавала самастойнасць да 1070, пазней уладанне эміра Севільі. У час Рэканкістыз 1236 пад уладай кастыльскіх каралёў.
Захаваліся нерэгулярная планіроўка цэнтра, невысокія атынкаваныя дамы маўрытанскай эпохі з глухімі фасадамі і азялененымі паціо. Арх. помнікі: стараж.-рым. мост, араб. вежа Калаора (перабудавана ў 1369), сабор (да 1236 — Вял. мячэць, пачата ў 785; уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), цэрквы Сан-Пабла (1241), Сан-Ніколас (13—16 ст.), манастыра Кармэн Кальсада (1580, стыль мудэхар), сінагога (1315), ратуша (1594—1631, стыль эрэрэска), рэнесансавыя палацы, парадныя ансамблі плошчаў 18 ст. У К. правінцыяльныя музеі прыгожых мастацтваў і археалагічны.
Літ.:
Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІУ́Э (Niue),
уладанне Новай Зеландыі на аднайм. востраве ў паўд.ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 262,6 км². Нас. 1,8 тыс.чал. (1995); жывуць ніуэанцы, або ніуэ — адзін з палінезійскіх народаў. Афіц. мова — англійская, але большасць жыхароў карыстаецца мясц. мовай. Вернікі пераважна пратэстанты. Насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, абслугоўванні турыстаў. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю. Адм. ц. і порт — пасёлак Алофі. В-аў Н. — каралавага паходжання, падняты атол. Паверхня плоская, найб.выш. 66 м. Клімат трапічны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры каля 24 °C, выпадае 2200 мм ападкаў за год. Каля 5,4 тыс.га занята лесам з каштоўнымі пародамі дрэў, астатняя тэр.пад пасадкамі какосавай пальмы і лімонаў, палямі і агародамі (ямс, тара, батат, бананы, агародніна, вострапрыпраўныя расліны), лугамі і пашай. Жывёлагадоўля (свінні, козы). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Прадпрыемствы харч. прам-сці і па перапрацоўцы какосавых арэхаў. Саматужныя маст. промыслы (цыноўкі, капелюшы, сумкі і інш.). Абслугоўванне турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі). Марскія і авіяц. сувязі з Новай Зеландыяй. Аэрапорт. Аснова экспарту — копра, лімоны, драўніна, вострапрыпраўныя расліны, бананы, маст. вырабы, мёд. Востраў атрымлівае фін. дапамогу ад Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Востраў заселены палінезійцамі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам у 1774. У 1900 абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі, з 1901 пад кіраваннем Новай Зеландыі. У 1901—03 — частка пратэктарата Астравы Кука, з 1903 асобнае ўладанне. У 1966 створана Заканад. асамблея, якая выбіраецца ўсеагульным галасаваннем. З 1974 мае статус «самакіравальная тэрыторыя ў свабоднай асацыяцыі» з Новай Зеландыяй, якая пакінула за сабой пытанні знешніх зносін і абароны Н.