род кветкавых раслін сям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.—кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).
Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТРАФІ́ЧНАСЦЬ (ад полі... + страфа),
паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной. Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строф. Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная ч. якіх пішацца сваёй страфой. Напр., у 10 раздзелах паэмы Я.Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі 8 разнавіднасцей і шасцірадкоўі 2 разнавіднасцей. У паэме М.Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш. П. надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, памагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІПА́ЛЫ, прыліпалавыя (Echeneidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных (па інш. класіфікацыі — атр. прыліпалападобных). Вядомы з эацэну (каля 50 млн.г. назад). 7 родаў, 7 (10) відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных акіянічных водах. Дарослыя асобіны прысмоктваюцца да рыб, чарапах, кітоў, днішчаў суднаў. Могуць весці і свабодны спосаб жыцця (напр., прыліпала звычайны — Echeneis naucrates).
Даўж. да 1 м. Першы спінны плаўнік перамешчаны на галаву і ператвораны ў прысосак — авальны дыск, абкружаны пругкім мускульным валікам. Промні плаўніка падзелены на 2 гарыз.ч., якія ўтвараюць на прысмоктвальным дыску быццам бы папярочныя складкі, якія ўтвараюць вакуум, калі прыўздымаюцца. Кормяцца планктонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́ТКА (ад ням. Rabatte градка),
кветнік у выглядзе паласы шырынёю 0,5—3 м, акаймаванай дэкар. раслінамі. Выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах пры азеляненні (асабліва партэрным) населеных месцаў. Звычайна Р. размяшчаюць уздоўж дарог, фасадаў будынкаў і інш. або робяць ч. больш складанага кветніка. Пры вял. працягласці яе падзяляюць праходамі на часткі даўж. па 20—25 м. Ствараецца Р. з аднаго ці некалькіх відаў раслін адначасовага тэрміну цвіцення, пасаджаных радамі ці малюнкам. Бываюць адна- і шматколерныя, створаныя ў некалькі ярусаў, адна- і 2-баковыя. Р. пашыраны ў афармленні плошчаў, вуліц, паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГА́ЦІК (Clavariadelphus),
род базідыяльных грыбоў сям. рагацікавых. 7 відаў і шэраг форм. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Паўн. Амерыцы, Японіі. На Беларусі 2 віды Р.: песцікавы (C. pistillaris), занесены ў Чырв. кнігу, і язычковы (C. ligula). Трапляюцца з ліп. па вер. на галінках у хвойных мяшаных лясах, на апалай ігліцы, лісці.
Р. язычковы мае пладовае цела выш. 6—8 см булавападобнай або языкападобна выцягнутай формы, пры выспяванні вохрыста-жоўтага, пры высыханні — шаравата-бураватага колеру. Мякаць мяккая, белая ці крэмавая. Споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Малавядомы ядомы грыб. Таксама Р. наз. грыбы родаў Roniaria, Clavaria і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАСЛО́ЎНАЕ ДРЭ́ВАў біялогіі,
філагенетычнае дрэва, дрэвападобная выява роднасных сувязей пэўнай прыроднай групы арганізмаў ці ўсяго арган. свету (гл.Філагенез). Адлюстроўвае сістэму арган. цел у выглядзе дрэва. Прапанаваў у 1766 вучоны П.С.Палас, які даказаў, што лінейнаступеньчатае размяшчэнне арганізмаў не адпавядае суадносінам паміж класамі жывёл. Гэта ідэя набыла папулярнасць пасля выхаду ў свет працы Ч.Дарвіна «Паходжанне відаў» (1859). Р.д. будуюць толькі для адлюстравання монафілітычнай карціны развіцця жывой прыроды (гл.Монафілія). Ідэю поліфілітычнага паходжання арган. свету ў выглядзе дрэва адлюстраваць немагчыма (гл.Поліфілія). Пры дапамозе двухмернага адлюстравання дэманструюць філагенетычныя сувязі прыблізна. Для больш дакладнага адлюстравання будуюць Р.д. ў 3 вымярэннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУРО́К (Cucumis),
род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал.ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс.г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.
Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш.Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.
Літ.:
Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;
Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМНАВО́ДНЫЯ,
амфібіі (Amphibia), клас пазваночных. З падкл.: дугапазванковыя (Apsidospodyli), тонка- або трубчастапазванковыя (Lepospondyli), батрахазаўры (Batrachosauria). З атр.: бязногія (Apoda), бясхвостыя земнаводныя, хвастатыя земнаводныя. У сучаснай сусв. фауне 25—30 сям., больш за 4 тыс.відаў. Пашыраны амаль ва ўсім свеце (акрамя Арктыкі, Антарктыды і шэрагу акіянічных астравоў), асабліва ў трапічных лясах. Вядуць пераважна наземна-водны спосаб жыцця, размнажэнне ў водным асяроддзі. На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны жабы, рапухі, трытоны. 41 від і падвід у Чырв. кнізе МСАП, рапуха чаротная (Bufo calamita) у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. цела 1,5—180 см. Скура мяккая, голая, увільготненая сакрэтамі шматлікіх слізістых залоз; адыгрывае важную ролю ў дыханні. У большасці З. скура мае буйныя бялковыя (серозныя) залозы, сакрэт якіх у рознай ступені ядавіты. Чэрап сучленены з пазваночнікам двума мышчалкамі. Пярэднія канечнасці звычайна 4-пальцыя, заднія — 5-пальцыя. Т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя. Сэрца звычайна 3-камернае, 2 кругі кровазвароту. Лічынкі дыхаюць жабрамі, дарослыя — лёгкімі. У большасці апладненне вонкавае, у некат. унутранае, ёсць жывародныя. Развіццё з метамарфозам. Дарослыя кормяцца рознымі беспазваночнымі, лічынкі — таксама раслінамі. Пажыва для рыб, млекакормячых. Выкарыстоўваюцца для навук. і вучэбных мэт, некат. — у ежу.
Літ.:
Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;
Пикулик М.М. Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;
Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл.давед.Мн., 1996.
М.М.Пікулік.
Земнаводныя. Бясхвостыя: 1 — жаба вастрамордая (а — самец у шлюбным убранні, б — самка); 2 — венесуэльская рагатка; З — жаба яванская весланогая. Хвастатыя: 4 — паласаты сірэн; 5 — сямірэчанскі жабазуб. Бязногія: 6 — цэйлонскі рыбазмей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),
падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.
Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.