МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.

М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10​−24—10​−26 г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл. Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.

Літ.:

Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКІ́ТА Віктар Васілевіч (н. 25.4.1955, г. Гродна),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). У 1981—86 выкладаў у ім. Працуе пераважна ў станковай (творы па матывах паэм Я.​Купалы «Курган», «Адвечная песня», 1982; серыі паводле зб. У.​Караткевіча «Мая Іліяда», 1983; «Гродна — горад мой старажытны...», 1988 і інш.) і кніжнай (іл. да кніг «Мудрыя дарадцы», 1983; «Жывая вада», 1985, «Палескія легенды», 1986, А.​Грачанікава; «Санеты і трагедыі» У.​Шэкспіра, 1989; «Скарына на Градчанах» А.​Лойкі, 1990; «Чортаў скарб» У.​Караткевіча, 1995; да серыі «Французскія народныя казкі», 1997) графіцы, а таксама ў жывапісе («Падзенне Ікара», 1993; «Горад мой старажытны», 1995; «Легенда Свіцязі», «Край мой родны», абодва 1999, і інш.) і камбінаванай тэхніцы («Зніклыя цывілізацыі», 1994; «Графіка мора», «Графіка лесу», «Бацькаў кошык», усе 1999). Работы М. адметныя метафарычнасцю, сімволіка-алегарычнымі матывамі, асацыятыўнасцю.

В.Мікіта. Ілюстрацыя да кнігі А.​Лойкі «Скарына на Градчанах». 1990.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),

амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.​Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.​Малера (1909—11), А.​Тасканіні (1927—36), Дз.​Мітропуласа (1950—58), Л.​Бернстайна (1958—69), П.​Булеза (1971—75), З.​Меты (1978—91), К.​Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, О.​Клемперэр, Т.​Бічэм, Л.​Стакоўскі, Ш.​Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.​Чайкоўскі, А.​Рубінштэйн, А.​Дворжак, Р.​Штраус, К.​Сен-Санс, А.​Анегер, І.​Стравінскі, М.​Равель, Дж.​Энеску, Э.​Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т. л. піяністы І.​Падарэўскі, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў, У.​Горавіц, скрыпачы Я.​Хейфец, Д.​Ойстрах, І.​Сігеці, І.​Менухін і інш.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ (ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.

Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.​Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.​Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.​Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.​І.​Пірагоў і Ф.​І.​Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.​К.​Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.​В.​Вішнеўскі, С.​С.​Юдзін, І.​С.​Жораў, Я.​М.​Мяшалкін і інш.).

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.​К.​Зубовіч, І.​І.​Канус, І.​З.​Кляўзунік, А.​А.​Плавінскі, У.​У.​Спас, І.​З.​Столкарц, П.​В.​Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.

Літ.:

Бунятян А.А., Рябов Г.​А.​Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;

Руководство по анестезиологии. М., 1994.

І.​І.​Канус.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФРАГІ́СТЫКА (ад грэч. sphragis пячатка), сігілаграфія,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае пячаткі. Разглядае пячаткі як самаст. помнікі гісторыі, а таксама як адзнакі сапраўднасці дакументаў, якія яны суправаджаюць. Матэрыялы С. — важныя крыніцы для вывучэння прыкладнога мастацтва, геральдыкі, нумізматыкі, эпіграфікі, анамастыкі, удакладнення складу стараж. архіваў. С. апісвае пячаткі, даследуе ўмовы і спосабы іх ужывання. Даследаванне сфрагістычнага матэрыялу дазваляе ўстанавіць час, месца паходжання і сапраўднасць дакумента, а таксама атрымаць дадатковыя звесткі пра падзеі ў краіне, міжнар. эканам. і культ. сувязі і інш. С. выкарыстоўвае агульныя метады і прыёмы гіст. навукі, распрацавала і ўласную спец. методыку. Агульная С. падзяляецца на С. стараж. свету, антычную, усходнюю, зах.-еўрапейскую і інш.

Асновы С. як навукі закладзены ў 17 ст. маўрыстамі — збіральнікамі і выдаўцамі сярэдневяковых рукапісаў у Францыі. У 18 ст. развівалася як аддзел дыпламатыкі. У Расіі вывучэннем пячатак займаліся М.А.Навікоў (18 ст.), М.М.Карамзін. Я.І.Бярэднікаў, А.Б.Лакіёр (19 ст.) і інш. У 1858 П.​І.​Іваноў надрукаваў зборнік здымкаў 500 рас. пячатак 14—18 ст., у 1894 К.​В.​Балсуноўскі выдаў кнігу пра драгічынскія пломбы. У пач. 20 ст. выйшлі працы А.​В.​Арэшнікава, А.А.Шахматава, М.​І.​Палянскага і інш. У наш час С. развівалі Б.А.Рыбакоў, М.​Р.​Парфірыдаў, М.П.Ліхачоў і інш. Бел. пячаткі ў 19—20 ст. вывучалі Лакіёр, К.​Э.​Напіерскі, К.​М.​Абаленскі, Ліхачоў, М.Гумоўскі, У.Сямковіч і інш. Бел. пячаткі з археал. раскопак вывучаюць М.​Белямук, П.Ф.Лысенка, Г.В.Штыхаў, В.Л.Янін і інш., пячаткі пры дакументах — Э.​Рымша, Г.Л.Харашкевіч, А.​К.​Цітоў і інш.

Літ.:

Вспомогательные исторические дисциплины. Вып. 4. Л., 1972;

Каменцева Е.И., Устюгов Н.В. Русская сфрагистика и геральдика. 2 изд. М., 1974;

Белямук М. Вытокі беларускіх пячаткаў. Кліўленд, 1986;

Соболева Н.А. Русские печати. М., 1991;

Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;

Яго ж. Метадычныя парады па апісанню помнікаў сфрагістыкі для архіваў і музеяў. Мн., 1997;

Яго ж. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі: (Іл. курс лекцый). Мн., 1999.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 15, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМІНАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытв-сці, дзейнасці, мастацтва і інш. Напр., лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхн. тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытв-сці, слоўнік бібліятэчных і бібліягр. тэрмінаў, слоўнік муз. тэрмінаў. У Т.с. побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і бел. частку). Т.с. бываюць уласна тэрміналагічныя, г.зн. уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995), і перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н.​А.​Ганчаровай і М.​Г.​Антанюк, 2000), а таксама могуць змяшчаць і перакладную (двух- або шматмоўную) і тлумачальную часткі («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994). Часам Т.с. уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, звычайна сумежных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В.​М.​Капко і Б.​М.​Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997). Тлумачальная частка можа ўключаць строга навук. азначэнне (дэфініцыю) або больш шырокае апісанне тэрміна, набліжаючыся да слоўніка энцыклапедычнага тыпу, слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992). Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў і паводле прызначэння існуюць школьныя Т.с. («Геаграфічны слоўнік школьніка» І.​П.​Галай, С.​І.​Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993), Т.с. для сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П.​У.​Сцяцко, М.​Ф.​Гуліцкага, Л.​А.​Антанюк, 1990) і акад., фундаментальныя слоўнікі, якія змяшчаюць вычарпальна поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999). Гіст. тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874).

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЕРЦЮ́РА (франц. ouverture ад лац. apertura адкрыццё, пачатак),

1) інструментальны ўступ да муз.-тэатр. (опера, балет, аперэта), вак.-інстр. (араторыя, кантата), інстр. (сюіта) твораў, а таксама да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Увасабляе абагульненыя ідэйна-маст. сэнс, вобразы або характар твора. Звычайна грунтуецца на асн. муз. матэрыяле, часам самастойная.

Узнікла ў Італіі як уступ да оперы («Арфей» К.​Мантэвердзі, 1607). Тэрмін «У.» вядомы з 2-й пал. 17 ст. У 17 ст. сфарміраваліся яе ўстойлівыя тыпы: італьян. (хуткая — павольная — хуткая ч.), франц. (павольная — хуткая — павольная ч.); у 18 ст. сцвердзілася ў санатнай форме. Узмацненне вобразна-тэматычных сувязей з операй, узбагачэнне муз. драматургіі і форм спрыялі далейшаму развіццю У. Сустракаюцца У. складанай 3-часткавай і варыяцыйнай формы імправізацыйнага тыпу: наз. уступ, інтрадукцыя, прэлюд і інш. (уступ да опер «Лаэнгрын» Р.​Вагнера, «Хаваншчына» М.​Мусаргскага, «Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «У пушчах Палесся» А.​Багатырова, «Сівая легенда» Дз.​Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана, «Барвовы золак» К.​Цесакова). Характэрна таксама для балетаў, музыкі да спектакляў драм. т-ра, аперэт.

2) Самастойная арк. п’еса ў санатнай форме, звычайна праграмнага тыпу. Узнікла на аснове канцэпцыйных драматургічна завершаных оперных У. Як канцэртны твор сцвердзілася ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў («Сон у летнюю ноч» Ф.​Мендэльсона).

Праграмныя У. блізкія да сімфанічнай паэмы, фантазіі, карціны («Рамэо і Джульета» П.​Чайкоўскага, «Дума пра пагранічніка Лагоду» М.​Аладава, «Эпітафія І.​Ф.​Стравінскаму» А.​Мдывані і інш.). Узбагачэнню сімфанізму спрыялі У. на нар. тэмы («Камарынская», іспанскія уверцюры М.​Глінкі), святочныя У. У бел. музыцы вядомы У. для арк. бел. нар. інструментаў (В.​Войцік, Я.​Глебаў, В.​Іваноў, Мдывані, М.​Чуркін і інш.), ансамбля нар. інструментаў (Р.​Бутвілоўскі, Э.​Зарыцкі, А.​Чыркун, Л.​Шлег, М.​Шнейдэрман і інш.), духавога (Ю.​Бяльзацкі, Я.​Дзягцярык, Р.​Сурус, Шнейдэрман) і эстр. (Глебаў, Бутвілоўскі, У.​Прохараў, Сурус) аркестраў.

Літ.:

Попова Т.В. Увертюра. 2 изд. М., 1960.

Т.​А.​Дубкова.

т. 16, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РЫ ЛІ́НІЙ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,

канструкцыі (збудаванні) для падвешвання правадоў і маланкаахоўных тросаў паветр. ліній электраперадачы. Бываюць прамежкавыя (пераважна на прамых участках трасы ЛЭП) і анкерныя (у пачатку і канцы прамых участкаў ЛЭП, на паваротах, пры пераходах праз водныя і інш. перашкоды). Анкерныя апоры ліній электраперадачы прымаюць нацяжэнне правадоў і тросаў, маюць больш жорсткую і трывалую канструкцыю. У залежнасці ад колькасці падвешаных правадоў (ланцугоў) апоры ліній электраперадачы падзяляюцца на адна- і многаланцуговыя; ад канструкцыі — на аднастоечныя, А-, П- і АП-падобныя, свабоднастаячыя, з адцяжкамі. Робяцца з жалезабетону і металу, пераважна са сталі (у асн. для ЛЭП напружаннем 220 кВ і болей), а таксама з дрэва (да 110 кВ у лясных мясцовасцях).

Апоры ліній электраперадачы: а — драўляная свабоднастаячая П-падобная; б — жалезабетонная аднастоечная з адцяжкамі; в — металічная двухланцуговая.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́ЗДЗІН Сяргей Аляксеевіч (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, І.​Мележа, М.​Танка, А.​Адамовіча, В.​Быкава, І.​Шамякіна, І.​Чыгрынава, В.​Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.​Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.​Лось).

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТА́РСІЯ (ад італьян. intarsio інкрустацыя),

спосаб дэкарыроўкі драўляных вырабаў (мэблі, пано, куфэркаў, сувенірных вырабаў і інш.) арнаментам або сюжэтнымі выявамі шляхам урэзвання ў іх паверхню кавалачкаў дрэва, іншых па фактуры і колеры; від інкрустацыі. Вядома са старажытнасці. Пашырэнне мела ў краінах Зах. Еўропы пры аздабленні мэблі. У 18—19 ст. бел. майстры аздаблялі І. мэблю для панскіх сядзіб і маёнткаў (у Нац. маст. музеі Беларусі захоўваецца гасціны гарнітур сярэдзіны 19 ст., упрыгожаны І.). З 1950-х г. некат. мэблевыя прадпрыемствы Беларусі выпускаюць мэблю, аздобленую І. па матывах бел. нар. арнаменту. У гэтай тэхніцы працуюць прафес. і самадз. мастакі П. і А.​Гапакі, Р.​Гебелеў, Дз.​Сакажынскі, А.​Сліжыкаў, У.​Курбан і інш., а таксама народныя.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Інтарсія. Сакрэтнік. 18 ст.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)